Вы тут

Ці складана займацца хіп-хопам?


Малады спецыяліст, харэограф сучасных танцаў Крысціна КУПЦОВА дакладна вызначылася з прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «харэаграфічнае мастацтва», а пасля заканчэння працавала ў некалькіх сталічных школах танца. Дзяўчына кажа, што галоўнае ў яе творчым занятку — гэта запал у сэрцы і шчырая любоў да абранай справы.


— Прыкладна ў дзявятым класе школы да мяне прыйшло ўсведамленне, што хачу звязаць сваё жыццё з танцамі. Вядома, калі табе нешта падабаецца, ты шукаеш інфармацыю, глядзіш інтэрв'ю, фільмы кшталту «Крок наперад», розныя навучальныя ўрокі. На мяне ў той час вельмі паўплывала ўкраінскае шоу «Танцуюць усе»: калі ўключала яго па тэлевізары, уяўляла сябе на месцы канкурсантаў, з захапленнем назірала за майстэрствам маладых хлопцаў і дзяўчат. Бацькі да майго выбару паставіліся нейтральна, яны паважалі яго, але мімаходам казалі, што ёсць і іншыя прафесіі, маўляў, танцор — гучыць не вельмі сур'ёзна. Аднак пераканаць у іншым мяне было немагчыма. Памятаю, што перад паступленнем выбірала паміж двума кірункамі — эстрадным і сучасным танцамі — і не пашкадавала, што выбрала другі варыянт.

Крысціна кажа, што вучоба ва ўніверсітэце стала добрым падмуркам для далейшага ўдасканальвання, але астатняе студэнты павінны былі развіваць самі. Таму ў канцы першага курса дзяўчына пайшла займацца сучаснымі танцамі ў адну са сталічных студый.

— Надалей таксама прадоўжыла практыкавацца ў розных школах адпаведнага кірунку. У перыяд навучання на другім курсе знайшла сваё першае рабочае месца ў студыі, выкладала хіп-хоп дзецям па чатыры гадзіны ў тыдзень. Сумяшчала работу, вучобу і паралельна займалася танцамі для сябе. Гэта аказалася даволі лёгка, заняткі праходзілі радасна. Пасля месцы работы мяняліся, імкнулася паспрабаваць сябе ў розных студыях. Калі скончыла ўніверсітэт, па размеркаванні ўладкавалася харэографам у школу мастацтваў у Барысаве, аднак праз некаторы час зразумела, што хачу развівацца ў сталіцы, таму знайшла жаданае месца, дзе працую і дагэтуль, паралельна выкладаю хіп-хоп яшчэ ў дзвюх школах танца і вучуся пазітыўнаму фанкаваму стылю вакінг. Гэты кірунак выкладаецца ў Беларусі толькі другі год і адметны жартоўнай манерай выканання, насычанай мімікай. Цяпер адчуваю сябе вельмі шчаслівай, атрымліваю задавальненне ад кожнага рабочага дня.

Звычайна ў групах па хіп-хопе ў суразмоўніцы трэніруецца па 8—15 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў. Заняткі часцей за ўсё праходзяць у вячэрні час, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць са школы і ў іх ёсць вольныя гадзіны для сваіх захапленняў.

— Падчас першых трэніровак было хваляванне з нагоды, што малыя мяне не будуць слухацца. Але яно сыходзіла па меры таго, як набывала вопыт, да таго ж раілася па пэўных пытаннях з больш вопытнымі калегамі. На сёння амаль усе заняткі па харэаграфіі праходзяць у гульнявой форме, таму малым вельмі цікава іх наведваць. Мы перыядычна рыхтуемся да розных канцэртаў, конкурсаў, спаборніцтваў. Ад дзяцей мне пада-
баецца адкрытасць, калі ім нешта не даспадобы, яны абавязкова гэта пакажуць, хутка адрэагуюць зваротнай сувяззю. Заўважала, што важна прыходзіць да малых у добрым настроі, а ён і будзе добры, калі хадзіць на любімую работу, бачыць тых, хто табе рады і гэта ўзаемна. Вядома, бываюць цяжкія дні, але стараюся на трэніроўках тое не паказваць, бо дзеці вельмі адчувальныя: калі ты разгубленая альбо сумная, яны ўсё пераймаюць на сябе. Таму важна даваць ім пазітыўныя, правільныя эмоцыі.

Хіп-хоп бывае розны. Яго рытмы — яркія, выразныя, выклікаюць жаданне не сядзець на месцы, а рухі спружыністыя. 22-гадовая дзяўчына прызнаецца, што нягледзячы на асаблівую любоў да такога танца, прывязваць сябе да пэўнага стылю не плануе. Крысціна не выключае, што праз некалькі гадоў стане выкладаць штосьці іншае.

— Для многіх танец — гэта спосаб самавыяўлення, імкненне паказаць навакольным, які я, якім бачу свет і да чаго імкнуся. Кожны з нас унікальны, а таму і танец яго будзе асаблівы. Калі я танцую, адчуваю эмоцыі, якія складана апісаць, але яны мне адназначна падабаюцца. Знаходжуся ў адзінстве з музыкай, рухамі, у асаблівым энергетычным патоку. А вось думак падчас заняткаў няма ніякіх, цалкам засяроджваюся на сваіх адчуваннях. Дарэчы, часам задумваюся над тым, каб паўдзельнічаць у пэўных танцавальных шоу. Гэта карысны вопыт, які, упэўнена, дае шмат чаго патрэбнага для развіцця ў прафесіі. Пакуль назапашваю вопыт і выношваю грандыёзныя планы на будучыню.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»