Наватарска-культурны праект рэалізаваны супрацоўнікамі Навагрудскай раённай бібліятэкі ў рамках грантавай падтрымкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры.
Як расказала аўтар праекта, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык, падрыхтоўка да адкрыцця незвычайнага фотаатэлье вялася на працягу 2020 года. А сама ідэя ўзнікла яшчэ раней, калі ў бібліятэцы быў адкрыты музейны пакой макетаў былога Навагрудка «Страчаная спадчына». Макет увасобіў архітэктуру міжваеннага перыяду, якая не дайшла да нашых часоў. Наступным крокам стала рэтра-фотасесія. Мадэлі прадставілі адзенне і аксэсуары 1920-30-х гадоў на фоне гістарычных пабудоў, замка, а таксама міні-макетаў. З фотаздымкаў склалі альбом, які вельмі зацікавіў турыстаў і наведвальнікаў музейнага пакоя. Таму калектыў бібліятэкі выйшаў са сваім наватарскім праектам па стварэнні рэтра-фотаатэлье. На заяўку быў выдзелены грант.
— Калі праводзілі фотасесію, яшчэ не ведалі, што будзем займацца гэтай справай так шырока, — расказвае Святлана Чубрык. — Адзенне для дзяўчат збіралі, можна сказаць, па куфэрках бабуль. Дапамаглі калегі з краязнаўчага музея, вядома, карысталіся старымі фотаздымкамі, каб перадаць эпоху, якая была 100 год таму.
Паступова народжвалася ідэя пашырыць прастору, а мінулае наблізіць да сучаснікаў. Напачатку гэта была невялікая фотазона з аксэсуарамі — капелюшам, сумачкай і яшчэ чымсьці. Але пасля атрымання гранта з’явілася магчымасць стварыць сапраўдны гардэроб жанчыны 1920-30-х гадоў. Былі пашыты на заказ касцюмы гараджанкі і гімназісткі. Дарэчы, яны поўнасцю адпавядаюць тым часам, бо для рэканструкцыі скарысталіся фотаздымкамі вядомага навагрудскага фотамайстра Савы Сіўко. Яго фотаархіў быў знойдзены выпадкова і некалькі год таму экспанаваўся ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Дзякуючы гэтым уцалелым здымкам і ствараліся касцюмы той эпохі.
— Завітаўшы ў рэтра-фотаатэлье, можна прымерыць на сябе вобразы навагрудчан пачатку ХХ стагоддзя, — зазначае аўтар праекта. — Прыгожыя сукенкі, форма гімназісткі, капелюшы і вееры, пацеркі і парасоны — усё гэта гарманіруе са своеасаблівым інтэр’ерам. Тут жа, у фотастудыі, стылізаванай пад даўніну, можна пераапрануцца, сфатаграфавацца і імгненна атрымаць фотаздымкі.
У рамках праекта набыты не толькі касцюмы, але і фотатэхніка, нават спецыяльны фотабокс. Дарэчы, калекцыю касцюмаў мяркуецца пашыраць. Магчыма, тут з’явіцца дзіцячае і мужчынскае адзенне для віртуальнай вандроўкі ў былую эпоху.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота: сайт Навагрудскай раённай бібліятэкі
Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.