Вы тут

Адукацыйны курс палавога выхавання для бацькоў стаў найлепшым на конкурсе інавацыйных праектаў


На конкурсе інавацыйных праектаў ІNNSTART BSU каманды студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ прадставілі дзесяць наватарскіх праектаў у розных сферах — інфармацыйных тэхналогій, біятэхналогій, адукацыі, мабільных праграм і гульняў, перапрацоўцы адходаў і іншых. Калектывы-пераможцы атрымалі фінансавае заахвочванне ад вучэбна-навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ», таксама некаторыя праекты былі ўключаны ў акселерацыйную праграму ІТ-кампаніі KrokІT для аказання кансультацыйнай дапамогі ў іх камерцыялізацыі.


Пе­ра­мож­цы Алі­на Са­мой­лен­ка, Ар­тур Кор­бут і Мі­ла Вяд­ро­ва  (зле­ва на­пра­ва).

Найлепшым сярод праектаў стаў адукацыйны курс палавога выхавання для бацькоў SexEd трэцякурсніка факультэта сацыякультурных камунікацый Артура КОРБУТА, другакурсніцы факультэта міжнародных адносін Аліны САМОЙЛЕНКІ, а таксама практыкуючага псіхолага, выпускніцы БДПУ імя М. Танка Мілы ВЯДРОВАЙ. Дарэчы, яны сабралі большасць узнагарод ад запрошаных беларускіх прадпрымальнікаў, інвестараў, уладальнікаў паспяховых кампаній, якія былі ў складзе журы конкурсу.

— Актуальнасць праекта ў тым, што на сёння ў многіх краінах, у тым ліку і ў нашай, усё яшчэ адсутнічае прафесійная падрыхтоўка сям'і ў сферы палавога выхавання дзяцей, — падзялілася Міла. — Ідэя ўзнікла з усведамленнем таго, што калі мы нараджаемся, сексуальнасць ужо ў нас ёсць, яна наўпрост звязана з псіхаэмацыянальным развіццём. Амаль кожны з нас памятае хоць бы адзін міф, які нехта навязаў, пра секс ці сексуальнасць або непрыемны выпадак, што адмоўна паўплываў на нас або меў негатыўныя наступствы. На жаль, такая тэма і дагэтуль застаецца табуяванай, з гэтай прычыны з'яўляюцца сорам і негатыўныя ўстаноўкі, а наш праект скіраваны на іх знішчэнне. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб прапанаваць усім якасную секс-асвету.

— Цяпер у трэндзе ўсвядомленае бацькоўства, у краіне павышаецца псіхалагічная культура, за апошнія пяць гадоў палепшыўся доступ да такіх ведаў, сексуальнае здароўе стала моднае, — дадала Аліна. — Мы высветлілі, чаго хоча наша мэтавая аўдыторыя — бацькі. Аказалася, яны не валодаюць неабходнымі навыкамі і ведамі пра тое, як наладжваць кантакт з дзіцем, размаўляць аб сітуацыях, звязаных з сексам, што ў саміх дарослых часта ёсць прабелы ў гэтай сферы, яны палохаюцца фізіялагічных змяненняў дзіцяці або вострых пытанняў. Гэтыя ўстаноўкі ідуць з сям'і, таму важна іх прапрацоўваць. На сёння ў краіне прапануюцца пераважна толькі індывідуальныя кансультацыі псіхолагаў і сексолагаў. Адметнасцю нашага курса з'яўляец-ца комплексны падыход у навучанні. Праграма ўключае 12 запісаных лекцый па вывучэнні псіхасексуальнага развіцця, гендарнай ідэнтычнасці, адносін з дзецьмі падчас іх першай закаханасці і іншых пытаннях. Слухачам прапануем выканаць тэарэтычныя і практычныя заданні. Удзельнікі праграмы змогуць абмяняцца думкамі з іншымі бацькамі і псіхолагам, а таксама пры неабходнасці звярнуцца па прафесійную кансультацыю ў чат падтрымкі. Распрацоўвалі курс на аснове матэрыялаў Савета па сексуальнай інфармацыі і асветы ЗША, Шведскай асацыяцыі палавога выхавання, а таксама выкарыстоўвалі розныя замежныя кнігі па тэме.

— З дапамогай гэтага курса бацькі пазбавяцца ад цяжкасцяў у размовах з дзецьмі і будуць самі больш упэўненыя, — кажа Артур. — Наш прадукт будзе актуальны заўсёды, таму што праблемы і пытанні, звязаныя з сексам і сексуальнасцю, прысутнічаюць заўсёды.

Зараз студэнты працуюць над запаўненнем сайта і сацыяльных сетак курса. SexEd будзе размешчаны на навучальнай платформе GetCourse. Запуск пілотнай версіі плануецца ў студзені. Каманда распрацоўшчыкаў атрымала фінансавую падтрымку ад «Унітэхпрама БДУ» і магчымасць удзелу ў акселерацыйнай праграме кампаніі KrokІT.

Каманда студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі распрацавала мабільную праграму Surdo Adapter, скіраваную на дапамогу тым, хто мае парушэнне слыху і праходзіць навучанне ў аўташколе. Гэта прататып платформы па перакладзе галасавых каманд у анімацыю мовай жэстаў. Адзін з распрацоўшчыкаў, Уладзімір УЛЬЯНІЦКІ, лічыць, што дзякуючы іх праекту інструктар па ваджэнні зможа аператыўна даць параду курсанту з асаблівасцямі слыху, што дазволіць знізіць рызыку ўзнікнення ДТЗ. Аналагаў праекта ў краіне пакуль што няма.

— Ідэя ўзнікла, калі знаёмыя работнікі аўташкол падзяліліся існуючай праблемай. На сёння многія навучэнцы і інструктары выкарыстоўваюць мабільную праграму для перакладу вуснай гаворкі ў тэкст, але кіроўцам складана чытаць яго падчас руху, і разуменне інструктара адбываецца з затрымкай. Для таго каб скарыстацца нашай праграмай, апошняму дастаткова запісаць галасавую каманду, якая аўтаматычна пераўтворыцца ў графічны персанаж. Мовай жэстаў, якія будуць змяшчацца ў спецыяльным слоўніку, ён зможа растлумачыць курсанту, што ад яго патрабуецца. Слоўнік складаецца з набору фраз, патрэбных інструктару падчас навучання. Цяпер ён налічвае каля 50 самых неабходных. Напрыклад, «налева», «направа», «газ», «тормаз», «счапленне» і іншых. Перавага інавацыі ў тым, што праграма не патрабуе падключэння да інтэрнэту і будзе працаваць у афлайн-рэжыме. Рэсурс падтрымліваецца на мабільных прыладах з аперацыйнай сістэмай Androіd.

У найбліжэйшы час каманда распрацоўшчыкаў плануе пашырыць слоўнік, палепшыць распазнаванне гаворкі, пратэсціраваць SurdoAdapter у адной са сталічных аўташкол і — можна выводзіць праект на рынак. Па выніках конкурсу ІNNSTART BSU хлопцы і дзяўчаты атрымалі магчымасць навучання ў акселерацыйнай праграме стартап-аксілератара KrokІT, а таксама кансультацыі па стварэнні і фінансавым суправаджэнні юрыдычнай асобы ад Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.

Студэнты Інстытута бізнесу Арцём ЛЕБЕДЗЕЎ і Мікіта АНЕКІЕВІЧ прадставілі платформу для пошуку, выбару і набыцця адзення — Clod. Праект каманды з пяці крэатыўных распрацоўшчыкаў адзначылі інвестары конкурсу, яны сталі ўладальнікамі сертыфіката на 500 рублёў у краму сімволікі «Крама БДУ» ад стартап-цэнтра і атрымалі магчымасць навучання ў акселерацыйнай праграме стартап-акселератара KrokІT. Акрамя таго, калектыў запрошаны для далейшага кансультавання ў прадпрымальніка, ментара, ІCO-дарадчыка, бізнес-анёла Антона Кулічыкіна, таксама ў іх арсенале аказаліся тры бясплатныя кансультацыі па маркетынгу і прасоўванні ад прадпрымальніка, заснавальніка інвестыцыйных кампаній Дзмітрыя Калініна.

— Наша праграма арыентавана на міленіялаў і зумераў, якія нарадзіліся ў лічбавую эпоху і вельмі шмат завісаюць у Іnstagram, Youtube, Tіktok, — расказаў Арцём. — Перад тым як прыступіць да распрацоўкі, мы склалі шэсць гіпотэз, з якіх пацвердзілі толькі дзве, але гэта таксама добры вынік (усміхаецца). Першая — дзяўчатам цікава глядзець, у што апранаюцца іншыя, і яны хочуць ведаць, дзе можна купіць такія ж рэчы, як у іх. Другая — ім падабаецца спалучаць адзенне паміж сабой, яны жадаюць самастойна складаць паўнавартасныя вобразы. Далей важна было прааналізаваць сітуацыю на рынку моды, у свеце ён складае 2,3 трыльёна долараў, фэшн-рытэйл у СНД ацэньваецца ў 250 мільярдаў долараў, пры гэтым доля анлайн-продажу займае прыкладна 20 працэнтаў, а гэта 50 мільярдаў долараў. Таму распрацоўка такой мабільнай праграмы, безумоўна, актуальная ідэя. У ёй карыстальнік можа праглядаць розныя стыльныя вобразы, якія падбярэ сістэма, лайкаць, захоўваць іх у асабістым профілі, а таксама тое самае можна будзе рабіць з вобразамі іншых карыстальнікаў праграмы.

Ка­ман­да сту­дэн­таў Ін­сты­ту­та біз­не­су.

І, самае галоўнае, на кожнай рэчы будзе ўказаны брэнд адзення, колькі яно каштуе і дзе яго можна набыць. У нас ёсць канкурэнты, але мы адрозніваемся ад іх тым, што пошук адзення ў нас больш інтэрактыўны, можна ўвесці свае параметры ў профілі, каб сістэма падабрала тыя вобразы, якія падыходзяць менавіта вашай фігуры і звярнуць увагу менавіта на тыя брэнды, што ёсць у нашай краіне, — гэта зробіць шопінг больш зручным.

Каманда плануе зарабляць ад камісіі за пакупку адзення ў праграме (ад 5 да 10 працэнтаў), а таксама ад рэкламы, якую будуць запускаць, калі ў ёй назбіраецца мінімум тысяча пастаянных карыстальнікаў у дзень. Да таго ж, дапаможа супрацоўніцтва з блогерамі, лічаць студэнты, якія будуць складаць сабе вобразы ў Clod і дзяліцца імі з падпісчыкамі ў сацсетках. За кошт гэтага створыцца база пастаянных і лаяльных кліентаў. Распрацоўшчыкі плануюць запусціць праграму ў Play market у красавіку.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з сайта стартап-цэнтра БДУ

Загаловак у газеце: Прыдумалі стартап? Давайце яго прасоўваць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.