Вы тут

Музей Якуба Коласа распачынае кнігавыданне


Адразу тры кнігі народнага песняра Беларусі Якуба КОЛАСА пабачылі свет, дзякуючы замове Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.


Фота Ганны Занкавіч.

Да чытача краіны на роднай мове прыйшлі «Міхасёвы прыгоды», «Савось-распуснік. Рак-вусач», «Якуб Колас — дзецям». Выдаўцамі выступілі «Белстан» і «Альфа-кніга». Наклад у кожнага з выданняў — 200 экзэмпляраў. У праекта ёсць рэдакцыйная калегія, куды ўвайшлі: А. В. Храмы, В. В. Міцкевіч, А. І. Красоціна, У. А. Ліхадзедаў. Да паэмы «Міхасёвы прыгоды» праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна МІЦКЕВІЧ, напісала лаканічную і выразную прадмову, у якой пераканаўча сведчыць, што: «У беларускай літаратуры для дзяцей наўрад ці знойдзецца другая такая кніга, якая б так прыгожа і маляўніча, проста, яскрава і вобразна паказала маленькаму чытачу багацце і разнастайнасць роднай прыроды». І вось што яшчэ піша Васіліна Міцкевіч: «Міхасёвы прыгоды» Якуб Колас пісаў з асаблівай любоўю, бо прататыпам галоўнага героя твора быў яго малодшы сын Міхась. Міхаіл апісаны на аснове рэальных падзей, што адбываліся з ім у дашкольным узросце, а многія дзеючыя асобы паэмы: яго родныя браты — Даніла і Юрка, хлопчыкі і дзяўчынкі, з якімі ён сябраваў, — названы іх сапраўднымі імёнамі. Зачараванасць прыгажосцю прыроды роднага краю, любоў да рыбалкі, збору грыбоў і ягад, якія так паэтычна апісаны ў паэме, захаваліся ў Міхася Канстанцінавіча на ўсё жыццё».

Да кнігі «Савось-распуснік. Рак-вусач» прадмову напісала старшыня грамадскага аб'яднання «Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння «Сакавік», унучка Якуба Коласа Марыя МІЦКЕВІЧ. «Якуб Колас вельмі добра разумеў неабходнасць у дзіцячых творах, у якіх на роднай беларускай мове распавядалася б пра розныя з'явы прыроды, жыхароў лясоў, азёраў і рэчак. Ён вучыў беражлівым адносінам да ўсяго жывога, адмоўна ставіўся да забойства жывёл і палявання, хоць і быў адным з лепшых стралкоў у Аляксандраўскім ваенным вучылішчы. Любімым заняткам класіка быў збор грыбоў. У лепшыя гады ён прыносіў за адзін раз больш за 200 баравікоў са сваіх лясных вандровак. Якуб Колас вучыў сыноў, як правільна збіраць грыбы і як захоўваць грыбніцу. Любіў ён і вудзіць рыбу, у тым ліку і са сваім сябрам і паплечнікам Янкам Купалам. Напэўна, таму так яскрава ў паэме «Рак-вусач» Якуб Колас апісвае рачных жыхароў, раскрывае перад дзецьмі чароўны падводны свет».

Усе тры кнігі маляўніча аформіла таленавіты кніжны графік Алеся ЖЫТКЕВІЧ. Зробленыя ёй ілюстрацыі арганічна ўпісваюцца ў вымаўленыя Якубам Коласам мастацкія вобразы, параўнанні. Мастачка і расклала малюнкі па старонках кніг так спрактыкавана, вобразна, што часам здаецца, адкрыўшы ўжо тэксты паэм і вершаў, можна яшчэ раз «перачытаць» і самі ілюстрацыі. Чаго варты адзін толькі разварот, дзе «Рыба з радасці такой / Пайшла ў скокі талакой...», дзе «Муха на цымбалах / Струны калыхала...», «Граў на скрыпачцы камар, / На дудачцы — чмель-дудар»...

...Не за гарамі вясеннія канікулы. Па традыцыі розныя бібліятэкі, у тым ліку і школьныя, будуць ладзіць Тыдзень дзіцячай і юнацкай літаратуры. Знаёмства з новымі выданнямі твораў Якуба Коласа, адрасаваных юнаму чытачу, — добрая нагода для прэзентацый, для сустрэч і ў Коласаўскім музеі, які апошнім часам, нягледзячы на складанасці работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса, уражвае рознымі цікавымі праектамі.

Мікола Берлеж

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент