Вы тут

Чаму вучаць у адзіным у сталіцы класе пагранічнай накіраванасці?


Летам мінулага года ў Мінску на базе сярэдняй школы № 206 быў створаны першы і адзіны ў сталіцы клас пагранічнай накіраванасці.


— Наш праект сапраўды ўнікальны, хоць наогул класаў з ваеннай скіраванасцю ў сталіцы вялікая колькасць. Але менавіта памежны — толькі ў нас, — расказала намеснік дырэктара па навучальнай частцы Таццяна Новікава. — Ідэя стварыць нешта падобнае з'явілася ў сценах школы даволі спантанна. Так атрымалася, што ў нашым раёне ў новыя дамы пачалі засяляцца ваенныя, і многія з іх былі пагранічнікамі. Яны пачалі прыводзіць да нас на вучобу сваіх дзяцей і адразу ж уключыліся ў школьныя працэсы: прапаноўвалі мноства майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў. Адміністрацыя скарысталася такой сітуацыяй і папулярнасцю згаданай службы сярод моладзі і, абгаварыўшы ўсё з Інстытутам пагранічнай службы, вырашыла адкрыць на базе навучальнай установы клас з адпаведнай скіраванасцю.

Першапачаткова кіраўніцтва школы думала набіраць дзяцей з пятага класа, але, прыслухаўшыся да парад калег, якія ўжо мелі вопыт у падобнай справе, надумала пачаць з дзясятага. Бо ў такім узросце вучні ўжо больш выразна ўяўляюць сябе ў будучай прафесіі, і за два гады могуць старанна падрыхтавацца не толькі да цэнтралізаванага тэсціравання, але і, дзякуючы ўхілу, да ваеннай службы.

Для таго, каб патрапіць у пагранічны клас, трэба прайсці сур'ёзны адбор. Першым крытэрыем з'яўляецца добрая фізічная падрыхтоўка і стапрацэнтнае здароўе. Другім — сярэдні бал, не ніжэйшы за «7», і добрае веданне матэматыкі і англійскай мовы, бо гэта асноўныя прадметы для паступлення ў вышэйшую ўстанову на згаданую спецыяльнасць.

— Акрамя павышанага вывучэння матэматыкі і англійскай мовы, ваенны клас вылучаецца ўвядзеннем у праграму двух дадатковых прадметаў: этыкі і гуртка памежніка. Першы неабходны, каб ужо зараз «курсанты» навучыліся асновам добрага тону і правілам этыкету, бо кожны ваенны чалавек павінен быць эталонам ва ўсіх сферах. Што датычыцца профільнага гуртка, дык для яго спецыяльна запрасілі педагога з ваеннай адукацыяй. Ён навучае ўсім навыкам і асновам армейскага жыцця. А ў пазашкольны час кіраўніцтва актыўна супрацоўнічае з Інстытутам пагранічнай службы, дзякуючы чаму вучні маюць магчымасць наведваць усе іх мерапрыемствы. На адным з такіх будучым памежнікам выдалі іх першую форму і дакументы, якія дазваляюць яе насіць, — дадала Таццяна Аляксандраўна.

Атрымаўшы інфармацыю ад адміністрацыі школы, мы вырашылі пагутарыць з вучнямі ваеннага класа і даведацца пра іх думкі і ўражанні ад вучобы.

— Да нядаўняга часу я жыў у Маскве, але па збегу абставін мая сям'я пераехала ў Мінск, — распавядае Фёдар Дунаў. — І я адразу ж стаў шукаць розныя навучальныя ўстановы з ваеннай скіраванасцю, прыдатныя мне па ўзросце, так і трапіў на сайт 206-й школы. Паколькі пагранічны кірунак мяне заўсёды вабіў больш за астатнія, я падрабязна даведаўся аб правілах прыёму ў ваенны клас і расказаў пра яго маме. Бацькі падтрымалі мяне, і цяпер я вучуся тут і ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Хоць у нашым класе і адчуваецца ваенная дысцыпліна, мы з радасцю прымаем удзел у творчым жыцці школы і стараемся паказваць усім прыклад і ў плане вучобы. Я крок за крокам іду да сваёй мэты і спадзяюся стаць сапраўдным пагранічнікам.

Наступны наш суразмоўнік, Андрэй Блазуцкі, прызнаецца, што раней яго цікавіў іншы ваенны кірунак, але з-за пэўных момантаў ён зразумеў, што не зможа яго асвоіць, і вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай спецыяльнасці.

— Быць пагранічнікам — гэта вялікая адказнасць. Калі я паступіў сюды, усе мае сябры і блізкія вельмі ганарыліся мной. Шчыра кажучы, так класна насіць не школьную форму, а ваенную, адразу адчуваеш сябе асаблівым. Але разам з гэтым на цябе кладзецца мноства абавязкаў, бо яна выдаецца не кожнаму, а толькі тым, хто заслужыў. Надзеўшы яе, ты павінен быць прыкладам для астатніх. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы хацеў бы служыць на заставе або застацца ў інстытуце.

Хоць і існуе стэрэатып, што ваенная справа з'яўляецца мужчынскай тэрыторыяй, роўна палова курсантаў інавацыйнага класа — дзяўчаты, якія зусім не горш спраўляюцца з павышанымі патрабаваннямі. Адной з такіх з'яўляецца Ліна Батура.

— Мой дзядуля — вайсковец, ён заўсёды быў і застаецца прыкладам для мяне. Вядома ж, хацеў, каб я пайшла па яго слядах, і калі мой класны кіраўнік расказала, што ў Мінску адкрыўся першы профільны клас з памежнай скіраванасцю, я ў той жа дзень паехала і падала дакументы, бо заўсёды марыла працаваць на мытні ў аэрапорце. Вядома, бацькі спачатку не асабліва прымалі мой выбар, яны хацелі, каб я развівалася ў матэматычным кірунку, але, выслухаўшы мае аргументы, змірыліся. Дарэчы, наша форма — яна вельмі прыгожая і падабаецца мне нашмат больш за школьную. (Смяецца.)

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Фота дадзена СШ № 206 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.