Вы тут

На адмоўных нівах


Сёлета прэстыжная расійская літаратурная прэмія Андрэя Белага (лаўрэатамі якой у розныя гады былі такія творцы, як Віктар Пялевін, Генадзь Айгі, Андрэй Бітаў, Эдуард Лімонаў і інш.) адзначылася адразу некалькімі выбітнымі момантамі розных ступеней гучнасці і важнасці. Бясспрэчна, найбольш гучнай аказалася сітуацыя, якая разгарнулася вакол перамогі ў намінацыі «Літаратурныя праекты» ініцыятывы «Ф-пісьмо» і яе адмовы ад прэміі. Важнай жа для беларускага кантэксту, як ужо згадвалася ў «ЛіМе», стала перамога ў намінацыі «Паэзія» беларускай пісьменніцы Тані Скарынкінай.


Прычыны, па якіх увосень 2020-га постаць аўтаркі з Беларусі раптам набывае актуальнасць у расійскай інтэлігенцкай прасторы, верагодна, даволі канкрэтныя. І ці гэта ўсё не нагода засяродзіцца на творчым метадзе асобнага паэта, каб паспрабаваць зразумець, дзякуючы якім рысам атрымалася зацікавіць рускі літпрацэс беларускай паэтыкай. Больш засяродзіцца не на кампазіцыйна-межтэкставых сувязях, а на лакальна-ўнутрытэкставых працэсах, аналіз правесці ўласна не на матэрыяле кнігі-пераможцы прэміі, а на базе тэкстаў, якія былі надрукаваны на мяжы лета і восені 2020-га ў рускіх сеткавых выданнях «Полутона» і «Формаслов».

Першая рэакцыя, якую могуць выклікаць вершы Тані Скарынкінай у непадрыхтаванага чытача: «Божухна, да гэта  ж нейкая непрафесійная лухта!» І адносна такой адзнакі ў інтэрнэце існуе гатовая англамоўная мемная канструкцыя-адказ: «Well yes, but actually no». Нават калі апусціць фактар неадпаведнасці нормам канвенцыянальнай сілаба-танічнасці (уявім сабе на імгненне, што мы ўсё ж такі ў прагрэсіўным верлібр-фрэндлі літпрацэсе існуем), застаецца сапраўды прорва прычын узрушыцца прачытаным: дзіцячая непасрэднасць, сюжэтная інваліднасць (ампутаванасць канцовак), карысна-сэнсавая недастатковасць, інфармацыйная забруджанасць размоўнага характару і г. д. Але з часам ва ўсіх, з першага погляду, хібах пачынаюць праступаць контуры сістэмы, а дзе ёсць асэнсаваная сістэма, там колішняя недарэчнасць пачынае ператварацца ў прыём.

Адзін з ключоў да разумення паэтыкі Скарынкінай — гэта пошук вербальнага вузла, у якім скрыжоўваюцца творчасць абэрыутаў і канцэптуалістаў. Але дзякуючы дзіцячай оптыцы атрымліваецца цікавая рэч: абсурд першых і механічная адчужанасць другіх праходзяць праз прызму сваеасаблівай метаіроніі і такім чынам фільтруюцца ў сур’ёзную карціну. На ўзроўні асобных моўных адзінак вершы паэткі падаюцца гульнёй, але ў дзіцячай свядомасці няма падзелу паміж гульнёй і сур’ёзнасцю. Там яны існуюць у першапачаткова-сінкрэтычным стане, таму ў такой гульні прагледжваецца выключна мінус-форма: флэшфорвард-водгалас яшчэ не разарванай несінкрэтычнасці.

Своеасаблівым чынам у вершах прачытваецца паэтычная і светаадчувальная «нармальнасць». Працуе яна на ўзроўні пабудовы сюжэтаў: гэта або канцоўкі, якія вядуць у нікуды, або цэлыя вершы, якія быццам бы выдраны з нейкіх вялікіх гісторый і таму не маюць ні пачатку, ні канца і ўвогуле быццам бы «ні пра што». Гэта нечым нагадвае асобныя прыклады еўрапейскага кінематографа, дзе акцэнт робіцца не на нейкіх звышвыпадках, якія сцэнарнай рукою кагосьці кудысьці рухаюць, а на быцці як такім. Вось, напрыклад, характэрны для такой пераакцэнтоўкі верш «Странный»:

«В маленьком городе

на пяти улицах

странному туго приходится

некуда даже свернуть

а по-нашему збочыць

если очень захочется

разве что ночью

трудно быть странным

в маленьком месте друзья

практически даже нельзя

если строго судя

Іншы верш засяродзіўся б на развіцці другой страфы, на разнастайных апісаннях тужлівага быцця «дзіўнага» чалавека, але замест гэтага апошняя страфа наўпрост паўтарае сэнс першай, ды яшчэ і ўзмацняе яго пэўнай праслойкай рытарычнай упартасці за кошт інфармацыйназабруджаных апошніх двух радкоў. Гэтым самым аўтарка робіць пераакцэнтоўку з паэтычнай праблематыкі на сутнасную: важна не «як» — важна «што». Гэта таксама нешта кшталту мінус-формы: праз пэўны прыём агаляецца некаторая адмоўная плоскасць верша, то-бок звычайная яго плоскасць выкручваецца навыварат (тут — праз лексіка-семантычную «лішнясць» ход верша фіксуецца не на развіцці праблемы, а на яе канстатацыі).

Трапяткія адносіны паэткі да адмоўных паэтычных тактык заводзяць яе стылёвую атруту і ў поле цалкам сцвярджальнай афарыстыкі. Напрыклад, верш «Обычная история», які з пункту гледжання дарослага і навукова дасведчанага чалавека сканструяваны быццам бы алагічна, ва ўмовах дзіцячага недасведчанага недалагізаванага розуму гучыць па-наіўнаму прымальна, з мажлівасцю штучнага думкавага даўнгрэйду-мадэлявання:

Так и живу

лицом наружу

ушами в стороны

смешно

что затылком я ничего не вижу

а ушами всё вокруг себя слышу

хоть они и с боков.

І ўсё гэта дае заўважыць адну агульную для вершаў Скарынкінай рысу, сугучную сённяшнім пошукам у рускай паэзіі. Тэксты паэткі працуюць з так званымі мастацкімі лакунамі — тымі «чорнымі дзіркамі», само існаванне якіх зачапіць вокам нельга — толькі зафіксаваць скрыўленні прасторы вакол іх. Маска ж дзіцяці, да якой аўтарка час ад часу прыбягае, канцэптуальным чынам падмацоўвае тую творчую стратэгію, якая была абрана для працы з  лакунамі. Застаецца спадзявацца, што і  ў  беларускамоўнай зоне беларускай паэзіі будзе больш актыўных спроб засваення гэтых адмоўных ніў.

Аліна БЛІМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.