Вы тут

Гарачае «прывітанне» ад печы і абагравальніка. Як засцерагчыся ад пажару?


Сіноптыкі абяцаюць, што напрыканцы тыдня да нас завітаюць сапраўдныя арктычныя маразы. Слупок тэрмометра можа апусціцца ў некаторых раёнах ажно да 25 градусаў марозу! У такое надвор'е і з дому не асабліва хочацца кудысьці выходзіць.


Але чым больш часу людзі бавяць у чатырох сценах, тым большая і рызыка пажару. Статыстыка 2021-га прымушае задумацца. За першыя дванаццаць дзён у краіне адбыліся 162 пажары, на якіх загінулі 28 чалавек.

— Што зімой, што летам структура пажараў і гібелі на іх людзей у цэлым змяняецца не вельмі моцна, — каментуе сітуацыю афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Асноўная прычына ўзнікнення пажараў — гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём. Па нашых падліках, на яе прыпадае каля 40 працэнтаў ад агульнай колькасці ўзгаранняў. І пераважная большасць з іх — неахайнасць падчас курэння. Склалася так, што чатыры з кожных пяці ўзгаранняў узнікаюць у жылым фондзе, прычым пераважная большасць з іх прыходзіцца на сельскую мясцовасць. Кожны дзявяты пажар мае пад сабой алкагольную падаплёку. Больш за тое, калі казаць пра гібель людзей падчас такіх надзвычайных сітуацый, то тут удзельная вага аматараў выпіць падскоквае ледзь не да паловы.

Асабліва важна гэта ў халады. Справа ў тым, што ў цёплую пару года людзі выходзяць, як правіла, курыць на вуліцу. Але ў халады лянота лішні раз апранацца. Таму месца для курэння перамяшчаецца ўжо ў кватэру. А далей уключаецца так званы ланцужок дапушчэнняў. Маўляў, нічога страшнага, калі пакурыць у туалеце, на кухні, у спальні і, у рэшце рэшт, у ложку. Нярэдка гэта суправаджаецца і ўжываннем спіртнога. Рука слабее, чалавек пачынае драмаць, падпаленая цыгарэта спускаецца ўсё ніжэй і ніжэй і, нарэшце, судакранаецца з тканінай. Апошняя пачынае паступова тлець і разгарацца. І калі ў кватэры няма спраўнага аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, то чалавек вельмі моцна рызыкуе больш не прачнуцца.

— Што да прычын, якія займаюць сумныя другое і трэцяе месцы, то «серабро» — у печак, цеплагенеруючых агрэгатаў і прылад, якія або няправільна ўстаноўлены, або эксплуатуюцца з парушэннямі правілаў бяспекі, — працягвае Віталь Навіцкі. — З натуральных прычын, іх колькасць з калянулявой адзнакі ў летні перыяд «свечкай» падскоквае ўверх, калі за акном тэмпература ўжо зімовая. Агулам на гэтую прычыну прыходзіцца прыкладна кожны шосты пажар у Беларусі. Крыху ад гэтага адстае няправільная эксплуатацыя электрычных сетак і абсталявання з 15,4 % агульнай колькасці пажараў.

Праўда, пажары праз самаробныя абагравальнікі ўсё радзей трапляюць у зводкі ратавальнікаў. Ледзь не апошняя інфармацыя датычыцца 2019 года. Два гады таму ў вёсцы Малая Падзер, што на Случчыне, загарэўся жылы дом. Супрацоўнікі МНС вынеслі адтуль на свежае паветра гаспадара, якога шпіталізавалі з апёкамі і атручэннем чадным газам. Агонь добра пагуляў па хаце: ён знішчыў перакрыцце, пашкодзіў сцены і дах па ўсёй плошчы дома. І прычынай гэтай бяды стаў менавіта самаробны абагравальнік.

— Так, ацяпляльныя апараты, зробленыя саматужным, а не фабрычным чынам, амаль сышлі ў гісторыю, — кажа суразмоўнік. — Але і выпушчаны на заводзе абагравальнік можа таіць у сабе небяспеку. Асабліва гэта датычыцца старэнькіх прыбораў, якія ўжо адпрацавалі вызначаны вытворцам тэрмін. Справа ў тым, што ў пагоні за больш нізкім коштам нярэдка ў ахвяру прыносіцца трываласць апарата. Ставяцца больш бюджэтныя кампаненты, больш тонкія правадкі... І менавіта таму тут прынцып «пакуль працуе, хай працуе» можа стаць фатальным. Таму лепш абагравальнік у старэнькім узросце проста выкінуць, а замест яго набыць новы. Тым больш што сучасныя прыборы маюць разнастайныя ступені абароны ад пажару. Некаторыя вытворцы прадугледжваюць вельмі карысную функцыю: калі на абагравальнік нешта пакласці, то ён аўтаматычна выключыцца, каб не справакаваць пажар.

А вось перанапал печы — на жаль, сітуацыя ўжо не такая рэдкая. Чалавечая логіка працуе так: калі на дварэ стаяць істотныя маразы, то трэба тапіць печку ўвесь час, каб дом не астыў. І якраз-такі ў гэтым і ёсць фатальная памылка. Тое, што дапушчальна, напрыклад, для цэнтральнага ацяплення (батарэі ў гарадскіх кватэрах гарачыя ж увесь час), не працуе з печкай...

Уначы 16 снежня ратавальнікі ў Любанскім раёне атрымалі паведамленне аб тым, што ў вёсцы Ямінск гарыць жылы дом. Агонь закурыў столь, пашкодзіў бялізну, якая знаходзілася на ляжанцы печы. У доме ў той час былі гаспадыня і яе дачка. Іх жыцці выратаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які і разбудзіў дзвюх жанчын. Прачнуўшыся, яны ўбачылі, што адбываецца, і паспрабавалі затушыць агонь самі. Пасля пакінулі дом і пазванілі ратавальнікам. Меркаванай прычынай пажару стаў менавіта перанапал печы...

— Па нашых даных, праз няправільную эксплуатацыю печак гінуць часцей за ўсё людзі ў сталым веку, — працягвае Віталь Навіцкі. — Усё-такі ў людзей ва ўзросце ўжо не зусім добра з каардынацыяй рухаў. Ды і з жыццёвага досведу часам робяцца абсалютна няправільныя вывады. Маўляў, калі ў мінулыя гады ўсё рабілася пэўным чынам і было добра, то гэта мае права на існаванне. Маю на ўвазе адсутнасць прыпечнага металічнага ліста, наяўнасць шчылін у корпусе печы. Таму мы заклікаем сваякоў, пакуль не надышлі моцныя халады, яшчэ раз упэўніцца, што вашы пажылыя сваякі зімуюць з бяспечнай печкай. А ў ідэале лепш за ўсё забраць да сябе бабуль і дзядуляў на перыяд халадоў.

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях таксама нагадалі, што ў халады печку трэба прапальваць не бесперапынна, а некалькі разоў на дзень і не пакідаць яе без нагляду, у тым ліку і на ноч.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Гарачае «прывітанне» ад печы і абагравальніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны цііск?

Як нармалізаваць артэрыяльны цііск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск. 

Грамадства

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Даволі часта грамадзяне сутыкаюцца са спрэчнымі сітуацыямі ў побыце.