Вы тут

Спосабы сяўбы насення петуніі


Высейваць петуніі на расаду можна ўжо са студзеня. Паколькі насенне ў гэтай кветкавай культуры вельмі дробнае, кветкаводы выкарыстоўваюць некаторыя хітрыкі, каб пасеяць іх максімальна якасна.


Калі высейваць?

Тэрміны залежаць ад таго, калі вы хочаце палюбавацца квітнеючымі раслінамі. Калі неабходна атрымаць раннія ўсходы, то прыступіць да пасеву варта ўжо ў канцы студзеня — пачатку лютага. Такія сеянцы пацешаць цвіценнем бліжэй да канца красавіка. Каб петуніі зацвілі ў канцы мая — чэрвені, пасеяць іх можна пазней: у другой палове сакавіка.

Падрыхтоўка насення

Ёмістасць. Для пасеву лепш за ўсё выкарыстоўваць пластмасавыя або драўляныя скрыначкі. Але перад тым як засыпаць у іх зямлю, ёмістасці рэкамендуецца прадэзінфікаваць. Для гэтага можна ўзяць любы антысептык, напрыклад фармалін. Калі вы выкарыстоўваеце драўляныя скрыні, на дно варта падкласці пласт тоўстай паперы. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя цяплічкі для расады, якія нескладана знайсці ў спецыялізаванай краме.

Глеба. Лепш за ўсё для пасеву петуній падыходзіць глебавая сумесь, якая складаецца з перагною, дзярновай і лісцевай зямлі, а таксама нізіннага торфу, змешаных у роўных прапорцыях. Да такога субстрату таксама рэкамендуецца дадаць 0,5 часткі пяску. Пласт глебасумесі ў ёмістасці павінен быць не менш за 6 см. На дно ёмістасці можна насыпаць дрэнаж, напрыклад керамзіт.

Варыянты пасеву

Спосаб 1. Змешванне з пяском

Паколькі насенне петуній вельмі дробнае, раўнамерна размеркаваць яго па паверхні глебы бывае праблематычна. Таму некаторыя кветкаводы змешваюць пасяўны матэрыял з невялікай колькасцю глебы або пяску і так рассыпаюць па паверхні грунту.

Кантэйнер для пасеву петуній варта запоўніць зямлёй і добра паліць глебу.

Насенне петуніі неабходна высыпаць у сподачак з невялікай колькасцю пяску і перамяшаць змесціва.

Далей пясок з насеннем трэба раўнамерна размеркаваць па паверхні глебы.

Пасля гэтага пасевы неабходна апырскаць вадой з пульверызатара і прысыпаць глебай пластом у 1–2 мм. Звярніце ўвагу, што паліваць зямлю з палівачкі не рэкамендуецца, таму што ў такім выпадку насенне сыдзе глыбока ў зямлю. Некаторыя кветкаводы наогул не прысыпаюць насенне петуній пасля апырсквання.

Спосаб 2. Пасеў на снег

Яшчэ адзін варыянт пасеву петуній — на пласт снегу (1–1,5 см), які трэба пакласці на паверхню субстрату ў кантэйнеры.

З дапамогай лыжкі снег трэба раўнамерна размеркаваць па паверхні субстрату, у які збіраецеся пасеяць насенне петуніі.

Затым на снежнае покрыва варта высыпаць пасяўны матэрыял. Перавага такога пасеву ў тым, што дробнае насенне петуній добра бачнае на снежным покрыве. Таму, нават калі яно размеркавалася нераўнамерна, гэта можна лёгка выправіць з дапамогай зубачысткі.

Калі снег растане, ён сам зацягне насенне ў субстрат на неабходную глыбіню. Таму пасевы не трэба прысыпаць глебай або паліваць.

Спосаб 3. Пасеў з дапамогай зубачысткі

Такі спосаб дазваляе раўнамерна размеркаваць пасяўны матэрыял па паверхні грунту так, каб пасля сеянцы было зручна пікіраваць.

Таксама яго зручна ўжываць, калі неабходна пасеяць пэўную колькасць насення ў асобныя кантэйнеры, напрыклад у касеты.

Насенне петуній трэба высыпаць на ліст белай паперы, каб яго было добра відаць. Для пасеву таксама спатрэбяцца дзве зубачысткі. Паколькі насенне вельмі дробнае, падчэпліваць зручней усяго кончыкам зубачысткі, змочаным у вадзе. Каб стрэсці семечка ў глебу, можна выкарыстоўваць другую зубачыстку (сухую).

Догляд за сеянцамі петуніі

Пасля таго як насенне пасеяна, ёмістасць трэба накрыць шклом або плёнкай і паставіць у цёплае месца з тэмпературай каля 20 °С. Каб паскорыць з'яўленне ўсходаў, глебу можна апырскаць растворам стымулятара росту (напрыклад, «Эпін»).

  • На пачатковым этапе вырошчвання пасевы петуніі варта апырскваць светла-ружовым растворам марганцоўкі 1-2 разы на суткі. Пазней можна перайсці на паліў адстоенай ці талай вадой. Рабіць гэта трэба радзей, але колькасць вады можна павялічыць.
  • Са з'яўленнем усходаў пасевы варта перанесці на святло. Калі вы вырошчваеце раннюю расаду петуній, то яе давядзецца дасвечваць, бо раслінам патрэбен светлавы дзень не менш за 12 гадзін.
  • Пікіраваць усходы можна, калі ў іх з'явяцца 1–2 сапраўдныя лісточкі. У адкрыты грунт расаду петуній высаджваюць у другой палове мая.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».