Вы тут

«Вучоным года НАН Беларусі — 2020» стаў хімік


Гэта званне было прысвоена загадчыку аддзела Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН, доктару хімічных навук, прафесару, акадэміку Уладзіміру АГАБЕКАВУ.


 lesgazeta.by

Вучоны быў узнагароджаны за значны асабісты ўклад у развіццё навуковых даследаванняў і стварэнне перспектыўных навукаёмістых распрацовак у галіне малатанажнай хіміі, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дасягненні ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Уладзімір Агабекаў дасягнуў у 2020 годзе значных навуковых вынікаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны нанакаталізатары новага пакалення для сінтэзу злучэнняў, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю, у адпаведнасці з крытэрыямі зялёнай хіміі (нізкая тэмпература рэакцыі, адсутнасць растваральнікаў, выкарыстанне прыроднай сыравіны).

Упершыню на аснове пекцінаў створаны новыя біясумяшчальныя порыстыя матэрыялы з зададзенымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі, перспектыўныя ў якасці матрыкса для трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак.

Акрамя таго, створаны нанакаталізатары глыбокай гідратэрмічнай перапрацоўкі сумесі рэшткавай нафтавай, альтэрнатыўнай і аднаўляльнай расліннай сыравіны для павелічэння глыбіні перапрацоўкі нафты. Па распрацоўцы Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН у ААТ «СветлагорскХімвалакно» была створана доследна-прамысловая ўстаноўка сінтэзу браміраванага валакна «Арселон», выраблена і рэалізавана 42 тоны мадыфікаванай арселонавай прадукцыі.

Уладзімір Агабекаў — вядомы ў Беларусі і за мяжой вучоны ў галіне малатанажнай хіміі, аўтар больш як тысячы навуковых работ, у тым ліку пяці манаграфій, 170 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Больш за 20 гадоў ён нязменна ўзначальваў Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН. Дасягненні, за якія Уладзімір Агабекаў быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і прэміямі, заключаюцца ў вырашэнні фундаментальных і прыкладных праблем па стварэнні новых відаў матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэння. Сярод напрамкаў яго навуковых даследаванняў — аднаўляльныя крыніцы энергіі, мясцовыя і другасныя энергарэсурсы, новыя шматфункцыянальныя матэрыялы, спецыяльныя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі, оптаэлектроніка і аптычныя сістэмы, вытворчасць новых хімічных прадуктаў, нанатэхналогіі, устойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і ахова навакольнага асяроддзя. Сёння пад яго кіраўніцтвам праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў, ствараюцца навукаёмістыя матэрыялы, кампаненты, хімічныя прадукты і перспектыўныя тэхналогіі.

Заслугі акадэміка атрымалі шырокае прызнанне. У ліку яго ўзнагарод — прэміі НАН Беларусі 2005 года, 2015, 2017 гадоў за цыклы навуковых работ. Акадэмік узнагароджаны ордэнам Пашаны (2015 г.), медалём Францыска Скарыны (2000 г.), ганаровай граматай Савета Міністраў (2007 г.).

Званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» прысуджаецца штогод. Мэта конкурсу — выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых вучоных Акадэміі навук, азнаямленне навуковай грамадскасці з найбольш значнымі дасягненнямі вучоных, умацаванне іміджу НАН Беларусі. Мяркуецца, што конкурс будзе стымуляваць творчую актыўнасць, спрыяць павышэнню прэстыжу навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, выніковасці навуковай працы і інавацыйнай дзейнасці, развіццю навуковых школ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.