Вы тут

Спосабы выкарыстання ёлкі пасля зімовых свят


І добрае, і дрэннае мае ўласцівасць заканчвацца. Вось і навагоднія святы, якіх мы так чакалі, засталіся ў мінулым. Апошняе прывітанне — Стары Новы год — і ўсё, бывай, ёлка, да наступнага снежня... Але проста выкінуць дрэўца — гэта сумна, да таго ж, неэканомна і не «эка-фрэндлі» — навошта засмечваць навакольнае асяроддзе? Тым больш што ёлачка нам яшчэ спатрэбіцца.


Калі ёлка сапраўдная…

Знайсці прымяненне сапраўднаму іглічнаму дрэўцу прасцей, чым штучнаму. У першую чаргу гэта датычыцца яловых іголак. Шкада выносіць на сметнік такі каштоўны рэсурс: хвоя вылучае араматычныя лятучыя рэчывы, дэзінфікуючы паветра. Апошнія забіваюць мікробы і ўмацоўваюць нашу дыхальную і нервовую сістэму.

Можна, напрыклад, стварыць уласнае аўтарскае іглічнае мыла ручной работы. Мылаварэнне — моднае хобі многіх крэатыўшчыкаў, а калі вы будзеце рабіць дамашняе іглічнае мыла разам з дзіцем, гэты занятак ператворыцца ў цудоўны развіццёвы ўрок. Бонус — экалагічна чысты касметычны хэндмейд-прадукт з эфектам скрабу. Рэцэптаў хвойнага мыла ў інтэрнэце мноства. Прасцей за ўсё — стварыць уласнае мыла на аснове белага неараматызаванага дзіцячага.

Іголачкі здымаем з галінак (калі ёлка прастаяла ў вас некалькі тыдняў, ігліца будзе асыпацца без усялякіх намаганняў з вашага боку), прамываем і заліваем кіпенем хвілін на 7-10. Калі ігліца стане мяккая, яе трэба здрабніць — напрыклад, дробна парэзаць нажом. Дзіцячае мыла націраем на тарцы і разаграваем на вадзяной лазні, дадаўшы ў пластычную масу трохі вады (у прынцыпе, замест дзіцячага мыла можна проста купіць у краме для рукадзелля спецыяльную мыльную аснову). І пачынаем тварыць. Дадаём у наш будучы касметычны прадукт ігліцу, апельсінавы эфірны алей, карыцу, мёд — з чым яшчэ ў вас асацыюецца зімовая ўтульнасць? Прапорцыі — 1 ч. л. ігліцы на 100 г
асновы. Можна выкарыстоўваць зялёны харчовы фарбавальнік і спецыяльныя формачкі, можна абысціся без усяго гэтага, разліўшы наша мыла для застывання ў слоічкі з-пад ёгурта. Пакідаем усё гэта на 30 хвілін — і хэндмейд-касметыка гатовая: створаная на аснове яловай ігліцы, яна ўтрымлівае эфірныя рэчывы, а значыць, валодае рэлаксуючым эфектам, здольная сунімаць мігрэнь і з'яўляецца прафілактыкай прастуды.

Калі вы адчулі прыліў натхнення, можна частку мыльнай асновы пакінуць белай, а частку пафарбаваць. І зрабіць мыла паласатым, заліўшы яго ў форму пластамі або пры дапамозе драўлянай шпажкі намаляваўшы прыгожыя разводы.

Вы спытаеце, навошта ствараць сабе клопат, калі ў крамах вялізны выбар мыйных сродкаў на любы густ і кашалёк? Справа тут не ў неабходнасці чымсьці намыліцца. Справа — у хюге. Слова гэта скандынаўскае (хоць даўно ўжо стала міжнародным) і прамога перакладу на рускую ці беларускую мовы не мае. Яно азначае абсалют хатняй утульнасці, адчуванне абароненасці і яднання са сваімі роднымі. Стварыць такую атмасферу ў сваім доме пры дапамозе пакупных рэчаў досыць складана. Тут трэба тое, што зроблена з любоўю сваімі рукамі. Вазачкі, шторкі, тое ж мыла ручной работы, іншы хэндмейд. Не ад беднасці, а ад жадання карыстацца рэчамі, якія захоўваюць цяпло вашых рук і рук вашых любімых.

Дарэчы, здробненую ігліцу можна і не замешваць у мыла, а выкарыстоўваць для падрыхтоўкі іглічных ваннаў прыгажосці. Заліваем ігліцу кіпенем, настойваем паўгадзіны, працэджваем. Выліваем у ванну. Яловыя іголкі багатыя на вітамін С, а таксама А і вітаміны групы В. Як вынік — прыгожая скура і бліскучыя здаровыя валасы. Працягваючы гігіенічную тэму, заўважым, што некаторыя заўсёднікі паравой лазні любяць яловыя венікі. Праўда, калючыя яловыя галінкі трэба доўга размочваць у кіпені. Ну і наогул такі венік — на аматара.

Працягваючы тэму хатняй утульнасці, іглічныя галінкі можна пакласці ў шклянку, заліць асновай для вырабу свечак (таксама прадаецца ў рукадзельных крамах) і стварыць прыгожыя зімовыя свечкі. Можна змясціць ігліцу ў палатняныя мяшэчкі і зрабіць араматычныя сашэ (іх кладуць у шафу, дзе захоўваецца чыстая пасцельная бялізна).

А калі вы — заўзяты агароднік-садавод, то захавайце ігліцу да вясны: гэта выдатная мульча для пасадак. Утрымлівае вільгаць у глебе, адпужвае насякомых-шкоднікаў і выдатна спраўляецца з грыбковымі захворваннямі культурных раслін. Дарэчы, яловыя іголкі паніжаюць pH глебы і дапамагаюць росту культур, якія любяць кіслую зямлю (рададэндроны, садовыя чарніцы). А яшчэ ігліца — дзейсны сродак барацьбы са шкоднікамі бульбы, у прыватнасці, з драцянікам. Увесну, саджаючы бульбу, змясціце ў кожную лунку жменю ігліцы, і гэта забяспечыць выдатны ўраджай.

Але ж, акрамя ігліцы, у ёлкі ёсць яшчэ галіны і ствол. Што рабіць з імі? Тое, што «на паверхні» — «тачылка» для ката. Кошкам падабаецца смалісты, «прыродны» хвойны пах — нездарма ж яны кожны Новы год імкнуцца паваліць ёлку! Ачысціце ствол ёлкі ад калючых сучкоў і кары, умацуйце на ўстойлівай падстаўцы, шчыльна абматайце, напрыклад, бялізнавай вяроўкай. А верхавіну ўпрыгожце старым пампонам — няхай боўтаецца на вяровачцы: кот будзе задаволены.

Яшчэ адзін варыянт — распілаваць ствол на аднолькавыя па таўшчыні кружочкі, пакрыць іх лакам, склеіць клеявым пісталетам і зрабіць падстаўкі пад гарачае для кухні. Папярэдне драўляныя пласціны варта адшліфаваць і можна апрацаваць антысептыкам. Для дэкору выкарыстоўваюць не толькі лак, але і іншыя віды пакрыццяў. Напрыклад, фарбу.

Хочаце больш складаную творчую задачу — стварыце пано. Або драўляную шторку для ванны (ці для іншых памяшканняў) — глядзіцца хораша плюс бадзёры іглічны
водар. Распілоўваем дрэва на кружочкі аднолькавай таўшчыні, пакрываем лакам, у кожным свідруем адтуліну і нанізваем на леску або ланцужок.

Калі яна ў вазоне…

Навагодняя ёлачка ў кветкавым гаршку даўно перастала быць экзотыкай: з аднаго боку, не трэба высякаць жывое дрэўца, з другога — падманваць сябе, што штучная елка здольная стварыць навагоднюю атмасферу не горш за сапраўдную лясную прыгажуню. Наогул, ніякія хвойныя не прызначаныя для дамашняга вырошчвання. І елка — не выключэнне. Таму важна як мага хутчэй перасадзіць яе ў адкрыты грунт. А да гэтага трэба правільна пасяліць елку — у самае халоднае месца. У чалавечым жыллі елцы горача, душна і занадта суха. Лепш за ўсё яна будзе адчуваць сябе на зашклёным балконе, пад аховай ад прамых сонечных прамянёў. Вельмі важна падтрымліваць вільготнасць: апырскваць елку з пульверызатара, паставіць побач ёмістасць з вадой. Паліваць расліну лепш раз у тыдзень, занесці ў дом — толькі на пару навагодніх дзён і не ставіць паблізу ад батарэй. Вырашыўшы, што прыйшла вясна, елка пойдзе ў рост, і карані аслабнуць у цесным вазоне. Перасаджваць елку ў адкрыты грунт (на прысядзібным участку або ў лесе) трэба, як толькі сыдзе снег. На жаль, іглічныя расліны дрэнна пераносяць перасадку: выжывальнасць складае прыкладна 50 %. Гэта звязана з тым, што нават пры лёгкім пашкоджанні каранёвай сістэмы іглічныя гінуць, таму перасаджваць іх можна толькі з камяком зямлі, каб не пашкодзіць карані. Але ўсё ж лепш рызыкнуць, чым пакідаць елку ў доме. У пакаёвых умовах іглічным патрабуецца апырскванне тройчы ў дзень (што вельмі нязручна для гаспадара!), інакш пачнецца апад ігліцы. Аптымальны варыянт для загараднага жылля — яшчэ да перасадкі ў адкрыты грунт прыкапаць ялінку непасрэдна з вазонам у снег пад адкрытым небам
(у зацененым месцы). І працягваць прыглядаць за ёй, пакуль не адтае глеба.

Калі ёлка штучная…

Утылізацыя штучных ёлак — сур'езнае пытанне ў многіх краінах. Справа ў тым, што яе іголкі робяцца з поліэстэру, і перапрацоўцы такія «дрэвы» не падлягаюць. Між тым, яны ёсць амаль у кожным доме і, зразумела, прыходзяць у непрыдатнасць. Што рабіць са штучнай елкай?

Адзіны варыянт — хэндмэйд-вырабы. Але паколькі матэрыял зусім не прыродны, то і прасторы для крэатыву тут няма. Драўніна сама па сабе валодае прыгожай тэкстурай, ігліца пахне лесам, а канструкцыя з жалезак і прадуктаў нафтаперапрацоўкі мае прэзентабельны выгляд, мабыць, толькі адразу пасля пакупкі. Тэарэтычна з яе галінак можна зрабіць нейкія ненавагоднія элементы дэкору для дому і саду, але каб яны добра выглядалі, патрэбны, напэўна, прафесійныя навыкі дызайнера. Калі месца дазваляе, можна захаваць штучную елку, што прыйшла ў непрыдатнасць, каб праз год выкарыстаць яе для навагодніх элементаў аздаблення дому. Або зрабіць штучныя яловыя лапкі асновай велікоднага вянка. Вешаць на дзверы велікодны вянок — заходнееўрапейская традыцыя (як і вянок калядны). Гэта адзін з сімвалаў Вялікадня, сэнс якога — вечнае жыццё. Наогул велікодны вянок робяць з галінак ліставых раслін, натуральных або штучных. Але і са штучнымі яловымі лапкамі можна паспрабаваць пакрэатывіць. Калі дадаць у вянок сімвалы Вялікадня — яйкі, кветкі і лісце, гэта прыглушыць навагодні сімвалізм, што традыцыйна замацаваўся за ігліцай.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.