Вы тут

Прэзідэнт: У гэтым стартавым годзе пяцігодкі трэба асаблівую ўвагу звярнуць на якасць


З такім пасылам да вытворцаў звярнуўся кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым і міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам.


Па словах Прэзідэнта, «нічога ў галіне не зробяць, калі не будуць павышаць якасць прадукцыі». «Вы самі адзначаеце гэта пытанне. Мы вельмі шмат казалі, думаю, што ў гэтым стартавым годзе пяцігодкі трэба асаблівую ўвагу звярнуць на якасць. Ёсць прадпрыемствы, якія вельмі шмат дадалі ў якасці, некаторыя хоць трошкі, але якасць знізілі. Я так разумею, гэта перад усім рэкламацыі, якія паступаюць на прадукцыю», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі дзейнасці Мініпрама за мінулы год, адзначыўшы пры гэтым, што неабходна пахваліць лепшых і «паставіць на месца» тых, хто спрацаваў дрэнна.

У цэнтры ўвагі лідара краіны апынуліся і планы галіны на будучыню. «Менавіта планы. Не нейкія прагнозы. Ёсць жорсткі план і калі мы хочам выжыць, мы павінны гэтыя планы рэалізоўваць. Хай нас крытыкуюць, што мы рэтраграды, кансерватары і гэтак далей. Але калі прадпрыемствы будуць працаваць і чалавек будзе мець заробак, пажадана вышэй, чым у мінулым годзе, тады нас ацэняць», — адзначыў Прэзідэнт.

Таксама важныя пытанні, на якія звярнуў увагу кіраўнік краіны, — раўнамерныя пастаўкі тэхнікі па кварталах і арганізацыя работа па лізінгу па Указе № 146.

Нагадаем, што згодна зменам, якія адбыліся летам 2020 года, закупка тэхнікі прадпрыемствамі, пералічанымі ва указе, можа ажыццяўляцца за кошт крэдытаў, якія прадстаўляюцца на рынкавых умовах Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь і іншымі банкамі лізінгавым кампаніям, якія маюць уласны капітал не менш за 100 мільёнаў рублёў (раней ва Указе фігуравала толькі кампанія «Прамагралізінг») з наступным субсідаваннем лізінгаатрымальнікам часткі плацяжоў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Аляксандр Лукашэнка сярод пытанняў для абмеркавання нагадаў пра сфарміраваны на пяцігодку план заказаў вытворчасці беларускай тэхнікі, закупак і продажу. Пацікавіўся Прэзідэнт пра допуск айчынных прадпрыемстваў да дзяржаўных закупак у Расіі.

«Для мяне гэта прынцыпова. Я хачу некалькі прынцыповых пытанняў сфармуляваць для кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, каб мы маглі на чарговай сустрэчы ва ўрадзе і на ўзроўні Прэзідэнтаў абмеркаваць, як выконваюцца рашэнні двух Прэзідэнтаў, якіх мы дасягнулі ў Сочы па кааперацыі і па продажах», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Яшчэ адно пытанне, якое было на парадку сустрэчы — санкцыі Захаду для некаторых прадпрыемстваў. Такія меры кіраўнік краіны назваў «бандыцкімі» і паставіў задачу ўраду: «Перадайце Галоўчанку (прэм’ер-міністру. — «Зв».) і вырашыце гэтае пытанне ва ўрадзе. Мы павінны не асіметрычна, а сіметрычна адказаць на гэта. Яны ўвялі супраць нашых прадпрыемстваў санкцыі — мы павінны паглядзець, якія краіны гэта зрабілі, і адпаведным чынам адрэагаваць».

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі працуе амаль тры тысячы замежных прадпрыемстваў розных памераў. «Яны павінны разумець: у нас добра з імі — добра гэтым прадпрыемствам. Калі яны (краіны, што ўвялі санкцыі. — «Зв.») зрабілі крокі ў няправільным кірунку — мы павінны сіметрычна адказаць. Не трэба баяцца — трэба ім паказваць зубы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што свае прадпрыемствы павінны падтрымаць.

Спыніўся Прэзідэнт і на праблеме інвестыцыйных праектаў у папяровай сферы ў Шклове, Добрушы, Светлагорску і на планах «Гродна Азота».

«Як тут і дзе будзем будаваць, за якія грошы, з кім? Але калі вырашылі будаваць, трэба будаваць, калі гэта перспектыўныя прадпрыемствы. Гэта будзе асноўнае прадпрыемства на пяцігодку («Гродна Азот». — «Зв.»), калі мы пабудуем, — паведаміў Прэзідэнт. — Канечне, пяць гадоў мы яго будаваць не будзем, але тым не менш неабходна сучаснае прадпрыемства па вытворчасці азотных угнаенняў пабудаваць. Таму што сёння ёсць і будзе попыт, бо не хапае харчавання ў свеце».

Віцэ-прэм’ер Юрый Назараў пачаў даклад з інфармацыі, што аб’ёмы прамысловай вытворчасці ў 2020 годзе не дацягнулі ўзроўню 2019 года. Толькі «Беллеспаперпрам» перавысіў паказчыкі. «Я хацеў падкрэсліць, што гэта ведамства, што працуе на мясцовай сыравіне. Вы заўсёды казалі, што незалежна ад нафты, газа, дамоўленасцяў — ёсць свая сыравіна, пускай яе ў перапрацоўку, атрымлівай якасны прадукт, экспартуй, прадавай», — дадаў віцэ-прэм’ер.

«Гэта вельмі важна, што ты сказаў. Нашым пратэстунам і тым, хто нас крытыкаваў, трэба сказаць, што ў гэтым годзе сельская гаспадарка выратавала нас, дадала пяць працэнтаў у складаны год, і экспарт пойдзе са свістам. Як і дрэваапрацоўка — „куды, грошы не туды ўкладаем… (крытыкавалі. — «Зв.»)“ Яна сёння нас выратоўвае і дае вынік. Мы тут перапрацоўваем мясцовую сыравіну і па вытворчасці, і па экспарце дадалі. Там, куды мы ўклаліся і надалі асаблівую ўвагу — атрымалі аддачу», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Як расказаў журналістам міністр прамысловасці Пётр Пархомчык, па выніках размовы з Прэзідэнтам была пастаўлена задача закласці з першага квартала станоўчую дынаміку па пытаннях аб’ёму вытворчасці і пры гэтым не перавышаць запас на складах за кошт экспарту і яго дыверсіфікацыі.

Назваў міністр прамысловасці і выніковыя лічбы дзейнасці галіны за мінулы год. «Па выніках года ў параўнанні да першага паўгоддзя мы скарацілі запасы на складах на 303 мільёны рублёў. Калі ўзяць за аснову студзень 2020 года, то запас на складах паменшыўся на 64 мільёны рублёў», — канстатаваў ён.

Наконт санкцый Захаду канкрэтныя рашэнні пакуль не прымаліся, дадаў суразмоўца, але яшчэ раз актуалізаваліся пытанні імпартазамяшчэння.

«Тыя пытанні, што ўзніклі па асобных прадпрыемствах Міністэрства прамысловасці, паказваюць, што асноўныя кампаненты і вузлы сёння ствараюцца ў Еўропе ці іншых краінах. Таму Прэзідэнт паставіў задачу, што дадзеныя кампетэнцыі павінны развівацца ў Рэспубліцы Беларусь», — паведаміў Пётр Пархомчык.

Ён расказаў, што асаблівая ўвага на парадку дня сустрэчы была нададзена якасці прадукцыі. «Прычым Прэзідэнт не падзяляе гэта пытанне на якасць запасных частак, сэрвісу. Неабходна стварэнне пунктаў, дзе б кампаніі, якія купляюць прадукцыю Міністэрства прамысловасці, маглі атрымаць увесь спектр паслуг. Мы прынялі такія рашэнні і ствараюцца ўнікальныя цэнтры, якія будуць абслугоўваць не толькі трактар „Беларус“, а ўсё, што прадаецца разам з ім», — сказаў кіраўнік ведамства.

Па яго словах, удаецца дамаўляцца і з калегамі ў Расіі. Дынаміка продажаў на іх рынку вырасла па ўсіх асноўных вытворцах. 

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік