Вы тут

​Дэпутаты ўхвалілі праект інвестпраграмы сталіцы на 2021 год


Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ухвалілі праект інвестыцыйнай праграмы сталіцы на 2021 год.


Паводле слоў старшыні Мінскага гарсавета Андрэя Бугрова, праграма захавае сацыяльную накіраванасць: больш за траціну яе сродкаў пойдзе толькі на ўстановы аховы здароўя і адукацыі, не абыдзены ўвагай і фінансаваннем іншыя сферы. Агульны аб'ём праграмы складзе 853,1 мільёна рублёў. Асноўнымі прынцыпамі яе фарміравання сталі канцэнтрацыя сродкаў і намаганняў на аб'ектах, якія запланавана здаць сёлета, і тых аб'ектаў, якія маюць высокую ступень гатоўнасці. Увогуле, інвестпраграма ў той ці іншай ступені закране 264 аб'екты. Сотня сярод іх знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва.

Нагадаем, у спісе інвестпраграмы — 15 медыцынскіх аб'ектаў. Некаторыя будуць здадзены ў эксплуатацыю сёлета. Сярод іх новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі, дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Сухарава, завяршэнне будаўніцтва амбулаторыі ў жылым комплексе «Лазурыт», рэканструкцыя гарадскога анкалагічнага дыспансера і дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы на вуліцы Якубоўскага, цэнтр хірургіі і транспланталогіі на вуліцы Сямашкі.

Фінансаванне атрымаюць і пяць так званых пераходных аб'ектаў, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ў наступным 2022 годзе: шматпрофільная паліклініка ў квартале непадалёк ад вуліцы К. Лібкнехта, рэканструкцыя 4-й гарадской клінічнай бальніцы, дзе плануецца ўзвесці новы тэрапеўтычны корпус і прыбудову ды іншыя важныя для гараджан і медыкаў аб'екты. Выдаткоўваюцца таксама грошы на праектаванне дзіцячай і дарослай паліклінік у комплексе «Мінск-Мір» і два інтэрнаты для медыцынскіх работнікаў.

У праграму на бягучы год унесены 27 аб'ектаў устаноў адукацыі. Гэта будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ у комплексе «Мінск-Мір», раёнах Масюкоўшчына, Лошыца, Лебядзіны, рэканструкцыя па адным міжшкольным стадыёне ў кожным раёне сталіцы.

Важны кірунак гарадскіх інвестыцый — далейшае развіццё транспартнай сферы. У прыватнасці, 200 мільёнаў рублёў пойдзе на працяг будаўніцтва Мінскага метрапалітэна. Таксама запланаваны істотныя выдаткі на развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёнах жылой забудовы, узвядзенне першага гарадскога транспартнага кальца, на работы па добраўпарадкаванні сталіцы.

Як вынікае з праграмы, сёлета масавае будаўніцтва жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, будзе весціся ў мікрараёнах Чыжоўка, Лошыца, у межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага, Шышкіна і Куляшова.

Прадугледжана фінансаванне праектаў пажарных дэпо ў раёне вуліцы Адзінцова, у комплексах «Мінск-Мір» і «Маяк Мінска».

У рабоце сесіі ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Сацыяльны вектар інвестпраграмы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?