Вы тут

Мацюшкова: Выхоўваць патрыётаў трэба на мясцовым матэрыяле


— Усебеларускі народны сход, безумоўна, стане ў пэўным сэнсе калектыўным мазгавым штурмам наспелых вострых праблем і спробай знайсці аргументаваныя адказы на злабадзённыя пытанні, якія сёння ва ўсіх на слыху, — лічыць Людміла Мацюшкова, старшыня Першамайскай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь». — Да сур'ёзнай і плённай размовы на сходзе рыхтуюцца і дэлегаты ад Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Як старшыня яе арганізацыі Першамайскага раёна Мінска магу запэўніць, што ўвогуле прадстаўнікі сталіцы ад «Белай Русі» возьмуць самы актыўны ўдзел у абмеркаванні парадку дня сходу.


Як вядома, на разгляд удзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. На мой погляд, сярод мноства, безумоўна, важных пытанняў трэба абавязкова абмеркаваць захаванне гістарычнай памяці сярод жыхароў Беларусі. Ведаю, тэма ўжо не новая, але, тым не менш, яе далейшая глыбокая распрацоўка, удалае прыстасаванне да сённяшніх складаных абставінаў уяўляе адну з самых актуальных ідэалагічных задач.

Скажам, у справе выхавання падрастаючага пакалення. У гэтым сэнсе зараз самы час актывізаваць работу па ваенна-патрыятычным выхаванні юнакоў і дзяўчат на мясцовым матэрыяле, які выдатна паказвае вытокі, ролю і значэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларуская зямля багатая на такія прыклады, якія проста неабходна выкарыстоўваць у выхаваўчых мэтах.

Спашлюся на ўласны досвед. Я працяглы тэрмін працавала дырэктарам мінскай сярэдняй школы № 45, у якой больш чым 15 гадоў назад быў адкрыты музей гісторыі школы. У музеі таксама даволі шырока прадстаўлена і экспазіцыя, прысвечаная гісторыі газеты «Звязда». Наведвальнікі музея могуць даведацца пра яскравае гераічнае мінулае выдання, газеты-падпольшчыцы, газеты-партызанкі. Чаму нас, педагогаў, зацікавіла гісторыя «Звязды»?

Адказ даволі просты. У свой час наша школа пераехала ў новы будынак па вуліцы Нікіфарава, 18. Нагадаю, Вячаслаў Кандрацьевіч Нікіфараў — актыўны ўдзельнік мінскага падполля, адзін з тых, хто выпускаў у захопленым Мінску падпольную «Звязду». Восенню 1942-га яго арыштавалі. Загінуў Нікіфараў у канцы 1942 ці пачатку 1943  года ў лагеры смерці Трасцянец.

Вось у нашых настаўнікаў і ўзнікла ідэя стварыць у школьным музеі экспазіцыю газеты «Звязда» і тым самым расказваць яго юным наведвальнікам пра подзвіг Вячаслава Кандрацьевіча Нікіфарава і яго паплечнікаў, пра іх унёсак у Вялікую Перамогу. На базе музея вырашылі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя, у тым ліку, захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі часова акупаванай Беларусі, усенароднай барацьбе з бязлітасным ворагам.

Карацей, слаўная баявая гісторыя «Звязды» дапамагае настаўнікам весці актыўную работу па ідэйна-патрыятычным выхаванні школьнікаў. І ўвогуле лічу, што прывіваць патрыятызм нашай маладой змене варта з юнацтва, літаральна з першых класаў навучання.

Таксама хочацца падкрэсліць будучую значнасць абмеркавання ў маладзёжным асяроддзі рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. А пакуль напярэдадні сходу дэлегатам трэба часцей сустракацца з юнакамі і дзяўчатамі ў навучальных установах, у тым ліку і ў школах, весці адкрыты дыялог, шчыра адказваць на вострыя пытанні маладых. І такая работа — галоўнае ў дзейнасці дэлегатаў на бягучы момант.

Леанід Лахманенка

Фото belayarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.