Вы тут

Ігар ПРАКАПОВІЧ. НАВУКА. НАГНАЎ СТРАХУ. Былі


Ігар ПРАКАПОВІЧ

Было гэта пры першых Саветах. Тады якраз пачалі зганяць сялян у калгасы. Казалі, што дзеля таго, каб жыць было лягчэй, а на самай справе…
Завітаў у засценак ўпаўнаважаны — пыхлівы, франтавата апрануты «начальнік». Людзей сабралі ў самай вялікай хаце. Той і пачаў вучыць вяскоўцаў, як садзіць, сеяць, араць, капаць…
Слухалі яго мужчыны, усміхаліся ціха ў вусы ды бароды, ківалі галовамі ці то ў знак згоды, ці то каб не заснуць. А ўпаўнаважаны, зразумеўшы тое качанне мужыцкіх галоў як адабрэнне, натхняўся ўсё больш і больш. Апагей ягонай пафаснай прамовы прыйшоўся на ўгнаенні.
— Товарищи крестьяне, — узрушана звярнуўся ён да мужчын, — самый лучший навоз — это куриный помёт. Поэтому, дорогие товарищи, главная задача нынешнего момента — это собрать как можно больше куриного помёта и угноить поля.
Відаць, каб завязаць жывую дыскусію, ён звярнуўся да Гіляра — мужчыны сярэдняга веку, які сядзеў перад ім.
— А скажите, товарищ, какую площадь может удобрить одна курица?
Гіляр — чалавек на выгляд вельмі спакойны і сур’ёзны — быў на самай справе вялікім жартаўніком. Ён разважліва пачухаў патыліцу і няспешна адказаў:
— Лічу, што, пэўна, з гактар зможа ўгноіць.
— Сколько курей имеешь?
— Васямнаццаць.
— А земли?
— Васямнаццаць гактараў.
— Вот видишь, товарищ, ты своими курями можешь удобрить всю свою землю!

Мужчыны, якія слухалі гутарку, ледзь стрымліваючы смех, пасля апошніх слоў упаўнаважанага выбухнулі дружным рогатам.
«Начальнік» спачатку пачырванеў ад няёмкасці, а потым пабялеў ад злосці — зразумеў, што яго падкузьмілі. Але, як вопытны палітбаец, пазіцый не пакінуў.
Калі рогат крыху суняўся, з мужыцкай грамады падняўся Ігнат, першы спец на вёсцы на розныя штукі:
— Вось вы, шаноўны начальнік, кажаце, што дужа добрае курынае га..., прашу прабачэння, памёт. А мой жа дзед казаў, што найбольшую карысць зямлі дае мача жаробнай кабылы. Я ўжо назбіраў тры вядры...
Пра што казаў Ігнат далей, дакладна невядома, бо хата застагнала ад смеху. А ўпаўнаважаны выскачыў за парог і, сеўшы на каня, рвануў у райцэнтр…

 

Здарылася тое даўно, адразу пасля вайны. Прыехаў у вёску фінагент людзей на пазыку падпісваць. А засценак пры лесе стаяў, дзе «лясныя браты» хаваліся.
Ідзе фінагент па вуліцы: скуранка, капялюшык, сумачка пад пахаю. Насустрач яму — стары Падгайскі. Дзеду тады гадоў пад семдзесят было: высокі, цыбаты, у доўгім паношаным польскім плашчы, падпяразаны салдацкім рэменем з кукардай, у добра-такі падраных ботах...
Вось яны сышліся, параўняліся. Павіталіся. Агент прыкінуў, што стары — чалавек бясшкодны, лаўтух, ды і ўзяўся яго ўгаворваць падпісацца на пазыку.
Падгайскі стаяў, слухаў, моршчыў твар (звычка ў яго такая была), а потым паволі пачаў адхінаць рукой левае крысо доўгага плашча. Прыезджы заўважыў рух, зірнуў і — адразу анямеў. Дзедава рука гэтак жа павольна расшпільвала раменьчык пісталетнай кабуры, якая вісела на пасе пад плашчом.
Нямая сцэна доўжылася імгненне. Агент выпусціў з рук сумачку, развярнуўся ды што моцы кінуўся бегчы.
З-пад яго ног разляталіся то жвір, то гразь з лужын.
— Гэй, чаго спужаўся? — пачуўся ззаду голас старога. — Я ж толькі прыкурыць хацеў.
Мужчына спыніўся. Азірнуўся.
Падгайскі дастаў з кабуры люльку, набіў яе табакай і, смачна закурыўшы, пусціў у паветра духмяныя кольцы дыму...

 

г. Паставы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».