Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Надвое бабка варажыла...

А дзеўкі — на адно

Што ўчора было, я часам не ўспомню, а вось што ў маладосці — з дарагой душой.

Значыць, некалі перад старым Новым годам нашы дзяўчаты сабраліся варажыць. Для гэтага бліжэй да вечара яны сышліся да Волькі (яе бацькі былі ў госці з'ехаўшы) і пачалі...

Пачалі з таго, што рушылі пад павець: кожная ўзяла там па ахапку дроў, прынесла ў хату і ўжо там падлічыла.

Цотная колькасць паленцаў была толькі ў гаспадыні, у той самай Волькі. Выходзіла, што замуж у новым годзе пойдзе хіба яна?

Сяброўкам таксама хацелася. Таму кожная з іх насыпала па горцы проса, а Волька рушыла ў куратнік па пеўня. Старэйшыя жанчыны казалі: чыё зерне ён пакаштуе раней, тую з дзяўчат першай замуж возьмуць.

Так лічылася, ды выйшла, на жаль, іначай. Волька на падлогу пеўня паставіла, а той, спужаны, у бок проса нават не глядзіць...

Волька тады качаргу ўзяла — хацела яго падштурхнуць. Певень жа з перапуду «на крыло» і лёцьма па хаце. Дзяўчаты, бедныя, ледзь злавілі яго — занеслі назад.

...Такім чынам у іх заставаўся яшчэ адзін, апошні, спосаб варажбы.

Бліжэй да поўначы сяброўкі выйшлі з хаты. Пераканаліся, што на вуліцы ціха (малыя калядоўшчыкі разышліся, у большасці хат нават вокны не свецяцца), і таму смела падбеглі да варот, разуліся і праз іх па чарзе сталі выкідваць на вуліцу свае боты-валёнкі (лічылася, куды насы іх павернуцца, туды гаспадынькам і замуж ісці)...

Варажбіткі тут жа хацелі выскачыць за брамку ды паглядзець, як з-за плота пачулася грознае:

— Э-э-э, — хто там хуліганіць? Хто чым кідаецца?

Дзяўчаты аслупянелі: дзед Алесь... Адкуль яго прынесла?.. А галоўнае — калі «знясе», бо трэба ж як найхутчэй забраць абутак — холадна стаяць на снезе.

Дзед, мяркуючы па кашлі, урэшце сышоў. Дзеўкі тут жа на вуліцу. Ва ўсе вочы глядзяць там, снег нагамі абмацваюць — няма абутку.

Яны тады следам за дзедам...

А той ужо дадому прыйшоў ды кажа:

— Глянь, бабка, што я на вуліцы падняў. Ну ці ж не малайчына?

— Не, — агледзеўшы знаходку, смяецца ў адказ цётка Алесіха. — Ты проста бязмен... Гэта ж дзеўкі недзе варажылі, а ты... Прызнавайся, ля чыйго падворка абутак падабраў?.. Ды я, здаецца, і сама ўжо ведаю? Вось гэта — Вольчыны румыначкі. Больш ні ў кога такіх няма! Цёплыя, на абцасіках...

Толькі палюбавалася ды Вольку ўспомніла, як яна з сяброўкамі на парог — прыйшлі спытаць, ці не бачыў дзед Алесь іхняга абутку?

Той, шчаслівы, давай ім расказваць, як ішоў дахаты ад кума, як убачыў, што нехта нечым кідаецца, як пакрыўдзіўся ды тое падабраў, як панёс...

Алесіха перапыніла. Сказала:

— Значыць, сёлета і вас, дзяўчаткі, таксама хлопцы падбяруць і павязуць ці панясуць. Пойдзеце вы замуж, але ж, як выглядае, не ў сваю вёску — некуды за свет...

Што цікава, так яно і атрымалася: павыходзілі гэтыя сяброўкі замуж, прычым хутка, адна за адной і ўсе — у іншыя вёскі. У сваёй ніводная не засталася.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў.


Пакуль у нас стаяла школка

Найперш добрым словам я хачу згадаць Пятра І, які падчас свайго праўлення выдаў указ аб святкаванні Новага года, аб тым, каб у гонар гэтага свята «ўчыняць» аздабленні з елак, забаўляць дзяцей ды катаць іх на санках з гор...

У выніку прыгожае атрымалася свята — са сваімі марамі і надзеямі, з яскравымі ўспамінамі.

У нашай вёсцы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яшчэ была свая прыгожая пачатковая школка. У трох класах яе займалася каля дваццаці  вучняў. Там жа быў цэнтр культурнага жыцця: дарослыя збіраліся на сходы, лекцыі і канцэрты мастацкай самадзейнасці, глядзелі кінафільмы, а на Новы год вучняў і ўсю вясковую малечу чакала ёлка, вакол якой скакалі «зайчыкі» і «лісы», кружыліся «сняжынкі».

Тым разам маю найлепшую сяброўку ў шыкоўнай марлевай сукенцы і кароне, бліскучай ад наклеенага тоўчанага шкла, абралі Снягуркай. Было чым ганарыцца: задраўшы нос, яна круцілася каля Дзеда Мароза... Той, дзядзька Павел, хораша іграў на баяне, школьнікі перад бацькамі і дашкалятамі вадзілі карагоды, спявалі, чыталі вершыкі і, як водзіцца, атрымлівалі салодкія гасцінцы з дзедавага мяшка.

Пад канец свята настаўніца Ніна Васілеўна запрасіла да ёлкі і самых маленькіх. Яны пад бадзёрыя гукі баяна старанна расказвалі вершыкі пра зіму, пра ёлку ды зайку і, шчаслівыя, з цукеркамі ў кішэньках ішлі да бацькоў... Усім было цікава і весела!

Аднак далей нешта пайшло не так. Карапуз Васілёк раптам выдаў: «Дзед Мароз, чырвоны нос, не хадзі на горку, не куры ты папярос, а куры махорку!» і сарваў такія апладысменты, што яго прыклад натхніў... Снягурку. Тая рашуча пакіравала да ёлкі і на вясковай трасянцы звонка заспявала: «А курыца і пятух уваліліся ў катух. Стыдна стала петуху, што курыца навярху».

Дзед Мароз, пачуўшы гэта, ад неспадзеўкі рыпнуў мяхамі баяна, Ніна Васілеўна, як бурак, зачырванелася, усе дарослыя сталі душыцца рогатам.

Мы ж, дзеці, у гэтых выступленнях анічога такога не ўбачылі. Нам было проста радасна!

...І тады, і шмат гадоў пасля, пакуль у нас стаяла трохкласная і такая класная школа, пакуль было каму прыбірацца ў сняжынак і зайчыкаў ды кружыцца вакол навагодняй ёлкі.

Т. Р., г. Наваполацк.


Думаеш адно

А яно перавернецца на дно

Праўду кажуць: што жывеш, то вучышся. І нават будзеш вучыцца, пакуль смерць налучыцца. Не ведаю, пра вас гэта ці не, пра мяне — дакладна... А зрэшты, мяркуйце самі.

Еду я, значыць, у Віцебск, у горад, дзе некалі нарадзілася, дзе вучылася, дзе першы раз закахалася... Еду, усё ўспамінаю ды сама сабе ўсміхаюся.

— А вы гэта з чаго? — пытае ў мяне досыць прыгожая дзяўчына, што сядзіць насупраць.

— Ды рада, — кажу, — сустрэчы з горадам. Я — віцебская...

— І я, — усміхаецца дзяўчына. — Мяне Надзяй завуць... Да брата еду. Ён кватэру атрымаў. Улазіны спраўляе.

— Гэта добра, — кажу. — Мы таксама некалі «спраўлялі». Праўда, у бараках, зямлянках... Горад у вайну быў амаль што знішчаны...

Надзея слухае мяне ўважліва, нават зацікаўлена, як быццам... Але ж варта спытаць у яе, віцебскай, пра нейкія будынкі-мясціны, — маўчыць, як рыба: анічога не ведае.

Такім чынам жаданне размаўляць з ёй у мяне знікае, я разгортваю кнігу.

...За чытвом, незаўважна, мы пад'язджаем да горада. Я гляджу ў акно, хвалююся.

— Вас будуць сустракаць? — пытае раптам Надзя.

— Не, — кажу. — Я да свацці еду, а яна — жанчына ў гадах... Сустрэць не зможа. Я нават не казала ёй пра свой візіт.

— А па мяне — брат павінен прыехаць! — хваліцца Надзея. — У яго машына свая. Калі хочаце, можам і вас падвезці.

Адмаўляцца, як быццам, не выпадае, тым больш што нам па дарозе. Я называю патрэбную вуліцу, вядомую ў Віцебску ўсім (можа, нават сабакам), але зусім... невядомую Надзі — і зноў нічога не разумею.

А таму, ужо на пад'ездзе да месца, шчыра дзякуючы за аказаную паслугу і выходзячы з машыны, усё ж пытаюся ў Надзі, чаму яна, віцебская, так не ведае гэты горад?

Дзяўчына міла ўсміхаецца, чырванее і прызнаецца:

— Ды я толькі другі раз тут... У мяне прозвішча такое — Віцебская.

Я ва ўсе вочы гляджу на дзяўчыну, яна — на мяне, і мы разам пачынаем смяяцца.

Надзін брат, мала што разумеючы, назірае на нас, потым круціць пальцам ля скроні і цісне на газ. Машына знікае ў патоку іншых. Услед ёй я махаю рукой і думаю, як жа гэта няправільна — меркаваць пра чалавека (а тым больш рабіць высновы) з аднаго толькі першага погляду! Трэба — абавязкова — паглядзець другі раз.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар


Ад яе ж. Як здагадаўся той, хто чытае нашу газету не першы месяц, з гэтай падборкі распачынаецца чарговы конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды».

Вынікі папярэдняга пакуль падводзяцца і будуць абвешчаны ў самым хуткім часе. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — напружана працуе. Прызы пераможцам таксама рыхтуюцца.

Што застаецца чытачам? Ну вядома ж, чытаць (прабачце за паўтор) і пісаць, бо, як прызнаў нехта з класікаў, смеху баіцца нават той, хто не баіцца нічога. І, зноў жа, менавіта ім, смехам, выпраўляюцца норавы...

Калі жыць, то з надзеяй. Яшчэ і на гэта.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.