Вы тут

Задзірысты клоўн і вясёлыя тролі: майстрыха з Лясной стварае лялек «зараджаных» на аптымізм


Таццяна Шмоніна ў маладосці не магла нават уявіць, што Беларусь стане для яе родным домам, а лёс не раз зробіць круты віраж. Цяпер жанчына жыве ў аграгарадку Лясная, што ў Баранавіцкім раёне, і працуе сацыяльным работнікам. Напрыканцы мінулага года ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі ладзілася выстаўка яе работ, якая выклікала непадробную цікавасць у гледачоў.


Нарадзілася майстрыха ў Кіргізіі, у Бішкеку. Маці Таццяны працавала майстрам па пашыве касцюмаў у пашывачным цэху тэатра. Менавіта яна заўважыла ў дачкі схільнасць да мастацтва і адвяла ў гарадскі Дом юнацкай творчасці, дзе дзяўчынка займалася ў гуртках лепкі з пластыліну і гліны, шыцця, вязання, мастацкай вышыўкі. Праз два гады зрабіла першую ляльку — Чырвоную Шапачку.

Са сваімі вырабамі ўдзельнічала ў розных выстаўках і конкурсах. Пасля школы пайшла працаваць у цэх да маці. Гэта былі вытворчыя майстэрні, якія абслугоўвалі сем сталічных тэатраў. Выраблялі касцюмы, рэквізіт, дэкарацыі, лялек для тэатра… Прастора для фантазіі і яе ўвасаблення была неабмежаваная. У 1980 годзе, пасля перамогі ў конкурсе «Лепшы па прафесіі», Таццяне прапанавалі павысіць кваліфікацыю ў Краснаярску ва Усесаюзнай вышэйшай школе па падрыхтоўцы рэквізітараў і касцюмераў. Правучылася там чатыры гады і яшчэ год стажыравалася ў Ленінградзе ў Эрмітажы, у лабараторыі па рэстаўрацыі музейных экспанатаў і тэкстылю. Затым вярнулася на ранейшае месца працы.

Гэтую жанчыну лёс неаднойчы выпрабоўваў на трываласць. Маладым пайшоў з жыцця першы муж. Застаўся сын. У другім шлюбе таксама нарадзіўся хлопчык. Было спакойнае жыццё да таго часу, пакуль не разбурылі Савецкі Саюз. Вырашылі падацца ў Беларусь да бацькоў мужа. На новым месцы пачыналі з нуля...

У Лясной быў цэх па выпрацоўцы скур, а побач — цэх па пашыве дублёнак і скураных куртак. Вось туды і ўладкавалася Таццяна. Жыццё паціху наладжвалася. Аднак хутка майстэрню закрылі, пачала працаваць сацыяльным работнікам. Калі прыйшоў час выходзіць на пенсію, аказалася, што працоўны стаж з Кіргізіі страчаны. Таму і пенсія атрымалася мізэрная. У 2010 годзе пайшлі з жыцця муж і старэйшы сын. Праз шэсць гадоў у аўтакатастрофе загінуў малодшы. Жыццё стала пустым і бессэнсоўным.

Паратункам ад адчаю і адзіноты стала творчасць. Таццяна пачала ствараць лялькі, натхніўшыся вырабамі членаў таварыства «Мастацкая лялька», з якімі пазнаёмілася праз інтэрнэт. Зацікавілася тэхнікай валяння. І нарадзіліся казачныя вырабы — не змрочныя і панылыя, а вясёлыя, аптымістычныя, якія нясуць светлую энергетыку, зарад бадзёрасці, весялосці. Творчае крэда Таццяны — дарыць людзям усмешку і добры настрой. Амаль усе яе работы — гумарыстычныя персанажы, бо любімы жанр — шарж.

Дзе толькі ні знаходзіць Таццяна прататыпаў для сваіх персанажаў! Гэта і сусед ці суседка з каларытнай знешнасцю, і літаратурны персанаж, і фальклорны або казачны герой, і персанаж з любімага мультфільма, і прыдуманы збіральны вобраз з неардынарным характарам. Задзірысты клоўн, гномы і вясёлыя тролі, фея, дзяўчына-гарманістка, дамавік Кузя, Гары Потэр, Эсмеральда і Квазімода…

Дзяўчына-гарманістка. Фота Вольгі Жыгар.

Здаецца, Таццяна робіць сваю справу лёгка. Толькі яна ведае, колькі за гэтым напружанай працы. Адну ляльку можна рабіць 2–3 тыдні. А іх у калекцыі майстрыхі амаль сотня: як адзіночныя персанажы, так і цэлыя кампазіцыі.

А колькі радасці для мясцовай дзятвы! Лялькі Таццяны экспануюцца ў школьнай бібліятэцы. Галерэю з задавальненнем наведваюць і дзеці, і дарослыя. Таццяна — частая госця ў мясцовай школе. Яе запрашаюць на майстар-класы для вучняў. А яшчэ яна з задавальненнем удзельнічае ў масавых мерапрыемствах аграгарадка Лясная, прадстаўляючы свае работы.

Пасля першай персанальнай выстаўкі «Свет лялькі» ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі яна заключыла дамову аб творчым супрацоўніцтве з гэтай установай, фонды якой папоўніліся яе работамі «Захавальнік музея» і «Беларусачка Янка». У планах — стварэнне лялечнай сям’і ў нацыянальных беларускіх строях — работ амаль у поўны чалавечы рост.

Хочацца пажадаць гэтай цудоўнай жанчыне, каб крыніца яе творчага натхнення ніколі не перасыхала!

Вольга ЖЫГАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?