Вы тут

Выкладчык Аляксей Зайцаў: І сілы, і поспех прыходзяць ад імкнення рэалізаваць талент на карысць свайго народа


Малады гомельскі навуковец, старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны, пераможца 9-га сезона Рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Аляксей Зайцаў — адзін з дэлегатаў Гомельшчыны на VI Усебеларускі народны сход, вылучаны ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.


Летась Аляксей Зайцаў скончыў аспірантуру і атрымаў дыплом даследчыка. Ён — педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі. Для заняткаў са школьнікамі стварыў гурток робататэхнікі. Пяць гадоў запар прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі» — прэзентаваў праекты па энергазберажэнні, экалогіі і медыцыне. У рэспубліканскім фінале 8-га сезону конкурсу інавацый прадставіў свой «Хутар Мёбіуса». Гэта праект па стварэнні аўтаномнай станцыі для ўкаранення на фермерскіх і сельскагаспадарчых участках. Яе сутнасць — назапашаная энергія сонца і ветру выкарыстоўваецца для паліву, збору метэаралагічных дадзеных, кантролю за станам сельгаскультур і іх абароны ад шкоднікаў. Пасля гэта работа даследчыка была ацэненая сярэбраным медалём у фінале V Міжнароднага конкурсу «Інтэрнэт +» па інавацыях і прадпрымальніцтве сярод студэнтаў і выпускнікоў ВНУ, які праходзіў у Хенджоў (КНР).

Аляксей Зайцаў — фіналіст стартап-тура Фонду «Сколкава» ў Мінску, актыўны ўдзельнік рэспубліканскага праекта «Разам» і пераможца 9-га сезона Рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Ён — стваральнік уласнай лабараторыі інавацыйных праектаў. Удзельнік Усебеларускага народнага сходу ад Гомельшчыны лічыць вельмі важным, што на форуме ёсць магчымасць данесці сваю грамадзянскую пазіцыю.

— Наша моладзь сёння інтэгруецца ў такі перспектыўны кірунак, як інавацыйнае развіццё краіны. Упэўнены, што галоўным пасылам такой дзейнасці не павінна быць ідэя дзеля ідэі, якую можна «найлепш прадаць» і выйграць асабіста фінансава. І сілы на складаным шляху і поспех прыходзяць ад імкнення рэалізаваць талент на карысць свайго народа, сваёй краіны, зрабіць асабісты ўнёсак у навукова-тэхналагічны патэнцыял роднай Беларусі, — адзначыў Аляксей Зайцаў.

Як прадстаўнік моладзі, гамяльчанін на Усебеларускім народным сходзе хацеў бы ўзняць пытанне інфармацыйнай падтрымкі і каардынацыйнай работы з творчай моладдзю, якая мае свае распрацоўкі.

— Як удзельнік шэрагу конкурсаў інавацыйных праектаў адзначу, што часам у такой рабоце бракуе імкнення да канчатковай рэалізацыі «прадукту», не хапае дакладнага празрыстага механізму ўзаемадзеяння творчай моладзі з адміністрацыямі раёнаў, дзе жывуць і «крэатывяць» гэтыя маладыя людзі. Важна, каб пасля конкурсаў, дзе вызначаюцца лепшыя ідэі працягвалася курыраванне праектаў кампетэнтнымі спецыялістамі, вялася сталая работа па прасоўванні перспектыўных інавацый, — лічыць Аляксей Зайцаў.

Малады гомельскі навуковец выступае за стварэнне дзяржаўнай структуры — адмысловага банка інавацый. Гэта дазволіць не дапусціць «уцечкі мазгоў», падтрымаць маладых наватараў, якім на пачатку дзейнасці не хапае ведаў і навыкаў, каб прасоўваць свой праект, прыцягнуць інвестара да яго рэалізацыі, часта не хапае нязначнай фінансавай дапамогі.

— Лічу, што вельмі падтрымае маладых творцаў праходжанне стажыроўкі альбо практыкі па павышэнні свайго патэнцыялу. Бо банальна не ўсе могуць адразу стаць бізнес-аналітыкамі, узяць і самастойна з нуля выцягнуць праект. У нас шмат маладых людзей, якія ў тэхнічным плане развітыя, але слабыя ў плане менавіта рэалізацыі сваёй ідэі. Здараецца, апускаюць рукі, губляюцца, пасля конкурсаў распрацовак з імі не заўсёды нават падтрымліваецца сувязь. Калі гэту работу рэгуляваць на дзяржаўным узроўні, гэта будзе стымуляваць цікавасць студэнтаў ВНУ да інавацый і прадпрымальніцтва, а наша краіна захавае для свайго навукова-тэхналагічнага патэнцыялу лепшыя ідэі, — упэўнены дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Аляксей Зайцаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва Аляксея ЗАЙЦАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.