Вы тут

Як нашы продкі збіраліся на баль?


Вось ужо колькі дзён мы адзначаем зімовыя святы. Па-сутнасці, рытуал святкавання не змяняўся дзесяцігоддзямі. Але як выглядалі ўрачыстасці нашых продкаў, якія жылі, скажам, у XVІІІ стагоддзі ці XІX?


Тэрэза Корвін-Гасеўская (?-1708) у бальных строях з веерам-экранам, у суправаджэнні карліка. 1693 год.

У даследаванні Адама Мальдзіса «Як жылі нашы продкі ў XVІІІ стагоддзі» шмат сакавітага расказваецца пра пышныя балі, рэдуты беларускіх магнатаў, якія праводзіліся ў час «карнавалу» — ад Каляд да Вялікага посту. Напрыклад, на гродзенскіх балях «пілі з жаночых туфляў або з вялізных кулявак, пусты посуд білі аб падлогу або аб сваю ж галаву», моладзь гуляла ў фанты, «перапёлачку», «сляпую бабку». У лістах Марыі Святаполк-Мірскай апісваецца, як для балю 1914 года яна прыдумала сюрпрыз для гасцей: вялізны залаты арэх, у які схаваліся чатыры дамы. Калі арэх пад музыку ўрачыста раскрыўся пасярод залы, яны пачалі танцаваць менуэт.

Але самае яркае, вядома — гэта бальныя строі, якія марыць прымераць любая сучасная дзяўчына.

Каб даведацца падрабязнасці, як жа нашы продкі збіраліся на баль, «Звязда» звярнулася да рэстаўратара і калекцыянера Ігара Сурмачэўскага:

— Гаворка пойдзе аб тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У Расіі была свая бальная спецыфіка: там усё пачалося ў эпоху Пятра І і называлася асамблеяй. А ў нас балі пайшлі з XVІІ стагоддзя — гэта час караля Яна Сабескага і яго жонкі Марысенькі. Марысенька нарадзілася ў Францыі, таму менавіта яна прыўнесла тую моду на землі Рэчы Паспалітай. Заходні, напрыклад, італьянскі ўплыў быў бачны і раней, дзякуючы польскай каралеве Боне Сфорца. Баль успрымаўся як урачыстасць, а для дам яшчэ і магчымасць выйсці ў свет. Вядома, што гэта суправаджалася доўгай падрыхтоўкай.

— Натуральна, у першую чаргу гаворка ідзе аб адзенні?

— Так, сукенкі замаўляліся ў Кракаве або Варшаве. Дамы спецыяльна наведвалі гэтыя гарады, каб трапіць на прымерку. Убранне шылася ў адзінкавым экзэмпляры. Калі сукенку неабходна было тэрмінова перашыць, то гэта рабілася ў Мінску або Вільні. А калі дама жадала здзівіць усё свецкае кола, то ехала па сукенку ў Вену, Парыж або Ніцу.

Колер іграў вялікую ролю. Напрыклад, калі дама надзявала васільковую сукенку, гэта казала аб тым, што яна не знаходзіцца ў пошуку. Ружовы або ліловы колер сведчыў кавалеру, што яму трэба падрыхтавацца да заляцанняў. Біжутэрыя таксама адыгрывала вялікую ролю. Напрыклад, чокер — упрыгажэнне, якое ўвайшло ў моду ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. У адной з англійскіх прынцэс быў шнар на шыі, і яна, жадаючы яго схаваць, ужыла такую стужку. Двор успрыняў гэта як нешта незвычайнае! Калі дама надзявала чокер з чорнай падшэўкай і белымі карункамі, гэта сведчыла аб тым, што яна не жадае весці ніякіх размоў з кавалерамі.

Набор дамскіх штучак: «пробнік для парфуму» (Багемія, XVІІІ стагоддзе);  несэсер дамскі (Англія, XVІІІ стагоддзе); портбукет (Англія, XVІІІ стагоддзе); нажнічкі (Англія, 1820-я гады).

— А што датычыцца дэталяў?

— Увогуле, росквіт балю і мастацтва флірту выпадае на XVІІІ стагоддзе. Па-іншаму гэты век называюць «дамскім». Звярніце ўвагу, што ў гэты перыяд нават мужчынская мода была жаночападобнай. Гэта тлумачыцца тым, што менавіта ў той час дамы не толькі дыктавалі ўмовы моды, але і займалі высокія дзяржаўныя пасады. Неабходна было адпавядаць пэўным умовам. У першую чаргу гэта датычылася адзення. Шмат якія нюансы для сучаснага чалавека незразумелыя. Мне крыўдна, што ў нашых музеях пры гістарычнай рэканструкцыі многае не ўлічваецца, то-бок погляд на моду вельмі павярхоўны. У сваёй выстаўцы «Дамскія штучкі» я якраз хацеў звярнуць увагу на важныя дэталі, якія дапаўнялі ўвесь ансамбль жаночых строяў.

Гэта, у першую чаргу, шатлен — невялікая заціскачка, якую дама надзявала на спецыяльны пояс, што знаходзіўся паміж спадніцай і карсажам. На гэтым шатлене знаходзіліся неабходныя рэчы, каб, напрыклад, хутка выправіць макіяж або што-небудзь зацыраваць. Зараз жанчыны носяць з сабой клатч, а ў той час сумачак не было.

Сёння сярод жанчын вельмі папулярны манікюр. Па сутнасці, ён стаў відам мастацтва. У той час манікюр таксама адыгрываў вялікую ролю. Лічылася, што пазногаць павінен нагадваць перламутравую ўнутранасць ракавіны. Для дасягнення такога эфекту жанчынам неабходна было ўвесь час паліраваць пазногаць, каб пласціна стала максімальна тонкай, і праз яе прасвечвалася скура. Пілачка, зробленая са слановай косці, захоўвалася ў нэсэсэры — спецыяльным кантэйнеры, зробленым з дарагіх матэрыялаў: серабра, перламутру, чарапашынага панцыра.

Веер plіe «Гваздзікі». Косць, газ, роспіс. Францыя. Канец ХІХ стагоддзя.

У нэсэсэры быў нават маленькі сцізорык. Калі кавалер запрашаў даму да стала, а называлася гэта «падвесці даму пад руку», і яна частавалася тым жа яблыкам або апельсінам — то не магла проста пачаць есці садавіну. Трэба было акуратна зрэзаць скурку і падзяліць плод на часткі. Вось для чаго быў патрэбен сцізорык.

Значную ролю іграла парфума. Духі захоўваліся ў крыштальных флаконах па сто і нават дзвесце мілілітраў. Водар быў няўстойлівы, таму перад выхадам у свет дамам даводзілася моцна сябе «паліваць». У сярэдзіне XVІІІ стагоддзя самымі папулярнымі водарамі былі кветкавыя: лаванда, ружа, ландыш, бэз. Лічылася, што калі ты не пахнеш лавандай, то не належыш да вышэйшага кола. Цікавы факт: водар парфумы быў унісекс, яго ўжывалі і мужчыны, і жанчыны.

— Вы казалі аб мастацтве флірту. Што ўваходзіла ў гэтае паняцце?

— XVІІІ стагоддзе — гэта росквіт эпісталярнага жанру. Нельга было перадаць ліст пры ўсіх. Для гэтага існавалі спецыяльныя футаралы для любоўнай перапіскі. Па-англійску яны называліся «sweet note», то-бок салодкая цыдулка. Гэтыя футаралы былі выкананы з золата і служылі свайго роду маскіроўкай. Дама, схаваўшы любоўную цыдулку ў пазалочаны футарал, пакідала яго ў будуары, побач з люстэркам. І калі ў пакой заходзіў муж, ён не бачыў нічога падазронага.

Калі дама трапляла на баль, яна павінна была мець спецыяльную кніжачку — «карнэ дэ баль», куды занатоўваўся парадак танцаў. Насупраць назвы танца дама ўносіла імя кавалера, з якім будзе ў пары. Напрыклад, калі дама ўжо была запрошана на мазурку, кавалер мог запісацца на іншы танец. Лічылася дрэнным тонам у канцы свята дэманстраваць цалкам распісаны «карнэ дэ баль».

Першы танец партнёры заўсёды танцавалі разам са сваімі нарачонымі. А калі кавалер пратанцаваў з дамай тры танцы запар, усё: трэба было рабіць прапанову рукі і сэрца.

Чокер под назвай «не для інтымных адносін». Аксаміт, карункі. Францыя.  Канец ХІХ стагоддзя.

— А якія асаблівасці правядзення баляў існавалі менавіта ў нас?

— Звычайна балі праводзіліся ў гонар знакавых падзей. Самыя вядомыя — гэта, натуральна, калядныя балі, якія часам суправаджаліся забавай: паездкай на санях, якая мела назву «кулігі». Такое мерапрыемства было вельмі папулярнае на тэрыторыі Беларусі. У сваіх нататках баранеса Яніна Путкамер, пляменніца Ядвігі Любанскай, апісвае кулігі ў Вільні. Збіраўся цягнік з саней, які праязджаў па вуліцы, а яго пасажары спявалі святочныя песні. Калі кулігі праходзілі за горадам, то «цягнік» курсіраваў ад маёнтка да маёнтка. У нататках Яніна апісвае і тое, што паны пераапраналіся ў цыганоў.

Сёння тыя, даўнейшыя балі, з усімі сваімі падрабязнасцямі засталіся толькі ў мемуарах ды хроніках... Але матэрыяльныя дэталі можна і сёння пабачыць на свае вочы ў музейных экспазіцыях і калекцыях, а дызайнерам і мадэльерам — натхніцца.

Арына КАРПОВІЧ

Фота з архіва Ігара Сурмачэўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».