Вы тут

Берыя лічыў партызан "мужыкамі ў лапцях", ці Як партызанскі фронт Кірылы Мазурава даказаў адваротнае


У лістападзе 1978 года ў Савецкім Саюзе адбылася гучная адстаўка першага намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР, Героя Сацыялістычнай Працы Кірылы Трафімавіча Мазурава. Гэтай падзеі папярэднічаў даклад старшыні КДБ Юрыя Андропава асабіста Брэжневу з нагоды паведамленняў пра Мазурава ў замежнай прэсе, дакладней, пра іх колькасць. Іх было шмат: «Рэйтэр», «Нью-Ёрк таймс», «Каррэрэ дэла сэра», «Асашыэйтэд прэс»... Газета «Крысчэн сайенс монітар» наогул на першай старонцы змясціла артыкул з гучнай назвай: «Мазураў робіць вялікі крок уверх па лесвіцы савецкай іерархіі». А яшчэ матэрыялы з папкі «Зусім сакрэтна» з радыёперахопамі, паведамленнямі «Бі-бі-сі». У іх Мазурава называлі ў ліку патэнцыйных пераемнікаў Брэжнева — ён значна маладзейшы, яму крыху за 60, энергічны і мае каласальны аўтарытэт у народа. Састарэлым правадырам было чаго баяцца.


«Ты што сабе дазваляеш?»

Кірыла Трафімавіч Мазураў. 1944 год.

Але шлях Мазурава ў вялікую палітыку мог скончыцца так і не пачаўшыся. У канцы 1940-х скандал разгарэўся вакол, здавалася б, малаважнага эпізоду. Цанава, міністр дзяржбяспекі БССР, атрымаў запрашальны квіток на ўрачысты сход з нагоды святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі... пад нумарам 600. Мерапрыемства рыхтаваў Мінскі абкам партыі, куды ўваходзіла і гарадская партарганізацыя. Яго нядаўна абраны першы сакратар Мазураў распарадзіўся выпісваць запрашальныя, як гэта прынята, па алфавіце. Але на практыцы дзейнічала іншае правіла: спачатку асобным спісам ішло кіраўніцтва згодна значнасці для рэспублікі, дзе Цанава быў у першых шэрагах, затым усе астатнія. А тут такое! Літаральна адразу ж у кабінеце Мазурава пачуўся званок. «Ты што мне даслаў? Які нумар на гэтым білеце — прачытаў?» Мазураў адказаў, што не мае звычкі глядзець на нумар. Але такі адказ ледзь не каштаваў яму пасады. «Прыкладна праз гадзіну Гусараў, першы сакратар ЦК КПБ, выклікае мяне на пасяджэнне бюро. Прыходжу. Члены бюро ўжо сабраліся, і Цанава там. Мяне пачынаюць груба выхоўваць: «Ты што сабе дазваляеш? Які білет даслаў Цанаве? Ён у нас — член бюро, чаму 600-ы нумар даслаў?» Тады заступіліся члены бюро, маўляў, малады, яшчэ навучыцца, хоць ведалі, што Цанава здольны на ўсё. У жыцці Мазурава потым будзе нямала сітуацый, калі даводзілася адстойваць свой пункт гледжання, інтарэсы рэспублікі. Гэта і жорсткае выступленне Кірылы Трафімавіча на пленуме ЦК, калі з падачы Берыі было пастаўлена пытанне аб зняцці з пасады першага сакратара беларускай партарганізацыі Патолічава. Заяву Мазурава падтрымалі практычна ўсе члены пленума: «Калі вінаватыя, здымаць трэба ўсіх, а не першага сакратара», і пытанне адклалі. Гэта і супрацьстаянне з Хрушчовым з нагоды рэформаў у сельскай гаспадарцы, якія вялі да знішчэння асабістай дапаможнай гаспадаркі, у цэлым галіны. Даводзілася адстойваць і размяшчэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў на тэрыторыі рэспублікі, абараняць беларускую мову, помнікі і нават тых, хто перамог у крывавай вайне. З імем Мазурава звязана шмат спраў, ключавых рашэнняў для развіцця БССР і Савецкага Саюза, але барацьба за рэспубліку пачыналася менавіта з партызанскага фронту, хоць у біяграфіі Кірылы Трафімавіча згадваецца пра гэты перыяд толькі адным радком: «...з'яўляўся прадстаўніком ЦШПР у Беларусі». А ў яго рашэнні ад 30 верасня 1942-га гаварылася, што ён накіроўваецца «...у групу атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай і Баранавіцкай абласцей са спецыяльным даручэннем. Тэрмін — да спецыяльнага распараджэння». 42-гі, мабыць, — самы складаны перыяд для рэспублікі, калі супраціўленне як адзіны фронт яшчэ фарміравалася, калі не хапала элементарнага, каб супрацьстаяць моцнаму саперніку — зброі, адзення, медыкаментаў, ежы. З чаго пачыналася ўсенародная барацьба — у праўдзівых данясеннях Мазурава, пазыўны якога «Віктар». У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь іх захавалася больш за 200. У іх усё без перабольшанняў: пра подзвіг і пра здраду, пра тое, як усё было неадназначна, нават са стварэннем штаба партызанскага руху, аб мэтазгоднасці якога спрачаліся.

Планаванне аперацый з цэнтра? Абсурд!

Пра стварэнне штаба партызанскага руху Мазураў даведаўся значна пазней непасрэдна ад П. К. Панамарэнкі падчас адкрытай гутаркі з ім, запіс якой захоўваецца ў Нацыянальным архіве РБ (НАРБ). «Панамарэнка: «Берыя усімі сіламі стараўся пярэчыць стварэнню ЦШПР, грэбліва заяўляў, што «мужыкі ў лапцях» не могуць здзяйсняць дыверсіі ў тыле ворага. Для гэтага існуюць кваліфікаваныя воіны і сілы дзяржаўнай бяспекі». Сталін стварэнне штаба падтрымаў, але па кандыдатуры старшыні таксама спрэчкі. Хрушчоў настойваў на ўпаўнаважаным НКУС па Украіне. Гэта выклікала абурэнне Сталіна, які «ўстроіў наганяй» Хрушчову, нагадаўшы яму сур'ёзныя ваганні ў мінулым, прыналежнасць да трацкістаў», нагадаў і пра тое, што ў пачатку вайны створаныя на Украіне партызанскія атрады ўзначальвалі (у шэрагу выпадкаў) анархічныя элементы — «бацькі», якія адкрыта адмаўлялі кіруючую ролю партыйнага падполля і пры гэтым карысталіся падтрымкай Хрушчова». Тады сышліся на кандыдатуры Клімента Варашылава.

«П. Панамарэнка: «А той прывёў з сабой шмат генералаў-штабнікоў, якія ведалі ваенную справу, але не разбіраліся ў тым, што такое народная вайна. Гэтыя ваенныя, як і належыць ваенным, зараз жа ўзяліся за планаванне ўсялякага роду партызанскіх аперацый і кіраўніцтва ўсімі партызанскімі атрадамі з цэнтра. Гэта было абсурдам: пісаліся і аддаваліся дырэктывы і загады, але іх не было каму выконваць». Панамарэнка, ініцыятар стварэння штаба, накіраваў рэзкую запіску на імя Сталіна з гэтай нагоды, усё скончылася канфліктам з Варашылавым і ўмяшаннем Берыі. «Калі два адказныя кіраўнікі не могуць працаваць разам, трэба абодвух зняць». Сталін сказаў: «Тады прыйдзецца зняць трэцяга». «Каго ж?» — спытаў Берыя. «Цябе», — адказаў Сталін». У выніку ЦШПР узначаліў Панамарэнка.

Ідэалагічная вайна

Пра гэта ў першых данясеннях «Віктара» ў Цэнтр. «Тав. Зімяніну. Мы сядзім у лесе на поўдзень ад Альбінск — Любань. У атрадзе 50 камсамольцаў. У большасці не аформлены падпольныя арганізацыі. Атрадам патрэбна зброя, літаратура і ваенныя ў штаб. Гэта мая прыватная думка. Можа, меркаванне строгае, але як ваеннаму ўсё тут «рэжа вока». Пазарэз патрэбныя ўлёткі і ўсякая літаратура. Міхаіл, добрых прыкладаў таксама шмат, але я табе гэтага не даю. Гэта не галоўнае». У партызанскіх атрадах не хапае элементарнага і ў бытавым плане. «Жыву ў лесе і па начах ужо холадна. Дашліце да зімы што-небудзь на галаву і на ногі», «Міша (Зімянін), знайдзі мне сумку або планшэт, сшыткаў або нататнікаў, алоўкаў, компас, калі можна, боты, а то гэтыя худыя, ...патрэбныя касцюмы для Карповіча, Дзенісевіча (сувязныя на баранавіцкім напрамку) і што-небудзь цёплае. Яны выглядаюць абарванцамі». Практычна ў кожным лісце і шыфраграмах Мазурава аб недахопу інфармацыі — газет, літаратуры.

Ішла вайна ідэалагічная, у якой СССР на пачатковым этапе прайграваў. Разам з ваеннымі дзеяннямі немцы вялі масіраваную прапаганду. Асаблівую небяспеку ўяўлялі класна вырабленыя фальшыўкі, напрыклад газета «Правда». Вонкава яна нічым не адрознівалася ад звыклай савецкай. Той жа фармат, шрыфт, але публікацыі правакацыйныя і ўжо ў духу фашысцкай ідэалогіі — пра крах савецкага тылу, пра палон неіснуючага сына Варашылава, пра тое, што Германія ратуе свет ад бальшавізму! Акрамя таго, пачало выходзіць каля сотні газет вялікімі тыражамі на беларускай і рускай мовах: «Беларуская газета» — 70 тысяч экзэмпляраў, газета «Новы шлях» і больш за 20 яе версій у рэгіёнах — «Новы шлях Бабруйска», «Новы шлях Гомеля», а яшчэ «Голас вёскі», разлічаная на сялян, «Беларуская школа». Акрамя крытыкі, у іх былі карысныя парады па земляробстве, бытавых праблемах. Але былі і «праколы». Да здзіўлення фашысцкіх ідэолагаў, самай папулярнай аказалася газета «Мінскер цайтунг» на нямецкай мове. Калі сталі разбірацца, чаму, высветлілася, што яна друкавалася на паперы добрай якасці, якая падыходзіла для курыва. Але напісанаму, на жаль, пачыналі верыць, бо іншай інфармацыі практычна не было. «У нашых раёнах (Палескай вобласці) немцы рабуюць насельніцтва бязлітасна, але і палітычную работу вядуць. Завалілі ўсе сёлы газетамі і часопісамі. Мы нічога не можам прапанаваць сялянам. Яны хацелі б хоць што-небудзь пачытаць з Савецкага Саюза, але мала вераць партызанам на слова. Патрэбна літаратура і выбухоўка». Неацэнную ролю адыгралі рукапісныя баявыя лісткі, насценгазеты, заклікі і нават газеты, часопісы, якія пачалі выпускаць у партызанскіх атрадах, — з'ява сама па сабе ўнікальная: самвыдатаўскую прэсу супрацьпаставілі масіраванай нямецкай прапагандзе. У маі 1942 года ў Мінску ў падпольнай друкарні пачалі выдаваць газету «Звязда». Гэта стала падзеяй і пачаткам выпуску друкаваных выданняў на акупаванай тэрыторыі.

Радыёперахоп «Бi-бi-сi» «Аб дакладзе Кірылы Трафімавіча Мазурава». 10 лiстапада 1968 года.

«Паляўнічы» промысел

Але галоўным для Мазурава было ўзаемадзеянне партызанскіх атрадаў з ЦШПР па арганізацыі баявых дзеянняў у тыле ворага, работа з моладдзю, камсамольскія кадры і яшчэ шмат іншых пытанняў. Мазураў увесь час праводзіў у атрадах, катэгарычна не жадаючы ажыццяўляць кіраўніцтва са штаба — «балота», як яго называлі па месцы размяшчэння. У яго была рацыя — неймаверны скарб у той сітуацыі, гэта дазваляла аператыўна звязвацца з «Цэнтрам» і атрады адразу атрымлівалі зброю, медыкаменты, вопратку, прэсу. Аўтарытэт быў найвышэйшы. Пры гэтым Кірыла Трафімавіч прымаў непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях, разведцы. Пра дзейнасць партызан красамоўна кажуць яго данясенні, шыфроўкі ў «Цэнтр».

«Мы можам ганарыцца, што 8/10 усіх дыверсій на чыгунках робяць камсамольцы. Паспяхова ідзе «паляўнічы» промысел. Трое камсамольцаў Лівенцава на «паляванні» захапілі аўтамашыну з немцамі і прывялі ў лагер. «Паляўнічыя» брыгады Суворава выходзяць на Варшаўку ў лапцях, у падраным адзенні і ва ўпор расстрэльваюць сустрэчныя машыны. На Палессі па ініцыятыве камсамольцаў Жыгараўскай брыгады паспяхова выкарыстоўваецца метад абстрэлу цягнікоў. На днях група камсамольцаў абстраляла наліўны (з бензінам) эшалон, ён цалкам згарэў». Ці іншае паведамленне: «Мы ў снежні... займаліся падрывам цягнікоў. Уся бяда ў тым, што ў атрадаў няма ні выбухоўкі, ні боепрыпасаў. Становішча з боепрыпасамі цяжкае». Пытанне вырашалася ў тым ліку і за кошт атрадаў, што накіроўваліся ў тыл ворага з «Цэнтра» для выканання спецыяльных аперацый. Існавала меркаванне, што не партызаны ладзілі дыверсіі ў тыле, а спецыяльна падрыхтаваныя атрады. Такія сапраўды былі, і яны рэгулярна закідваліся на акупаваную тэрыторыю, але дзейнічалі разам з партызанскімі злучэннямі. Напрыклад, атрад аўтаматчыкаў імя М. Ф. Гастэлы, які быў сфарміраваны ў чэрвені 1942 года па рашэнні ЦК КП(б)Б, ЦК ВЛКСМ і Маскоўскага камітэта камсамола з камсамольцаў Масквы. У кастрычніку ён перайшоў лінію фронту і на працягу 43 дзён здзяйсняў рэйды па тылах ворага з паўночных раёнаў Беларусі ў паўднёвыя, дасягнуў Акцябрскага раёна Палескай вобласці і паступіў у распараджэнне камандавання партызанскіх злучэнняў Мінскай і Палескай абласцей.

У 1942-м — пачатку 1943-га партызанскі рух станавіўся добра арганізаваным, адзіным фронтам, у якім прымалі ўдзел у тым ліку падрыхтаваныя кадры для работы ў тыле. Іх рыхтавалі пяць цэнтральных спецшкол. Першая была створана ў студзені 1942-га рашэннем ЦК ВКП(б) для падрыхтоўкі партыйных і камсамольскіх работнікаў для падпольных органаў і партызанскіх атрадаў. Асобая спецшкола № 105 пачала дзейнічаць у снежні 1942-га і рыхтавала намеснікаў камандзіраў партызанскіх атрадаў па разведвальнай рабоце. Трэцяя — Тэхнічная чыгуначная школа для арганізацыі дыверсій у тыле Цэнтральнага і Заходняга франтоў. Таксама кадры для партызан рыхтавала радыёшкола і Вышэйшая аператыўная школа асобага прызначэння.

Выказваўся пункт гледжання, што ў партызанскія атрады заганялі ледзь не сілай. Пра гэта ў данясенні за 1942 год: «Пытанне аб рэзервах не заслугоўвае такой увагі, яно надуманае ў Маскве. Была б зброя, а ахвотных уступіць у партызаны шмат. У партызанскія атрады ўлілося б яшчэ больш насельніцтва, але не хапае зброі».

Нямецкая агентура і лжэпартызаны

Але ў масавым прытоку насельніцтва таілася і небяспека. Адзін выпадак стаў сур'ёзным урокам для партызанаў, для штаба злучэння. Восенню 1942 года ў брыгадзе адважнага камандзіра Дзмітрыя Гуляева, якая дзейнічала ў раёне Лёзна, з'явілася прыгожая маладая жанчына. Яна паведаміла, што была ўдзельніцай падпольнай арганізацыі Мінска, але збегла з-за пераследаў фашыстаў, калі ў горадзе пачаліся арышты. Гуляеў, чыя брыгада асабліва дакучала немцам, не толькі паверыў ёй, але быў зачараваны яе прыгажосцю, шчырасцю. Неўзабаве яны зблізіліся, і да такой ступені, што камбрыг усюды вазіў яе з сабой, давяраў усе сакрэты, раіўся. А ён рэгулярна наведваў штаб на «балоце», прымаў сувязных, пры ёй планаваў аперацыі партызанаў. Да таго часу ў штаба ўжо былі сувязі з Мінскім падполлем, і Асобы аддзел вырашыў праверыць праз падпольшчыкаў, хто гэтая жанчына. Там паведамілі, што ніхто яе не ведае і яе версію не пацвярджаюць. Была выказана думка: ці не з'яўляецца яна агентам нямецкіх службаў бяспекі — СД, якіх рыхтуюць у Барысаве і накіроўваюць «у партызаны». І гэтая версія пацвердзілася. Калі Гуляеў з байцамі сышоў на заданне, яго грамадзянскую жонку запрасілі ў штаб. На першым жа допыце яна была выкрыта. Пацвердзілася інфармацыя і пра барысаўскую школу, дзе яна прайшла падрыхтоўку, а на допыце выдала агентуру. Выдаў правакатараў у Мінскім падполлі і яе сувязнік, які таксама знаходзіўся ў адным з партызанскіх атрадаў. Гэта дапамагло зберагчы ад бяды многіх мінскіх падпольшчыкаў. Але нямецкая разведка не толькі ўкараняла сваіх агентаў, а і выкарыстоўвала ўсе сродкі, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух.

 

 

Восенню 1943 года групе партызанаў, якую ўзначальваў Мазураў, прыйшлося спыніцца ў невялікай вёсцы паблізу Дняпроўска-Бугскага канала. Людзі сустрэлі іх з недаверам, а адзін з жыхароў заявіў: «Партызаны не шкадуюць людзей. А мы ж гатовыя аддаць ім усё, што маем». Размова была не з лёгкіх. Аказалася, што ў вёску некалькі дзён таму на тачанцы прыязджала чалавек 15, усе п'яныя, учынілі паўсюдна ператрусы, забралі цёплую вопратку, каштоўнасці, забілі старасту, хоць ім сказалі, што прызначылі яго партызаны, забралі свіней. Адзін селянін не аддаваў парсюка, тады ў яго застрэлілі карову... З ілжэпартызанамі разабраліся жорстка, але тых, хто дзейнічаў ад імя партызанаў, дыскрэдытуючы супраціўленне беларускага народа, на жаль, было нямала.

«...Гэта такі зброд...»

Пра калабарантаў, але не пра тых мірных жыхароў, якія, апынуўшыся на акупаванай тэрыторыі, вымушаны былі працаваць, каб проста выжыць, а пра тых, хто супрацоўнічаў з фашысцкім рэжымам, у данясеннях Мазурава ў «Цэнтр».

«Аб паліцыі. Паліцыя ўвесь час папаўнялася за кошт моладзі. Большая частка сышла па меркаваннях чыста бандыцкіх, частка абдураных і забраных сілком. Наогул гэта войска вельмі паганае. Партызаны распраўляюцца з імі бязлітасна. Зараз у паліцыі з'яўляюцца пажылыя. За кошт моладзі папаўнення няма, ды і наогул папаўнення няма. Гэта такі зброд, што з імі амаль няма чаго працаваць».

Пра «Саюз беларускай моладзі». «У Мінску і Слуцку праціўнік прыступіў да стварэння «Саюза беларускай моладзі». Гэта фашысцкая арганізацыя, якая ставіць мэтай выхаванне моладзі ў духу фашызму і падрыхтоўку дыверсантаў, шпіёнаў і тэрарыстаў, ахоплівае ўзрост 10—20 гадоў. Фінансуецца дзяржавай. Падрабязныя звесткі — першым самалётам. Даём указанне ўсяляк зрываць камплектаванне арганізацый. Пасылаць у іх адданых партыі людзей для распаду. Забіваць і ліквідаваць кіраўнікоў «СС»-саставу. Прашу даць указанні і забяспечыць літаратурай па гэтым пытанні». Рэзалюцыя тав. Панамарэнкі: «Тав. Зімяніну. Трэба абдумаць, пытанне сур'ёзнае». Пытанне на пастаянным кантролі, інфармацыя паступае кіраўніцтву рэгулярна, з яе мы даведваемся аб рэальным стаўленні да прафашысцкіх арганізацый самой моладзі, насельніцтва.

З ліста за 16 ліпеня 1943 года. «Справа з фашысцкімі арганізацыямі ідзе так: пакуль немцы абмяжоўваюцца толькі гарадамі Мінскай вобласці і тое не зусім удала. У Слуцку адкрыта ўжылі гвалт да моладзі. 2–3 дні таму захапілі больш за 100 чалавек моладзі і замкнулі ў гета. Ходзяць чуткі, што сярод іх вядуць вярбоўку ў СБМ. Кіруе СБМ (шэф штаба) Міхаіл Ганько, жаночай секцыяй кіруе Абрамава. Што гэта за звяры — невядома».

З радыёграмы з Пінскай вобласці для П. Панамарэнкі і М. Зімяніна, 4 жніўня 1943 года.

«У Палескай і Пінскай абласцях арганізацый фашысцкага «Саюза беларускай моладзі» пакуль няма. Актыўна ідзе фарміраванне арганізацый у Слуцкай зоне. Па даных камсамольцаў-падпольшчыкаў, у Слуцк прызначаны акруговы і павятовы кіраўнікі СБМ. Немцы ўзмоцнена праз газету і з дапамогай улётак агітуюць моладзь. Асаблівая работа — вярбоўка сярод інтэлігенцыі (асабліва настаўнікаў). Завербаваным выдаюць амуніцыю і грашовае ўтрыманне. Канспіратыўна ідзе падрыхтоўка да стварэння сеткі падпольных арганізацый СБМ, рыхтуюцца кадры. Сярод актыву маюцца нашы людзі. Сувязь з імі і агентуру будзем пашыраць».

Вынік дзейнасці нацыяналістычных фарміраванняў — таксама ў данясеннях.

Беларускімі нацыяналістамі «Самаабароны», «Беларускай Краёвай Абароны» (БКА), 1-й Беларускай Грэнадзёрскай брыгадай СС «Беларусь», якія пад бел-чырвона-белым сцягам праводзілі карныя аперацыі супраць партызанаў, мірных жыхароў, знішчана: «в. Бабровічы Целяханскага раёна, спалена ўлетку 1942 года. Расстраляна і спалена 1300 чал., засталося 7–8 сем'яў»; «Спаленыя ў Брэсцкай вобласці в. Зыбайлы, Жытлін, Карэчын, Хадакі»; «в. Мілевічы, спалена 530 чал., в. Беразнякі 280 чал., в. Морач — 250. Дзяцей кідалі ў агонь. У Хварастове спалены царква і святар Лойка Іван Сямёнавіч, 60 гадоў. Прамяні — спалена 100 дамоў».

І гэта толькі некаторая страшная статыстыка. Пасля Кірыла Трафімавіч пісаў: «Акупанты, у тым ліку і нацыяналістычныя фарміраванні, разбурылі і спалілі 209 з 270 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, больш за 9 тысяч вёсак, без жылля засталося каля 3 млн жывых».

Жывая памяць

Кірыла Мазураў лічыў сваім абавязкам зрабіць усё, каб праўда пра партызанскі рух перамагла, а імёнамі герояў ганарылася краіна. Ён дамогся рэабілітацыі Мінскага падполля і яго кіраўнікоў, удзельнікі якога былі абылганыя і абвешчаныя здраднікамі. І пачынаў гэта рабіць у 1950-м, у разгар кампаніі па шальмаванні падпольшчыкаў, калі самому можна было патрапіць пад раздачу.

Невыпадкова ўзнікла і ідэя паставіць помнік усім спаленым вёскам. Да гэтага падштурхнуў выпадак: падчас прагулкі па лесе за пяцьдзясят кіламетраў ад Мінска па Віцебскім напрамку Мазураў, тады першы сакратар ЦК КПБ, і Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, старшыня Савета Міністраў рэспублікі, выпадкова натрапілі на зарослую быльнягом раллю. У цэнтры поля на ўзгорку яны ўбачылі спаленую вёску. «Дзясяткі два абгарэлых пячных труб, нібы помнікі, уздымаліся да неба. Ад саміх двароў і дваровых пабудоў амаль нічога не засталося. Недалёка мы ўбачылі невялікі статак кароў. Прыглядаў за імі пажылы чалавек. Падышлі, разгаварыліся. Ад пастуха пачулі страшную гісторыю пра трагічную гібель вёскі Хатыні і яе жыхароў». Тады ж было прынята рашэнне ўзвесці мемарыял. Але за яго давялося змагацца ўжо на ідэалагічным фронце. Гэта быў пазапланавы аб'ект, а такога роду аб'екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Рашэнне знайшлі: у дакументах паказалі яго як памятны знак. Які быў скандал, калі ўзведзены мемарыял убачыла Фурцава, перадаць складана. Вердыкт адназначны — «пад бульдозер!». Па ідэалагічных меркаваннях рашэнне, прапанаванае архітэктарамі Ю. Градавым, В. Занковічам, Л. Левіным і скульптарам С. Селіханавым, ды яшчэ падтрыманае Пятром Міронавічам Машэравым, было проста жахлівае. Узор — узведзеныя манументы ў Маскве, іншых гарадах, а тут такое! У Маскве Мазураву прыйшлося ў Пасткаме БССР арганізоўваць абмеркаванне праекта, які ў канчатковым выніку падтрымалі запрошаныя супрацоўнікі ЦК, асабіста сакратар Іван Капітонаў, а потым супакойваць Фурцаву, якая так і засталася пры сваёй думцы. Беларусь жа атрымала ўнікальны мемарыял, а яго стваральнікі былі ўдастоены Ленінскай прэміі.

Бітвы за помнікі, мемарыялы прыйшлося вытрымаць і ў дачыненні да Брэсцкай крэпасці, манумента Перамогі ў Мінску, які, нягледзячы на прынятае яшчэ 3 ліпеня 1945 года рашэнне аб яго ўзвядзенні на Цэнтральнай плошчы насупраць будынка ЦК КПБ, наогул прыйшлося адкласці. Партыйнаму кіраўніцтву строга ўказалі на палітычную блізарукасць — у сталіцы не было ніводнага помніка Сталіну — і гэта ва ўмовах, калі набліжалася 70-годдзе правадыра. Узводзіць яго сталі ў аўральным рэжыме на тым жа месцы замест планаванага абеліска Перамогі. Конкурс, абмеркаванне — усё пад асабістым кантролем Цанавы. Помнік Сталіну, унікальная ў творчым плане работа Георгія Заборскага, у сталіцы адкрылі за некалькі месяцаў да смерці правадыра ў 1952 годзе. Мітынг працоўных сталіцы вёў першы сакратар Мінскага абкама партыі Кірыла Трафімавіч Мазураў. Ён тады і ўявіць не мог, што неўзабаве трэба будзе вырашаць яшчэ адну досыць складаную задачу — аб зносе гэтага самага помніка правадыру. А задача сапраўды аказалася не з лёгкіх — усё было зроблена капітальна і, што называецца, на стагоддзі, патрабаванне Пастановы ЦК выканана дакладна: бронза, граніт, п'едэстал, які сыходзіць на пяць метраў углыб. Спатрэбілася нямала намаганняў, каб знайсці рашэнне, як ачысціць плошчу ад непажаданага манумента. Манумент жа Перамогі адкрылі 4 ліпеня 1954 года на Круглай плошчы, куды ён гарманічна ўпісаўся, — да дзесяцігоддзя вызвалення Мінска, урачысты мітынг вёў Кірыла Трафімавіч Мазураў ужо як Старшыня Савета Міністраў БССР.

Але, мабыць, галоўным вынікам дзейнасці Мазурава стала яго ініцыятыва аб стварэнні Усесаюзнай Кнігі Памяці, прапанаваная ім ужо ў перыяд, калі ён узначальваў Усесаюзны савет ветэранаў вайны і працы. Яна ўскалыхнула літаральна ўсю краіну, над зборам матэрыялаў працавалі людзі розных узростаў, прафесій, нацыянальнасцяў. Яна і сёння ўнікальная, і не толькі таму, што ўвекавечыла памяць мільёнаў савецкіх людзей. У ёй адноўлена гістарычнае мінулае многіх гарадоў, вёсак. Кніга Памяці стала праўдзівай гісторыяй вялікай краіны, напісанай самім народам, працягваць пісаць якую будуць ужо наступныя пакаленні.

Наталля Голубева

Кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Партызанскі фронт Кірылы Мазурава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».