Вы тут

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі


Памятаеце, быў такі фільм «Рабро Адама», дзе галоўная гераіня, якую іграе непараўнальная Іна Чурыкава, разрываецца паміж асабістым жыццём і сваёй часткова паралізаванай маці? Старая не дае дачцэ ніякага продыху, патрабуе пастаяннай прысутнасці, а ў канцы фільма, калі на яе настойлівыя спробы звярнуць на сябе ўвагу ніхто не рэагуе, нечакана ўстае з ложка і з'яўляецца перад вачыма збянтэжаных дамачадцаў. Глядзіш на гэты жах і думаеш: Божа, пранясі міма мяне гэтую чашу. Але тут нічога ад нас не залежыць. Як кажуць нашы сённяшнія суразмоўцы, гэта крыж і мы павінны будзем яго панесці.


Фота ok.ru

Хвароба або маніпуляцыя?

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе? Ім ужо не хапае ранейшай увагі, яны штодзённа па некалькі разоў у любы час дня і ночы тэлефануюць і загадваюць неадкладна прыехаць, бо яны «адны, нікога побач няма, усё прападае і наогул праз пяць хвілін могуць памерці». Праклятая дэменцыя адымае ў нас родных, любімых і дарагіх. Замест іх у гэтых нядужых ужо целах пасяляюцца нейкія жахлівыя монстры, і ты не ведаеш, як сябе з імі паводзіць.

— Насельніцтва старэе, і такі дыягназ, як дэменцыя, або хвароба Альцгеймера, прыходзіцца ставіць даволі часта, — адзначае намеснік урача па медыцынскай частцы Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Павел Галавач. — Па статыстыцы ад дэменцыі пакутуе 20 % насельніцтва планеты, прычым 5 % — у цяжкай форме. І часцей за ўсё прычынай захворвання з'яўляюцца сасудзістыя праблемы: ціск, гіпертанічныя захворванні, інфаркты, інсульты, парушэнне мазгавога кровазвароту і гэтак далей. З часам артэрыяльныя сасуды пашкоджваюцца і паяўляюцца парушэнні кагніцый, то-бок разумовай дзейнасці. Чалавек пачынае блытацца ў сабе, у месцы, пары года, не спраўляецца з простымі рэчамі, паяўляецца нейкая бездапаможнасць. Пры сасудзістай дэменцыі назіраецца плаваючая сімптаматыка. Сёння ён можа быць дэзарганізаваны і бездапаможны, а заўтра, калі спазм сасудаў прайшоў, адэкватна рэагуе на ўсе знешнія раздражняльнікі. Здаецца, усё прайшло. Назаўтра якая-небудзь магнітная бура, ціск — і зноў усё па новай. У лёгкай дэменцыі чалавек можа пражыць доўгі час і непрыкметна сысці, нават не здагадваючыся, што хворы.

Да псіхіятра справа даходзіць тады, калі ў чалавека праяўляюцца псіхічныя моманты: агрэсія, галасавыя або зрокавыя галюцынацыі. Тады родныя б'юць трывогу і высвятляюць, што рабіць. У гэтым выпадку псіхіятр назначае купіруючыя прэпараты і карэктуе паводзіны.

— Дысцыркулятарная энцэфалапатыя — надзвычай распаўсюджанае захворванне, якое ёсць амаль у кожнага, яго трэцяя ступень у некаторых выпадках і ёсць дэменцыя, — кажа Павел Галавач. — Адбываюцца парушэнні ў галаўным мозгу, што паступова прыводзіць да дэградацыі. Ёсць спецыфічныя прэпараты, якія паляпшаюць якасць жыцця, і яны прымаюцца пастаянна.
Але медыцына займаецца гэтымі пацыентамі толькі тады, калі пастаўлены дыягназ. Бо калі дэменцыя — гэта хвароба, то старэчыя ўзроставыя змяненні — норма. Калі чалавеку пад 90, ён дзесьці забываецца, памятае добра толькі сваё мінулае. А дэменцыя — ужо інваліднасць, аж да І групы.

Ці можна пазбегнуць такога дыягназу? Наогул, ці магчыма ў гэтым выпадку нейкая прафілактыка? Можа, трэба трэніраваць памяць? Вучыць вершы, напрыклад?

— Гэта не дапаможа, калі дэменцыя ўжо пачалася, нейрамедыятары не аднаўляюцца, — канстатуе ўрач. — Прафілактыка сасудзістай дэменцыі — гэта прафілактыка атэрасклерозу. Але гэтым трэба займацца з маладосці. Бо калі ў 60 гадоў у чалавека інфаркт, інсульт, цукровы дыябет і цэлы «букет хвароб», якія прыводзяць да пашкоджання сасудаў, то тут ні пра якую прафілактыку не можа нават ісці размовы.Такі чалавек будзе з кожным днём забіраць усё больш увагі. І з гэтым трэба змірыцца. Адзінае, што можна зрабіць, гэта запаволіць працэс распаду асобы з дапамогай медпрэпаратаў, якія павінен назначыць спецыяліст. Пажадана, каб родныя з разуменнем падышлі да сітуацыі і арганізавалі для хворага чалавека найбольш камфортныя ўмовы пражывання, кантралявалі рэжым яго дня, сачылі за гігіенай. Такія людзі дэзарыентаваныя толькі таму, што жывуць без догляду. І Канстытуцыя, і грамадзянскі доўг патрабуюць шанаваць роднага чалавека. Але тут усё залежыць ад сумлення, унутрысямейных каштоўнасцяў.

Калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні стаўленне да яе...

Для сям'і родныя з прыкметамі дэменцыі — заўсёды стрэс, і тут вельмі вялікую дапамогу аказваюць сацыяльныя работнікі. Яны часткова бяруць цяжар гэтых наступстваў на сябе.

На абслугоўванні Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 530 кліентаў. Сацработнікі па месцы працаўладкавання праходзяць спецыяльны «курс маладога байца», каб ведаць, як паводзіць сябе з такімі асаблівымі грамадзянамі. Наконт хворых з дыягназам тут інфармацыі няма, але капрызных і сварлівых хапае, адзначае загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Таццяна Сталярова.

— Прыходзіцца выслухваць ад іх усякае, — кажа яна. — Некаторыя ледзь не ноччу тэлефануюць нашым работніцам і патрабуюць, каб паслуг ім аказвалі больш, чым значыцца ў нашым пераліку. Нават дзеці баяцца мець зносіны са сваімі старымі бацькамі — на нас спадзяюцца. Часцей за ўсё менавіта мы ім прапаноўваем знайсці нейкае выйсце. Разумеем, што іх блізкія — людзі хворыя і паводзяць сябе так не спецыяльна, каб зрабіць шкоду, а таму што ў іх інакш не атрымліваецца.

Звычайна сацработнік знаходзіцца ў распараджэнні кліента да 2,5 гадзіны, але ў некаторых выпадках, па медыцынскіх паказаннях, можна скарыстацца паслугамі сядзелкі: яна застанецца побач нават восем гадзін у суткі. Такіх на абслугоўванні цэнтра 12 чалавек. Канешне, паслуга платная, але што ні зробіш для роднага чалавека! На сёння пры ўмове, што сацработнік знаходзіцца ў кліента ўсе восем гадзін у дзень, прыйдзецца аддаць прыкладна 180 рублёў у месяц.

Фота islam.ru

Калі трэба, сацслужба можа пахадайнічаць наконт сацыяльнага ложка ў бальніцы, дзе ёсць аддзяленне дзённага знаходжання. Раз на два месяцы ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва такія кліенты з'яўляюцца. Дапамогуць тут сабраць дакументы і для пераезду старых у дом-інтэрнат. Але, як сведчыць спецыяліст, мера гэта крайняя і на яе родныя старых ідуць даволі рэдка. Прычыны часцей за ўсё спецыфічныя.

— Запомнілася, як сын збіраў дакументы на свайго бацьку, — згадвае Таццяна Сталярова. — Стары яго не выхоўваў, аліменты на яго не плаціў, а потым зваліўся як снег на галаву. Сын адразу ж выказаўся за дом-інтэрнат. Праўда, на этапе афармлення дакументаў пажылы мужчына памёр. У іншым выпадку менавіта сыну прыйшлося б плаціць за догляд бацькі ў інтэрнаце. А гэта немаленькія сродкі.

Мы любім сваіх бацькоў, пакуль яны дужыя і моцныя, жадаем ім жыць да ста гадоў і больш. А калі яны ўпадаюць, мякка кажучы, у дзяцінства, крычым, маўляў, каравул, што рабіць?!

— Невядома яшчэ, якія мы будзем у старасці, — рэзюмуе вядучы псіхолаг Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Ірына Бараноўская. — І трэба разумець, што нашы дзеці, калі мы будзем такімі ж старымі, змогуць дрэнна аднесціся і да нас. Нам гэта трэба? Што перашкаджае тэлефанаваць старым бацькам кожны дзень? Ім вельмі важна адчуваць сябе патрэбнымі. А калі дзеці самі на мяжы псіхозу ад неабходнасці выконваць новыя для іх абавязкі, то ім трэба ісці да спецыяліста, каб расставіць усе кропкі над «і». Трэба зразумець: тое, што здарылася з іх бацькамі, — хвароба. Не будзеш жа злавацца на чалавека, які без ног і не можа хадзіць. Аднойчы да мяне звярнулася вельмі самадастатковая дама. Яна паскардзілася на тое, што яе турбуе старая маці, з якой яна не жадае размаўляць. У дзяцінстве тая ўвесь час яе прыніжала і цяпер спрабуе даваць непатрэбныя ёй парады. Пры гэтым маці не дэментная, проста зануда. Я прапанавала яе дачцэ прааналізаваць сітуацыю ад зваротнага. Вельмі часта дзякуючы суровым бацькам дзеці дасягаюць вышынь, каб даказаць, што яны не слабыя або дрэнныя. Як кажуць, тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. Хапіла двух сеансаў, каб яна без трымцення змагла ўспрымаць званкі маці. Кліентка пагадзілася, што яна б нічога ў жыцці не дасягнула, калі б яе ўвесь час гладзілі па галоўцы. Яна змяніла стаўленне да сітуацыі і гэтым выратавала сябе.

Выпрабаванне на трываласць

Адна справа — родная маці або бацька, а калі гэта цешча або свякроў? Калі ўзнікае неабходнасць забраць чужых, па-сутнасці, людзей на агульную з мужам (жонкай) жылплошчу, у сям'і можа адбыцца катастрофа. Нязгодны з такой рэчаіснасцю чалавек можа пачаць піць або возьме і падасць на развод. Ці не занадта высокая цана за жаданне аднаго з членаў сям'і выканаць свой доўг перад старымі бацькамі?

— Сапраўды, бывае, што дапамога патрэбна не бабулям, а тым, хто іх даглядае, — кажа магілёўскі псіхолаг Тамара Казыра. — У кожнага свой парог цярпення, як і болевы. Сярод маіх кліентаў была сям'я з хворым дзіцем, якая не ведала, адмовіцца ад яго ці не. Але ім трэба было рашыцца, ці змогуць яны жыць, ведаючы, што іх малы дзесьці не з імі. Яны прызнаваліся: мы і так не зможам, і гэтак. Але ўсё ўжо здарылася, назад ужо не павернеш: хворае дзіця існуе. І тут любы крок будзе правільны, але з гэтым трэба будзе навучыцца жыць. Нам заўсёды даецца тое выпрабаванне, якое мы рэальна можам вытрымаць. Ёсць прытча пра крыжы, у якой чалавек прыйшоў да Бога і папрасіў сабе лягчэйшы. Той дазволіў выбраць. Чалавек перабраў шмат розных крыжоў, а потым усё ж такі вярнуўся да свайго. Калі так склалася жыццё, гэта для чагосьці трэба. Выпрабаванні даюцца для таго, каб зрабіць нас больш трывалымі. У жыцці не можа быць усё гладка. Таму калі не ведаеце, як жыць, калі маці ці бабуля назаляюць, ідзіце да спецыяліста і высвятляйце, у кім на самай справе праблема. Мы парад не даём, мы проста размаўляем, а выбіраць чалавек будзе сам. Старыя людзі могуць ствараць праблемы, дарэчы, як і ўсе мы.

Казка «Папялушка» ў гэтым выпадку вельмі павучальная. Шчасце атрымала тая з сясцёр, ад якой увесь час нешта патрабавалі. Гэта была ўзнагарода за яе цярпенне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Здымкі носяць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.