Вы тут

Ці можна самастойна адрозніць СOVІD-19 ад іншых рэспіраторных хвароб?


Ці можна самастойна адрозніць СOVІD-19 ад іншых рэспіраторных хвароб і як западозрыць пнеўманію?

Каранавірусная інфекцыя застаецца галоўным рэспіраторным захворваннем апошніх месяцаў, ды і ўсяго мінулага года. Праўда, пасля пікавых лічбаў у лістападзе-снежні цяпер назіраецца хоць і невялікае, але зніжэнне. Частка бальніц, як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, нават вяртаецца да звычайнага рэжыму работы. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у панядзелак адзначыў, што яшчэ да новага года спецыялісты ўбачылі ўстойлівую тэндэнцыю па зніжэнні захваральнасці, і яна назіраецца ва ўсіх рэгіёнах. Нават прынята рашэнне аб вывадзе некаторых стацыянараў з рэжыму работы інфекцыйных. У Мінску гэта 2-і радзільны дом і Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі (Аксакаўшчына).


З самага пачатку пандэміі ахоўны касцюм стаў для ўрача Святланы Янушкі штодзённай неабходнасцю.

Пасля вялікіх выхадных цягам некалькіх дзён чакаецца рост зваротаў да медыкаў, што звязана з так званым адтэрмінаваным зваротам. Затым прагназуецца, што захваральнасць пойдзе на спад. Аднак рэзкага зніжэння чакаць не варта. «Мяркую, да сярэдзіны-канца лютага будзе падзенне, затым, магчыма, невялікі рост, звязаны з прыходам звычайных эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці, грыпу. Але дзякуючы вакцынацыі (у гэтым эпідсезоне прышчэплена каля 40 % насельніцтва) пад'ём захваральнасці чакаецца невысокі», — адзначыў міністр.

Так ці інакш, СOVІD-19 працягвае непакоіць як новымі для рэспіраторнай хваробы сімптомамі, так і тым, што застаецца адной з самых небяспечных хвароб. Пра яго праявы, у тым ліку і тыя, якія павінны ўстрывожыць, лячэнне, у прыватнасці, дома, і сімптомы, што застаюцца праз тыдні і месяцы пасля хваробы, мы пагаварылі з доктарам, якая працавала ў выязной брыгадзе падчас першай хвалі і працягвае назіраць пацыентаў з ковід-інфекцыяй цяпер. На нашы пытанні адказала ўрач агульнай практыкі, выконваючы абавязкі загадчыка 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й сталічнай паліклінікі Святлана Янушка.

— Святлана Аляксандраўна, як адрозніць каранавірусную інфекцыю ад іншых рэспіраторных захворванняў? Якія ў яе спецыфічныя прыкметы?

— СOVІD-19 — гэта інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з'яўляецца каранавірус, год таму выяўлены ў Кітаі. На раннім этапе хваробу складана адрозніць ад звычайнай сезоннай ВРВІ.

Асноўным адрозненнем каранавіруса ад грыпу і ВРВІ з'яўляецца інкубацыйны перыяд (час ад інфіцыравання да праяўлення першых сімптомаў). Рэспіраторныя вірусы і грып заяўляюць пра сябе ўжо на 1—4 суткі. У сярэднім іх інкубацыйны перыяд складае 2-3 дні. Каранавірусу для размнажэння ў арганізме патрэбна больш часу. Яго інкубацыйны перыяд можа дасягаць 14 дзён. Яўныя прыкметы хваробы ў большасці пацыентаў адзначаюцца ўжо на пяты дзень, але могуць з'явіцца і значна пазней.

Галоўныя сімптомы, уласцівыя каранавірусу, наступныя: непрадукцыйны зацяжны кашаль, павышэнне тэмпературы цела, часцей за ўсё да субфебрыльных лічбаў (37,0—37,5) на пачатковай стадыі хваробы, ламота ў мышцах і суставах, «пяршэнне» ў горле, галаўны боль, цяжкасці з дыханнем, задышка, адчуванне закладзенасці ў вобласці грудзей, дыярэйны сіндром або расстройства стулу, млоснасць, закладзенасць носа без слізістых выдзяленняў, анасмія (адсутнасць нюху), скурная высыпка.

— Дарэчы, ці можа пры каранавірусе захоўвацца нюх, або ён, як правіла, прападае?

— У 70—80 % хвароба суправаджаецца няздольнасцю адчуваць пахі і смакі на фоне закладзенасці носа без насмарку.

— Ці можна сказаць, што цяпер каранавірус менш небяспечны, чым вясной?

— Другая хваля каранавіруснай інфекцыі, якую мы перажываем цяпер, характарызуецца больш цяжкім цячэннем і нашмат большай колькасцю інфіцыраваных.

— Адной з прыкмет каранавіруснай інфекцыі з'яўляецца павышаная тэмпература, якая «скача». Ці можа з-за COVІD-19 тэмпература, наадварот, паніжацца?

— Ваганні ў дыяпазоне ад нормы да субфебрылітэту характэрныя для ранняй стадыі хваробы. Часта гэты перыяд характарызуецца нарастаннем сімптаматыкі — з'яўляецца ламота ў суставах, павялічваецца слабасць, з'яўляецца задышка. Бывае, што да гэтых прыкмет далучаецца страта нюху і смаку. Калі падчас COVІD-19 тэмпература цела трымаецца на 35,5 °С і ніжэй, гэта можа сведчыць аб розных спадарожных захворваннях, якія ў выніку могуць пагоршыць стан пацыента, нават калі ў яго лёгкая форма інфекцыі.

— Якімі прэпаратамі і ў якіх выпадках варта збіваць тэмпературу? Якія яшчэ лекі неабходна мець дома для барацьбы з COVІD-19?

— Пры тэмпературы вышэй за 38,5 °С трэба прыняць парацэтамол 500 мг (яго доза павінна быць не больш за 3,0 г у суткі). Увогуле ж лекавыя прэпараты, неабходныя пацыенту для лячэння, прызначае ўрач зыходзячы з даных клінічнай карціны, аб'ектыўнага агляду і лабараторных даных. Пры лёгкім цячэнні хваробы дастаткова вялікай колькасці піцця і вітамінаў.

— У якіх выпадках патрэбныя антыбіётыкі?

— Паказаннем для прызначэння антыбактэрыяльных прэпаратаў з'яўляецца далучэнне бактэрыяльнай інфекцыі, але ніяк не наяўнасць віруснай пнеўманіі пры КТ органаў грудной клеткі.

— Якія прэпараты ні ў якім разе нельга прызначаць сабе самому?

— Найперш гэта датычыцца гармонаў, супрацьмалярыйных прэпаратаў, антыбіётыкаў. Паўтаруся, што ўсе лекі мусіць прызначаць доктар.

— Як пачынаецца пнеўманія пры COVІD-19 і як можна самому яе западозрыць? Што ў такім выпадку рабіць? У якіх выпадках з пнеўманіяй патрэбна шпіталізацыя? Якія паказчыкі трэба кантраляваць пры лячэнні пнеўманіі дома?

— Асаблівасці каранавіруснай інфекцыі такія, што пнеўманія без тэмпературы сустракаецца нярэдка. Звычайна пры гэтым выяўленыя па КТ ачагі займаюць да 25 % лёгачных палёў. Замест тэмпературы могуць непакоіць слабасць, стамляльнасць, страта або прытупленне нюху, задышка ці цяжар у грудзях.  Хоць і рэдка, але сустракаюцца сітуацыі, калі любыя сімптомы, у тым ліку тэмпература, адсутнічаюць.

Калі пасля таго, як высокая тэмпература (37,5-39 °С) трымалася некалькі дзён (ад двух сутак да тыдня), потым падала да 36-37 °С і зноў расла вышэй за 37,5 °С (да 38,5-40 °С), асабліва ў спалучэнні са з'яўленнем гнойнай макроты, можна меркаваць аб далучэнні да віруса бактэрыяльнай флоры.

Фота Ганны Занкавіч.

З'яўленне задышкі, боляў у грудной клетцы, падзенне ўзроўню сатурацыі ніжэй за 95 %, павышэнне тэмпературы да 39-40 °С — трывожныя прыкметы. У такім выпадку неабходна выклікаць урача на дом, а пры рэзкім пагаршэнні стану — брыгаду хуткай дапамогі.

— Як можна зразумець, што пнеўманія вылечана? Калі (і ўвогуле ці трэба) рабіць кантрольны здымак?

— Вылечанасць пнеўманіі вызначаецца ўрачом па розных крытэрыях, тэрміны яе вар'іруюцца індывідуальна. Неабходнасць і тэрміны кантрольнага абследавання гэтак жа вызначаюцца індывідуальна.

— За які тэрмін у сярэднім вылечваецца каранавірусная інфекцыя ў лёгкай і цяжкай формах?

— Тэрміны лячэння COVІD-19 вар'іруюць ад двух тыдняў у лёгкай форме і да 3-4 месяцаў пры цяжкіх формах. У сярэднім гэта інфекцыя ў цяперашні час лечыцца каля месяца.

— Якія сімптомы COVІD-19 могуць захоўвацца праз тыдні і месяцы пасля выздараўлення?

— У шэрагу пацыентаў сутачныя ваганні тэмпературы адзначаюцца нават пасля выздараўлення. Увогуле для каранавіруснай інфекцыі характэрны працяглы аднаўленчы перыяд, калі фіксуюцца розныя рэшткавыя праявы, у тым ліку трымаецца субфебрыльная тэмпература, часцей за ўсё ў вячэрнія і начныя гадзіны. Могуць быць павышаная стамляльнасць, патлівасць.

Часцей за ўсё каранавірус дае ўскладненні на сардэчна-сасудзістую сістэму, істотна павялічваецца рызыка развіцця інфарктаў, парушэнняў рытму сэрца, міякардыту, інсультаў, тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі. Практычна ва ўсіх пацыентаў адзначаецца паражэнне печані — змены яе функцый — і выяўляецца рост пячоначных ферментаў. З аднаго боку, гэта можа быць абумоўлена масіўнымі дозамі лекавых прэпаратаў, якія атрымліваюць пацыенты. З іншага — маюцца даныя, што вірус уплывае на страўнікава-кішачны тракт. Вядомыя паражэнні кішэчніка пры COVІD-інфекцыі, а аднымі з праяў захворвання з'яўляюцца розныя кішэчныя сімптомы.

У большасці пацыентаў, якія лечацца ад COVІD-інфекцыі, узнікаюць пэўныя псіхалагічныя праблемы — дэпрэсія, трывога. Такім людзям сапраўды патрэбна дапамога псіхатэрапеўта. Прычым гэта не проста ўласна псіхалагічная праблема. Каранавірус можа паражаць цэнтральную нервовую сістэму, і развіваецца своеасаблівая ковідная энцэфалапатыя. Былі выпадкі ковіднага паражэння галаўнога мозга, ковіднага менінгіту і энцэфаліту.

— Цяпер больш вядома пра меры прафілактыкі, чым у часы першай хвалі. Як засцерагацца ад каранавіруса?

— Пазбягайце «трох К»: крытых памяшканняў, у якіх людзі трымаюцца кучна або кантактуюць. Вытрымлівайце сацыяльную дыстанцыю ў 1,5-2 метры. Кашляць і чхаць трэба ў згіб локця ці сурвэтку. Апошнюю адразу выкідваюць у кантэйнер для смецця. Ад тканевай насоўкі лепш адмовіцца. Абавязковым застаецца нашэнне маскі ў грамадскіх месцах. Таксама важна мыць рукі з мылам і апрацоўваць іх спіртаўтрымліваючымі антысептыкамі. А яшчэ не дакранацца да твару рукамі і не церці вочы.

Вядучая рубрыкі Алена КРАВЕЦ

Тэл. (017) 311-17-36

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Тэмпература, слабасць, страта нюху...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.