Вы тут

Як спасцігнуць і палюбіць Кітай?


Адказ на гэта пытанне спрабуе даць вядомая ў Беларусі і не толькі ў Беларусі журналістка-міжнародніца Інэса ПЛЕСКАЧЭЎСКАЯ ў кнізе «Как разгадать Китай», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».


Фота: Павел Русак/Мінск-Навіны.

Разам сабраны яе артыкулы, эсэ, карэспандэнцыі, нарысы, якія на працягу 12 гадоў друкаваліся на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня». Аўтар, якая жыла і працавала ўвесь гэты час у Кітаі, спрабуе даць адказ на пытанні кшталту наступнага: «Пра што мы насамрэч думаем, калі думаем пра Кітай?».

Прачытаўшы публіцыстычны зборнік І. Плескачэўскай, пачынаеш разумець, як табе яго не хапала перад тымі кароткімі паездкамі ў Кітай! Кніга можа быць сапраўдным гідам, падарожным дапаможнікам у адкрыцці Кітая, у вандроўках па Паднябеснай. Пераконваюць у гэтым ужо самі назвы тэкстаў, з якіх складаецца кніга: «Журналістыка з кітайскай спецыфікай»; «Шлюб па-кітайску»; «Доступ — вораг асалоды»; «Рай бытавога абслугоўвання»; «Паднябесная якасць»; «Танна і сурова»; «Жыццё пасля падробак»; «Беражыся аўтамабіля!»; «Ніхто не хацеў саступаць»; «Раскоша на колах», «Ажаніцца ці вучыцца?»... Адзін з раздзелаў кнігі расказвае пра сямейныя каштоўнасці, якія вызначаюць сёння жыхары Паднябеснай. Асобныя старонкі аб’ядноўвае і такая глава — «Новыя кітайцы»...

Кнігу Інэсы Плескачэўскай можна чытаць паасобку, у залежнасці, што чытача асабіста зацікавіць. Выданне багата ілюстравана. Здымкі зроблены таленавітым фотамайстрам — Міхаілам Пеньеўскім, які таксама жыў і працаваў у Кітаі. Уступнае слова да кнігі напісаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР у 2006 — 2011 гг. Анатоль ТОЗІК. Вось што ён, у прыватнасці, піша: «Заўжды і з цікавасцю чытаў і чытаю ўсё напісанае Інэсай Плескачэўскай пра Кітай. Яе кнігі пра Кітай — выдатнае дапаўненне навуковага кітаязнаўства. У кожнага, хто жыў і працаваў там, застаўся ў памяці свой Кітай. Свой ён і ў Інэсы Плескачэўскай. Яна глядзіць на гэту дзіўную краіну вачыма таленавітага журналіста і жанчыны. Часам у яе кнігах, нарысах і эсэ жанчыны нават болей, чым журналіста. Яна бачыць тое, на што не звяртаюць ўвагі, ці не лічаць важным, ці саромеюцца пісаць пра гэта мужчыны-журналісты. Але гэта робіць яе тэксты яшчэ болей цікавымі».

Набыць кнігу «Як разгадаць Кітай», якая выйшла накладам 700 экзэмпляраў, можна ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга».

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».