Вы тут

Таццяна Шамякіна: Шамякін прагнуў пастаяннай вучобы...


Кнігу «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» доктара філалагічных навук Таццяны ШАМЯКІНАЙ, што днямі выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда», можна смела лічыць унікальнай. І гэта ніякае не перабольшванне…


Дачка славутага літаратара, народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна падрабязна, досыць грунтоўна расказвае пра жыццё свайго бацькі, пра тыя вытокі — радаводныя, біяграфічныя, якія зрабілі яго пісьменнікам. Аўтар «Трывожнага шчасця», мноства іншых раманаў, аповесцяў, апавяданняў паўстае перад чытачом цікавым суразмоўцам, навідавоку — усе яго чалавечыя якасці. Таццяна Іванаўна любіць свайго героя і свайго бацьку, аб’ектыўна як літаратуразнаўца разглядае іх творы, паказвае іх сапраўднае месца ў беларускай нацыянальнай літаратуры. 

Першы раздзел — «З асабістага». Аўтар падае звесткі энцыклапедычнага характару ў артыкуле «Родныя Івана Шамякіна». Далей ідуць «Урыўкі з дзённіка дачкі пра падзеі аднаго года ў жыцці І. Шамякіна, 1980 год». Нават знаёмства з лаканічнымі запісамі кшталту хронікі падаюцца цікавым мастацкім дакументам, які адлюстроўвае характар пісьменніка, грамадскага дзеяча. «21 красавіка. Тата і мама паехалі ў Маскву. І. Ш. — у часопіс „Дружба народов“. Цёплая, як заўсёды, сустрэча з франтавым сябрам Віктарам Вольскім — дырэктарам Інстытута Лацінскай Амерыкі. 24 красавіка. Вяртанне бацькоў з Масквы. І. Ш. паехаў да А. Макаёнка на лецішча. 27 красавіка. Бацькі ездзілі ў Бабруйск на прэм’еру п’есы І. Ш. „Залаты медаль“. Пастаноўка спадаблася. 1 мая. Адзначалі свята вясны і працы ў бацькоў на кватэры. Сёння ж — 40-годдзе вяселля бацькоў. Тата гаварыў, што стаміўся, хоча пайсці з Саюза пісьменнікаў. 3 мая. Саракавіны з дня смерці П. Броўкі. Сабраліся ў кафэ Дома літаратараў. Было чалавек шэсцьдзесят. 9 мая. І. Ш. ездзіў ускладаць вянкі ў Хатынь, на Курган Славы. Шмат сяброў віншавалі яго з днём Перамогі па тэлефоне. 11 мая. Прэм’ера п’есы А. Макаёнка „Пагарэльцы“ — замест той п’есы, што не прайшла. Прэм’еру не аб’яўлялі. У п’есе рэзкая крытыка бюракратыі. Прынялі нядрэнна. 12 мая. Прэм’ера тэлевізійнага фільма „Атланты і карыятыды“. Тату падабаецца больш, чым „Шлюбная ноч“...»

Другі раздзел — «Радавод». Літаратуразнаўца выбудавала своеасаблівы трыялет — "Тэрыторыя любові«(маці пісьменніка); «Тэрыторыя кахання» (жонка пісьменніка); «Тэрыторыя шчасця» (дзеці пісьменніка). 

Трэцюю частку кнігі «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» складаюць артыкулы пра творчасць пісьменніка «Міф пра Сталіна і яго развянчанне М. С. Хрушчовым ва ўспрыняцці беларускіх пісьменнікаў ваеннага пакалення», «Сімволіка загалоўкаў у творах Івана Шамякіна» і інш). 

Таццяна Шамякіна расказвае і пра стасункі Івана Пятровіча з рознымі відамі мастацтва — і пра архітэктурныя яго зацікаўленні, пра выяўленчае мастацтва і музыку ў жыцці Івана Шамякіна. 

Завяршае кнігу аповесць самога героя — «Слаўся, Марыя!», твор, прысвечаны жонцы — Марыі Філатаўне Шамякінай (Кротавай). 

Выданне, якое працягвае адмысловую серыю гісторыка-літаратурных кніг, прысвечаных беларускім пісьменнікам (раней выходзілі зборнікі пра Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Сяргея Грахоўскага), несумненна, спатрэбіцца ў і агульна адукацыйнай школе, і ў ВНУ, дзе вывучаюць творчасць славутага беларускага пісьменніка. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.