Вы тут

Жывой сувязі чытачоў і «Сельской газеты» — 100 гадоў


Такая дата — добрая нагода, каб падвесці пэўныя вынікі, азірнуцца і зразумець, што было зроблена, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. Мы пагутарылі з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем МІХОВІЧАМ і даведаліся пра тое, якія сюрпрызы падрыхтаваныя для чытачоў у святочны дзень, якія тэндэнцыі задае газета, якім матэрыялам не месца на друкаваных старонках і пра многае іншае.


— Сяргей Рыгоравіч, які ён, ваш юбілейны нумар?

— Вядома ж, асаблівы. Ён выйшаў сёння, як і належыць, у святочным убранні. Мы спрабуем здзівіць, падводзім прамежкавыя вынікі. Усё, што зрабілі на нашых старонках да такой даты і будзем рабіць пасля, арыентавана ў першую чаргу на нашых чытачоў. Мы хочам, каб яны нас паважалі, любілі, выбіралі. Таму абапіраемся на іх густ, інтарэсы. Прыемна тое, што ёсць унікальныя адрасы на карце Беларусі, дзе нас вельмі шануюць, актыўна выпісваюць, таму будзе фотарэпартаж пра гэтых чытачоў. А таксама пра цікавых герояў, знаёмых нам здаўна, за якімі назіралі на працягу некаторага часу, і да юбілею пагутарылі, каб даведацца, што змянілася ў іх жыцці. Не абыдзецца і без шматлікіх віншаванняў. У тым, што ўжо 100 гадоў нас выбіраюць, паважаюць чытачы, заслуга ўсіх пакаленняў журналістаў газеты, пачынаючы з першага яе галоўнага рэдактара Сцяпана Герасімавіча Булата. «Аром і пішам разам» — слоган, які вельмі выразна адлюстроўвае нашы задачы і традыцыі. Пакуль чытачы аруць, мы пішам пра гэта. Іншым часам можам і памяняцца месцамі.

Дарэчы, сёння з нагоды юбілею ў нас пройдзе фотавыстаўка «Зямля і людзі: стужка часу», урачыстая прэзентацыя якой адбудзецца ў Вучэбна-выставачным павільёне Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, зразумела, ва ўмовах эпідэміялагічнай бяспекі для яе наведвальнікаў. Будуць прадстаўлены найлепшыя работы нашых журналістаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія раскажуць пра людзей беларускай вёскі, гісторыю развіцця нашага аграпрамысловага комплексу. Таксама плануем узнагароджанне ўсіх тых, хто мае дачыненне да развіцця выдання, вядома ж, знойдзем магчымасць павіншаваць і нашых ветэранаў працы, падзякаваць за тое, што яны ў свой час зрабілі для «Сельской газеты».

— Вашы чытачы актыўна дасылалі і дасылаюць да 100-годняга юбілею не толькі віншаванні, але і свае творчыя работы...

— Так, самыя крэатыўныя аўтары ўжо ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Заўсёды калегі актыўна ўзаемадзейнічаюць з падпісчыкамі, гэта вельмі важна. Атрымліваем зваротную сувязь не толькі ў выглядзе лістоў. Імкнёмся праводзіць розныя творчыя спаборніцтвы, конкурсы, гэта і ёсць жывая сувязь з аўдыторыяй. Штогод ініцыіруем нешта цікавае.

— У вас ёсць электронны музей, які вы стварылі яшчэ да 90-годдзя выдання. Наколькі ён карыстаецца папулярнасцю?

— Калісьці ў «Сельской газете» быў музей у ранейшым уяўленні: з каштоўнымі рэчамі, фотаздымкамі і іншым. Там тады працавала наш архіварыус Леніна Мацвееўна Шуман, яна збірала ўсе рарытэты, узнагароды і іншыя фрагменты гісторыі выдання. Калі мы пераехалі на новае месца, у новае памяшканне, яно не дазволіла размясціць усё гэта тут, і музей неяк сышоў на другі план. Таму мы перанеслі ўсю гісторыю з 1921 года па 2011 год на лічбавыя носьбіты. Зараз, да стагоддзя, дапоўнілі яго, дапрацавалі, і любы ахвотны можа зайсці на сайт «Сельской газеты», які знаходзіцца на аб'яднаным партале «СБ. Беларусь сегодня», і паглядзець, прачытаць для сябе нешта патрэбнае і цікавае.

— На старонках вашай газеты вы расказваеце пра жыццё людзей у сельскай мясцовасці. Але выданне рэспубліканскае, і таму яно ў тым ліку асвятляе сусветныя падзеі. Як захоўваеце баланс паміж рознымі тэмамі?

— Я заўсёды кажу на планёрцы журналістам: нам цікава ўсё — ад эканомікі краіны да сусветных навін. Але пры гэтым мы не жоўтая прэса, у нас іншыя мэты і задачы. Ва ўсе часы мы былі салідным дзяржаўным выданнем. Гэтай лініі прытрымліваемся і цяпер, бо я як галоўны рэдактар у сілу сваіх перакананняў, грамадзянскай пазіцыі, а таксама перакананняў сваіх журналістаў па палітычнай, грамадзянскай пазіцыі дакладна ведаю, што можа знаходзіцца ў нашай газеце, а чаго быць не павінна.

Вядома ж, падтрымліваем і даследуем тое, што робяць спецыялісты ў сферы аграпрамысловага комплексу, актыўна ўзаемадзейнічаем з органамі ўлады, дапамагаем у вырашэнні розных праблем. Актыўна працуем над тым, як на месцах выконваюцца важныя даручэнні Прэзідэнта краіны ў гэтай галіне, як увасабляюцца ў жыццё ўрадавыя пастановы, рашэнні Мінсельгасхарча.

Можам і пакрытыкаваць іх работу, але не ачарняем, не разводзім фэйкі, — усё бяром на «аловак», едзем на месца, дзе, на думку кагосьці, ёсць пэўная праблема, і глядзім, ці так гэта на самай справе, а пасля публікуем сваё расследаванне. Гэта важна — даносіць да нашых чытачоў праўду. Заўсёды рады, калі ёсць пазітыўная, канструктыўная крытыка і адпаведнае рэагаванне.

Сяргей Рыгоравіч адзначае, што вельмі важна прапанаваць свайму чытачу самадастатковую газету.

— Мы ж пішам не толькі пра вяскоуцаў на іх працоўных месцах, пра фермы, надоі, мінеральныя ўгнаенні... Напрыклад, знаёмім чытачоў з тэатрам, віртуальна водзім іх у Оперны, Купалаўскі, публікуючы ў сваіх нумарах рэпартажы і мяркуючы, што кагосьці гэта падштурхне да таго, каб паехаць і паглядзець нейкую пастаноўку. А чытачы пішуць лісты, тэлефануюць, утвараючы такім чынам зваротную сувязь. Мы да гэтага прыслухоўваемся: калі не будзем пісаць пра тое, чаго хочуць, дык хто з намі застанецца? Часам дыскутуем з чытачамі і таксама з рознымі спецыялістамі, з якімі працуем. Гэта добра — у спрэчцы нараджаецца ісціна. Нават калі ідзе хваля нязгоды — мне гэта падабаецца, бо мы ж не ворагі адно аднаму, шукаем найлепшы варыянт для вырашэння пастаўленых мэт. Асаблівасць друкаванай прэсы ў тым, што з-за сваёй перыядычнасці (чытачы атрымліваюць «Сельскую газету» тры разы на тыдзень) мы не такія аператыўныя, як інтэрнэт-СМІ і сацсеткі. Таму робім акцэнт на аналітычныя матэрыялы, а калі ёсць навіна — заходзім «за кулісы»: распавядаем, што за ёй стаіць, шукаем падрабязнасці, пашыраем інфармацыю, распавядаем пра наступствы, — у гэтым і ёсць прызначэнне газеты, якая хоча, каб ёй давяралі, якая прэтэндуе на аўтарытэтнасць.

Дарэчы, і сёлета нашу газету чакаюць прыемныя змяненні: палепшыцца дызайн выдання, пачнуцца новыя праекты, бо да нас прыходзяць новыя падпісчыкі, якія хочуць убачыць абноўленае выданне. Увогуле, усе нашы праекты і рубрыкі важныя для нас і нашых чытачоў. Напрыклад, ёсць унікальны «Аддзел добрых спраў», калі выбіраем нашага чытача, героя з сельскай мясцовасці, які даўно пра нешта марыць. Скажам, наведаць Белавежскую пушчу або Мінскі трактарны завод. Мы дапамагаем з выкананнем гэтага жадання.

— Якімі ўзнагародамі, заслугамі газеты вы як галоўны рэдактар ганарыцеся?

— Іх у выдання вельмі шмат. Ганаруся ўсімі, што ўвайшлі ў гісторыю «Сельской газеты». Слаўнымі традыцыямі пакаленняў журналістаў, пачынаючы з 1921 года. Сёння мы гэтыя традыцыі прымнажаем, працуем на адной хвалі са сваімі чытачамі. Таму нам лёгка выбіраць тэмы, напрамкі, структуру выдання. Наш калектыў — сапраўдныя прафесіяналы. Журналістаў не вельмі шмат, але кожны — на вагу золата. Як правіла, з сельскай мясцовасці, і гэта добра. Бо журналісты павінны адчуваць сябе камфортна ў камандзіроўках, у якіх яны знаходзяцца пастаянна. Без іх добрага матэрыялу не зробіш — трэба і ў поле выехаць, і з мясцовымі жыхарамі пагутарыць.

— А які быў ваш асабісты шлях станаўлення ў прафесіі?

— Я сам з вёскі і вельмі ганаруся гэтым. Мне здаецца, я добра разумею вяскоўцаў, і вельмі арганічна, што я стаў менавіта журналістам-аграрыем. Мой бацька працаваў доўгі час старшынёй калгаса, мама — дырэктарам Дома культуры, загадчыцай клуба, хоць па адукацыі яна аграном. У «Сельской газете» я пачаў працаваць адразу пасля факультэта журналістыкі БДУ 21-гадовым юнаком. Вядома, прафесійнага вопыту тады ніякага не было. Быў замацаваны за аддзелам культуры карэспандэнтам, больш вопытныя калегі дапамагалі мне, многае тлумачылі. З таго часу я стаў старанна і ўзважана думаць над словамі, загалоўкамі, вобразамі, стаў выпрацоўваць свой стыль, лепш працаваць над структурай рэпартажаў, мовай, каб не было шаблонных слоў, фраз. Дзякуючы чаму, магчыма, і стаў галоўным рэдактарам газеты, якую бясконца люблю і ёй адданы. Зараз свой прыклад прыводжу і маладым спецыялістам, якія прыходзяць да нас пасля факультэта журналістыкі. Сёння ў газеце працуюць у асноўным, праўда, дзяўчаты, але вельмі таленавітыя, якія супрацоўнічаюць з намі з другога-трэцяга курса.

— Што пажадаеце з нагоды 100-гадовага юбілею калектыву, сваім чытачам?

— Каб вяскоўцы жылі яшчэ лепш і каб мы па-ранейшаму шанавалі іх працу! Каб газета заставалася цікавай сваім падпісчыкам, а калектыў і надалей разумеў і рабіў усё і крышку больш, каб быць запатрабаванымі на медыйным рынку. І каб папяровая версія «Сельской газеты» паралельна з электроннай паспяхова развівалася. Так хочацца, каб з раніцы кожны ахвотны змог адчуць асалоду ад свежага друкаванага нумара любімага выдання...

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.