Вы тут

Чым ганарыцца Катар у дружбе з Беларуссю?


Дзяржава Катар і Рэспубліка Беларусь 16 студзеня адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. У сувязі з юбілейнай датай кіраўнікі двух дружалюбных дзяржаў абмяняліся святочнымі віншаваннямі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пасланні адзначыў, што на працягу гэтага часу беларуска-катарскія сувязі дынамічна развіваліся на прынцыпах дружбы і даверу, адбыўся абмен візітамі на вышэйшым узроўні, адкрыты пасольствы ў Мінску і Досе, створана міжурадавая камісія, наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва ў сферах гандлю, інвестыцый, адукацыі, спорту.

Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Катар ў Беларусі Мешааль Аль-Атыя у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся меркаваннем пра важнасць юбілейнай для дзвюх дзяржаў даты, канструктыўнае двухбаковае ўзаемадзеянне і распавёў пра некаторыя прыярытэты сучаснага развіцця Катара.


Катар ганарыцца адносінамі з Беларуссю

«Эмір Дзяржавы Катар шэйх Тамім бін Хамад Аль-Тані ў сувязі з юбілеем дыпламатычных адносін накіраваў віншавальную тэлеграму ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, у якой Яго Высокасць высока ацаніў узровень двухбаковых адносін і выказаў шчырыя віншаванні і пажаданні, адзначыўшы прагрэс у развіцці супрацоўніцтва дзякуючы сумесным намаганням кіраўніцтва дзвюх краін. Эмір Катара таксама пацвердзіў імкненне падтрымліваць і ўмацоўваць адносіны ў розных галінах», — звярнуў увагу дыпламат.

Ён падкрэсліў, што Дзяржава Катар ганарыцца узроўнем адносін, якія яднаюць дружалюбныя краіны. На думку дыпламата, з моманту ўстанаўлення адносін ў 1996 годзе адбыліся яркія падзеі, у ліку якіх абмен візітамі на вышэйшым узроўні. «Прэзідэнт Беларусі зрабіў некалькі афіцыйных візітаў у Дзяржаву Катар, першы з якіх адбыўся ў 2001 годзе. У 2009 годзе Яго Высокасць эмір-бацька шэйх Хамад бін Халіфа Аль-Тані наведаў Мінск, і важным вынікам стала фарміраванне міжурадавага беларуска-катарскага сумеснага камітэта, што надало магутны імпульс двухбаковым адносінам», — падкрэсліў Часовы Павераны ў справах Катара.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі нагадаў, што ў выніку шматлікіх узаемных візітаў афіцыйных асоб на розных узроўнях падпісана 26 пагадненняў і мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадамі, што стала трывалай асновай для пабудовы моцных адносін у розных галінах.
На яго думку, адкрыццё пасольства Дзяржавы Катар ў Мінску год таму — яшчэ адно сведчанне той цікавасці, які краіна праяўляе да ўмацавання адносін з Рэспублікай Беларусь.

«Сёння мы пацвярджаем, што Дзяржава Катар з нецярпеннем чакае заканчэння эпідэміі COVID-19 для працягу сумеснай з нашымі беларускімі сябрамі працы над развіццём і ўмацаваннем супрацоўніцтва ва ўсіх абласцях, каб нашы адносіны знаходзіліся на ўзроўні, да якога імкнецца кіраўніцтва дзвюх краін. Мы ў сваю чаргу гатовыя зрабіць усё для дасягнення гэтых мэтаў», — запэўніў Мешааль Аль-Атыя.

За мір і дружбу з усімі краінамі

Кіраўнік дыпламатычнай місіі звярнуў увагу, што Дзяржава Катар імкнецца да ўсталявання сяброўскіх адносін з усімі краінамі. «Дзяржава Катар выклікае захапленне ў многіх дзякуючы дасягнутым ўнутры краіны поспехам у галіне чалавечага развіцця, эканамічнага і сацыяльнага росту для ўсіх сваіх грамадзян. На міжнародным узроўні краіна заслужыла сусветную павагу дзякуючы актыўнай дыпламатыі, якая праз шматлікія ініцыятывы як на шматбаковай, так і двухбаковай асновах імкнецца зрабіць міжнароднае жыццё больш бяспечным і справядлівым», — працягнуў ён.

Часовы Павераны таксама адзначыў: «Дзяржава Катар заўсёды імкнецца да ўмацавання сяброўскіх адносін з усімі народамі. Дзякуючы мудрасці катарскага кіраўніцтва і намаганням многіх бакоў Дзяржава Кувейт і Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Персідскага заліва змаглі пераадолець крызіс, які ўзнік у выніку блакады, якой наша краіна падвяргалася з 2017 года. 5 студзеня 2021 года ў час саміту кіраўнікоў дзяржаў Персідскага заліва ў Каралеўстве Саудаўская Аравія падпісаная заява аб „Дэкларацыі Аль-Ула“, у якой замацаваны прынцыпы добрасуседства і ўзаемнай павагі, дружбы і братэрства паміж народамі і намер адкрыць новыя гарызонты для супрацоўніцтва ва ўсіх абласцях паміж краінамі рэгіёну».

Дыпламат выказаў меркаванне, што, імкнучыся да дасягнення міжнароднага міру і бяспекі, Дзяржава Катар адным з першых прадстаўляе ініцыятывы, накіраваныя на ўсталяванне міру і паслабленне напружанасці ў розных рэгіёнах. «Намаганні Катара па збліжэнні пунктаў гледжання паміж варожымі бакамі ў Афганістане атрымалі шырокую падтрымку на міжнародным узроўні. Гэтыя намаганні, нарэшце, завяршыліся падпісаннем мірнага пагаднення паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і рухам „Талібан“ у лютым 2020 года, а таксама пачаткам мірных перамоў па Афганістане ў Досе ў верасні 2020 года надзеі, што Афганістан набудзе бяспеку і стабільнасць і ажыццявіць памкненні афганскага народа да развіцця і росквіту», - сказаў ён.

Барацьба Катара з карупцыяй на глабальным узроўні

Мешааль Аль-Атыя падкрэсліў, што сярод прыярытэтаў Дзяржавы Катар на нацыянальным і міжнародным узроўнях асаблівае месца займаюць барацьба з карупцыяй і ўмацаванне механізмаў сумленнасці і кампетэнтнасці, пісьменнае кіраванне, празрыстасць і падсправаздачнасць ў дзяржаўных інстытутах. «Каб падтрымаць усіх, хто робіць свой унёсак у барацьбу з карупцыяй на глабальным узроўні, Дзяржава Катар заснавала міжнародную прэмію Эміра шэйха Таміма бін Хамада Аль-Тані па барацьбе з карупцыяй. Варта таксама адзначыць, што старшыня Савета Шуры у Дзяржаве Катар быў абраны прэзідэнтам Сусветнай арганізацыі парламентарыяў супраць карупцыі на 2019-2021 гады», — расказаў дыпламат.

Інавацыі ў экалогіі

Дыпламат таксама закрануў актуальную для сусветнай супольнасці тэму экалогіі: «Дзяржава Катар ўсведамляе, што экалагічныя праблемы — адны з самых сур’ёзных выклікаў, з якімі чалавецтва сутыкнецца ў будучыні. Міжнароднае бюро выстаў у знак прызнання намаганняў Катара ў галіне абароны навакольнага асяроддзя і дасведчанасці аб звязаных з ёй праблемах дало згоду Катару правесці міжнародную выставу садаводства Horticultural Expo з 2 кастрычніка 2023 года па 28 сакавіка 2024 года ў Досе, якая будзе арганізавана пад лозунгам „Зялёная пустыня — лепшае навакольнае асяроддзе“. Выстава накіравана на заахвочванне, натхненне і інфармаванне людзей аб інавацыйных рашэннях , барацьбе з апустыньваннем, а таксама прасоўванне прагрэсіўнай сельскай гаспадаркі, тэхналогій, інавацый, экалагічнай дасведчанасці і ўстойлівага развіцця ў пустынных рэгіёнах».

Прамыя выбары ў парламент

Часовы Павераны звярнуў асаблівую ўвагу: Дзяржава Катар знаходзіцца на парозе важнага этапу ў будаўніцтве дэмакратыі пасля таго, як шэйх Тамім бін Хамад Аль-Тані абвясціў у лістападзе мінулага года аб рашэнні правесці прамыя выбары ў Савет Шуры ў кастрычніку 2021 года згодна з палажэннямі Канстытуцыі. Такім чынам, «будзе зроблены важны крок ва ўмацаванні традыцый Шуры ў Катары і развіцці заканадаўчага працэсу з больш шырокім удзелам грамадзян». Дыпламат адзначыў, што многія краіны і міжнародныя арганізацыі прызналі важнасць гэтага рашэння і яго ролю ў прасоўванні дэмакратыі ў краіне.

Чэмпіянат свету па футболе ў 2022 годзе

Мешааль Аль-Атыя падкрэсліў, што народ і ўрад Дзяржавы Катар на працягу некалькіх гадоў зрабілі вялікую працу і прыкладалі ўсе намаганні для паспяховай арганізацыі спартыўнага свята — чэмпіянату свету па футболе ў Катары ў 2022 годзе, якога з нецярпеннем чакаюць мільёны людзей. «Гэта важны гістарычны момант, у якім, мы спадзяемся, беларускія спартсмены і аматары футбола прымуць актыўны ўдзел», — сказаў Часовы Павераны.

Цяжкасці ў сувязі з каранавірусам будуць пераадолены

Кіраўнік дыпламатычнай місіі канстатаваў мноства цяжкасцяў у мінулым годзе ў сувязі з каранавіруснай пандэміяй, якая пераадольваліся дзякуючы сумесна прыкладзеным намаганням. «Пандэмія COVID-19 стварыла новы выклік для ўсяго чалавецтва. Дзяржава Катар прадаставіла медыцынскую дапамогу для барацьбы з гэтай інфекцыяй больш чым 78 краінам на розных кантынентах. Я ўпэўнены, што нястомная праца Дзяржавы Катар і Рэспублікі Беларусь па выкараненні захворвання і абароне нашых грамадзян будзе мець поспех і ў выніку мы пераможам», - лічыць Мешааль Аль-Атыя.

Дыпламат павіншаваў беларусаў з юбілейнай датай устанаўлення дыпламатычных адносін і запэўніў у трывалай дружбе Дзяржавы Катар з Беларуссю.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.