Вы тут

«З Парахонска не з'ехала б нікуды»


Галіна Рыгораўна падтрымлівае цесныя сувязі з былымі аднакурснікамі. Часта скідвае здымкі ў групе, дзеліцца навінамі з жыцця сваёй вёскі і прадпрыемства. Але, бывае, некаторыя ў адказ выказваюць асцярожны недавер. Ну як гэта — у сельгаспрадпрыемстве сярэдняя зарплата перавысіла 1100 рублёў? Іншыя пішуць, што надта сюжэты прыгожыя, можа, дзе ў горадзе шчоўкнула, а выдае за вёску.


А яна ўсміхаецца, кажа, што толькі рамантычныя паненкі падганяюць фота для сеціва па параметрах. Яна ж фіксуе жыццё. І яшчэ любіць сваю вёску, сваю гаспадарку і нізавошта не памяняла б месца жыхарства нават на сталіцу.

Галіна Дубіна ўжо 12 гадоў працуе галоўным бухгалтарам ААТ «Парахонскае» ў Пінскім раёне. Гэтая гаспадарка адметная не толькі ў раёне і вобласці, але і ў краіне. Па вытворчасці ялавічыны прад-
прыемства недзе на другой пазіцыі ў Беларусі. А ў раённым маштабе гаспадарка выпускае 23 працэнты валавой прадукцыі, пры тым што займае усяго 15 працэнтаў тэрыторыі. Тут шмат будуюць, пастаянна ўводзяць у строй жыллё і вытворчыя аб'екты, дабіваюцца высокіх вынікаў гаспадарання на складаных меліяраваных землях.

Фінансістам у «Парахонскім» Галіна Рыгораўна працуе з 1991 года. Гаворыць, што гаспадарка заўсёды трывала стаяла на нагах:

— Нават не прыгадаю такога перыяду, каб мы зусім не зводзілі канцы з канцамі, альбо, як кажуць, стаялі на каленях. Папярэднікі пакінулі добры падмурак, ну а наша пакаленне прадоўжыла традыцыі, і сёння з гонарам можна сказаць, што сельгаспрадпрыемства ўстойліва развіваецца. Як вынік, аграгарадок умовамі, спосабам жыцця нічым не адрозніваецца ад вялікага горада. У нас добраўпарадкаванае жыллё, прыгожыя сучасныя вуліцы. Дзеці маюць магчымасць займацца спортам, творчасцю самых розных кірункаў, для гэтага ёсць усе ўмовы. Лічу, што жыць ў нас лепш, чым у вялікім горадзе. Там, здараецца, з-за адлегласцяў і занятасці бацькоў школьнік не можа наведваць цікавую яму секцыю, а ў нас усё размешчана кампактна, любое дзіця можа дабрацца ў патрэбную ўстанову нават самастойна.

У вёсцы цудоўна арганізавана гандлёвае абслугоўванне, нават з горада, заўважаю, людзі закупляюцца ў нашых крамах. Праўда, у Парахонску няма буйных гандлёвых сетак, але наша кулінарыя гатуе столькі паўфабрыкатаў з уласнай сыравіны, што гаспадыні, асабліва маладыя, забыліся, як марнаваць час на прыгатаванне, скажам, галубцоў. Іх можна купіць і быць упэўненым у іх высокай якасці.

Ну а што такое прыстойная зарплата, думаю, не варта расказваць. Яна азначае найперш, што работнікі могуць спакойна аплачваць крэдыты, вучыць дзяцей, дазваляць сабе паездкі на адпачынак. У нас ёсць уся патрэбная інфраструктура: школы, садкі, участковая бальніца. Моладзь ад нас не збягае ў горад. Кажу гэта на прыкладзе сваёй сям'і, — працягвае суразмоўніца. — Два мае сыны ўжо скончылі ВНУ сельскагаспадарчага профілю і вярнуліся на работу ў сваю гаспадарку, трэці яшчэ працягвае вучобу. Маладыя маюць перспектыву як у забеспячэнні жыллём, так і ў прафесійным росце. Усе маладыя спецыялісты атрымліваюць кватэры. Гэтае жыллё даволі хутка вызваляецца, бо многія аддаюць перавагу будаўніцтву ўласнага дома, ды і гаспадарка ўзводзіць катэджы.

Вось чаму і гавару, што люблю сваю вёску і сваю вытворчасць: калі бачыш вынікі сваёй працы, яе сэнс, калі ёсць умовы для жыцця і работы, то ёсць настрой жыць і працаваць. Думаю, што менавіта ў тым кірунку, які мы асвойваем, і павінна развівацца сельскагаспадарчая галіна краіны. На першым месцы — паспяховая, эканамічна абгрунтаваная вытворчасць, за ёй ідзе абавязковае развіццё інфраструктуры. Калі гэта ёсць, то з'явіцца трэці складнік у выглядзе культурных праектаў, грамадзянскіх ініцыятыў. Гэта я назіраю як дэпутат сельскага Савета. Моладзі ў нас дастаткова, яны пастаянна ініцыююць экалагічныя, краязнаўчыя, іншыя акцыі і становяцца іх актыўнымі ўдзельнікамі. Людзі ўсіх пакаленняў займаюцца спортам, удзельнічаюць у самадзейных калектывах, выязджаюць на канцэрты і прымаюць гасцей-артыстаў. Бібліятэкары ў нас не сумуюць на рабоце, задзейнічаны ўстановы культуры. Вось чаму я гаварыла, што ні ў якім разе не з'ехала б з Парахонска. Наша жыццё залежыць ад нас саміх, — падсумавала Галіна Дубіна, якая абраная дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Пагадзіцеся, ёй ёсць аб чым расказаць і важна пачуць, чым падзеляцца іншыя ўдзельнікі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў

Лукашэнка: Мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў

Пра гэта Прэзідэнт заявіў падчас нарады з кіраўніцтвам Савета міністраў.

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.

Грамадства

Не ўпэўнены — не бяры. Як збіраць, гатаваць і захоўваць дары лесу

Не ўпэўнены — не бяры. Як збіраць, гатаваць і захоўваць дары лесу

Восень — пара «ціхага палявання», калі многія з нас адпраўляюцца ў лес па грыбы.