Вы тут

Бюджэтную палітыку вызначылі на 2021 год дэпутаты Гродзеншчыны


Сёлета намечаны старт новага інвестыцыйнага цыкла. У сувязі з гэтым бюджэтныя сродкі будуць скіраваны на мадэрнізацю і новую вытворчасць, жыллёвае будаўніцтва, аднаўленне інфраструктуры. Ключавой задачай 2021 года стане рост рэальных даходаў насельніцтва, а таксама фарміраванне спрыяльнага бізнес-асяроддзя.


Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і праект абласнога бюджэту на 2021 год зацверджаны ў Гродне. Мяркуецца, што 2021 год не толькі захавае дынаміку папярэдніка, але і выйдзе на паскоранае развіццё.

— Мінулы год быў няпросты, — зазначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. — Ён прайшоў пад знакам барацьбы з каранавірусам і спробай дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне. Радуе, што рэгіён не толькі выстаяў, але і па многіх параметрах паказаў добрую дынаміку развіцця. Разам з тым у 2021 годзе захаваецца сацыяльная арыентаванасць абласнога бюджэту. Чатыры з шасці ключавых параметраў скіраваны на паляпшэнне жыцця людзей, атрыманне рэальных даходаў. Астатнія — на павышэнне работы эканомікі.

Сёлета рэгіёну прыйдзецца вырашаць задачы, скіраваныя на рост эканомікі, запуск новага інвестыцыйнага цыкла. Прадугледжана павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал да 3,6 мільярда рублёў. Першы год пяцігодкі пачынае фарміраваць базу, ад якой залежыць далейшы поспех. Прытым арыенцір выбіраецца не на колькасць, а на якасць паказчыкаў.

Перад выканаўчай уладай раёнаў вобласці пастаўлена ключавая задача — забяспечыць стабільны рост заработнай платы. Па прагнозах, яна складзе 106,7% і дасягне 1050 рублёў. Прыярытэтнай задачай сацыяльна-эканамічнага развіцця стане павелічэнне даходаў у мясцовыя бюджэты.

Але гэтага немагчыма дасягнуць без росту эканомікі. Асноўны прырост плануецца атрымаць за кошт прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і транспартных паслуг. Вытворчая сфера фарміруе больш 60 % паказчыкаў. Стаўка робіцца на аграрны сектар. Плануецца ўраджайнасць збожжавых не ніжэй за 45 ц/га,
павелічэнне вытворчасці цукровых буракоў амаль на 17 %, нарыхтоўкі кармоў, бульбы, садавіны і агародніны. У жывёлагадоўлі плануецца павялічыць на 200 кг надой на карову, што на 8 % больш, чым летась.

На будучы год ставіцца задача рэалізаваць амаль 200 інвестпраектаў, большасць з якіх — вытворчыя. У гэтым кірунку мяркуецца задзейнічаць усе раёны вобласці. Галоўная ўвага будзе аддавацца Лідскаму раёну, дзе прадугледжана паскоранае развіццё. У Лідзе, напрыклад, плануецца стварыць вытворчасць па выпуску нестэрыльных лекавых сродкаў, прадпрыемства па гарачай ацынкоўцы дробных вырабаў. А вось у менш развітых Зэльвенскім і Свіслацкім раёнах будуць рэалізаваны праекты па будаўніцтве аўтазаправачнага комплексу з перапрацоўкай прыроднага газу і дрэваапрацоўчага завода. Будзе працягнута развіццё СЭЗ «Гроднаінвест».

У сувязі з пускам АЭС чакаецца рост аб'ёму энергарэсурсаў у два разы. Валаўтваральная галіна — будаўнічая. Апошнія тры гады 40 % аб'ёмаў работ прыходзілася на рэалізацыю трох буйных праектаў — АЭС, рэканструкцыю трасы М6 і будаўніцтва інфраструктуры горада атамшчыкаў. Зараз такіх аб'ёмаў няма. Разам з тым важным драйверам росту павінна стаць будаўніцтва жылля, якога плануецца ўвесці 420 тысяч квадратных метраў, з іх 145 тысяч — гэта індывідуальнае жыллё. Сфера будаўніцтва, у тым ліку інвестыцыйны складнік, будзе адлюстроўваць сацыяльную скіраванасць дзяржавы. Працягнецца будаўніцтва анкадыспансера, які стане па-сучаснаму абсталяванай медыцынскай установай. На медыцыну будзе выдаткавана чвэрць бюджэту вобласці. Больш за 30 % пойдзе на адукацыю. Гэта тыя пазіцыі, які не падлягаюць скарачэнню.

— Працягнецца ўзвядзенне дзіцячых садкоў, рэканструкцыя школ. Значныя сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва дарог, будзе прадоўжана будаўніцтва моста ў Гродне, які неабходны для транспартнай інфраструктуры горада. Значныя сродкі выдзяляюцца на жыллёвае будаўніцтва — 110 тысяч квадратных метраў палепшаць умовы жыцця для 1160 шматдзетных сем'яў. Гэта «квадраты», што будуць уведзены з дзяржпадтрымкай, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

У цэлым на сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт, сацыяльную палітыку будзе накіравана 67,5 % абласнога бюджэту. У цэлым даходы вобласці прагназуюцца ў памеры 2,3 мільярда рублёў з ростам амаль на 7 %. У бюджэце прадугледжаны сродкі на павышэнне заработнай платы нізкааплатным катэгорыям работнікаў. Больш за 40 мільёнаў рублёў будзе выдзелена на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.

Бюджэтная палітыка 2021 года скіравана на забеспячэнне збалансаванасці абласнога і мясцовых бюджэтаў, сацыяльную скіраванасць расходаў, на павышэнне якасці жыцця насельніцтва і падтрымку шматдзетных сем'яў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Акцэнт на інвестыцыі і рэальныя даходы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».