Вы тут

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?


З пачатку студзеня на дыягнастычных станцыях ажыятаж! Беларусы масава паехалі праходзіць тэхагляд. Чэргі назіраюцца як у абласных цэнтрах і іншых гарадах, так і ў сталіцы. Кіроўцы праводзяць у іх па некалькі гадзін. Карэспандэнт «Звязды» адстаяла чаргу на станцыю тэхнічнай прафілактыкі, пабывала на лініі і згадала ўжо забытыя адчуванні — хваляванне, як на экзамене.


Фота Яна Хведчына.

Нагадаем, што так званы дарожны збор увялі з 2014 года і ён быў прывязаны да тэхагляду. Калі не заплаціш адпаведную суму, талон тэхагляду не атрымаеш. І колькасць выдадзеных дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху пачала паступова змяншацца з 2015 года, прыкладна па 15—20 % штогод — кіроўцы ігнаравалі тэхагляд. У 2020-м колькасць аўтамабіляў, якія яго прайшлі, дасягнула рэкордна нізкіх лічбаў. Паводле звестак УП «Белтэхагляд», за студзень—кастрычнік мінулага года выдадзена ўсяго 619 919 дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху пры 4 384 870 зарэгістраваных у краіне транспартных сродкаў. Гэта на 36,7 % менш за аналагічны паказчык 2019 года і складае толькі 14 % ад усяго аўтамабільнага парку.

Але 1 студзеня ў Падатковы кодэкс былі ўнесены змяненні: цяпер адменена дзяржпошліна, прывязаная да тэхагляду, а ўведзены падатак для ўладальнікаў транспартных сродкаў.

Гэтыя змены паказалі: большасць беларусаў ігнараваць тэхагляд намеру не маюць. У выніку з першых дзён новага года на станцыях дыягностыкі ўтварыліся немалыя чэргі. А УП «Белтэхагляд» падзялілася лічбамі за першыя дзесяць дзён студзеня. За гэты час выдадзена 53 925 дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Прырост склаў 193,7 % (!) да аналагічнага перыяду 2020 года. Для прыкладу, за ўвесь снежань мінулага года выдадзена менш дазволаў, чым за першую дэкаду студзеня — 51,4 тысячы. Пры гэтым больш за 95 % дазволаў у новым годзе атрымалі фізічныя асобы.

У сувязі з тым, што колькасць ахвотных прайсці тэхагляд вырасла ў разы, на некаторых станцыях нават утварыўся недахоп бланкаў дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Але гэта «Белтэхагляд» абяцае выправіць у найбліжэйшы час.

...Дамаўляемся з сяброўкай паспрабаваць прайсці тэхагляд у будны дзень і прыязджаем на адну са сталічных дыягнастычных станцый. Можна было папярэдне запісацца, але запісваюць толькі дзве машыны на кожную гадзіну, усе астатнія праходзяць па жывой чарзе. Яе мы і выбіраем. Да самой працэдуры таксама падыходзім з усёй жаночай легкадумнасцю — прыязджаем без папярэдняй падрыхтоўкі. На месцы высвятляем, што ў «Фольксвагене» сяброўкі не гарыць адзін з задніх ліхтароў. У сваім я заўважаю разбітую супрацьтуманную фару. Выпраўляць недахопы едзем на бліжэйшую СТА. Паколькі замяніць лямпачку ў ліхтары — хвілінная справа, а чакаць дастаўкі новай супрацьтуманнай фары варта пару гадзін, пачынаем з тэхагляду «Фольксвагена» сяброўкі.

Перад ім — мыйка. У маім выпадку гэта было стратэгічнай памылкай, але пра яе пасля. Тэхагляд пачынаем з аплаты. Мужчына перад дзвярыма раіць нам усё ж спачатку заняць чаргу на лінію. «Я праходзіў тэхагляд яшчэ ў снежні — быў адзіны. Цяпер чарга пачынаецца на супрацьлеглым баку будынка», — папярэджвае ён нас. Аплачваем 8.40 праз м-банкінг (гэта допуск да тэхагляду) і 29.50 праз касу (уласна сам тэхагляд). І ацэньваем памер бедства — наўскідку перад намі па перыметры будынка стаіць машын 20—25. На дзіва, чарга прыкметна рухаецца. Прычым працуюць дзве лініі. Па нашых прыблізных падліках вароты на кожнай з іх паднімаюцца для запуску чарговай машыны не радзей, чым раз у дзесяць хвілін. Ад уезда з надпісам «Сардэчна запрашаем» нас аддзяляе гадзіны паўтары. За гэты час да ўсіх падыходзіць супрацоўнік станцыі і папярэджвае, што аптэчку, знак аварыйнага прыпынку і вогнетушыцель трэба загадзя падрыхтаваць і пакласці на сядзенне ў салоне. Пытаемся пра неабходныя дакументы — адказвае, што патрэбны тэхнічны пашпарт на аўтамабіль, пасведчанне кіроўцы і страхоўка — у папяровым ці электронным выглядзе. Ён жа кіруе чаргой і раздзяляе яе на дзве плыні перад заездам на лінію. Прыемна, што тут вырашылі пра нас паклапаціцца такім чынам.

Чаканне выдатна дэманструе тэмперамент кіроўцаў: хтосьці ўвесь час сядзіць у аўтамабілі, нехта перыядычна выходзіць пакурыць, мужчына перад намі пастаянна змятае шчоткай нябачныя сняжынкі з даху і шкла сваёй машыны. Тэхагляд, і асабліва доўгая чарга да яго — справа нервовая.

Пакідаю перад самым заездам на станцыю сяброўку і іду забіраць свой аўтамабіль з новай супрацьтуманкай. Мне давядзецца паўтарыць працэдуру: мыйка — аплата ў касу — чарга. На вуліцы пачынае цямнець, але нягледзячы на набліжэнне заканчэння працоўнага дня, машын, здаецца, стала крыху менш. Па маіх падліках, можна паспець да закрыцця станцыі.

Яшчэ гадзіна з невялікім стаяння — і перад маёй машынай паднімаюцца вароты для заезду на лінію. Адчуваецца, што супрацоўнікі станцыі засумавалі па рабоце праз яе адсутнасць у мінулыя месяцы. Усё настолькі хутка, што часам не паспяваеш асэнсаваць каманды (і настолькі шумна, што не заўсёды іх чуеш). Уключыце блізкае святло, далёкае, супрацьтуманныя фары, заднюю перадачу, габарыты... «Я прасіў уключыць габарыты, а вы ўключаеце блізкае святло», — добра, што гэта не экзамен у аўташколе, мяне б чакаў ганебны правал. «Падайце гукавы сігнал — о, вас жа ніхто не пачуе», — з жартамі і весялосцю працэс працягваецца. «Не працуе абдзіманне шкла? А не, усё ж працуе», — сам пытае і сам адказвае майстар, бо я не паспяваю ўставіць ні слова. Пры гэтым ён праверыў, здаецца, абсалютна ўсё: лабавое шкло, адкрыванне дзвярэй, работу рамянёў бяспекі. Вердыкт на першым этапе — неабходна адрэгуляваць святло супрацьтуманных фар.

Наступнае выпрабаванне — тармазны стэнд. Па камандзе я націскаю на тармазы і не разумею, чым азадачаны чарговы майстар. «На мыйку заязджалі?» — «Так», — адказваю. — «Праз тое, што вада і «хімія» маглі трапіць на тармазныя калодкі, у вас яны дрэнна працуюць. Паедзеце на вуліцу пасушыце, потым без чаргі заедзеце зноў». О, здаецца, гэта ніколі не скончыцца! Але ўсё ж дзякуй за тое, што пашкадавалі і далі другі шанц. Сушка, дарэчы, дапамагла — тармазы ў рэшце рэшт прайшлі выпрабаванне.

На апошнім этапе — «яме» — высвятляецца, што мне патрабуецца замена элементаў падвескі — абедзвюх шаравых апор. Фінальны надпіс над выязнымі варотамі «Дзякуй, што выбралі нас» — і я на свабодзе з чыстым сумленнем. Не так і дрэнна, як магло б быць, улічваючы паважаны ўзрост нашых аўтамабіляў, вырашаем мы з сяброўкай. У яе, дарэчы, таксама выявілі праблемы — з глушыцелем. Нам выдаюць дыягнастычныя карты з апісаннем няспраўнасцяў. На выпраўленне (правяраць наступны раз будуць толькі іх) адводзіцца 20 дзён, цягам якіх нас зноў чакаюць на станцыі. «Сардэчна запрашаем» і «Дзякуй, што выбралі нас».

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.