Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна


Нядаўна кіраўнік дзяржавы даручаў ведамству дапрацаваць разам з расіянамі асноўную задуму і дэталі правядзення стратэгічнага вучэння Узброеных Сіл дзвюх краін «Захад-2021».


«Для мяне гэта сімвалічна, бо калі яшчэ быў маладым афіцэрам, мне прыйшлося браць удзел у адным з такіх вучэнняў савецкіх Узброеных сіл у Віцебскай вобласці па адпрацоўцы новых метадаў вядзення вайны, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тыя вучэнні называліся «Захад-1981». Калі я пазнаёміўся з задумай і нюансамі правядзення сёлетніх вучэнняў, убачыў, наколькі ўсё ж такі армія змянілася, узброеныя сілы, наколькі мы прасунуліся наперад».

Беларускі лідар папрасіў далажыць пра ўзгадненне з Расійскай Федэрацыяй нюансаў правядзення «Захаду-2021» і напомніў, што даўно ўжо дамовіўся з расійскім калегам пра правядзення гэтых вучэнняў. 

Другое пытанне сённяшняй працоўнай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам абароны датычылася вынікаў будаўніцтва і развіцця  Узброеных Сіл Беларусі за апошнія пяць гадоў.

«Перш за ўсё мы дамаўляліся пра прывядзенне колькасці нашай арміі да пэўнага ўзроўню, — сказаў Прэзідэнт. — Па-другое, мы павінны былі базу значна ўдасканаліць. Нашы ваенныя гарадкі, гарнізоны і гэтак далей. Ну і трэцяе —  узбраенне. Я ўвогуле ведаю сітуацыю, і някепска, па ўсіх трох накірунках, таму вы сканцэнтруйцеся на тым, на што нам трэба звярнуць увагу ў будучай пяцігодцы», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Віктар Хрэнін заявіў, што аналіз праведзеных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якая праводзіцца на тэрыторыі суседніх краін, сведчыць пра яе рост. 

«І не толькі на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы, але і на тэрыторыі Украіны, — дадаў ён. — Здавалася б, разрозненыя мерапрыемствы, якія праводзяцца па часе, месцы, пытаннях, якія адпрацоўваюцца падчас вучэнняў,  прыцягнутых войсках, аб’ектах інфраструктуры, якая ўдасканальваецца, кажуць пра тое, што краіны Захаду працягваюць шукаць вырашэнне так званага пытання “беларускага выступу”».

Адной з самых эфектыўных мер супрацьдзеяння ваеннай пагрозе, якая ўзрастае, з’яўляюцца мерапрыемствы стратэгічнага ўздзеяння, лічыць міністр абароны. Зыходзячы з гэтага беларускае і расійскае ваенныя ведамствы распрацавалі задуму  вучэнняў «Захад-2021».

«У аснову задумы сумеснага стратэгічнага вучэння лёг адзін з магчымых варыянтаў эскалацыі ваенна-палітычнай абстаноўкі супраць умоўнай дзяржавы, — паведаміў журналістам па выніках дакладу Галоўнакамандуючаму Віктар Хрэнін. — Вучэнні плануецца правесці цягам сямі сутак з 10 па 16 верасня. Па прапанове нашых расійскіх калег вучэнне пройдзе на тэрыторыі дзвюх краін, што нам дазволіць адпрацаваць пытанні выкарыстання рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і вядзення армейскіх аперацый».

Падчас «Захаду-2021» будуць таксама адпрацаваныя пытанні выкарыстання сумесных штурмавых груп на ўрбанізаванай тэрыторыі, будзе дадзена ацэнка новым і мадэрнізаваным узорам ваеннай спецыяльнай тэхнікі, якая паступіла на ўзбраенне, дадаў міністр.

«У нас будзе магчымасць абмяняцца і атрымаць баявы вопыт расійскіх калег, які павялічваецца, і які потым можна будзе выкарыстоўваць для ўдасканалення форм і спосабаў выкарыстання нашых Узброеных сіл», — падсумаваў Віктар Хрэнін. 

Ён адзначыў, што расійска-беларускія вучэнні будуць адлюстроўваць адзінства поглядаў абаронных ведамстваў абедзвюх краін на забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. 

На пытанне журналістаў пра магчымыя абвінавачанні з боку Захаду ў пагрозе, якую дэманструюць такія вучэнні, і пра тое, ці будуць запрошаныя заходнія назіральнікі, Віктар Хрэнін адказаў: «Яны (абвінавачанні. — «Зв.») ужо з’явіліся, пэўнае іх абурэнне. Але мы, як у складзе Саюзнай дзяржавы і як самастойная дзяржава, маем права вызначаць, якія вучэнні, як і калі іх праводзіць. Вядома, мы запросім (назіральнікаў. — «Зв.»), няхай яны глядзяць — мы адкрытыя і гатовыя паказваць стан нашых Узброеных сіл і ўзровень нашай вывучкі».

Міністр таксама далажыў кіраўніку дзяржавы пра завяршэнне доўгатэрміновага і сярэднетэрміновага планаў па будаўніцтве і развіцці Узброеных Сіл Беларусі. 

«У цэлым можна сказаць, што дзякуючы комплекснаму падыходу выканання ўсіх мерапрыемстваў, якія былі закладзеныя ў планах, дасягнутыя пэўныя поспехі, — пракаментаваў ён другое пытанне парадку дня. — Асноўныя кірункі, па якіх адбыліся будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл — аргштатныя мерапрыемствы (па дасягненню ўсталяванай колькасці), утрыманне і дасягнення долі новых і сучасных узораў узбраення ваеннай тэхнікі ад агульнай колькасці. Па ўсіх гэтых пытаннях мы пастаўленыя задачы выканалі».

За мінулую пяцігодку на ўзбраенне прынятыя больш за 450 узораў узбраення ваеннай спецыяльнай тэхнікі, капітальна адрамантаваныя або мадэрнізаваныя больш за 250 узораў, што забяспечыла неблагі ўзровень удзельнай вагі новай і сучаснай тэхнікі, удакладніў Віктар Хрэнін.

Ён напомніў, што за гэты час былі пастаўленыя на ўзбраенне самалёты Су-30СМ, Як-130, верталёты Мі-8МТВ5, рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланез», зенітна-ракетны дывізіён Тор-М2, сучасныя сродкі сувязі, навігацыя, сродкі радыё-электроннай разведкі, зброя, сродкі абароны для асабовага складу. 

«На сёння Узброеныя Сілы кампактныя, баяздольныя і гатовыя выканаць пастаўленую задачу. У цэлым адпавядаюць усім сучасным патрабаванням, якія да іх прад’яўляюць кіраўнік дзяржавы і наш народ», — рэзюмаваў міністр

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».