Вы тут

«Заваяваць давер без пустых абяцанняў»


Каля дваццаці чалавек выслухала падчас першай сёлета прамой тэлефоннай лініі, якую правяла 9 студзеня, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Свята ёсць свята, а жыццё ёсць жыццё, якое падкідвае паўсядзённыя клопаты. Людзей, як заўсёды, хвалявалі самыя разнастайныя пытанні.


Напрыклад, жыхарка Салігорска заявіла, што не будзе плаціць за ацяпленне. І на яе погляд, яна мае для гэтага падставы — батарэі ва ўсім доме халодныя, людзі хварэюць на прастуду. Заяўніца пацікавілася, з якой службай можна звязацца, каб паставіць яе работнікаў перад фактам нежадання аплаты за няякасную паслугу.

Наталля Якубіцкая дала даручэнне старшыні райвыканкама разабрацца ў сітуацыі. І калі сапраўды заяўніца мае рацыю, то вырашыць пытанне на працягу трох дзён. Акрамя таго, яна папрасіла, каб мясцовае кіраўніцтва паведаміла ёй аб прычынах недастатковага ацяплення кватэр і выкананай рабоце.

Спадарыня Галіна з пасёлка Свіслач Пухавіцкага раёна паскардзілася, што надта многа плаціць за спажыванне вады. Разам са штрафам і пеняй яна мусіць заплаціць каля 1500 рублёў. Маўляў, адкуль узяліся гэтыя 400 кубоў вады? Прычыну такога становішча гаспадыня бачыць у тым, што ў яе кватэры акрамя асноўнай устаноўлена нейкая патаемная труба. Жанчына звярталася з гэтай праблемай у райвыканкам, але, як сцвярджае, яе там не прынялі.

Наталля Якубіцкая патэлефанавала старшыні Пухавіцкага райвыканкама і папрасіла сустрэцца з заяўніцай для вырашэння сітуацыі.

Жыхар Любані паскардзіўся, што няма дзе бавіць час малым з прычыны таго, што ў двары дома адсутнічае дзіцячая пляцоўка.

Наталля Якубіцкая пацікавілася, навошта ўладкоўваць яе зімой, гэта можа быць небяспечна — дзеці гуляючы там, могуць паслізнуцца, атрымаць траўму. Ды і наконт гэтага варта параіцца з бацькамі, што пражываюць у доме і маюць малых. Заяўнік ні з кім не абмяркоўваў гэтае пытанне. Але, на яго погляд, ва ўсім вінаватыя работнікі ЖКГ.

Наталля Якубіцкая прапанавала мужчыну звярнуцца да жыхароў і разам абмеркаваць сітуацыю, прыняць рашэнне па ўладкаванні дваровай тэрыторыі, калі яно сапраўды неабходна.

— Наталля Віктараўна, як паказвае практыка, у вас свой адметны стыль работы са зваротамі грамадзян. І адчуваецца, яны вам давяраюць... — пацікавіліся мы ў канцы прамой лініі.

— Вы перабольшваеце. Проста стараюся агучаныя пытанні адразу пераадрасаваць службам, падраздзяленням, у кампетэнцыі якіх яны знаходзяцца. Не зняць іх з асабістага кантролю, але разам з тым азадачыць кіраўнікоў раёнаў, старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, каб пытанне было даведзена да лагічнага канца.

— Наколькі прыкмеціла, шмат зваротаў паступае ад людзей па ўладкаванні дарог?

— Сапраўды, якасць дарог вымушае жадаць лепшага не толькі ў Мінскім раёне, але і ў іншых раёнах вобласці. Адна справа, калі іх трэба падсыпаць, прагрэйдзіраваць. Адразу даю даручэнне, каб правялі неабходныя работы. Зусім іншае, калі людзі просяць пакласці цвёрдае пакрыццё. Адначасова заасфальтаваць усе дарогі немагчыма: патрэбныя вялікія выдаткі. Таму шляхі зносін уладкоўваюцца паступова, у першую чаргу тыя, што знаходзяцца ў найгоршым стане.

У такім выпадку Наталля Віктараўна не дае пустых абяцанняў. Не выканаеш — страціш давер у людзей. «Буду ставіць пытанне перад кіраўніцтвам раёна. Але не абяцаю, што яно вырашыцца менавіта зараз», — звычайна кажа заяўнікам Наталля Якубіцкая.

— Наталля Віктараўна, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын летась правёў рабочую нараду са старшынямі раённых і сельскіх Саветаў, дзе была абмеркавана роля дэпутатаў у жыцці рэгіёна і людзей. Што змянілася?

— Прадстаўнікі раёнаў адзначалі, што бюджэт сельсаветаў закладзены толькі на заработную плату работнікаў і асвятленне. Для таго, каб спілаваць дрэва, засыпаць калдобіну на дарозе, трэба звяртацца ў райвыканкам. Цяпер сельвыканкамы не з'яўляюцца заказчыкамі работ і распарадчыкамі грашовых сродкаў, якія накіроўваліся на добраўпарадкаванне. Гэтыя функцыі выконваюць раённыя выканаўчыя камітэты.

Аляксандр Турчын паабяцаў удзельнікам сустрэчы прапрацаваць пытанне аб выдзяленні сродкаў мясцовым уладам, каб яны маглі рашаць праблемы жыхароў населеных пунктаў самастойна. У выніку кожнаму сельсавету будзе выдзелена каля 10 тысяч рублёў. Дадзеныя сродкі пойдуць на вырашэнне пэўных аператыўных пытанняў.

Сельвыканкамы аддаюць шмат увагі навядзенню парадку, у прыватнасці, на грамадскіх могілках. Таму добра, што такія грашовыя сродкі запланаваны ў бюджэце, мы зможам вырашаць самастойна і гэтае пытанне. Карыстаючыся выпадкам, прашу, каб і грамадзяне не заставаліся ўбаку ад агульнай справы, актыўней удзельнічалі ў суботніках, якія ладзім. Мы павінны падтрымліваць парадак у святых для нас месцах. Гэта паказчык нашай культуры, стаўленне да нашых блізкіх, родных, сяброў, якія пайшлі ад нас.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.