Вы тут

Прыхільнікаў творчасці Жуля Верна і прыгодніцкага кіно чакае падарунак


Прыхільнікаў творчасці Жуля Верна і прыгодніцкага кіно чакае падарунак. У эфіры тэлеканала «Культура» пакажуць фільм «Маяк на краі свету» (1971). А на канале АНТ гледачы змогуць паглядзець дакументальны фільм пра «Джэнтльменаў удачы», якіх таксама паказалі паўстагоддзя таму.


«Маяк на краі свету» стаў экранізацыяй аднайменнага рамана французскага пісьменніка Жуля Верна. У самім творы, які з'явіўся ў рамках цыкла «Незвычайныя вандроўкі», апісваюцца прыгоды на Востраве Штатаў на архіпелагу Вогненная Зямля. Асновай рамана стаў арыгінальны рукапіс пісьменніка, які перад выхадам у свет быў зменены сынам творцы. Справа ў тым, што пісьменнік адправіў тэкст на публікацыю, але не дажыў да яе выхаду. Кніга выйшла ў лістападзе 1905-га...

Па сюжэце фільма, рэжысёрам якога стаў Кэвін Білінгтан, дзеянне адбываецца ў 1865 годзе. Уіл Дэнтан, які даглядае маяк, збег на невялікі востраў у раёне мыса Горн, бо імкнуўся схавацца ад свайго складанага мінулага, дзе яго абвінавацілі ў забойстве. І аднойчы да маяка прыплывае аргенцінскі ваенны карабель пад камандаваннем капітана Морыца. У гэты ж час адбываецца нападзенне на маяк каманды піратаў, якія збіраюцца накіраваць свае караблі на скалы, а потым завалодаць імі. Узначальвае захопнікаў капітан Джонатан Кангрэ. Падчас нападзення захопленымі аказваюцца аргенцінскі карабель і маяк, а таксама гіне частка каманды. Аднак Уілу ўдаецца ўцячы. І пасля ён аб'ядноўваецца з італьянцам Мантэф'ёрэ, які выратаваўся пасля крушэння аднаго з судоў, і разам яны чыняць адпор піратам. Але ж у ходзе змагання капітан піратаў бярэ ў палон англічанку Арабэлу, пагражаючы яе забіць. У сваю чаргу Дэнтан, захапіўшы пушку піратаў, топіць і іх карабель. З часам у жывых застаюцца толькі Уіл і Джонатан і ўступаюць у барацьбу...

Фільм і раман маюць пэўныя адрозненні. Так, напрыклад, не ўсе імёны персанажаў на экране супадаюць з іх кніжнымі прататыпамі. У кінастужцы з'яўляецца новая гераіня — тая самая дзяўчына, што ўратоўваецца пасля крушэння карабля. Змянілі і канцоўку фільма, і некаторыя павароты сюжэта, як той жа эпізод з загінулай малпачкай Марыа... Таму глядзіце і супастаўляйце падчас паказу ў пятніцу 22 студзеня на канале «Культура».

А вось 23 студзеня ў эфіры тэлеканала АНТ пакажуць дакументальны фільм «Джэнтльмены ўдачы. Усе адценні Серага», прысвечаны кінастужцы «Джэнтльмены ўдачы», якую таксама знялі пяцьдзясят гадоў таму. Дадзены кінатвор уваходзіць у спіс самых папулярных савецкіх камедый, але не ўсе адразу згадваюць імя яе рэжысёра Аляксандра Серага, памылкова лічачы, што зняў знакамітую карціну Георгій Данэлія, які насамрэч выступіў тут як адзін з аўтараў сцэнарыя і ў ролі мастацкага кіраўніка. Аўтары дадзенай дакументальнай работы раскажуць пра тое, як узнікла ідэя стварэння «Джэнтльменаў удачы», як падбіраліся акцёры на галоўныя ролі, а таксама дзе і ў якіх умовах праходзілі здымкі, ствараліся знакамітыя сцэны і мноства іншых цікавых фактаў пра любімую камедыю. Напрыклад, эпізоды ў турме здымалі ў сапраўднай узбекскай калоніі і ў здымачнай групы быў кансультант — дзеючы супрацоўнік МУС. Але палкоўніка запрасілі, так бы мовіць, дзеля птушачкі, таму што сам рэжысёр добра ведаў турэмны ўклад і жаргон, паколькі за трынаццаць гадоў да гэтага быў асуджаны за спробу забойства сябра... У жыцці Аляксандра Серага было так многа нечаканых паваротаў і выпрабаванняў, што пра яго можна было напісаць асобны сцэнарый. Пасля «Джэнтльменаў» рэжысёр зняў яшчэ камедыі «Ты — мне, я — табе» і «Беражыце мужчын». І хоць гэтыя работы не паўтарылі поспеху першай карціны, але і яны знайшлі свайго гледача.

Цяжкая хвароба і заўчасная смерць Аляксандра Серага не дазволілі яму ў поўнай меры рэалізаваць свой талент. Але, як сказаў Леанід Кураўлёў, «помнікам яму застаўся вясёлы фільм пра рамантыкаў з вялікай дарогі».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Героі і рамантыкі з вялікай дарогі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.