Вы тут

Спявачка і вядучая Анжаліка Пушнова: Людзі думаюць, што ў маім жыцці не бывае суму...


Спявачка, артыстка, вядучая АНТ, аўтар рубрык «Дзяжурная па горадзе» і «Навіны музыкі» (якія зараз знаходзяцца на часовай «перазагрузцы») — яна толькі нядаўна скончыла факультэт журналістыкі, а ўжо скарае вяршыні тэлебачання і айчыннага шоу-бізнесу. Заўсёды адкрытая і прыязная дзяўчына пагадзілася знайсці час у сваім шчыльным графіку і адказаць на пытанні «Чырвонкі. Чырвонай змены».


— Раскажы, як нараджаліся ідэі для тваёй рубрыкі «Дзяжурная па горадзе»?

— Сюжэты ўзнікалі вельмі проста. Я магу есці марожанае, потым паглядзець на дзяцей, і ў галаву прыходзіць ідэя прапанаваць мінчанам прыгадаць сваё дзяцінства і адказаць на мае пытанні. Насамрэч, тэм вельмі шмат, варта проста паглядзець вакол сябе. Заўсёды трэба звяртаць увагу на дэталі.

— У журналістыцы на каго раўняешся?

— Калі вучылася на журфаку, вельмі моцна захаплялася Опрай Уінфры, вучылася ў яе таму, як знайсці падыход да кожнага. Потым гэты навык спатрэбіўся мне для згаданай рубрыкі. Таксама яна навучыла мяне пазітыўнаму стаўленню да жыцця, мэтанакіраванасці і аптымізму.

— Ці чакаць ад цябе новых аўтарскіх праграм?

— Вельмі спадзяюся, што яны яшчэ будуць, бо калі ішла на канал, хацела весці сваю вялікую аўтарскую праграму. І я да гэтага іду, разумеючы, што не ўсё адбываецца адразу.

Памятаю, як прынесла пяць рубрык, з якіх выбралі толькі «Дзяжурную па горадзе». Тады мне прапанавалі проста паспрабаваць, думалі, што нічога ў мяне не атрымаецца. Але ўсё склалася ўдала, потым з'явілася яшчэ музычная рубрыка. Мяркую, што самае галоўнае — мець ідэі і жаданне.

— А як ты выбіраеш кампазіцыі для сябе?

— Зараз стала актыўна супрацоўнічаць з замежнымі аўтарамі, асабліва ўкраінскімі. Кожны дзень на маю пошту прыходзіць шмат дэмак, аранжыровак і «сырых» нарыхтовак. Але з песняй, як з чалавекам, ты адчуваеш, тваё гэта ці не. Галоўнае — прачуць музыку ўсім сэрцам. Напрыклад, з песняй «Цюльпаны» адбыўся імгненны канект з першых нот. Я адразу палюбіла яе і сказала, што вельмі хачу выканаць гэтую кампазіцыю. А бываюць выпадкі, калі зрастаешся з песняй толькі ў працэсе работы. Ты бярэш сыры матэрыял, змяняеш тэкст, мелодыю, а потым пішаш новую аранжыроўку. У выніку песня можа атрымацца абсалютна іншай і адрознівацца ад першапачатковай дэмкі, але часцей за ўсё аўтарам вельмі падабаецца фінальны варыянт.

Я сама пішу вершы, але неяк не даходзіла да мелодый. А вось за час самаізаляцыі, калі менш хадзіла на работу і была з сям'ёй у вёсцы, пачала ствараць песні сама. Яны зусім не падобныя на мае папярэднія кампазіцыі. Вельмі хочацца набрацца смеласці іх выпусціць, таму што сваё паказваць заўсёды страшна.

— Хто цябе натхняе ў музыцы?

— Куміраў у мяне няма. Ёсць артысты, якія падабаюцца. І калі яны да нас прыязджаюць, то я спрабую ўсімі спосабамі ўзяць у іх інтэрв'ю ці проста паразмаўляць з імі за кулісамі. Адна з такіх апошніх сустрэч была з Цінай Караль. Мяне вельмі натхняе яе харызма, голас, паводзіны на сцэне і стаўленне да жыцця. Я была на яе канцэртах, дзе кожны раз чула жывы гук і выдатны вакал.

— Пагаворым пра кліп «Побач з табой». Як узнікла ідэя, чаму абрала менавіта такую гісторыю?

— Для мяне гэта эксперымент ва ўсіх планах. Па выхадзе яна атрымалася не такой, якой я бачыла яе першапачаткова, але водгукі паказалі, што песня адразу ўсім спадабалася. Ведаеце, я раней не рабіла кампазіцый у такім стылі, які зараз папулярны, асабліва сярод хлопцаў. Тут чуецца нейкі дысананс глыбокай лірыкі і рухомага біта.

Адразу зразумела, што хачу кліп-гісторыю, але мне не хацелася рабіць нешта банальнае. Не буду спойлерыць, раскажу агульную ідэю кліпа. Мы хацелі паказаць, што сапраўднае каханне — без межаў, і што з чалавекам трэба быць побач як у шчаслівыя, так і ў складаныя моманты.

Я атрымала вельмі шмат водгукаў. У кліпа больш за 200 тысяч праглядаў, і для мяне гэта ўласны рэкорд. Падабаецца, што людзі каментуюць і прыгадваюць свае гісторыі. Была ідэя зрабіць нарэзку кадраў, якія ідуць у самым пачатку, каб проста перадаць атмасферу кахання, але чагосьці не хапала, і тады рэжысёр кліпа Васіль Ліхтаровіч прапанаваў такую кульмінацыю. Калі ён пра яе расказаў, у меня адразу беглі мурашкі па целе.

— Хацела б сябе паспрабаваць у нейкай новай сферы?

— Зусім не хачу ў кіно, таму што я хто заўгодна, але толькі не актрыса. Вось што люблю, дык гэта танцаваць. У дзяцінстве ведала: калі не стану спявачкай, мне будзе чым заняцца. Я нават зайздросціла танцорам, бо ім можна есці марожанае, а музыкантам нельга, каб зберагчы свой голас. У больш дарослым узросце хадзіла на сальсу, таксама прафесійна займалася танцамі жывата.

— Якія планы на будучыню як у спявачкі?

— Мне хочацца рухацца няхай маленькімі, але важнымі крокамі ў музыцы. Ёсць ідэя сабраць стадыён «Дынама» на сольным канцэрце.

Хачу паказаць сябе і сваю творчасць у іншых краінах, трошачкі часцей з'яўляцца на замежных пляцоўках.

— Якую параду дала б маладым чытачам?

— Мне падаецца, што кожны дзень трэба выкарыстоўваць, як шанц стаць крышачку лепшым. Трэба нешта браць з кожнага дня, бо няма нічога выпадковага. У нас ёсць магчымасць ствараць, займацца тым, што нам падабаецца, абдымаць блізкіх людзей і рабіць нешта для сябе. Шануйце і па-сапраўднаму любіце сваё жыццё, толькі тады ўсё ў вас атрымаецца.

У мяне часта пытаюцца, чаму я заўседы на пазітыве. Людзі думаюць, што ў маім жыцці не бывае сумных момантаў, але яны ёсць. Толькі навошта іншым бачыць Анжаліку Пушнову ў такім стане? Часам мы не можам змяніць абставіны, але можам змяніць стаўленне да іх. Добрае ёсць заўсёды.

— Калі б у цябе была магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і сустрэцца з сабой маленькай, што б ты сказала або параіла той дзяўчынцы? І ці спраўдзіліся ўсе яе мары?

— Я сказала б сабе: ты ідзеш правільнай дарогай. Будзь смялейшай і аддавай больш любові блізкім, таму што часам ты растрачваешся і забываеш, што гэтыя людзі дапамаглі табе стаць лепшай.

Яшчэ параіла б ніколі не спыняцца. Аднойчы тата ў патрэбны час даў мне вельмі добрую параду: калі ў якой-небудзь са сфер усё дрэнна, не давай гэтаму разбурыць другую частку цябе. Проста ў мяне быў момант, калі нічога не хацелася рабіць, была абсалютная апатыя да ўсяго. І тады ж нарадзілася песня True Love да «Еўрабачання», была мая заяўка і ўдзел у фінале. Прыгадваю гэты перыяд жыцця з цеплынёй, таму што фраза таты дапамагла мне падняцца і ісці далей.

Пакуль яшчэ рэалізавала не ўсе мары, але я ў працэсе. Большасць з іх увасобіліся ў рэальнасць, і гэта вялікае шчасце. Ёсць нават моманты, прыгадваючы якія, ганаруся сабой, а бывае, калі не вельмі. Але ўсё роўна мары спраўджваюцца, галоўнае — верыць і ісці да іх.

Рэвека АХРАМЕНКА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».