Вы тут

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі


Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася. У БССР, як і ў іншыя савецкія рэспублікі, пачала прасочвацца разнастайная інфармацыя пра жыццё ў капіталістычных краінах. Гэтыя звесткі, якія мелі фрагментарны характар, усяляк скажаліся і дыскрэдытаваліся партыйнай прапагандысцкай машынай. Тым не менш, у часы «хрушчоўскай адлігі» вобраз Захаду ў масавай свядомасці жыхароў Савецкай Беларусі складваўся ўжо не толькі пад уплывам афіцыйных каналаў інфармацыі, але таксама і пад уздзеяннем замежнага кіно, кніг, часопісаў, заходніх радыёстанцый, а таксама непасрэдных кантактаў з замежнікамі на першых замежных выстаўках і ў турпаездках. Паволі жыхары БССР, перш за ўсё мінчукі, змянялі манеру мыслення і спосаб жыцця. Яны пераймалі ў Захаду каштоўнасці і штодзённыя практыкі, у тым ліку ў сферах спажывання, адпачынку, моды, паводзін.


Штаны-«дудачкі» і гальштук-«селядзец»

Найбольш адкрыта, дэманстратыўна да заходняй культуры апелявалі прадстаўнікі першай савецкай маладзёжнай субкультуры — стылягі, якія з'явілася ў канцы 1940-х у асяроддзі дзяцей тагачаснай маскоўскай эліты. Апагей папулярнасці стыляжніцтва прыпаў на 1950-я. Прыхільнікі субкультуры, не жадаючы быць падобнымі на сваіх бацькоў, спрабавалі вонкава пераймаць стыль паводзін і светапогляд амерыканскай моладзі (адсюль іх саманазва — «штатнікі»). Але праз абмежаванасць інфармацыі аб жыцці ў ЗША яны на самай справе стваралі ўласны свет, далёкі ад рэалій Амерыкі і Заходняй Еўропы.

Сацыяльнай базай стыляжніцтва было студэнцтва. Паводле Маі Абрамаўны Крывашэевай, якая ў першай палове 1950-х з'яўлялася намеснікам старшыні праўлення клуба БДУ, першымі беларускімі стылягамі былі студэнты ўніверсітэта, якія мелі сваякоў і сяброў у Маскве. З яе слоў, «таленавітыя хлопцы», якіх называлі яшчэ «касмапалітамі», з'явіліся пасрэднікамі пераносу з Масквы новай субкультуры, уключылі яе ў беларускі кантэкст.

Першых студэнтаў-стыляг, якія з'явіліся ў Мінску ў 1953 годзе, можна было пазнаць перш за ўсё па незвычайным тады адзенні — штанах-«дудачках», пінжаках у клетку з шырокімі плячыма і вузкім гальштукам-«селядцом». Запатрабаваныя ў іх былі світары з аленямі, якія насілі героі фільмаў «Серэнада Сонечнай даліны» і «Дзяўчына маёй мары». Улетку былі папулярныя яркія кашулі ў гавайскім стылі. У якасці абутку ў асяроддзі стыляг віталіся туфлі на тоўстай белай каўчукавай падэшве (так званая манная каша). Вылучала моднікаў у натоўпе і альтэрнатыўная прычоска. У той час як «афіцыйна прынятымі» мужчынскімі фрызурамі лічылі «бокс» і «паўбокс» з выгаленай патыліцай, стылягі адрошчвалі доўгія валасы «пад Тарзана», узбіваючы на галаве «кок». Вобраз дапаўнялі прадметы раскошы — трафейная запальніца ці рэдкая ў той час аўтаручка. У 1960 годзе сапраўднай славутасцю Мінска быў стыляга, які насіў завушніцу.

Афіцыйная прапаганда паказвала стыляг распешчанымі дзецьмі заможных, высокапастаўленых бацькоў. Гэта адпавядала рэчаіснасці толькі часткова і на першапачатковым этапе. Напрыклад, у 1956 годзе аб'ектамі крытыкі сталі лідары стыляг — студэнты Беларускага політэхнічнага інстытута: сын намесніка міністра ўнутраных спраў БССР Уладзімір Цімашэнка і сын адказнага работніка Дзяржплана БССР Алім Чарнышоў. Акрамя адзявання ў адпаведныя касцюмы, адрошчвання вусікаў і ўжывання блатнога жаргону ім ставілі ў віну захапленне «рэстараннымі, замежнымі мелодыямі». Аматарамі джаза былі таксама сын намесніка Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту па Мінскай вобласці Уладзімір Цітовіч і сын дацэнта Беларускага лесатэхнічнага інстытута Леанід Пятруша. У лютым 1957 года яны былі заўважаны ў кампаніі «стыльна апранутага» кіяўляніна ў нумары гасцініцы Мінскага аэрапорта, прычым раніцай з іх нумара выйшла маладая жанчына.

Падобнае публічнае ганьбаванне стыляг, да таго ж з указаннем месца работы іх бацькоў, адгукалася ў значнай часткі беларускай моладзі, якая не магла дазволіць сабе весці падобны спосаб жыцця. Многіх абураў «стыль» не з прычыны яго нейкіх эстэтычных хібаў, а з-за адсутнасці магчымасці набыць моднае адзенне. Напрыклад, абурэнне паводзінамі стыляг студэнты Мазырскага педінстытута Міхаіл Цімошчанка і Мікалай Казачэнка растлумачылі так: «...бо многія жывуць толькі на стыпендыю і знаходзяцца на прыватных кватэрах, дзе няма нават прасаў».

У Дзісне адбылася панажоўшчына пасля таго, як ленінградскі стыляга прапанаваў гарманісту выканаць свінгавы танец «лінда»

Сталічныя жыхары былі прыкладам для перыферыі, якая бачыла ў іх заканадаўцаў мод і густаў. Летам 1954 года аршанскі карэспандэнт газеты «Сталинская молодежь» паведамляў пра тое, як на танцпляцоўках горада «пад гукі сумнага танга дрыгаюць нагамі расфранчаныя стылягі». Тады ж жыхары г. Дзісна Мёрскага раёна насцярожана назіралі за незвычайнымі манерамі апранутага ў шырокі пінжак, «дудачкі» і лакавыя чаравікі васямнаццацігадовага ленінградца Эдуарда Вайніка, які прыехаў у госці да сваякоў. Гэта насцярожанасць перарасла ў бойку з панажоўшчынай — пасля таго як ленінградскі стыляга прапанаваў мясцоваму гарманісту выканаць свінгавы танец «лінда». Перанос новай субкультуры ў Маладзечна здзейсніла Алена Шкода, якая навучалася ў Львоўскім універсітэце. Да канца 1956 года страката апранутыя маладзёны прыцягвалі да сябе ўвагу мінакоў на вуліцах Гродна, Брэста, Гомеля, Полацка, Пінска і іншых беларускіх гарадоў.

Для дзяўчыны, каб быць залічанай у катэгорыю стыляг, было дастаткова ярка нафарбавацца і зрабіць прычоску «бабета», як у сэкс-сімвала Францыі Брыджыт Бардо ў фільме «Бабета ідзе на вайну». Асаблівым шыкам лічыліся вузкія, яркіх колераў спадніцы, якія шчыльна аблягалі сцёгны. У 1955 годзе, падчас адпачынку на Рыжскім узмор'і, першую ў сваім жыцці жанчыну-стылягу ўбачыла Эдзі Агняцвет. Ёю аказалася знаёмая паэткі — мінчанка Тоня К., «яшчэ зусім нядаўна сціплая жанчына з каштанавымі валасамі, укладзенымі на галаве вянцом». Вось як апісала Агняцвет метамарфозу, што адбылося са спадарыняй Тоняй: «На пышных валасах, ярка афарбаваных пірагідролам, замест шляпкі ўзвышаўся саламяны чаравік ядавіта-зялёнага колеру. Фіялетавая спадніца, карацей якой не прыдумаць, блакітны жакет і неймавернага фасону басаножкі, у руках вялізная бліскучая сумка і пальчаткі, хоць быў цёплы летні дзень».

Зборны вобраз стылягі вельмі ўмоўны. Існавала тонкая праслойка экіпіраванай па апошняй модзе «эліты» і асноўная маса пераймальнікаў, якія перашывалі і перакройвалі старыя замежныя альбо сучасныя рэчы савецкай вытворчасці. Напрыклад, віцебскія стылягі-саматужнікі, сярод якіх ужо сустракаліся маладыя рабочыя, куплялі ў краме дзіцячых тавараў рознакаляровыя шкарпэткі і расцягвалі адмысловым чынам да неабходнага памеру. У любым выпадку моднае адзенне выконвала ролю знака, які адрозніваў «сваіх» ад «чужых». Для людзей сталага веку гардэроб стыляг выглядаў дзікім спалучэннем фасонаў і колераў. Але ўнутры субкультуры ўсё было ўпарадкавана, для яе прадстаўнікоў нават дробныя дэталі мелі пэўнае значэнне.

Стыляжніцтва кідала выклік cталінскаму пурытанізму, уніфікацыі нораваў і густаў, што ўспрымалася значнай часткай грамадства варожа. Скандальнымі былі з'яўленні на вуліцах беларускіх гарадоў першых дзяўчат у штанах. Яны сутыкаліся не толькі з архаічнымі густамі, але і з мужчынскім шавінізмам. Усё гэта давялося адчуць на сабе выпускніцы Ленінградскага хіміка-тэхналагічнага інстытута Зоі Кузняцовай адразу па прыбыцці па размеркаванні на Магілёўскую фабрыку штучнага шоўку імя Куйбышава. Ужо на першым шпацыры па горадзе яе абразіла і асвістала мясцовая шпана, пасля чаго Кузняцова была дастаўлена камсамольскім патрулём у штаб. Допыт маладога інжынера, які праводзілі маёр міліцыі Нагоркін і сакратар камсамольскай арганізацыі Магілёўскага педінстытута Дукель, таксама суправаджаўся абразамі («стыляжка») і рогатам («а што калі б я надзеў спадніцу?»). Праваліцца скрозь тратуар ад нахабных позіркаў мінакоў была гатовая мінская студэнтка Нэла
Каўрыга, якая надзела штаны. А жыхарка г. п. Івацэвічы Ліванская за падобны «стыляжны ўчынак» зрабілася гераіняй сатырычнай насценгазеты.

Мужчын у шортах не абслугоўвалі ў крамах, у сталовых, у цырульнях

Настроі апісваемага часу добра ілюструе стаўленне да такога элемента адзення, як шорты. Па распараджэнні мясцовых улад мужчын у шортах не абслугоўвалі ў крамах, у сталовых, у цырульнях. Убачыўшы на вуліцы чалавека ў шортах, міліцыя магла спыніць яго і запатрабаваць, каб парушальнік грамадскага спакою пераапрануўся. Працоўныя сцвярджалі, што падобнае адзенне абражае іх маральныя пачуцці. Адным з першых у Беларусі шорты ў спалучэнні з гавайскай кашуляй і сандалямі на босую нагу летам 1961 года апрануў работнік Мінскага радыёзавода Эрнст Пенс. Нягледзячы на рэгулярныя затрыманні міліцыяй і дружыннікамі, а таксама праборкі на камсамольскіх сходах, Пенс з'яўляўся на вуліцах сталіцы ў забароненым выглядзе зноў і зноў.

Модныя аксесуары накшталт сонцаахоўных акуляраў мадэлі «кацінае вока» выклікалі ў абаронцаў маральных асноў незадавальненне не меншае, чым моднае адзенне. Вось як карэспандэнт часопіса «Вожык» растлумачыў цалкам натуральнае жаданне беларускай дзяўчыны зрабіцца падобнай на галівудскіх зорак: «Яна цяпер у чорных акулярах, з завіўкай, у лакавых туфліках з абцасамі на цэлую пядзю.... Чорныя акуляры яна носіць не ад сонца — ёй сорамна глядзець людзям у вочы».

Насцярожана-варожае стаўленне грамадства да стыляг падагравалася прэсай, у тым ліку з дапамогай мастацкага слова. Дзіцячая пісьменніца Алена Філімонава-Кобец параўноўвала тых з мухаморамі, а «сапраўдную» савецкую моладзь — з баравікамі:

Рос у лесе пад сасонкай

Мухамор на ножцы тонкай.

У чырвоным капялюшы

Ледзь насунутым на вушы.

З раскалмачанай чупрынай

Ды з бялюткай пелярынай.

І ўжо так ён ганарыўся,

Што й з грыбамі не вадзіўся.

(Хто тут роўны Мухамору!)

І, задраўшы нос угору,

Выхваляўся балбатун:

— Я разумнік! Прыгажун!

Хай крычаць, што я стыляга.

Не звяртаю я ўвагі.

«Рэзалі «дудачкі» і будзем рэзаць»

Да канца 1956 года стылягі, а дакладней, іх колькасць пачала сур'ёзна непакоіць камсамольскае кіраўніцтва рэспублікі. Адэпты новай субкультуры парушалі каноны прадпісаных сацыяльных паводзін, прапагандавалі ўласнымі паводзінамі і знешнім выглядам чужы спосаб жыцця. Таму з імі было вырашана змагацца, пакуль пераважна з дапамогай выхавання. З мэтай педагагічнага ўздзеяння на моладзь у газеце «Знамя юности» была распачата дыскусія «Размова пра густы, стыль і «стыляг». Тон дыскусіі задалі першыя надрукаваныя лісты чытачоў, дзе аматараў «кокаў», шырокіх пінжакоў і штаноў-»дудачак» прыраўнялі да дармаедаў, п'яніц і хуліганаў. Спроба групы студэнтаў на чале з Міхаілам Заборавым (братам славутага мастака) выступіць у абарону стыляг («яны ж савецкія людзі, якім проста падабаецца моднае адзенне, музыка, танцы») патанула ў хоры ахоўнікаў савецкай маралі. Іх агульную думку выказаў слесар кавальскага цэха МТЗ Валерый Купрыянаў: «Рэзалі «дудачкі» і будзем рэзаць... за ганебныя паводзіны і напышлівае стаўленне да навакольных».

З мэтай педагагічнага ўздзеяння ў 1956 г. у газеце «Знамя юности» з'явілася рубрыка «Як трэба адзявацца». Эпатажна апранутыя маладзёны зрабіліся пастаяннай тэмай карыкатурыстаў часопіса «Вожык». На пасяджэннях арганізаванага Мінскім гаркамам камсамола «Клуба дапытлівых» мадэльеры тлумачылі, што адзявацца трэба прыгожа, з густам і сціпла. Лекцыя «Паразмаўляем пра густы» з наступнай дэманстрацыяй «правільнага» адзення стала абавязковым пунктам плана работы райкамаў ЛКСМБ.

Неўзабаве «рабы ануч» зрабіліся прадметам абмеркавання на вышэйшым камсамольскім форуме рэспублікі. Выступаючы ў студзені 1962 г. на ХХІІ з'ездзе ЛКСМБ, рэдактар «Знамени юности» Аляксандр Зінін, у прыватнасці, адзначыў: «Таварышы, мне здаецца, што мы недаацэньваем шкоду, якую наносяць нам так званыя стылягі, вельмі паблажліва адносімся да іх далёка не бяскрыўдных дзівацтваў. Гэтая «залатая» моладзь не толькі псуе моду, яна нізкапаклоннічае перад іншаземцамі, ганьбіць гордае імя савецкага чалавека». У канцы свайго выступлення Зінін прапанаваў адпраўляць тых, хто прагне «прыгожага жыцця», у штанах-«дудачках» вазіць торф ці будаваць дарогі. Яго падтрымаў сакратар камітэта камсамола Беларускага радыёкамітэта Генадзь Бураўкін, які выказаўся супраць тых маладых пісьменікаў, якія «...праяўляюць хваравітую цікавасць да расчараваных дзімкаў, якія валяюцца на пляжах у «звышмодных» плаўках».

З «расчараванымі дзімкамі» імкнуліся змагацца таксама з дапамогай адміністрацыйных мер. На стыляг ладзіліся аблавы. Спачатку актывісты іх выводзілі з вечарын і танцпляцовак. Але паколькі стыляжніцтва не згасала, а наадварот — пашыралася, з ім пачалі змагацца больш жорстка. Брыгадмілы (грамадскія памочнікі міліцыі) распорвалі празмерна вузкія штаны, зрывалі стракатыя гальштукі, стрыглі валасы. За стыляжніцтва таксама маглі выключыць з камсамола і з навучальнай установы.

Ад усіх гэтых выхаваўча-рэпрэсіўных мер было мала карысці. Ва ўмовах незадаволеных інтэлектуальна-эстэтычных патрэбнасцяў цэлага пакалення яны толькі распальвалі інтарэс да «забароненага плоду». У маладзёжным асяроддзі стала прэстыжна быць моднымі. Многія маладыя людзі трацілі значную частку свайго вольнага часу і грошай на пошук стыльнага замежнага адзення, любымі спосабамі «даставалі» яго, у тым ліку з дапамогай фарцоўшчыкаў. Гэта былі праявы новай масавай сацыяльнай з'явы.

«Сустракаюцца пары, якія не танцуюць, а канвульсіўна паторгваюць нагамі, рукамі, усім целам пад гукі «бугі-вугі»

Акрамя адзення, важнай прыкметай стылягі былі яго музычна-танцавальныя прыхільнасці. Прасунутая моладзь Беларусі другой паловы 1950-х слухала замежную, перш за ўсё амерыканскую, джазавую музыку. Яе кумірамі былі свінгавыя аркестры Дзюка Элінгтана і Бэні Гудмена. Пасля паказу на беларускіх экранах карціны «Серэнада Сонечнай даліны» культавай сярод стыляг стала песня «Цягнік на Чатанугу» (альбо проста «Чу-ча») з рэпертуару аркестра Глена Мілера. Да пачатку 1960-х гг. заходняя мода змянілася — замест свінгавых аркестраў прыйшлі выканаўцы рок-н-рольных кампазіцый Элвіс Прэслі, Чак Бэры і Літл Рычард.

Менавіта ад стыляг пайшла традыцыя падпольнага гуказапісу, якая атрымала ў народзе назву «музыкі на костках», «музыкі на рэбрах» або «шкілет маёй бабулі». Падобныя пласцінкі нелегальна наразалі на рэнтгенаўскіх здымках работнікі адкрытага ў 1955 года на прамкамбінаце Сталінскага раёна Мінска першага ў Беларусі цэха па вытворчасці грампласцінак. Якасць запісаў была, як правіла, жудасная, а каштавалі яны значна даражэй, чым легальная прадукцыя камбіната. Тым не менш, попыт на іх захоўваўся да канца 1950-х — пачатку 1960-х гг., калі магнітафоны зрабіліся часткай штодзённага жыцця савецкіх людзей.

Дзякуючы стылягам вялікую папулярнасць на танцпляцоўках БССР атрымалі такія танцы, як «бугі-вугі», затым «рок-н-рол» і «твіст». У Мінску іх выконвалі, «каб рабіць касу» на верандах у парку імя Горкага, парку імя Чалюскінцаў, Палацы культуры прафсаюзаў. Сучасніца так апісвае звычайны вечар 1957 года на танцпляцоўцы ў парку імя Горкага: «Што там робіцца! Гэта ж не танцы, а таўкучка. Сустракаюцца пары, якія не танцуюць, а канвульсіўна паторгваюць нагамі, рукамі, усім целам... пад гукі «бугі-вугі». Акрамя энергічных «бугі» і «рока», вестэрнізаваная моладзь дэманстравала асаблівы стыль павольных танцаў, што таксама выклікала незадаволенасць музычных патрулёў: «На верандах, у парках і клубах... юнакі і дзяўчаты, прытуліўшыся ўшчыльную адно да аднаго, ледзь перастаўляюць ногі, не звяртаючы ніякай увагі на музыку. Ім усё роўна, што іграе аркестр — вальс, танга, факстрот або польку. Дружыннікі, заўважыўшы такую пару, звычайна папярэджваюць яе, а то і проста выводзяць». У 1963 годзе нечакана для ахоўнікаў сацыялістычнай маралі мінскія танцпляцоўкі накрыла хваля твіста, які выглядаў як «расціранне на падлозе падэшвамі неіснуючых недакуркаў».

Прыхільнікаў твіста чакалі шматлікія пераломы костак і разрывы звязак

Не саступалі ў танцавальна-музычных інавацыях мінчанам іх аднагодкі ў абласных гарадах. Напрыклад, у Гомелі стыльная моладзь перыядычна рабіла налёты на танцпляцоўку Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага. Сучаснік так апісвае адзін з падобных налётаў, здзейснены ў 1960 годзе: «У імклівым вальсе кружацца пары, льюцца чароўныя гукі — пявучыя і меладычныя. І раптам замест гэтай музыкі з дынаміка вылятаюць нейкія віскі, рэжуць слых. Невялікая група танцуючых пачынае выгінацца, тузацца. Глядзіш на іх і думаеш: — Ці не параліч разбіў гора-танцораў?». Адміністрацыя Віцебскага парку культуры і адпачынку імя Фрунзэ выводзіла з танцпляцоўкі стыляг з віхлястай хадой, не ўступаючы ў дыскусію.

Тагачасная прэса не шкадавала эпітэтаў для дыскрэдытацыі модных танцаў — іх называлі «непрыстойнымі крыўляннямі», «скокамі дзікуноў», «сутаргамі сектантаў». Для ўзмацнення выхаваўчага эфекту захапленне моднымі заходнімі танцамі звязвалася з п'янствам, амаральнымі і хуліганскімі ўчынкамі. У 1956 годзе героямі аднаго з падобных выхаваўчых артыкулаў зрабіўся аматар стыльных танцаў 18-гадовы слесар прадпрыемства «Вадаканал» Мікалай, які «...збіў культмасавіка парку імя Чалюскінцаў» пасля таго, як той выклікаў на яго і яго партнёршу міліцыю. Студэнты Пінскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума заўважылі, што іх аднакурснікі — аматары стыльных танцаў «...адасобіліся, пачалі жыць уласным мірком, дрэнна вучыцца». Па словах начальніка палітупраўлення Беларускай вайсковай акругі генерал-лейтэнанта Начынкіна, праходзячы ў 1959 годзе тэрміновую службу ў в/ч 11793, «стыляга № 1 горада Баку» Анатоль Раеўскі «...спрабуючы культываваць амерыканскія і заходнееўрапейскія танцы, выказваў хваравітыя, не ўласцівыя савецкай моладзі погляды на жыццё».

Калі «рок-н-рол» афіцыйна ганьбіўся як танец «эратычны, вульгарны паводле ўласнай прыроды, які прыніжае жаночую годнасць», то прыхільнікаў твіста чакалі «шматлікія пераломы костак, разрывы звязак і іншыя цяжкія калецтвы». З мэтай змагання з «прыніжаючымі годнасць чалавека» «рок-н-ролам» і твістам у 1963 годзе рэдакцыя перадач для дзяцей і юнацтва Мінскай студыі тэлебачання распачала цыкл перадач пад назвай «Запрашэнне на танец». Яны знаёмілі з новымі танцамі сацыялістычных краін: усходненямецкім «ліпсі», кубінскім «дружба» і іншымі. У наступным годзе ў Віцебску адкрыўся гарадскі клуб аматараў музыкі, дзе чыталіся лекцыі і праводзіліся размовы аб класічнай і тагачаснай савецкай эстраднай музыцы.

Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні ідэолагаў, даць рады ўсюды пранікаючай заходняй музычнай культуры не атрымлівалася. Краязнавец і публіцыст Віктар Саяпін так апісваў тагачасную маладзёжную танцавальную культуру Гродна: «Другая палова 1950-х і амаль уся першая палова 1960-х прайшлі пад знакам джаза і рок-н-рола. Пад радыёлу і рэдкія тады заходнія грампласцінкі на хатніх вечарынках танцавалі бугі-вугі, чарльстон, твіст, а потым і шэйк... Цэнтрам прыцягнення моладзі Гродна ў летні час была танцпляцоўка ў гарадскім парку — «клетка».

Не меншую, чым танцоры, занепакоенасць ідэолагаў выклікалі джазмены накшталт музыкантаў, сабраных у эстрадны аркестр Беларускага політэхнічнага інстытута Львом Молерам. Пачынаючы з 1956 года аркестр крытыкавалі за выкананне заходняга джазавага рэпертуару, свабодныя імправізацыі і падкрэслена незалежныя паводзіны кіраўніка. Праз два гады афіцыйная крытыка казала ўжо пра «шматлікія джаз-аркестры і музычныя ансамблі, якія прапагандуюць нізкапробныя «шэдэўры» з арсенала заходнееўрапейскіх і амерыканскіх джазаў». А ў 1962 годзе ў выкарыстанні элементаў рок-н-рола і бугі-вугі быў абвінавачаны эстрадны аркестр Беларускага радыё і тэлебачання, дзе ў асноўным працавалі маладыя творцы.

analitic.livejournal.com

«Быў Іван, цяпер ён Жан, мінскі цень ён парыжан»

Стылягі мелі адмысловыя манеры паводзін — закінутая назад галава, пагардлівы погляд зверху ўніз, асаблівая расхістаная хада, насвістванне джазавых мелодый сведчылі аб прыналежнасці да багемы. У апісанні карэспандэнта «Чырвонай змены» гэтая манернасць даведзена да карыкатуры: «рухаецца, віхляючыся ўсім корпусам — не ідзе, а піша, або гарцуе гэткім жарэбчыкам, ...у гутарцы падкрэслена ветлівы, з пэўным наборам мудрагелістых слоў і выразаў, ...аддае перавагу яздзе ў аўтамашыне (вядома, у персанальнай бацькавай), ...заўсёды гатовыя закахацца раз і назаўсёды».

Тым не менш, не варта лічыць стыляг прадвеснікамі сексуальнай рэвалюцыі. Назіралася, хутчэй, пэўнае аслабленне пурытанскай маралі сталінскага часу, калі абдымкі і пацалункі ў грамадскіх месцах разглядаліся ў якасці адміністрацыйнага злачынства. Студэнткі адкрыта курылі, не шкадавалі касметычных сродкаў, з'яўляліся на вечарынах у адкрытых сукенках. Аднак, паводле слоў знакамітага расійскага акцёра Алега Янкоўскага, які ў канцы 1950-х вучыўся ў старэйшых класах СШ № 4 г. Мінска, «...у цане былі чысціня і ўнутраны агонь».

Стылягі мелі адмысловую мову, слэнг. Словы перарабляліся на амерыканскі капыл (бацька — фазер, глядзець — лукаць, выпіваць — дрынкаць, штаны — траўзеры, шкарпэткі — соксы, чаравікі — шузы, прайсціся — кінуць брэк), а таксама выкарыстоўваліся запазычаныя ў джазменаў жарганізмы кшталту «чувак», «хата», «жалезна» і іншыя. Славянскія імёны падпадалі пад уплыў вестэрнізацыі: Міхаіл ператвараўся ў Майкла, Фёдар — у Фрэда, Рыгор — у Гары. Сярод іншых гэта заўважыў паэт Аляксей Зарыцкі:

Быў Іван,

Цяпер ён Жан,

Мінскі цень ён парыжан.

На Палессе вёрст за трыста

Я заехаў,

Справа горш:

Сустракаю трактарыста,

Падае руку ён:

— Жорж.

У пачатку 1960-х асаблівым шыкам для мінскіх стыляг было мець пры сабе кішэнны радыёпрыёмнік, настроены на рок-н-рольную хвалю. Ахвярамі гэтай моды стала больш за тысячу трубак, зрэзаных на працягу 1960-га і трох месяцаў 1961-га ў сталічных тэлефонах-аўтаматах. Іх мікрафоны выкарыстоўваліся радыёаматарамі для вырабу мініяцюрных радыёпрыёмнікаў.

istokirb.ru

«Па адным баку толькі стылягі і хадзілі, а людзі пераходзілі на іншы бок»

У Мінску і некаторых абласных цэнтрах існавалі месцы збору стыляг, што мелі назву «Брадвей» (ці скарочана — «Брод»). На іх маладзёны маглі прадэманстраваць уласную непаўторнасць, раскрыць індывідуальнасць, вылучыцца з натоўпу, шэрай масы. «Кінуць брэк па Броду» ў Мінску азначала шпацыр па праспекце Сталіна (з 1961 года — Ленінскім) ад паштамта да Круглай плошчы. У Гродне «Брод» знаходзіўся на вуліцы Савецкай. У Віцебску ён быў лакалізаваны ў раёне прыватнага сектара Пескаваткі, каля кафэ «Маладзёжнае» і Парку культуры і адпачынку імя Леніна.

Рэгулярным наведвальнікам сталічнага «Брадвея» быў Алег Янкоўскі. У адным з апошніх інтэрв'ю, дадзеных пасля здымак у фільме Тадароўскага «Стылягі», ён нечакана згадаў сваё мінскае юнацтва: «Наварвалі падэшвы на чаравікі, я ўжо не памятаю як. Ушывалі штаны, пінжакі клятчастыя куплялі на некалькі памераў большыя, каб шырокія плечы былі. І «кокі» на галаве. У некаторых нават нейкая філасофія была. Зразумела, музыка, рок-н-рол, бугі, запісы на рэнтгенаўскай плёнцы. І самае галоўнае — бадзянне па Брадвеі, так у кожным горадзе, у тым ліку і ў Мінску, цэнтральную вуліцу называлі. Курылі вальяжна, каб падавацца дарослымі і буржуазнымі... Кампанія жыла адным духам. Знаёміліся на гэтым Брадвеі. Па адным баку толькі стылягі і хадзілі. А людзі неяк цураліся іх, пераходзілі на іншы бок».

У мастака-мультыплікатара, сцэнарыста і рэжысёра Алега Белавусава на ўсё жыццё засталася ў памяці атмасфера свята, карнавалу на мінскім «Бродзе» пачатку 1960-х: «Прайсці па праспекце бывала даволі цяжка... Здавалася, увесь падлеткавы Мінск збіраўся тут, шпацыравалі туды-сюды штодня, без стомы. Тут сустракаліся, тут знаёміліся, тут біліся, тут улюбляліся... Усе, здавалася, былі знаёмыя з усімі, усе адно аднаго ведалі, збіраліся натоўпамі, стаялі гоман, рогат... Натоўпы распадаліся, каб утварыцца зноў, у іншым складзе, у іншым месцы...».

Стыляжніцтва гэтак жа раптоўна скончылася, як і пачалося. У сярэдзіне 1960-х гг. «стыль» стаў ахвярай дэмакратычнай джынсавай моды барадатых, апранутых у світары «пад Хемінгуэя» і берэты бітнікаў, а неўзабаве — хіпі. Першая хваля эпатажнага маладзёжнага руху сцішылася.

Субкультура стыляг стала своеасаблівым стыхійным пратэстам супраць падпарадкаванасці асабістага калектыўнаму, бальшавіцкага аскетызму, афіцыйнай ідэалогіі ў цэлым. Яскравыя, часам недарэчныя ўборы вылучалі стыляг з натоўпу працоўных і сведчылі пра з'яўленне пазасістэмнай апазіцыі на ўзроўні штодзённай культуры. Шакавальныя кашулі і сукенкі казалі аб нязгодзе маладых людзей з савецкімі каштоўнасцямі і аб марах пра вольнае, вясёлае і бесклапотнае «заходняе жыццё».

Знешне стыляжніцтва было дэпалітызавана і не мела дачынення да тагачасных падпольных нанканфармісцкіх гурткоў, у якіх бралі ўдзел асобныя прадстаўнікі гуманітарнай інтэлігенцыі, мастакі, студэнты. Аднак побытавы нанканфармізм, параўнанне савецкіх і заходніх жыццёвых стандартаў непазбежна аслаблялі веру ў камуністычныя ідэалы. Некаторых стыляг вызваленне ад бальшавіцкай міфалогіі ўжо ў пачатку 1960-х гг. падводзіла да пошукаў сацыяльных і палітычных альтэрнатыў. Неўзабаве пасля арышту ў 1962 годзе лідара мінскага андэграўнду Кіма Хадзеева газета «Советская Белоруссия» пісала: «Гады два таму нейкі Хадзееў здолеў арганізаваць у Мінску групу «стыльнай» моладзі, у якой прапаведаваў дух упадніцтва, песімізму і антыпатрыятычнага нігілізму. Вядома ж, такі ўплыў — непасрэдная падрыхтоўка да здрады Радзіме».

Такім чынам, у працэсе сутыкнення субкультуры стыляг з савецкай машынай таталітарнай уніфікацыі і кантролю яна набывала выразныя рысы контркультуры. Яе прадстаўнікі пераходзілі ад вонкавага пераймання амерыканскага спосабу жыцця да актыўнага сацыяльнага, а ў шэрагу выпадкаў — палітычнага пратэсту. Так субкультура стыляг набывала рысы дысідэнцтва.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».