Вы тут

Як жыве найлепшая студэнцкая сям'я Беларусі


Арцём і Анастасія КАВАЛЕЎСКІЯ — найлепшая студэнцкая сям'я па выніках рэспубліканскага конкурсу «Шчаслівыя разам». Але такімі яны з'яўляюцца не толькі ў рамках праекта, бо разам ужо пяць гадоў, тры з якіх — у афіцыйным шлюбе. Суразмоўнікі прызнаюцца: з гадамі іх каханне становіцца ўсё мацнейшым, і сакрэту ў гэтым ніякага няма — трэба вельмі паважаць адно аднаго, мець агульныя мэты і заўсёды самаўдасканальвацца.


— Я па жыцці актыўны і адказны хлопец, — кажа дваццацічатырохгадовы Арцём. — Вучуся на чацвёртым курсе лячэбнага факультэта Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, з'яўляюся намеснікам старшыні прафкама студэнтаў нашай ВНУ, акрамя таго, працую фельчарам на хуткай дапамозе. Агульны медыцынскі стаж — шэсць гадоў. Сам родам з Магілёва, Насця — з Рагачова. Пазнаёміліся на трэніроўцы па баскетболе. Тады разам вучыліся ў Аршанскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Яна была на першым курсе, я на трэцім. Мне заўсёды здавалася, што такі спорт — пераважна для хлопцаў, таму было нязвыкла бачыць там дзяўчыну. Пачаў аказваць ёй знакі ўвагі, аднак спачатку яна іх ігнаравала. А праз некаторы час неяк выбіраў аўсяныя крупы ў краме (вырашыў перайсці на правільнае харчаванне), хтосьці ззаду падышоў і сказаў: бяры тую, што з абрыкосамі, яна вельмі смачная. Азірнуўся — а гэта Насця. Падумаў, што марнаваць час не трэба, узяў ініцыятыву на сябе: правёў яе да інтэрната і данёс торбы, запрасіў на гарбату з торцікам. І так крок за крокам зблізіліся, паколькі бачыліся і на вучобе, і ў інтэрнаце.

— Так, я доўга супраціўлялася заляцанням Арцёма, хоць ён адразу вельмі спадабаўся: спартыўны, рашучы, харызматычны. Прайшоў пэўны час — і закахалася, пачалі сустракацца, — расказвае дзяўчына. Зараз Насця вучыцца на трэцім курсе факультэта ветэрынарнай медыцыны Віцебскай дзяржаўнай ветакадэміі.

— Мне прыемна, што муж — хлопец практычны, але калі трэба, можа быць вельмі рамантычным, — прызнаецца яна. — Калі адзначаем маленькія і вялікія значныя для нас даты, заўсёды прыемна мяне здзіўляе. Памятаю, прыязджаю з Рагачова ў Оршу, а мяне ўжо чакае букет прыгожых руж і смачная вячэра. Або сустрэча з ім на вакзале і маленькі падарунак.

— Насця вельмі любіць салодкае, таму імкнуся штодзень прыносіць дадому ласункі, — дадае Арцём.

Падчас вучобы ў Оршы пара жыла разам у інтэрнаце медкаледжа, ужо тады вырашылі рабіць усё разам, весці агульны бюджэт, бо ведалі: іх намеры ў адносінах адно да аднаго — сур'ёзныя.

— Я праз два месяцы пазнаёміла Арцёма са сваімі бацькамі, — падзялілася Насця. — Памятаю, на Новы год прывезла яго дадому, там былі ўсе мае сваякі і я афіцыйна прадставіла яго як хлопца. А пасля, у лютым на зімовых канікулах, ён мяне павёз да сваіх. Узаконіць нашы стасункі не было спантанным рашэннем. І я пэўны час сумнявалася: ці не рана мне выходзіць замуж, бо ўсё ж такі сустракаліся на той момант толькі паўтара года. Але Арцём сказаў: я цябе кахаю і хачу далей быць з табой, таму якая мне розніца, ажэнімся мы зараз, праз два гады або праз дзесяць, я ўсё роўна хачу быць з табой заўсёды. Цяпер у афіцыйным шлюбе адчуваю сябе больш абароненай і лічу, што для будучых дзяцей так будзе лепш. Увогуле Арцём скончыў каледж раней, чым я, на два гады, і паехаў працаваць і атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Віцебск. Аднойчы прыехала да яго ў госці, мы пайшлі прагуляцца. Надвор'е было не вельмі добрае: дзьмуў вецер і ішоў дождж. Праходзілі па мосце, дзе вісела шмат замочкаў закаханых пар, і я падумала: трэба і нам павесіць, — і тут ён дастае замочак. Здзівілася, што так супала. І раптам пачула, як людзі вакол пачалі пляскаць у далоні. Азірнулася — Арцём стаў на калена з пярсцёнкам і са словамі: «Цяпер ты абавязана выйсці за мяне замуж!»

— Дарэчы, вяселле адсвяткавалі ў прыгожую дату: 07.07.2017, каб дакладна пра яе не забыць (усміхаецца Арцём), але я і так усё памятаю! Ідэальнага моманту і ўзросту для ўступлення ў шлюб няма. Я сустрэў свайго чалавека і вырашыў не цягнуць. Бацькі таксама падтрымалі ў намерах ажаніцца. У шлюбе наша стаўленне адно да аднаго амаль не змянілася, хіба што, вырас узровень даверу. Пры гэтым у нас абсалютна розныя характары, можа, як кажуць, «мінус на мінус дае плюс», таму людзі і прыцягваюцца? Мы саступаем адно аднаму, бо ў адносінах важны кампраміс.

Маладая пара зараз жыве ў інтэрнаце ў сямейным блоку, які выдзеліў ім медуніверсітэт: з асобным санвузлом, кухняй і прасторным пакоем. Графікі ў сужэнцаў загружаныя: днём яны вучацца, а па начах працуюць, таму іншым часам бачыцца ўдаецца рэдка.

— У быту дапамагаем адно аднаму, — расказвае Арцём. — Гатаванне, уборка — не праблема, калі бачу, што каханая занятая або стамілася пасля работы, магу сам нешта прыдумаць. Аднак увогуле лічу, што за дзяўчынай — побыт, стварэнне ўтульнага дамашняга ачага, дамашнія заняткі. А за мной — больш складаныя, сур'ёзныя пытанні. Зразумела, Насцю заўсёды выслухаю, аднак апошняе слова — за мной. Наконт размеркавання сямейнага бюджэту ў нас усё проста.

З самага пачатку стасункаў нічога не дзялілі на «тваё-маё». Калі адзін заставаўся без грошай, другі абавязкова выратоўваў. Гаворым, каму што трэба купіць, і разам набываем гэта. Расплаціцца на касе ў харчовай краме, аплаціць «камуналку», набыць абутак ці адзенне, памяняць гуму на машыне можа кожны з нас у залежнасці ад таго, у каго стыпендыя бліжэй або зарплата «цалейшая». Частку заробку атрымліваецца адкладваць на значныя пакупкі, напрыклад, год таму набылі машыну.

— За што шануеце адно аднаго? — пытаюся ў суразмоўцаў.

— Мне ў Насці адразу спадабалася празмерная дабрыня, гэта адна з самых галоўных яе якасцяў. Яна вельмі любіць жывёл, заўсёды ім дапамагае, відавочна, што адчувае сябе побач з імі нашмат больш шчаслівай. Да таго ж жонка смачна гатуе — шлях да майго сэрца праз страўнік яна дакладна праклала! У пачатку нашых адносін я важыў значна менш, чым цяпер, а ўсё таму, што каханая сама есць, як верабей, а мне прыходзіцца даядаць (усміхаецца). А яшчэ — яна гаспадарлівая, шчырая. У нас ёсць кот Сямён, якому зараз пяць месяцаў, Насця яму пастаянна спявае калыханкі, носіць на ручках, корміць — адразу відаць, якой будзе мамай. Мне падабаецца выраз «муж галава, а жонка — шыя» — гэта пра нас. Бывае, іншым часам на мяне за штосьці крыўдзіцца і не кажа, у чым справа, аднак лічу, што дробязі не вартыя таго, каб доўга дзьмуцца і чакаць, хто першы забудзе пра свой гонар. А яшчэ мне здаецца, яна вельмі раўнівая.

— Арцём вельмі харызматычны, а дзяўчаты гэта любяць, тым больш ён працуе і вучыцца амаль у жаночым калектыве. Зразумела, не хачу яго ні з кім дзяліць. Мужа цаню за тое, што ён вельмі мэтанакіраваны і заўсёды дамагаецца таго, чаго хоча. Ведаю, што за спінай такога мужчыны буду як за каменнай сцяной, і нашы дзеці ў будучыні — таксама. Вырашыць любое пытанне, ніколі не здаецца і не апускае рукі. Ён — чалавек справы, а не пустых слоў.
А яшчэ Арцём вельмі клапатлівы і пяшчотны.

— Як лічыце, што робіць шлюб мацнейшым?

— Па-першае, гэта давер, паразуменне і раўнапраўе, — упэўнены хлопец. — Важна заўсёды здзіўляць адно аднаго, рабіць сюрпрызы і не ператвараць дробязі ў вялікія канфлікты. У сям'і важна быць на адной хвалі, у чым нам у першую чаргу дапамагае прафесія: заўсёды ёсць што абмеркаваць.

— Мы падтрымліваем адно аднаго ў цяжкіх сітуацыях, — дадае Насця. — Калі здараюцца праблемы на рабоце ці ў сям'і, ніхто не скажа: гэта мяне не датычыцца, наадварот, заўсёды дапаможам адно аднаму і словам, і справай.

Пара падзялілася, што адпачываюць яны звычайна разам, любяць хадзіць у госці і запрашаць да сябе сяброў. Да таго ж не супраць паглядзець серыялы.

— Вольнага часу ў нас звычайна няшмат, таму часта хочацца проста расслабіцца. Для прагляду звычайна выбіраем што-небудзь лёгкае, напрыклад, гумарыстычную перадачу, каб разгрузіць галаву, адпачыць ад работы, — дзеліцца Насця. — Заказваем піцу або сушы і атрымліваем асалоду адно ад аднаго. Але калі час дазваляе, не сядзім на месцы: без нас не абыходзіцца ні адзін турзлёт, конкурс або спаборніцтвы.

— Вось і сёлета не прайшлі міма рэспубліканскага конкурсу «Шчаслівыя разам»,  — дадае Арцём. — Мы ведалі аб яго існаванні, хацелі ўзяць у ім удзел раней, але па ўмовах зрабіць гэта маглі толькі пары, дзе абодва — студэнты медуніверсітэта. А ўжо ў бягучым годзе знялі такое абмежаванне, і мы ўзрадаваліся. Каб стаць найлепшымі, нам і яшчэ сямі парам трэба было прайсці выпрабаванні па планаванні бюджэту, гатаванні, сервіроўцы стала і іншым. Два га-ды таму я наведваў такі конкурс у складзе групы падтрымкі, таму прыкладна разумеў, чаго нам чакаць. Калі прыйшоў час ехаць, папярэдзіў усіх — мы накіроўваемся толькі за перамогай. Месяц быў на падрыхтоўку, усе этапы праходзілі на працягу трох дзён.

У першы для нас была арганізаваная спартландыя, а пасля хлопцы павінны былі зрабіць арганайзеры для ключоў, а дзяўчаты — прыгатаваць сямейную вячэру. Па ўмовах конкурсу трэба было купіць прадукты на 30 рублёў і як мага хутчэй прынесці іх каханай. Я справіўся за восем хвілін, тым самым паказаўшы найлепшы вынік. Сюрпрызам стала тое, што такое заданне ўсе выконвалі адначасова, аднак мы не разгубіліся: не ў першы ж раз гатуем. Пасля — час сервіроўкі, тут рабіў усё сам, і для мяне гэты этап стаў адным з самых павучальных і карысных, ён дакладна спатрэбіцца ў паўсядзённасці. У канцы дня наведвалі закрыты спектакль у тэатры, вельмі спадабалася.

А на трэці дзень выпрабаванняў мы паказвалі візітоўку і творчы нумар: я іграў на гітары і спяваў песню, жонка была на бэк-вакале, таксама дапамагалі сябры — Ілья і Ганна Рубцовы — з флейтай і баянам.

Мэты на будучыню ў пары дакладна ёсць. Спачатку, кажуць сужэнцы, трэба скончыць універсітэт, што яны зробяць у адзін год, а пазней, хутчэй за ўсё, іх чакае пераезд у Оршу ці Магілёў. «Да дыплома засталося менш за два гады. Насця, можа, да гэтага часу сыдзе ў дэкрэтны адпачынак. Асабіста я ўжо гатовы стаць бацькам», — падзяліўся Арцём.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва герояў

Загаловак у газеце: Сямейная вячэра па-студэнцку, або Як гэта — знайсці адно аднаго

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці