Вы тут

Магілёўская вобласць адзіная ў Беларусі летась перасягнула планку па росце ВРП


Ва ўмовах сусветнай пандэміі, закрытых граніц і нявызначанасці знешніх рынкаў зрабіць рывок наперад было складана. Але ўжо па выніках 11 месяцаў 2020 года Магілёўская вобласць стала адзіным рэгіёнам у краіне, дзе тэмп росту ВРП дасягнуў 100,9 % у параўнанні з такім жа перыядам 2019-га. Што стаіць за гэтай лічбай і якія захады дзеля гэтага прымаліся — у размове з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.


— Руслан Барысавіч, якія ёсць асаблівасці ў структуры валавога рэгіянальнага прадукту Магілёўскай вобласці? За кошт якіх складнікаў адбыўся рост агульнага паказчыка?

— Прынцыповых асаблівасцяў у яго структуры няма, усё прыблізна аднолькава. Толькі Мінск адрозніваецца тым, што ў яго адсутнічае сельская галіна. У структуры ВРП Магілёўскай вобласці каля 13 % займае сельская гаспадарка, 35 % — прамысловасць, каля 9 % — гандаль, 6 % — транспартная дзейнасць, 5,5 % — будаўніцтва, усе астатнія — менш. Нягледзячы на складанасці і асаблівасці года, усе асноўныя галіны рэальнага сектара эканомікі падраслі.

«БелЭмса» аператыўна  наладзіла выпуск аднаразовых медыцынскіх масак. Фота БелТА.

Сельская гаспадарка стала драйверам эканомікі ўсёй Магілёўскай вобласці, ды і краіны ў цэлым. Тэмп росту валавой прадукцыі гаспадарак усіх катэгорый склаў 105,3 %. Гэтаму спрыяў цэлы комплекс мерапрыемстваў, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Істотна палепшылі работу на зямлі шляхам перагляду структуры пасяўных плошчаў і выканання тэхналагічных рэгламентаў па кожнай культуры. Гэта і тэрміны ўнясення ўгнаенняў, іх колькасць, падбор глебы. Леанід Канстанцінавіч (Заяц — старшыня аблвыканкама. — Рэд.) асабіста аддаваў гэтаму шмат увагі. У выніку валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у свірнавой вазе па Магілёўскай вобласці склаў мільён дзвесце сямнаццаць тысяч тон — 140 % у параўнанні з мінулым годам. Плённая работа ў раслінаводстве адбілася на жывёлагадоўлі. Рапсу, напрыклад, сабралі амаль у паўтара раза больш, чым пазалетась. Усё гэта дазволіла стварыць трывалую кармавую базу для жывёл. Рэалізацыя малака ў выніку павялічылася на 8 %.

— У той час як увесь свет перайшоў на дыстанцыйную форму адносін, у краіне і ў тым ліку Магілёўскай вобласці працягвалі працаваць прадпрыемствы і арганізацыі. Што гэта дало?

— Адбыўся мультыплікатыўны эфект ад сельскай гаспадаркі, бо з ёй звязана перапрацоўчая галіна. Так «Бабушкіна крынка» дзякуючы глыбіні перапрацоўкі павялічыла тэмп назапашвання аб'ёму вытворчасці да 113 %, «Малочныя горкі» — да 109 %, Магілёўскі і Бабруйскі мясакамбінаты — да 103,5 % і 101,5 % адпаведна. У цэлым прамысловы комплекс спрацаваў з тэмпам росту 102,6 %. Гэта таксама найлепшы паказчык па краіне. Істотны рост паказалі прыватныя кампаніі, якія забяспечылі тэмп росту прамысловай вытворчасці за 11 месяцаў у памеры 110 %. Гэта сведчыць, што нават у цяжкіх умовах можна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, а сусветны крызіс разглядаць як магчымасць для заваявання новых рынкаў. Яркім прыкладам з'яўляецца кампанія «БелЭмса», якая за кошт устаноўкі аўтаматычных ліній па вытворчасці медыцынскіх масак і расшырэння лінейкі вытворчасці сродкаў гігіены і медыцынскага прызначэння павялічыла аб'ём рэалізацыі сваёй прадукцыі больш чым у пяць разоў. Добры прырост паказалі асіповіцкі завод «Тэхнаніколь», магілёўскія вытворцы «Сервалюкс Агра» і «Джакей Пластык», навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхналіт», дрэваапрацовачныя кампаніі СЭЗ «Магілёў» — «ВМГ Індустры», «Кранаспан», «Мебелайн». Пасля першай хвалі каранавіруса рэзка павялічыўся асабліва ў інтэрнэт-гандлі попыт на мэблю. Нашы вытворцы адваявалі частку рынку ў іншых кампаній, таму што працягвалі працаваць у той час, калі тыя прыпыніліся. Рэспубліканскія прадпрыемствы крыху не дацягнулі да 100 %, але тут таксама ёсць лідары. Нарасцілі вытворчасць «Бабруйскаграмаш», Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, магілёўская «Ольса», Касцюковіцкі і Крычаўскі цэментныя заводы, Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод. Гэта яшчэ раз пацвярджае правільнасць той стратэгіі, якую абраў прамысловы комплекс Рэспублікі Беларусь.

— Прадукцыя рэалізоўвалася ўнутры краіны?

— Не толькі. Напрыклад, вырабы кампаніі «БелЭмса» былі запатрабаваныя ў Сербіі, Харватыі, Ізраілі, Турцыі, Расіі, ва Украіне. Некаторыя рэзідэнты СЭЗ наогул толькі на экспарт і працуюць. Дарэчы, атрымалася не толькі нарасціць вытворчасць, але і знізіць складскія запасы па ўсёй вобласці. На 1 снежня мінулага года іх было на суму 407,8 мільёна рублёў, што менш за месячную вытворчасць. На працягу года іх аб'ёмы зменшыліся на 18 мільёнаў рублёў.

— Летась у вобласці ўводзілася ў строй шмат розных аб'ектаў, чаго не было, напэўна, нават у самыя спрыяльныя для эканомікі гады...

— Так. Будаўнічы комплекс спрацаваў з вынікам 103 %. За 11 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 276 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 103 тысячы квадратных метраў з падтрымкай дзяржавы. Жыллёвыя ўмовы палепшылі 1140 шматдзетных сем'яў. Пабудавана доўгачаканая паліклініка ў Казіміраўцы, рэканструяваны лячэбны корпус дзіцячай бальніцы ў Бабруйску, капітальна адрамантаваныя паліклінікі ў Мсціславе і Асіповічах, пабудаваныя дзіцячыя садкі ў Слаўгарадзе, Бабруйску, Шклоўскім раёне — усяго ўведзена ў строй 17 значных аб'ектаў сацыяльнага і культурнага прызначэння.

— Каб эканоміка працавала, яе трэба «падсілкоўваць». А гэта мадэрнізацыя, навукаёмістыя тэхналогіі, інвестыцыі...

— Без гэтага, сапраўды, нельга абысціся, і дадзены працэс не прыпыняўся. Магілёўскае прадпрыемства «Магатэкс» завяршае рэалізацыю інавацыйнага праекта па падрыхтоўцы вытворчасці па выпуску тканіны новых спажывецкіх якасцяў. Шклоўскі завод газетнай паперы завяршыў мадэрнізацыю і асвоіў вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Асаблівая ўвага аддаецца развіццю паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У мінулым годзе былі ўнесены змяненні ва Указ № 235 і ўведзены дадатковыя льготы і прэферэнцыі. Гэта дало магчымасць стварыць прывабныя ўмовы для бізнесу. У Слаўгарадзе рэалізуе інвестыцыйны праект бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік», у Слаўгарадскім раёне Магілёўскі мясакамбінат пабудаваў буйны свінагадоўчы комплекс, у Клімавічах навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхналіт» рыхтуе пляцоўку для вырабу экалагічна чыстага вугалю. Праведзена мадэрнізацыя лесагаспадарчых аб'ектаў на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У бліжэйшыя гады тут будзе наладжана вялікая работа па развіцці свінагадоўчай галіны, плануецца рэканструкцыя ўжо існуючых і будаўніцтва новых комплексаў. Гэта дазволіць нарасціць пагалоўе свіней і цалкам загрузіць мясакамбінаты вобласці.

— Важны індыкатар паспяхова працуючай эканомікі — павышэнне зарплаты і занятасць насельніцтва. Якія тут адбыліся зрухі?

— У нас атрымалася палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі па Магілёўскай вобласці склаў 822,8 мільёна рублёў, што ў 1,6 раза вышэй, чым годам раней. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 6,2 % супраць 4,1 % за аналагічны перыяд папярэдняга года. Як вынік, за 11 месяцаў сярэднямесячная зарплата ў цэлым па вобласці склала 1005 рублёў пры тэмпе росту 112,8 %. У лістападзе яна павялічылася ўжо да 1065 рублёў. Планку ў 1000 рублёў у лістападзе пераадолелі не толькі Магілёў і Бабруйск, але яшчэ Бялыніцкі (1019), Магілёўскі (1074,5), Асіповіцкі (1087,6) і Шклоўскі (1045,6) раёны. Стабільнай застаецца сітуацыя на рынку працы. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае
0,3 % да колькасці працоўнай сілы. Гэта адпавядае той жа лічбе, што і ў пачатку 2019 года. Як і раней, прапанова на прадпрыемствах перавышае попыт. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 5,4 вакансіі.

Сёлета ў Слаўгарадзе «Чырвоны харчавік» запусціў сучасную лінію па разліве мёду. Фота mogilevnews.by.

— За канкрэтнымі справамі стаяць канкрэтныя людзі. Трэба быць прадбачлівым і мудрым кіраўніком, каб у складанай сітуацыі сарыентавацца і выбраць адзіна правільнае рашэнне...

— Так. Вынікі, як правіла, залежаць ад працоўнага калектыву і шмат у чым ад яго кіраўніцтва. Там, дзе была выбрана правільная стратэгія і аптымізаваныя выдаткі, назіраўся станоўчы вынік. Аб'ём прамысловай вытворчасці па Магілёўскай вобласці мог быць вышэйшы, але свае карэктывы ўнёс шэраг аб'ектыўных фактараў. Вось толькі адзін яскравы прыклад. З 2020 года ў краіне прыпыніўся выпуск дызельнага паліва, а ў структуры нашага найбуйнейшага прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» выручка ад яго складала да 40 %. Імгненна замясціць чымсьці не было магчымасці. Між тым прадпрыемства ў такіх складаных умовах здолела захаваць працоўны калектыў, паспяхова нарошчвае аб'ёмы вытворчасці новых відаў прадукцыі і распрацоўвае планы па далейшай мадэрнізацыі прадпрыемства.

На жаль, не ўсе прадпрыемствы змаглі прыстасавацца да новых умоў. Застаецца высокі ўзровень стратных арганізацый — 133 (18,9 % ад агульнай колькасці). Але і тут ёсць зрухі. Па выніках першага квартала іх было 188.

— Ад пандэміі пацярпелі турыстычны і рэстаранны бізнес. Яны, на жаль, па аб'ектыўных прычынах не змаглі зрабіць свой унёсак у агульную справу. Іх саміх прыйшлося падтрымліваць. Якія паказчыкі наогул не атрымалася выканаць?

— На жаль, не дацягнулі па экспарце, хоць на гэта былі аб'ектыўныя прычыны. Адбылася пераарыентацыя на ўнутраны рынак. Спад адбыўся і па некаторых іншых сектарах. Экспарт турыстычных паслуг, напрыклад, знізіўся на 72 %, экспарт будаўнічых і транспартных паслуг — на 6,8 % і 3,7 % адпаведна. На ўзроўні дзяржавы прымаліся асобныя рашэнні па падтрымцы найбольш пацярпеўшых прадстаўнікоў гэтага сектара эканомікі. У некаторых выпадках падтрымка аказвалася канкрэтным работнікам, якія вымушаны былі працаваць у рэжыме няпоўнай занятасці. У перыяд пандэміі аблсаветам дэпутатаў удвая былі зніжаны стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў.

— Чаму навучыў мінулы няпросты год?

— Галоўным урокам стала разуменне, што вырашаць праблемы трэба разам, супрацоўнічаючы і дапамагаючы адзін аднаму. Гэты час выпрабаванняў навучыў гатоўнасці прымаць нечаканыя рашэнні. Цяпер мы ведаем, што рабіць, каб дасягаць пастаўленых мэт нават у надзвычайных умовах. Асноўнымі прыярытэтамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці на гэты год з'яўляюцца сацыяльная стабільнасць і рост дабрабыту насельніцтва. Для гэтага асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваныя на ўмацаванні эканомікі за кошт росту інвестыцый, экспарту, павышэння эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Руслана Страхара

Загаловак у газеце: Мультыплікатыўны эфект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны цііск?

Як нармалізаваць артэрыяльны цііск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск. 

Грамадства

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Даволі часта грамадзяне сутыкаюцца са спрэчнымі сітуацыямі ў побыце.