Вы тут

Лукашэнка: У нашай краіне права на ахову здароўя непарушнае


На нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя разгледзелі змены ў законы «Аб ахове здароўя» і «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі». Гэтыя базавыя дакументы вызначаюць прававыя асновы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Па словах кіраўніка краіны, законы комплексна не пераглядаліся каля дзесяці гадоў — за гэты час адбылося шмат змен у медыцыне, навуцы і грамадскім развіцці.


«Прыйшла пара актуалізаваць палажэнні законаў. З іншага боку, калі пачыналася гэтая праца, ніхто не мог прадбачыць, што выбухне сённяшняя хвароба (пандэмія каранавіруса — «Зв.»). Яна не толькі ўнесла сур’ёзныя карэктывы ў нашы планы, але і паказала, што айчынная ахова здароўя, у цэлым, гатова адэкватна рэагаваць на новыя выклікі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што перш за ўсё хацеў бы пачуць, як у новым законе захаваны нормы, якія дазваляюць кіраваць сферай і аказваць якасную медыцынскую дапамогу.

«Сістэма аховы здароўя павінна і надалей быць забяспечана ўсім неабходным, — паведаміў лідар дзяржавы. — У нашай краіне права на ахову здароўя, як вы разумееце, непарушнае. Бясплатнае і эфектыўнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя павінен атрымліваць кожны грамадзянін Беларусі».

Прэзідэнт канстатаваў: дзяржава са свайго боку абавязана захаваць усе ўмовы, каб у бальніцы было сучаснае медыцынскае абсталяванне, ва ўрача сродкі індывідуальнай абароны, а пацыент, дзе б ён ні жыў (у сталіцы ці ў сяле), атрымліваў дапамогу, у якой мае патрэбу.

«Аднак пры ўсім гэтым відавочна, што нам неабходна абнавіць шэраг заканадаўчых палажэнняў. Гэта дазволіць ахове здароўя быць сучаснай і рухацца наперад», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу, што падчас нарады неабходна атрымаць адказы на пытанні: якія вынікі аналізу тэндэнцый, што існуюць? Якімі напрамкамі ў развіцці медыцыны прадыктавана абнаўленне нормаў?

«То бок трэба адказаць на пытанне: трэба нам гэта ці не, і навошта. Прашу сёння далажыць аб тым, наколькі новыя палажэнні паўплываюць на сістэму аховы здароўя ў цэлым і на асобную, канкрэтную бальніцу, урача і, галоўнае, пацыентаў. Нельга абыходзіць бокам пытанні, без вырашэння якіх немагчыма захаваць здароўе насельніцтва», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, развіццё фізічнай культуры і спорту, экалагічная бяспека, магчымасць карыстацца аздараўленчымі ўстановамі і ўдасканаленне аховы працы — напрамкі, якія таксама павінны быць забяспечаны прававымі механізмамі.

«Як бы ні змяняліся нормы, трэба памятаць, што ў цэнтры намаганняў медыкаў заўсёды чалавек. Выратаваць яго, захаваць і палепшыць яго здароўе — вось першачарговыя нашы задачы. Нязменны прыярытэт аховы здароўя — забяспечыць даступную і якасную медыцынскую дапамогу насельніцтву», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт ухваліў закон «Аб ахове здароўя»

Пра гэта журналістам пасля нарады паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Таксама кіраўнік ведамства падрабязна нагадаў, якія навацыі прадугледжаны законам.

Першае абнаўленне, на якім засяродзіў увагу міністр, — удасканаленне сістэмы кантролю якасці аказання медыцынскай дапамогі, уносіцца сістэма экспертызы і кіраванне якасцю медыцынай дапамогі.

Другі кампанент — новая фармакаэканамічная экспертыза, якая будзе вызначаць найбольш эфектыўныя методыкі аказання дапамогі ў медустановах.

«Важная навацыя заключаецца ў тым, што ў дзённых стацыянарах будзе аказвацца бясплатнае прадастаўленне лекавых прэпаратаў і вырабаў медпрызначэння. Гэта дасць другое жыццё нашым стацыянаразамяшчальным тэхналогіям. Ужо не трэба будзе класціся ў бальніцу на кругласутачныя ложкі, а можна атрымаць вялікі спектр медыцынскіх умяшальніцтваў на ложках дзённага стацыянару», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Акрамя таго, ён паведаміў пра ўвядзенне формы кантралюемага лячэння, якое адбываецца пад наглядам медыцынскіх работнікаў у амбулаторных і стацыянарных умовах. Гэты варыянт выкарыстоўваецца ў дачыненні для хворых на туберкулёз, ВІЧ.

«Кантралюемае лячэнне будзе прызначацца і пры іншых захворваннях, у прыватнасці, гепатыце С, рассеяным склерозе. Я хачу нагадаць: тыя захворванні, лячэнне якіх яшчэ 5 гадоў таму мы не разглядалі ў якасці бясплатнай дапамогі, зараз уваходзяць у стандарт аказання меддапамогі на бясплатнай аснове», — дадаў кіраўнік ведамства.

Звярнуў ён увагу на павышэнне якасці сістэмы паслядыпломнай падрыхтоўкі кадраў — уводзіцца паняцце рэзідэнтуры. Гэта павысіць якасць адукацыі і аб’ём ведаў спецыялістаў.

«У Гродне мы працуем над пілотным праектам універсітэцкай клінікі. Ён паказаў на першым этапе сваю эфектыўнасць, таму з’явілася дэфініцыя ўніверсітэцкай клінікі, якая дазваляе нам яе разглядаць не як пілотны праект, а праграму дзеяння. Там практыкаарыентаванасць становіцца галоўнай у адукацыйным і лячэбным працэсе», — патлумачыў Дзмітрый Піневіч.

Па яго словах, у 2023 годзе запрацуе адзіная электронная платформа сістэмы аховы здароўя, якая будзе даваць шмат магчымасцяў па абмене інфармацыяй. У тым ліку кожны пацыент будзе мець свой віртуальны кабінет.

Акрэдытацыя — навацыя, што запатрабуе наладжвання сістэмы патрабаванняў да медустаноў.

Уводзіцца права на прафесійную рызыку медработнікаў пры выкананні ўмяшальніцтваў.

«Любое медыцынскае ўмяшальніцтва, асабліва складаная аперацыя, трансплантацыя, радыкальныя аперацыі нясуць за сабой рызыку, што могуць быць ускладненні. У нас гэта называецца запраграмаваныя рызыкі, — канстатуе кіраўнік ведамства. — Тут гэта рызыка ўскладаецца на медустанову, што абавязана забяспечыць мінімізацыю рызыкі».

Таксама міністр нагадаў, што важнае дасягненне — медыцынская сістэма не дала збой у ковіднай сітуацыі. І ўжо пачалося перапрафіляванне ложкавага фонду з інфекцыі ў звычайную працу. Так, у Мінску планава запрацаваў раддом № 2, перасталі шпіталізаваць ковід-хворых у гінекалагічную бальніцу сталіцы. Рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне напалову перайшоў на рэабілітацыю пацыентаў пасля аперацый.

«Вельмі хочацца займацца той работай, што займаліся да пандэміі», — рэзюмаваў Дзмітрый Піневіч.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.