Вы тут

Сімвал жыцця на нашым стале. Мы даведаліся, колькі сёння каштуюць яйкі курэй, перапёлак і іншых птушак і што новага прапануе пакупніку рынак


Яйкі — у першую чаргу курыныя — адзін з ключавых прадуктаў харчавання ў нашай краіне. Дзясятак яек уваходзіць практычна ў любы спіс прадуктаў, калі мы адпраўляемся ў краму. Гэта ідэальны сняданак, інгрэдыент для тысяч страў, аснова многіх дыет і ўнікальны прадукт, які змяшчае амаль усе неабходныя нашаму арганізму вітаміны, макра- і мікраэлементы. Як заўсёды, у нашай рубрыцы мы высвятляем асартымент і цэны на гэты прадукт на сённяшні дзень. А таксама параімся з прадаўцамі: на што звярнуць увагу падчас выбару яек.


Літары і лічбы

У савецкія часы курыныя яйкі не мелі «ўласных імёнаў» і адрозніваліся толькі назвай фабрыкі-вытворцы, на якую пакупнікі асабліва не звярталі ўвагі. Потым маркетолагі прыдумалі варыянты для розных катэгорый спажыўцоў — «Маладзецкія», «Лёгкія», «Знатныя» і г. д. Дарэчы, не варта верыць ідылічнай зялёнай траўцы на ўпакоўках і назвам накшталт «Фермерскія» і «Родам з вёскі». Супермаркеты (акрамя аддзелаў фермерскай прадукцыі) працуюць з буйнымі пастаўшчыкамі, якія могуць забяспечваць патрэбныя аб'ёмы прадукцыі, і нясушкі там не шпацыруюць свабодна па траўцы, вышукваючы чарвячкоў, а пражываюць сваё жыццё ў адпаведнасці з вытворчым цыклам. Так што мы адправімся па яйкі на Камароўку і на фермерскі рынак «Валяр'янава», які адкрыўся нядаўна — так бы мовіць, бліжэй да спрадвечнай сутнасці гэтага самага вясковага прадукту.

У крытым павільёне Камароўскага рынку пад продаж яек адведзена досыць шмат гандлёвых месцаў. Усе яйкі тут — беларускія (як і на іншых рынках, і ў гіпермаркетах). Гэта далікатны прадукт, які хутка псуецца, а галіна пакуль спраўляецца з попытам, так што везці яйкі аднекуль здалёк проста няма сэнсу.

— Яйкі, вырабленыя на птушкафабрыцы, звычайна маркіруюцца з дапамогай літары і лічбы, — распавядае прадавец. — Першая літара — гэта тэрмін захоўвання. Другая — лічба азначае катэгорыю яек па памеры.

Па тэрміне захоўвання яйкі дзеляцца на дыетычныя (у маркіроўцы літара Д) і сталовыя (літара С). Яйкі, пазначаныя літарай Д (такая маркіроўка часам наносіцца на шкарлупіну чырвоным колерам, але можа быць і сіняя, звычайна змяшчае таксама дату «знясення») — не нейкі адмысловы гатунак, а проста практычна толькі што знесенае яйка. Як той казаў, «з-пад курыцы». Тэрмін захоўвання дыетычных яек — не больш за сем сутак. Дарэчы, у гіпермаркетах рэалізоўваюцца ў асноўным яйкі катэгорыі С. На яйкі ва ўпакоўках маркіроўка можа не наносіцца: яна пазначана зверху. А па дыетычныя, сапраўды свежыя яйкі прыйдзецца ехаць на рынак. Тэрмін прыдатнасці сталовых яек — ад 25 дзён пры пакаёвай тэмпературы і да 90 дзён у халадзільніку.

— Піць сырымі сталовыя яйкі не варта, лепш варыць іх ці смажыць, — тлумачыць суразмоўніца. — А вось дыетычныя можна проста выпіць сырымі. З соллю. Некаторыя так любяць.

Што адбываецца з яйкам па меры яго ператварэння з дыетычнага ў сталовае? Пакуль яйка свежае, жаўток у ім нерухомы, а бялок шчыльны. Лічыцца, што вышыня прасторы, занятай паветрам, не павінна перавышаць 4 мм. Памятаеце недарэчную спрэчку паміж жыхарамі краіны Ліліпутаў і грамадзянамі імперыі Блефуску з «Падарожжа Гулівера» пра тое, з якога канца правільна разбіваць яйка — вострага або тупога? Дык вось, аказваецца, «тупаканечнікі» мелі рацыю: паветраная камера знаходзіцца якраз з тупога канца яечка, і чысціць варанае яйка, разбіваючы яго з гэтага боку, сапраўды лягчэй.

З часам бялок у яйку падсыхае, жаўток змяншаецца ў памеры і становіцца рухомы, а паветраная камера праз сем дзён павялічваецца да 7-9 мм.

— На рынку абавязкова глядзіце на дату вырабу, — раіць суразмоўніца. — Яйка з маркіроўкай «Д» можа па факце быць ужо сталовым.

Цяпер аб лічбах на маркіроўцы. Тут зашыфравана маса яйка. 1-я катэгорыя (1) — гэта буйныя яйкі вагой ад 55 да 64,9 г, 2-я катэгорыя (2) — вагой ад 45 да 54,9 г, 3-я катэгорыя (3) — вагой ад 35 да 44,9 г. Ёсць яшчэ маркіроўка О, «адборныя», вагой ад 65 да 74,9 грама. І, нарэшце, бываюць волаты вагой больш за 75 г — іх пазначаюць літарай «В». Гаспадыні звычайна выбіраюць 1-ю катэгорыю. Але ёсць аматары і маленькіх яек: лічыцца, што яны ад маладых курэй і, адпаведна, больш карысныя для здароўя.

Дарэчы, калі ў кулінарных рэцэптах яйкі ўказваюцца як інгрэдыент, маецца на ўвазе вага аднаго прыкладна ў 45 г.

Цяпер аб цэнах. Дробныя яйкі ад маладых курачак (з птушкафабрыкі) у залежнасці ад «калібра» абыдуцца пакупніку ў 1,60-1,90 рубля. Дыетычныя памеру «В» — 2,80 рубля ў Валяр'янаве і 3,10 на Камароўцы. Яйкі з маркіроўкай Д-1 — 2,40, Д-О — 2,70 на Камароўцы.

Тыя ж, толькі ў профіль

Чамусьці наш пакупнік аддае перавагу карычневым, а не белым яйкам. Яны здаюцца гарадскім жыхарам больш аўтэнтычнымі, вясковымі. На самай справе колер шкарлупіны не ўплывае ні на смак яйка, ні на яго экалагічнасць. Аказваецца, хімічны аналіз яек з розным колерам шкарлупіны не выявіў адрозненняў у харчовых уласцівасцях прадукту. Проста пэўныя пароды курэй (азіяцкія) нясуць яйкі такой афарбоўкі, а іншыя пароды нясушак «нараджаюць» на свет белыя.

Дарэчы, на Камароўцы ў асартыменце Салігорскай птушкафабрыкі былі знойдзены рознакаляровыя яйкі. Сапраўды рознакаляровыя — са шкарлупінай зялёнага і шакаладнага колераў. Іх прадаюць у прыгожых запячатаных скрыначках — па 4,25.

— Яйкі не падфарбоўваюцца, — запэўнівае дзяўчына за прылаўкам. — Гэта асаблівыя пароды курэй, з чорным і цёмна-карычневым пер'ем.

Сама прадавачка пакуль зялёных яек не спрабавала. Але адна з пакупніц расказвала, што на смак такое яйка ад звычайнага не адрозніваецца. Праўда, у ім буйны жаўток і менш бялку ў параўнанні са звыклым.

Зрэшты, колер шкарлупіны — справа дзясятая. Гэта маркетынг: пры сучасным багацці выбару пакупніка прыходзіцца прывабліваць і забаўляць. А вось на што варта звярнуць увагу — дык гэта на чысціню шкарлупіны. У ідэале яна не павінна быць забруджана памётам або пер'ем. Брудная шкарлупіна кажа аб недастатковай гігіене вытворчасці прадукту і не самым лепшым стане абсталявання. Звяртаем увагу таксама на цэласнасць шкарлупіны, яе аднастайнасць — без старонніх украпленняў і ўключэнняў, адсутнасць паху і вільгаці на паверхні шкарлупіны.

Ну а праверыць свежасць яйка пры адсутнасці маркіроўкі на шкарлупіне можна так (ужо дома, зразумела). Кухары раяць пакласці яйка ў рондаль з вадой. Калі яйка свежае, яно апусціцца на дно. Яйка ўсплывае? Значыць, яно знесена даўно — за гэты час частка вады з яго выпарылася, а паветра стала занадта шмат. І есці яго, мабыць, не варта.

На рынку «Валяр'янава» ў будні дзень «яечны асартымент» прадстаўлены не занадта шырока — затое прапануецца сапраўды фермерская прадукцыя. Дзясятак свежых, знесеных дзень-два таму, фермерскіх яек (з маленькіх гаспадарак, дзе птушка вырошчваецца, хутчэй за ўсё, больш экалагічна, чым на буйных прадпрыемствах) абыдзецца ў пяць рублёў.

Выявілі мы ў Валяр'янаве і такую экзотыку, як качыныя яйкі — 15 рублёў за дзясятак. А таксама велізарныя страусіныя, якія я спачатку прыняла проста за аздабленне вітрыны. Варыць ці запякаць качыныя яйкі трэба каля 20 хвілін. Яны больш каларыйныя, чым курыныя, багатыя на жалеза і фосфар, а таксама ўтрымліваюць унікальны антыаксідант лютэін, таму карысныя пры праблемах са зрокам. Яйка страуса важыць прыкладна 1,5 кг. Пры гэтым жаўток у ім маленькі — усяго 350 г, астатняе — бялок, насычаны неабходнымі для здароўя амінакіслотамі. А халестэрыну ў страусіных яйках менш, чым у курыных. Захоўваецца такое яйка ў халадзільніку паўгода. Гатуюць яйкі страуса, як і курыныя — вараць або пякуць. Проста рабіць гэта прыйдзецца значна даўжэй. Ды і разбіць тоўстую шкарлупіну не так проста.

— Страусіныя яйкі мы пакуль актыўна не прадаём, проста вывучаем попыт, — растлумачыў прадавец. — Кошт аднаго яйка будзе прыкладна 50-60 рублёў.

Наогул, на яечную экзотыку цяпер не сезон, расказалі мне. Нават дамашнія куры зімой нясуцца не вельмі актыўна. Ажывіцца продаж страусавых і іншых нязвыклых для масавага гарадскога спажыўца яек вясной.

Курыца vs перапёлка

Яшчэ нядаўна перапяліныя яйкі былі стабільна даражэйшыя за курыныя, але лічыліся больш карыснымі для здароўя. Цяпер упакоўка гэтых мініяцюрных прыгожанькіх яек зраўнялася ў кошце з дзясяткам курыных. Напрыклад, «Маладзецкія» перапяліныя з Салігорска абыдуцца спажыўцу ў 2,70 на Камароўцы, тузін перапяліных яек ад 1-й Мінскай птушкафабрыкі ў гіпермаркетах можна купіць за 2,55, а дамашнія перапяліныя (20 штук ва ўпакоўцы) на фермерскім рынку Валяр'янава каштуюць, як і дзясятак курыных з прыватнага падворка — пяць рублёў. Ды і міф аб неверагоднай карыснасці першых для здароўя зведаў змены з тых часоў, калі маленькія плямістыя яйкі сталі папулярныя ў прыхільнікаў здаровага спосабу жыцця. Сапраўды, перапяліныя яйкі ўтрымліваюць вельмі мала тлушчу і больш шырокі спектр вітамінаў і мінералаў у параўнанні з курынымі (у тым ліку вітаміны РР, B, A, E). Дыетолагі нават называюць іх «прыродным вітамінным комплексам». Фосфару, жалеза і калію яны ўтрымліваюць у некалькі разоў больш, чым курыныя. Вось толькі і халестэрыну ў іх больш, чым у курыных. Калі ў вас артроз, гіпертанія, сасудзістыя захворванні, спрабаваць аздаравіцца з дапамогай перапяліных яек не варта. Ды і дзеці часта рэагуюць на гэты прадукт харчавання алергіяй. Дыетычнымі называюцца яйкі перапёлкі, якія захоўваюцца не даўжэй за 11 дзён. Сталовыя перапяліныя яйкі захоўваюцца не больш чым 30 сутак.

Як вядома, на шкарлупіне птушыных яек часам жыве ўзбуджальнік небяспечнай інфекцыі — сальманела. Таму любое яйка, дзе б вы яго ні купілі, перад тым як разбіць, трэба вымыць пад праточнай вадой, лепш за ўсё — з мылам. Самымі бяспечнымі ў дачыненні да сальманелёзу медыкі лічаць, дарэчы, менавіта перапяліныя яйкі. Але і іх таксама рэкамендуецца мыць перад ужываннем у ежу.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.

Грамадства

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Аб прыярытэтах у адукацыі, вопыце работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса і ідэалагічным складніку ў выхаванні мы задалі пытанні міністру адукацыі нашай краіны Ігару Карпенку.

Жыллё

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Дом №76 па вул. Валгаградскай у Мінску быў прызнаны аварыйным яшчэ ў нулявых.

Грамадства

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

На VІ Усебеларускім народным сходзе тэме развіцця Мінска на наступныя пяць гадоў было аддадзена шмат увагі.