Вы тут

Аргкамітэт ЧС-2021 па хакеі распавёў падрабязнасці сустрэчы з Рэнэ Фазелем


Кіраўніцтва арганізацыйнага камітэта па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года сустрэлася з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем падчас яго візіту ў Беларусь 11 студзеня. Паведамленне аргкамітэта размешчана на сайце беларускага ўрада.


«Падчас сустрэчы ў адкрытым і канструктыўным ключы абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі да правядзення ЧС-2021, адбыўся адкрыты абмен думкамі, у тым ліку па хвалюючых федэрацыю пытаннях, што тычацца асобных аспектаў сітуацыі ў краіне. Беларусь пацвердзіла сваю гатоўнасць да правядзення дадзенага чэмпіянату. Краіна гатова забяспечыць ў поўным аб’ёме ўвесь комплекс неабходных мерапрыемстваў, у тым ліку арганізацыйнага, супрацьэпідэмічнага характару, а таксама забяспечыць бяспеку і камфортнае знаходжанне ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату з улікам рэкамендацый федэрацыі», — гаворыцца ў паведамленні.

У аргкамітэце таксама распавялі, якія пытанні падымаліся падчас рабочай сустрэчы і які на іх быў дадзены адказ.

Падкрэсліваецца, што пры арганізацыі чэмпіянату беларускі бок будзе прытрымлівацца рэкамендацый і правіл, устаноўленых Міжнароднай федэрацыяй хакея для правядзення спаборніцтваў з улікам пандэміі COVID-19, забяспечыць доступ замежным СМІ да акрэдытацыі і гарантуе стабільную працу сеткі Інтэрнэт, а таксама поўную бяспеку ўдзельнікаў і гледачоў у адпаведнасці са сваімі абавязкамі, як і для ўсіх іншых міжнародных спартыўных спаборніцтваў, якія праводзяцца ў Беларусі.

«Нібыта маючыя месца факты выключэння беларускіх спартсменаў з зборных каманд і адхілення ад спаборніцтваў за палітычныя погляды з’яўляюцца беспадстаўнымі. Беларускі бок прадаставіць МФХ усю неабходную фактуру, якая раней неаднаразова накіроўвалася ў МАК і іншыя міжнародныя спартыўныя структуры. Разам з тым сапраўды меліся факты затрымання і прыцягнення да адказнасці асобных спартсменаў за ўдзел у мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, строга ў межах беларускага заканадаўства», — заявілі ў аргкамітэце.

Таксама было закранута пытанне прэтэнзій, якія высоўваюцца ў дачыненні да старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.

«Беларускі бок зыходзіць з прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці як базавага прававога пастулату, але ў якасці жэсту добрай волі гатовы арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў Дысцыплінарнага камітэта МФХ з генеральным пракурорам Беларусі для азнаямлення з вынікамі праведзеных праверачных мерапрыемстваў у рамках даследчай праверкі», — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што беларускі бок гатовы да дыялогу як з Латвіяй — суарганізатарам чэмпіянату, так і з любымі іншымі краінамі па пытаннях яго найлепшага правядзення, а не выкарыстання ў якасці інструмента палітычнага ціску.

«Увязка правядзення чэмпіянату са зменамі Канстытуцыі, арганізацыяй нейкага „дыялогу“ і іншымі ўнутранымі пытаннямі Беларусі сама па сабе абсурдная. Але паколькі гэта тэма ўвесь час укідваецца звонку, беларускі бок інфармуе, што рэальны працэс грамадскага дыялогу ўжо даўно (з кастрычніка 2020 года) запушчаны ў выглядзе створаных дыялогавых пляцовак ва ўсіх рэгіёнах краіны, у ходзе работы якіх ужо ўнесена каля 4,5 тыс. прапаноў грамадзян, грамадскіх арганізацый і калектываў, а таксама больш за 2 тыс. прапаноў паступіла ад грамадзян у грамадскія прыёмныя па розных аспектах развіцця дзяржавы і грамадства. Гэты працэс працягваецца», — заявілі ў аргкамітэце.

Там таксама нагадалі, што з улікам гэтых прапаноў на Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе ў лютым 2021 года, дэлегаты будуць выпрацоўваць напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны, уключаючы асноўныя падыходы да змены Канстытуцыі, якія пасля могуць быць прыняты толькі самім беларускім народам на рэферэндуме.

«Беларускія ўлады адкрытыя да любога дыялогу са сваімі грамадзянамі, якія маюць розныя погляды як на канстытуцыйныя пытанні, так і на любыя іншыя аспекты, якія датычацца будучага развіцця краіны, але не на каленях і не ў умовах знешняга ціску. Разлічваем, што Міжнародная федэрацыя хакея будзе цвёрда прытрымлівацца прынцыпаў алімпізму, аб’яднаўчай ролі спартыўных спаборніцтваў у інтарэсах усіх аматараў гэтага яркага і мужнага віду спорту, а не ва ўгоду амбіцыям палітычных кан’юнктуршчыкаў», — рэзюмавалі ў аргкамітэце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.