Вы тут

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць


Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць. Логіка ў гэтым ёсць, але... лёгка сказаць! Асабліва калі «горшыя» датычыцца фінансавых спраў. Выглядаць «на ўсе сто» танна? Ды не смяшыце! На самай справе істотна скараціць выдаткі на догляд скуры рэальна, калі ставіцца да касметычных прэпаратаў — крэмаў і сываратак — як... да медыцынскіх. Гэта значыць — зыходзіць з дакладных паказанняў. Як гэта зрабіць? Можна звярнуцца да касметолага. Няма калі і дорага? Мы зрабілі гэта за вас.


Пра тое, што трэба чытаць склад крэмаў, а не давяраць рэкламе і не купляць усё новыя непатрэбныя слоічкі сродкаў, якія «не падыходзяць», усе мы выдатна ведаем. А то любыя слоічкі і цюбікі, якія ні вазьмі, утрымліваюць «чароўны эліксір маладосці» — і ўсё гэта аказваецца толькі рэкламным ходам. Але чытаць склад, калі вы не прафесійны касметолаг, таксама не выйсце. Набор незразумелых слоў дробным шрыфтам не праясняе сітуацыю. Што застаецца жанчыне, якая хоча выглядаць маладой і прыгожай доўгія гады? Вучыцца і яшчэ раз вучыцца: павышаць сваю кампетэнтнасць у пытаннях догляду сябе любімай. Ну, а калі так — трымайце шпаргалку!

Спачатку — галоўнае

Догляд скуры павінен быць комплексным, сцвярджаюць касметолагі. У дарослай жанчыны (ад 25 гадоў) у штодзённым доглядзе павінны прысутнічаць фруктовыя кіслоты, рэцінол, антыаксіданты і кампаненты для ўвільгатнення эпідэрмісу.

Не варта палохацца: усё гэта лёгка сумяшчаецца ўсяго ў некалькіх правільна выбраных сродках. Напрыклад, крэмы з рэцінолам звычайна заадно з'яўляюцца пажыўнымі (утрымліваюць кампаненты аднаўлення ліпіднага бар'ера). Фруктовыя кіслоты можна сумясціць з умываннем (ёсць такія лініі сродкаў для ачышчэння скуры і ў айчынных, і ў замежных брэндаў). Дарэчы, не забываем і пра пілінг. Пасля 30 гадоў выбіраем энзімныя пілінгі — імі лепш замяніць любімыя нашымі жанчынамі скрабы для скуры, яны мякчэйшыя і пры гэтым больш эфектыўна змагаюцца з арагавелымі клеткамі, выдаляючы недасканаласці.

Выратавальная вільгаць

Зімой, падчас ацяпляльнага сезона, сухасць скуры — адна з галоўных жаночых б'юці-праблем. Пры гэтым у нашых жанчын існуе ўпарты міф, што ўзімку скуру ўвільгатняць не трэба. Трэба, яшчэ як трэба! Праблема сухасці лёгка вырашаецца пры дапамозе так званага натуральнага ўвільгатняльнага фактару (мачавіна і амінакіслоты). Мачавіна — мінеральнае рэчыва, амінакіслоты — тыя «дэталькі», з якіх складаюцца бялкі ў нашым арганізме. Мы атрымліваем амінакіслоты з бялковай ежы, але, калі спажываем яе недастаткова, якраз і ўзнікае дробнае лушчэнне скуры і запаленні. І гэтую праблему можна вырашыць вонкавым нанясеннем правільных крэмаў. Значыць, шукаем на паліцах крэмы з амінакіслотамі і мачавінай. Іх і беларускія, і замежныя вытворцы выпускаюць у дастатковай колькасці, і знайсці іх можна ў самых розных цэнавых катэгорыях, у тым ліку вельмі бюджэтныя. Напрыклад, лініі з экстрактам ікры (амінакіслоты), крэмы з мачавінай і невялікім працэнтам малочнай кіслаты. Атрымліваем лёгкае лушчэнне і інтэнсіўнае ўвільгатненне.

Дастатковую вільготнасць скуры забяспечвае і знакамітая гіалуронавая кіслата (напэўна, няма жанчыны, якая за апошнія некалькі гадоў не навучылася прамаўляць гэтае словазлучэнне). «Гіалуронка» бывае двух відаў. Высокамалекулярная гіалуронавая кіслата — гэта буйныя малекулы, што прыцягваюць вялікую колькасць вады. Так званы банкетны варыянт з яскравым, але кароткім ліфтынг-эфектам. Нанеслі і схадзілі на ўрачыстае мерапрыемства. Дарэчы, касметолагі не раяць часта карыстацца такімі сродкамі ў ацяпляльны сезон — вада са скуры хутка страчваецца, і ў далейшым мы атрымліваем зваротны эфект — сухасць. Гэта хутчэй летні варыянт. Нізкамалекулярная «гіалуронка» пранікае глыбей у скуру. Але яе эфектыўнасць пакуль не даказаная. Лічыцца, што раздробленыя малекулы гіалуронавай кіслаты глыбока ў скуры павінны зноў сабрацца ў буйныя і забяспечыць увільгатненне. Наколькі гэта працуе на практыцы? На жаль, не вельмі.

Што рабіць зімой, каб не дапусціць сухасці скуры? Выкарыстоўваць абодва варыянты ўвільгатнення. Крэмы з амінакіслотамі і мачавінай дадуць пралангаваны ўвільгатняльны эфект. А напрыклад, сываратка з гіалуронам — хай і кароткачасовы, але яркі і бачны няўзброеным вокам.

Правільнае харчаванне

Гаворка не пра колькасць зеляніны ў рацыёне, а пра жыўленне скуры. Калі вы ўвільгатняеце скуру, але яна ўсё роўна выглядае сухой і абязводжанай, патрабуецца аднаўленне ліпіднага бар'ера, або «харчаванне скуры». Зімой гэта вельмі актуальна.

Ліпіды «склейваюць» так званыя рагавыя канверты. Паміж клеткамі эпідэрмісу размешчаны тонкія ліпідныя пласты. І калі ў гэтых ліпідных пластах не хапае кампанентаў, мы адчуваем сухасць, сцягнутасць, лушчэнне, скура няроўная і бледная. Вырашаецца пытанне дастатковым паступленнем у арганізм поліненасычаных тлустых кіслот Амега-3 і Амега-6 (гэта любімыя словы дыетолагаў). Але мы жывем далёка ад мора, харчовыя дабаўкі прымаюць далёка не ўсе. Словам, дадаём кампаненты, што адсутнічаюць, звонку. Дапамогуць лінолевая і ліналенавая кіслоты — гэтыя словы шукаем на слоічках з крэмамі. Кіслоты гэтыя сустракаюцца ў самых розных алеях і экстрактах: абрыкос, авакада, какос, кукуруза, макадамія, грэцкі арэх і гэтак далей. І не забываем сумяшчаць жыўленне скуры з яе ўвільгатненнем.

Люстэрка душы

Крэмы для скуры пад вачыма — абавязковы элемент штодзённага догляду. Касметычнымі сродкамі для твару замяніць крэм для вачэй не атрымаецца — скура пад вачыма мае патрэбу ў адмысловым доглядзе. Для скуры вакол вачэй лепш за ўсё выбіраць сродкі з пептыдамі. Напрыклад, «сінякі пад вачыма» ліквідуе айсерыл — пептыд, які ўмацоўвае сасудзістую сценку. Гэта, мабыць, самы актуальны зімой пептыд: шукаем у складзе. Ліфтынг-эфект забяспечвае DMAE. Шукаем гэтыя літары ў складзе крэмаў пад вочы, калі вам за 30. Гэта рэчыва, якое робіць карацейшымі сувязі ў клетках эпідэрмісу, ствараючы эфект «падцягвання». Сродкі з DMAE эфектыўныя супраць дробнай сетачкі маршчынак.

Ліквідуем лішняе

Калі вы жывяце ў горадзе, для вашай скуры асабліва важныя антыаксіданты. Шукаем у складзе сродкаў рэсвератрол і вітамін С (або L-аскарбінавую кіслату). З вітамінам С ёсць складанасць. Па-першае, ён вельмі хутка распадаецца. Таму якасныя сродкі з ім павінны быць герметычна ўпакаваныя або выпускацца ў выглядзе прадуктаў неадкладнага ўжывання (маскі або сывараткі, дзе трэба змешваць кампаненты і тут жа наносіць, — іх любяць выпускаць карэйскія вытворцы касметыкі).

Чаму трэба шукаць у складзе словы «L-аскарбінавая кіслата»? Справа ў тым, што яе малекулы бываюць двух відаў і працуюць яны з рознай эфектыўнасцю. І калі L-аскарбінавая дасць, дапусцім, семдзесят працэнтаў эфекту, то «перавернутая» ў іншы бок малекула — усяго пяць-дзесяць. Але вытворца можа і не напісаць на слоічку, якую аскарбінавую кіслату ён дадаў. Так што крэмы з вітамінам С лепш набываць ад буйных касметычных брэндаў, якія шануюць сваю рэпутацыю.

Маладосць мая

Фруктовыя кіслоты — яшчэ адзін абавязковы кампанент догляду скуры з яскравым амаладжальным эфектам. Калі вам за 30, сродкі з фруктовымі кіслотамі вам проста неабходныя. Гэта вялікая група рэчываў, здольных вырашаць мноства касметычных праблем. І лініі сродкаў з імі ёсць у вытворцаў і дарагой, і бюджэтнай касметыкі. Напрыклад, малочная кіслата эфектыўна ўвільгатняе скуру, міндальная — ліквідуе высыпанні, гліколевая — амалоджвае.

Зіма — найлепшы час, каб вырашыць праблему з пігментацыяй скуры, што засталася «ў спадчыну» з лета. Шукаем крэмы і сывараткі з коевай кіслатой у складзе. Іх выкарыстоўваць можна толькі зімой, бо гэтая кіслата несумяшчальная з сонцам. У сакавіку, калі пігментацыя не знікне, трэба будзе памяняць адбельвальны крэм на сродак з ферулавай кіслатой.

Сродкі з гліколевай кіслатой вы лёгка знойдзеце ў аптэчнай касметыцы. Такія крэмы, як правіла, пазначаныя маркіроўкай 35+. Гліколевая кіслата — адзін з найбольш эфектыўных і да таго ж правераных часам амаладжальных сродкаў. Яна стымулюе скуру да абнаўлення.

Калі гліколевая кіслата ў адказе за стымуляцыю звонку, то рэцінол абнаўляе скуру знутры. Папулярны рэцінол (які таксама, напэўна, ведае любая жанчына ў нашы дні) — форма вітаміну А. З рэцінолам лепш выбіраць тыя крэмы, дзе вытворца ўказвае працэнт. Калі раней вы ніколі не спрабавалі такія сродкі, бяром крэм з самым маленькім працэнтным утрыманнем рэцінолу — 0,15 % (каб не атрымаць пабочныя эфекты ў выглядзе пачырванення і лушчэння скуры). Паступова павялічваем працэнт да 0,5 %. Рэцінол, як ужо гаварылася, абнаўляе скуру знутры: прымушае дзяліцца клеткі ў глыбокіх пластах скуры, выштурхваючы верхнія. І гэта дае выдатны вынік: маршчынкі сыходзяць, скура амалоджваецца. Але памятайце: вясной і летам, з прыходам актыўнага сонца, крэмы з рэцінолам могуць справакаваць з'яўленне на скуры пігментных плям. Так што да вясны (ужо ў канцы лютага — пачатку сакавіка) зноў пераходзім на нізкі працэнт гэтага рэчыва ў крэме і не забываемся пра сонцаахоўныя сродкі (з SPF).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Яго псеўданім быў нават запісаны ў пашпарце. Некалькі гісторый пра творы вядомага сатырыка Кандрата Крапіву

Яго псеўданім быў нават запісаны ў пашпарце. Некалькі гісторый пра творы вядомага сатырыка Кандрата Крапіву

«Хто сустрэўся быў са мною, Дакрануўся раз ці два, Дык той ведае ўжо, хто я:

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.