Вы тут

«Белтэлекам» завяршыў тэставанне сеткі мабільнай сувязі 5G


«Белтэлекам» завяршыў тэставанне сеткі мабільнай сувязі 5G у індустрыяльным парку «Вялікі Камень» і ў доследнай зоне ў Капыльскім раёне.


Стандарт мабільнай сувязі 5G — гэта новы этап развіцця тэхналогій. Яго перавагі — высокая хуткасць доступу пры мінімальных затрымках, падтрымка адначасова працуючых прылад і высокая энергаэфектыўнасць. Хуткасць загрузкі і перадачы дадзеных у сеткі 5G у некалькі разоў хутчэй, чым 4G. У «Вялікім камяні» максімальныя значэння хуткасці дасягнулі 1,235 Гбіт/с. Высокая хуткасць мае прынцыповае значэнне пры працы з «цяжкім» кантэнтам, напрыклад 8К. Звышвыразная тэлевізійная «карцінка» 8К і хуткасць яе загрузкі былі прадэманстраваны на прэзентацыі тэхналогіі 5G у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган

Падчас прэзентацыі міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заявіў, што пакрыць усю краіну гэтай мабільнай сеткай можна будзе на працягу пяці гадоў. Ён адзначыў, што пакуль няма канчатковага рашэння, калі менавіта пачнуць укараняць 5G. Міністр заўважыў, што пры Савеце Міністраў створана рабочая група па 5G, каб улічыць усе асаблівасці ўкаранення новай тэхналогіі. Прыкладна, у лютым будзе падрыхтавана выніковая справаздача, каб далажыць кіраўніку дзяржавы і… падыходзіць да этапу прыняцця рашэння. Далей трэба будзе ажыццявіць працэдуру выдзялення частот — магчыма, будуць конкурсы або іншыя варыянты, якія ў галіновым міністэрстве ўжо прапрацаваны.

На думку міністра, у нашай краіне склаліся «ўнікальныя ўмовы» для ўкаранення сеткі пятага пакалення, і нават тыя, хто пачаў займацца гэтай тэмай раней, маштабаваць на ўсю краіну гэтую тэхналогію пакуль не маглі. «А сённяшнія ўмовы гэта дазваляюць. Такія планы ёсць, і мы будзем над гэтым працаваць», — сказаў Канстанцін Шульган.

Міністр таксама адзначыў, што ўкараненне тэхналогіі абыдзецца ў немалую суму грошай, таму ўдзельнічаць могуць і прыватныя, але даволі буйныя інвестары. «Гэта сотні мільёнаў грошаў у валюце. Мы выдатна разумеем, што з бюджэту такія грошы вылучыць камусьці — напэўна, неэфектыўна і няправільна. Павінна быць канкурэнцыя. У нас дастаткова моцныя аператары сувязі, і ў іх ёсць фінансавыя магчымасці, якія дазволяць, я спадзяюся, рэалізаваць праект. Мы адкрытыя і для замежных інвестараў — сёння ў праекце ўдзельнічае Кітайская карпарацыя Huawei, хай прыходзяць і іншыя», — выказаў сваё меркаванне Канстанцін Шульган.

Далей варта больш падрабязна спыніцца на тэставанні сеткі 5G. Першая тэставая лакацыя была разгорнута ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень», дзе сетка працуе ў дыяпазоне частот 3,6 ГГц. Другая доследная зона размешчана ў Капыльскім раёне. Менавіта там, упершыню ў СНД, «Белтэлекам» тэставаў сетку пятага пакалення ў дыяпазоне 700 МГц. На абедзвюх пляцоўках устаноўлены базавыя станцыі Huawei.

Дзякуючы 5G «Белтэлекам» гатова прапанаваць мабільную «разумную прахадную»: звычайны турнікет зможа распазнаваць асобы і кантраляваць доступ на аб’ект праз інтэграцыю з сістэмай відэакантролю і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Тэхналогію 5G пратэставалі таксама ў працы робатаў. Журналістам паказалі захопныя прылады Onrobot RG2. Гэты мініробат мае дакладнасць перамяшчэння пальца 0,1 мм, хуткасць узяцця 38’127 мм/ с, час узяцця 0,06–0,21 секунды, а агульная вага ўсяго 780 грамаў. Калабарацыйны робат прызначаны для працы як з людзьмі, так і з абсталяваннем  і мае сістэму тэхнічнага гледжання, яго камера вызначае аб’екты ў шырокім полі агляду. Партнёрамі ў гэтым праекце сталі ўстанова адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» і ТАА «Балтаком Электронікс». Таксама ў «Вялікім камяні» 5G задзейнічалі для тэставання беспілотнага транспарту і абсталявання «разумнага скрыжавання». Дзякуючы модулю відэааналітыкі і відэакамеры, падключанай па тэхналогіі 5G, сістэма здольная распазнаваць пешаходаў і кіраваць святлафорам, рэгулюючы рух транспарту.

Генеральны дырэктар «Белтэлекама» Юрый Петручэня лічыць, што даследчая эксплуатацыя дазволіла вывучыць усе аспекты эксплуатацыі 5G у рэальных умовах, ацаніць патэнцыял у прамысловым і абаненцкім сегментах. Сцэнарыі выкарыстання бесправадной тэхналогіі для сучаснай гарадской інфраструктуры тэставаліся на тэрыторыі індустрыяльнага кластара. У Капыльскім раёне вывучалася мадэль пабудовы сеткі ў сельскай мясцовасці. Рэсурсы 5G адкрыюць перспектывы для развіцця такіх інавацыйных напрамкаў, як інтэрнэт рэчаў, беспілотны транспарт, канцэпцыі «разумных» гарадоў. Акрамя гэтага, тэхналогія будзе спрыяць ліквідацыі лічбавай няроўнасці. Для нацыянальнага аператара сувязі гэта адна з найважнейшых задач.

Адзін з інвестараў праграмы дырэктар ТАА «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» Ван Чэнь адзначае: «Мы рады быць часткай гэтага працэсу і цвёрда перакананыя, што зможам зрабіць значны ўклад у развіццё дадзенай тэхналогіі». «Белтэлекам» і Huawei на працягу многіх гадоў падтрымліваюць устойлівае супрацоўніцтва па многіх напрамках. Атрыманыя ў рамках тэставых зон вынікі, дасягнутыя ў пазначаныя тэрміны паказваюць як на прафесіяналізм супрацоўнікаў кампаній, так і на ўзаемную зацікаўленасць бакоў у развіцці інавацыйных тэхналогій.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: ixbt.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».