Вы тут

«Купляць варта тэхналогіі, а не прадукцыю»


Генрых Мыслівец вядомы на Гродзеншчыне і як старажыл аграбізнесу, і як актыўны грамадскі дзеяч. Ён неаднаразова быў дэпутатам раённага і абласнога Саветаў. Вылучэнне яго кандыдатуры на VІ Усебеларускі сход зацверджана рашэннем сесіі Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў.


Як сапраўдны гаспадар, Генрых Валяр'янавіч да кожнай справы ставіцца сур'ёзна. Ёсць у яго і свае меркаванні наконт далейшага развіцця эканомікі краіны. Між іншым, гэтыя думкі ён выказваў неаднойчы. Вось і ў нядаўняй нашай размове ён падкрэсліў, што галоўнае зараз — звярнуць асаблівую ўвагу на рэальны сектар эканомікі, у прыватнасці на сельскую гаспадарку.

Сам Генрых Мыслівец удала развівае той кірунак, за які ўзяўся. Па вырошчванні гародніны фермерская гаспадарка «Гарызонт» з'яўляецца самай буйной ва ўсім Гродзенскім рэгіёне. Цяпер у Генрыха Мысліўца 720 гектараў ворыва. Старажыл аграбізнесу забяспечвае ўвесь Мастоўскі раён гароднінай.

Як вопытны вытворца, а фермер вырошчвае амаль увесь валавы збор агародніны раёна (98 %) і трэцюю частку бульбы (31 %), ён пастаянна паглыбляе сваю дзейнасць. У гаспадарцы не толькі вырошчваюць, але і займаюцца перапрацоўкай агародніны. Таварная прадукцыя, у тым ліку бульба, морква, буракі, капуста, цыбуля, праходзіць праз лінію ўпакоўкі і адпраўляецца на рэалізацыю — ад мясцовых супермаркетаў да замежных спажыўцоў.

Як прадстаўнік сельскагаспадарчай вытворчасці, Генрых Валяр'янавіч у першую чаргу дбае пра гэты важны сектар эканомікі. На думку кіраўніка фермерскай гаспадаркі, толькі свае, беларускія, інвестары здольныя вывесці сельскую гаспадарку на новы ўзровень.

І ў гэтым паказальны яго вопыт. Бо свой шлях фермер пачынаў на дзесяці гектарах, але паступова даказаў, што здольны працаваць рэнтабельна і якасна. Яго гаспадарка — прыклад вялікіх магчымасцяў і здольнасцяў беларускіх аграрыяў. Мыслівец расказаў, што ў яго ёсць сучасная тэхніка, аўтарэфрыжэратары, лініі расфасоўкі і ўпакоўкі гародніны. Не так даўно тут пачалі займацца выпускам паўфабрыкатаў у вакуумнай упакоўцы. Робяць салаты, квасяць капусту. Прадукцыю развозяць як па раёне, так і па вобласці. Нядаўна ў вёсцы Пладовая адкрылі сваю краму. У планах — наладзіць замарозку гародніны. Шматрофільнасць характэрная для аграхолдынгаў, а вось малыя гаспадаркі павінны мець вузкую спецыялізацыю.

— Адзін павінен вырошчваць, другі — перапрацоўваць, хтосьці — прадаваць, — лічыць Генрых Валяр'янавіч. — Кожны займаецца сваёй справай і ўдасканальвае яе. Але для гэтага патрэбны адпаведныя вытворцы, якія ішлі б у аграбізнес, прычым нашы, беларускія.

Магчымасці для гэтага ёсць. Для закупкі тэхнікі існуюць лізінгавыя праграмы. Але варта зацікавіць менавіта сваіх інвестараў, якія выраслі на гэтай зямлі. Яго як вытворцу і дэпутата клапоціць стан айчыннага рынку.

— Сёння рынак адкрыты для ўсіх. І часта прыходзяць не толькі правераныя вытворцы, але і фірмы-аднадзёнкі, якія прагнуць атрымаць імгненны звышпрыбытак, — адзначае фермер. — Таму вельмі важна абараніць айчынных вытворцаў, якія працуюць на якасць. Каб яны мелі доўгатэрміновыя кантракты і сістэму дагавораў. Інакш кажучы, стабільныя ўмовы работы.

Менавіта гэта варта абмеркаваць на чарговым Усебеларускім сходзе, лічыць фермер. На яго думку, сёння вельмі актуальнае пытанне фінансавай дапамогі сельгасвытворцам. У першую чаргу — крэдытамі. Каб можна было вясной набыць тыя ж самыя ўгнаенні, насенне, тэхніку. Увосень гэтыя сродкі вернуцца і добрымі ўраджаямі, і кармамі, і — адпаведна — надоямі. Усе будуць у выйгрышы. Бо крэдыты вернуцца ў бюджэт з працэнтамі, вытворцы атрымаюць добры асабісты даход, павысіцца іх пакупніцкая здольнасць. Вельмі важна падтрымаць рэальны сектар эканомікі і даць магчымасць беларусам самім займацца вытворчасцю, а не траціць валюту на закупку замежнага тавару. Купляць трэба тэхналогіі, лічыць фермер. А тавары беларусы ў стане і самі выпускаць у сваёй краіне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».