Вы тут

Круглы стол. Відавочная, дзейсная форма выказвання адносін нашага народа да свайго права на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё


Чаго нам чакаць ад Усебеларускага народнага сходу? Якая яго роля ў грамадстве і існуючай рэальнасці? Чаму мы ўскладаем на яго пэўныя надзеі? Пра гэта і пра вопыт, які мы ўжо набылі напярэдадні нацыянальнага форуму, «Звязда» прапанавала паразважаць у фармаце завочнага круглага стала рэктару Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдату гістарычных навук, дацэнту Вячаславу ДАНІЛОВІЧУ, загадчыку кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдату юрыдычных навук, дацэнту Сяргею КАЛІНІНУ, настаўніку геаграфіі сярэдняй школы № 19 горада Гомеля, «Найлепшаму настаўніку года — 2020» Вадзіму ЛОСЕВУ, намесніку дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдату палітычных навук Таццяне ШЭНДЗІК.


УНС як палітычны феномен

Вячаслаў Даніловіч.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ: Усебеларускі народны сход — адна з найважнейшых формаў прамога народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь. Форма, якая прадугледжвае абмен думкамі, кансультацыі, раду органаў улады з народнымі прадстаўнікамі па актуальных для грамадства і дзяржавы кірунках развіцця, праблемных пытаннях. Традыцыя падобных сходаў цалкам адпавядае нашаму менталітэту і ўзыходзіць яшчэ да старажытнаславянскага веча. Асаблівае значэнне Усебеларускі народны сход набывае ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці і пагроз дзяржаўнаму ладу краіны.

Разам з тым Усебеларускі народны сход — гэта відавочная, дзейсная форма выказвання адносін нашага народа да свайго права на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё. У адпаведнасці з гэтым воля дзяржавы, воля яе палітычных інстытутаў, у тым ліку выяўленая ў Канстытуцыі, любых іншых законах, не можа быць вышэйшай за волю самога народа. Таму ўнікальнасць Усебеларускага народнага сходу ў тым, што яго работа дае магчымасць інстытутам улады сувымяраць і суадносіць сваю палітыку па ўмацаванні і развіцці дзяржаўнасці, з воляй яе носьбіта. У гэтых адносінах прыняцце любых законаў (у тым ліку Асноўнага Закона), накіраваных на практычнае гістарычна перспектыўнае забеспячэнне існавання і развіцця беларускага народа, з'яўляецца выключна яго прэрагатывай.

На маючым адбыцца VІ Усебеларускім народным сходзе я вынес бы на абмеркаванне яго дэлегатаў пытанні не толькі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку, але і ажыццяўлення канстытуцыйнай рэформы, нацыянальнай кансалідацыі перад тварам актуальных геапалітычных выклікаў.

Сяргей Калінін.

Сяргей КАЛІНІН: Калі гаварыць аб сучасных праблемах дзяржаўнага будаўніцтва і дэмакратыі, у першую чаргу трэба прытрымлівацца разумнай крытычнасці і мець на ўвазе наступнае.

Першае. Такая канцэпцыя фарміравання і рэалізацыі ўлады генетычна мае заходнія карані і адносіцца да ліберальнай культуры, для якой характэрна безапеляцыйнае прызнанне ўласных узораў і ідэй у якасці ўніверсальных. Але тут узнікаюць пытанні, наколькі палітыка-прававыя мадэлі, уласцівыя адной цывілізацыі, падыходзяць да іншых, ці могуць незаходнія дзяржаўнасці выкарыстоўваць іншыя формы народаўладдзя, чым прадугледжаныя заходняй традыцыяй, дамінаванне якой можна разглядаць і як форму культурна-ідэалагічнай інтэрвенцыі, палітычнага расізму, які адмаўляе іншым народам у самастойнасці і развіцці.

Другое. Кожны палітыка-прававы тэрмін мае шматграннае вызначэнне. Напрыклад, пры апалогіі дэмакратыі традыцыйна выкарыстоўваецца недакладная цытата з Уінстана Чэрчыля, якая ў арыгінале гучыць так, «на самай справе, можна казаць, што яна [дэмакратыя] найгоршая форма праўлення, калі не лічыць усіх астатніх, якія былі выпрабаваны часам». Пры гэтым Чэрчыль, які з'яўляецца прамым нашчадкам першага герцага Мальбара і ўнукам пятага герцага, але ад другога сына, кажа пра дэмакратыю праз гледжанне шляхетнага джэнтльмена.

Але народ не абмяжоўваецца толькі арыстакратычнымі джэнтльменамі, якія іншых не прызнаюць вартымі і годнымі сябе, таму трэба ўлічваць розніцу паміж канцэптам і рэчаіснасцю, так сказаць, правяраць гармонію алгебрай, а тэорыю гісторыяй.

Мяркую, любы народ можа выкарыстоўваць розныя формы прадстаўніцтва, найбольш адэкватныя патрабаванням часу і тым выклікам, якія час прад'яўляе такому народу і яго дзяржаўнасці. Таму трэба паралельна згадаць гісторыю развіцця прадстаўнічых органаў, у якой заходні палітыка-прававы вопыт — гэта толькі адзін з кірункаў.

У любой цывілізацыі, у любой краіне і ў любога народа прысутнічаюць і ўзаемадзейнічаюць некалькі ўзроўняў улады: аднаасобная, арыстакратычная (кампетэнтнай меншасці), дэмакратычная (улада народа, народнага сходу) і сакральна-ідэалагічная, якая вызначае сэнс існавання дзяржавы. Таму кіраванне аб'ектыўна забяспечваецца супрацоўніцтвам кіраўніка і савета найбольш кваліфікаваных, падрыхтаваных, мудрых і г. д., адносіны якіх залежаць ад гістарычнага кантэксту, традыцый і т. п. Адначасова пры кіраўніку ствараецца прафесійны апарат службовых асоб, які непасрэдна і атаясамліваецца з уладай. Народны сход забяспечвае легальнасць дзеяў і кантралюе дзейнасць пастаянных органаў, прадстаўляе інтарэсы шырокіх мас. Сакральна-ідэалагічная ўлада (рэлігія) захоўвае светапоглядныя нормы, чым абмяжоўвае дзейнасць кіруючых структур.

Важнай сучаснай сусветнай тэндэнцыяй развіцця парламентарызму з'яўляецца падзенне ролі парламента і пераход магчымасцяў прыняцця рэальных рашэнняў да апарату кіравання. Гэта абумоўлена ўскладненнем сацыяльных працэсаў, для разумення якіх трэба быць прафесіяналам. Дэпутат жа можа быць кампетэнтным толькі ў адной сферы, што і абумоўлівае аб'ектыўнае абмежаванне ролі парламента і ўзмацненне ролі выканаўчай улады.

На гэты працэс падмены бюракратыяй ролі прадстаўнічых органаў звярнуў увагу і Макс Вебер, які прапанаваў мадэль плебісцытарнай дэмакратыі, калі кіраўнік дзяржавы можа непасрэдна звярнуцца да народа, правесці плебісцыт па найбольш значных пытаннях, так сказаць, «праз галаву прафесіяналаў у галіне кіравання», якія могуць выдаваць уласныя інтарэсы за дзяржаўныя.

Адначасова развіццё парламентарызму выявіла і іншую негатыўную тэндэнцыю — фарміраванне дыктатур партыйных кіраўнікоў і іх сувязь з лабісцкімі структурамі, калі палітычныя партыі перасталі прадстаўляць інтарэсы шырокіх колаў насельніцтва, а фактычна выступалі ў інтарэсах вузкага кола партыйнага апарату.

Усё гэта патрабуе наяўнасці і іншых формаў народнага прадстаўніцтва, якія адначасова не павінны падмяняць сабой парламент, адзін з найбольш важных органаў улады, праз які фарміруецца палітычны дыскурс, да выканаўчай улады даводзяцца структураваныя інтарэсы насельніцтва, праз парламенцкія слуханні ажыццяўляецца кантроль. Гэта пацвярджае важнасць такой ужо традыцыйнай формы народнага прадстаўніцтва, як Усебеларускі народны сход, статус якога мэтазгодна замацаваць у Канстытуцыі.

Але Усебеларускі народны сход не з'яўляецца парламентам і не падмяняе яго ролю. Розніца гэтых інстытутаў добра бачная на гістарычных прыкладах. Так важную ролю ў развіцці прадстаўнічых органаў выконвала хрысціянства, у якім таксама прысутнічае і аднаасобная (епіскапальная) і калектыўная (саборная) формы кіравання, суадносіны якіх залежаць ад пэўнай канфесіі. Каталікі аддаюць перавагу аднаасобнай форме ў асобе непагрэшнага ex cathedra рымскага першасвятара, праваслаўныя сумяшчаюць гэтыя формы, бо над кожным патрыярхам і епіскапам стаіць Сабор.

Традыцыя склікання сабораў зыходзіць да апостальскіх часоў. Паступова традыцыі царкоўных сабораў успрымаліся і свецкімі ўладамі, асабліва ў Заходняй Еўропе, дзе кароль вымушаны быў склікаць саслоўі для вырашэння найбольш значных праблем. Гэта прывяло да фарміравання парламента ў сучасным разуменні як пастаяннага органа, які прадстаўляе перад каралём інтарэсы розных груп народа і ў якім прыняцце рашэнняў ужо не патрабуе агульнай згоды, а можа быць толькі праз арыфметычную большасць. Дзейнасць такога парламента і абумовіла фарміраванне палітычнай сістэмы. Але трэба памятаць вышэйпрыведзеныя словы Уільяма Чэрчыля аб дэмакратыі і джэнтльменах...

Такім чынам, Усебеларускі народны сход фактычна трэба разглядаць як спробу рэалізацыі пэўных саборных пачаткаў, калі мэтай з'яўляецца высвятленне існуючых праблем і пошук шляхоў іх пераадолення. Таму і фарміраванне такога органа павінна ажыццяўляцца на іншых прынцыпах, у ім павінны быць прадстаўлены максімальна шырокія колы і групы насельніцтва. Мэтай дзейнасці такога органа павінна быць не столькі партыйная барацьба ў шырокім сэнсе, колькі фарміраванне сацыяльнага кансэнсусу, дыягностыка грамадскіх праблем і прычын, якія іх парадзілі, пошук балансу інтарэсаў розных груп насельніцтва, тэрыторый і г. д. Таму рэгулярнае скліканне Усебеларускага народнага сходу будзе спрыяць развіццю дэмакратыі ў Беларусі.

Логіка беларускай мадэлі развіцця

Таццяна Шэндзік.

Таццяна ШЭНДЗІК: Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэнная незалежная дзяржава, падзеі 2020 года не пакінулі ў гэтым сумневаў.

Толькі сфарміраваўшы нацыянальную дзяржаву, беларускі народ увасобіў у жыццё шматвяковую нацыянальную ідэю: «Людзьмі звацца!» Паклаўшы ў аснову дзейнасці інтарэсы простага чалавека, беларуская дзяржава стварыла ўмовы для роўнага доступу да адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, забяспечыла новыя стандарты якасці жыцця, захавала традыцыйныя і сфарміравала новыя галіны эканомікі, спрыяла зараджэнню новых сацыяльных груп.

Мэтанакіраваная палітыка па прырашчэнні чалавечага капіталу сфарміравала з боку грамадзян запыт на новы грамадскі дагавор. Ён замацоўвае прынцыпы ўзаемаадносін грамадзян з дзяржавай, якія ўспрымаюцца імі як справядлівыя.

Ва ўсходняй і заходняй традыцыях справядлівасць трактуецца па-рознаму. Для славян гэта хутчэй раўнамернае размеркаванне дабротаў, адказнасць дзяржавы за
забеспячэнне годнага жыцця грамадзян. У заходніх грамадствах справядлівасць трактуецца як роўнасць у магчымасцях, роўная адказнасць дзяржавы і грамадзян за пабудову грамадства ўсеагульнага дабрабыту.

Сёння ў беларускай рэальнасці паралельна суіснуюць дзве ідэалагічныя канструкцыі канцэпту «справядлівасць». Узнаўленне адной з іх, якая трактуе «справядлівасць» як роўнасць у размеркаванні даброт, ідзе па сыходнай траекторыі, іншая, якая разглядае «справядлівасць» як роўнасць умоў, — па ўзыходзячай.

Асаблівасці рэсурснага забеспячэння эканомікі Беларусі актуалізуе патрэбу больш актыўна выкарыстоўваць інтэнсіўныя фактары эканамічнага развіцця, чэрпаць рэзервы ў інтэлектуальным, навукова-тэхнічным патэнцыяле нацыі. Гэтая тэндэнцыя добра «кладзецца» на сацыяльныя ўстаноўкі новага пакалення беларусаў, якія ўжо не з'яўляюцца носьбітамі савецкай ідэнтычнасці і схільныя ацэньваць дзяржаву як партнёра.

Мы ўшчыльную падышлі да таго скрыжавання, калі трэба адаптаваць беларускую мадэль дзяржаўнага ладу да запытаў ужо пасталелага грамадства. У такія перыяды вызначыць дакладны шлях здольныя толькі мудрасць і вышэйшая воля народа. Інстытут Усебеларускага народнага прадстаўніцтва неаднойчы даказваў сваю здольнасць пераадольваць крызісы развіцця: у пачатку XX стагоддзя беларускі народ выбіраў паміж двума праектамі БНР і БССР, у сярэдзіне 90-х — паміж шокавымі і сацыяльна арыентаванымі рэформамі
ў эканоміцы.

Вадзім ЛОСЕЎ: Я выкладаю не толькі геаграфію, але яшчэ і грамадазнаўства. Мне гэта тэма вельмі цікавая з пазнавальнага пункту погляду. Бачу, што Усебеларускі на-
родны сход — вялікая палітычная з'ява. І ацэнку ёй, вядома, будзем даваць не мы, а ўжо нашы нашчадкі.

Сачыў за Народным сходам 2016 года як за палітычным інструментам і звярнуў увагу на тое, што на яго дэлегіравалася вялікая колькасць простых людзей. Цяпер вельмі баюся, каб форум не стаў «пленумам ЦК КПСС», які складаецца цалкам з кіраўнікоў. Мне здаецца, што гэта будзе не зусім сумленна ў адносінах да працоўных.

Тыя, хто намі кіруе, людзі дастойныя, лідары, але не ўвасабляюць асноўнага зрэзу народа, тое, што для мяне — соль зямлі. Мне вельмі важна паглядзець на найлепшых прадстаўнікоў прафесій, дзякуючы якім і ствараецца дабрабыт. Кіраўнік кіруе, але цяжар працы ляжыць на плячах 7,5 мільёна беларусаў.

Усебеларускі народны сход 2016 года прыняў рэзалюцыю аб тым, што ўзровень якасці жыцця грамадзян нашай краіны будзе павышацца. Не хацелася б, каб у 2021 годзе прынялі пастанову пра тое, што сонца ўзыходзіць на Усходзе, а заходзіць на Захадзе. Відавочна, што ўсе мы хочам развіцця, росту заробкаў, больш якасных паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, змяншэння падатковага цяжару... Гэта супер! Гэта класныя ідэі, але дэклараваць іх недастаткова.

Мне цікавыя канкрэтныя факты, і не з ідэалагічнага пункту гледжання — пра развіццё грамадзяніна, бо я чалавек не працэсу, а выніку. Мяне цікавіць, якая ў нас будзе інфляцыя, стаўка рэфінансавання, каб я мог разлічыць свой сямейны бюджэт, якім будзе прырост ВУП. На жаль, зараз я не маю гарызонту планавання, далягляду падзей на заўтра. Усё занадта хутка змяняецца, працэсы ў беларускім грамадстве непрадказальныя. У выніку работы VІ Усебеларускага народнага сходу я хацеў бы даведацца, куды мы ідзём — вектар нашага развіцця.

Наданне канстытуцыйнага статусу УНС

Вадзім Лосеў.

Вадзім ЛОСЕЎ: З-за таго, што ні ў Канстытуцыі, ні ў законах няма дакладнага азначэння, што такое Усебеларускі народны сход, мы не можам дакладна сказаць, якія ў яго функцыі. А гэта прынцыпова важнае пытанне.

Калі казаць з пункту гледжання грамадазнаўства, то нельга ні ў якім разе падмяняць Усебеларускім народным сходам рэферэндум. Нельга ставіць знак роўнасці. Калі мае персанальныя праблемы — простага чалавека — вырашыць рэферэндум, я за рэферэндум. Калі Усебеларускі народны сход — я за яго. Трэба выкарыстаць усе алоўкі ў гэтым пачку, які называецца «дэмакратыя па-беларуску», каб зразумець, што нам дапаможа. Ці рэалізавалі мы ўсе магчымыя варыянты, каб прыйсці да грамадскага кансэнсусу і, самае галоўнае, да паляпшэння жыцця грамадства? Ад паляпшэння жыцця мяне персанальна, як рацыянальнага эгаіста па Адаму Сміту, да паляпшэння жыцця грамадскага канструкта па Тойнбі.

Беларусь я ўяўляю канатаходцам. У канатаходцаў ёсць абавязковае правіла: увесь час ісці невялікімі крокамі і трымаць баланс. Калі ісці хутка, раўнавага парушыцца і адбудзецца падзенне. Калі занадта запаволіцца — тое самае. Нам трэба ўвесь час рухацца, нельга спыняцца, спяшацца і тармазіць. Галоўная мэта — рух. Калі Усебеларускі народны сход забяспечвае правіла канатаходца, значыць, мы робім правільна.

Таццяна ШЭНДЗІК: Чарговы этап развіцця нашай дзяржавы мусіць адбыцца ва ўмовах знешнепалітычнай турбулентнасці і барацьбы сусветных гульцоў за рэсурсы і ўплыў у рэгіёне. Наўрад ці даводзіцца спадзявацца на спакойныя часы — свет уступіў у эпоху глабальнай трансфармацыі. Любая сацыяльная сістэма ў перыяд развіцця і пе-
рафармаціравання найбольш уразлівая да знешняга ўздзеяння, дзяржава не выключэнне. Каб забяспечыць адначасова развіццё эканамічнай, палітычнай сістэм і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, суверэннай дзяржавы неабходна стварыць інстытут, які выступіць гарантам паспяховай трансфармацыі. Такім інстытутам можа стаць Усебеларускі народны сход як вышэйшая форма народаўладдзя. Надзяленне яго паўнамоцтвамі ў сферы ажыццяўлення грамадскага кантролю за выкананнем рашэнняў УНС, выкарыстання права вета ў дачыненні да рашэнняў, якія ідуць уразрэз з воляй народа, дасць магчымасць стварыць парасонавыя механізмы абароны дзяржаўнасці, распакаваўшы пры гэтым магчымасці для фарміравання новых пунктаў устойлівасці сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сістэм.

Роля грамадскай дыскусіі

Таццяна ШЭНДЗІК: Грамадская дыскусія, якая папярэднічала Усебеларускаму народнаму сходу, дазволіла вызначыць прынцыпы грамадскага развіцця, якія беларускі народ бачыць умовай плённасці беларускай мадэлі ў будучыні. Гэта прынцыпы:

  • умацавання дзяржаўнай улады, яе прагрэсіўнасці;
  • уважлівага стаўлення да чалавека, уліку грамадскай думкі пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў;
  • карыснасці грамадству, заахвочвання актыўнасці і ініцыятыўнасці, абгрунтаванай прафесійнай (кіраўніцкай) рызыкі;
  • падтрымкі інтэлекту і прыярытэту моладзі;
  • уліку нацыянальнай ідэнтычнасці, прыярытэту захавання нацыі;
  • паслядоўнага, паступальнага прырастання вопыту;
  • прыярытэту бяспекі над правамі чалавека;
  • гарантыі інвестыцый і правоў уласнасці;
  • адкрытасці і міратворчасці;
  • непахіснасці суверэнітэту, недапушчальнасці знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы;
  • прыярытэту дружалюбных адносін ў знешнеэканамічнай дзейнасці.

Яшчэ раней эксперты заўважылі запыт супольнасці на ўдзел у кіраванні грамадскімі справамі. Маркерамі такога запыту стаў рост фактаў выкарыстання інфармацыйных платформаў у мэтах вырашэння пытанняў грамадска значнага характару (петыцыя за адмену Закона «Аб адтэрміноўцы»), актыўны водгук грамадзян на грамадскае абмеркаванне Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама паспяховая актыўнасць жыхароў супраць высечкі Грушаўскага сквера.

Ініцыятыва, а часам і вымушаная рэакцыя дзяржаўных органаў на нізавую актыўнасць даюць аптымізм меркаваць аб засваенні ўладай і ўкараненні ў абарот інструментаў камунікацыі па лініі «ўлада — грамадства», якія ў доўгатэрміновай перспектыве здольныя дапоўніць механізмы камунікацыі па лініі «ўлада — чалавек».

У адрозненне ад палітычна ангажаванай актыўнасці запыт на ўдзел у кіраванні грамадскімі справамі носіць ненакіраваны характар і сфармаваны пад уплывам натуральных абставін, а сацыяльна-бытавы характар актыўнасці насельніцтва мінімізуе яе таксічнасць і спрыяе маштабаванасці.

Сістэмная рознанакіраваная работа органаў улады з грамадскай энергіяй: ад надання імпульсу развіцця тэрытарыяльнаму самакіраванню да развіцця практык грамадскай экспертызы і кантролю — дасць магчымасць павысіць устойлівасць беларускай мадэлі развіцця.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ: Лічу надзвычай важным, каб пры мясцовых органах улады пастаянна дзейнічалі дыскусійныя пляцоўкі для розных грамадскіх ініцыятываў. Неабходна развіваць культуру дыскусіі, дыялогу. Яны павінны грунтавацца на фактах і аргументах, мець канструктыўную накіраванасць дзеля ўмацавання і паляпшэння развіцця нашай краіны, аб'ядноўваць, а не падзяляць. Надзвычай актуальна, каб кіруючыя органы, асабліва на месцах, чулі людзей, разумелі, што іх хвалюе і разам з імі вырашалі любыя праблемы.

Яшчэ біблейскія прарокі ў свой час гаварылі пра прагматычных следапытаў, якія вядуць за сабой народ праз хаос і сумяціцу, сеючы зерне новага шляху. У сучасных умовах такімі следапытамі, а не толькі добрымі прафесіяналамі ў сваёй справе, павінны быць менавіта кіруючыя кадры нашай краіны. Дзеля гэтага яны павінны не толькі валодаць перадавымі навукова-арганізацыйнымі ведамі, але і мець глыбокую грамадзянска-патрыятычную перакананасць, высокі духоўны патэнцыял і пачуццё адказнасці за лёс Айчыны і ўсяго беларускага народа. Адзначу, што гэты пасыл ужо пакладзены намі ў аснову вучэбна-выхаваўчых планаў і вучэбна-арганізацыйнай работы кафедраў і ўсіх структур Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Дзяржава і моладзь

Таццяна ШЭНДЗІК: Можна сказаць, што будучыня Беларусі фарміруецца сёння. І якім стане гэта будучыня, шмат у чым залежыць ад сучаснага пакалення моладзі, яе сталасці і здольнасці разабрацца ў хітраспляценнях светабудовы, уменні правільна расставіць акцэнты і адказаць за свае ўчынкі.

Дзяржава з'яўляецца свайго роду арбітрам, які стварае ўмовы для станаўлення юнакоў і дзяўчат.

Сфарміраваная ў перыяд устойлівага эканамічнага росту і стабільнасці беларуская моладзь дэманструе павышаныя патрабаванні і сацыяльны перфекцыянізм, арыентаваны на навязаныя, часцяком нерэальныя стандарты дасканаласці. Зваротным бокам такога перфекцыянізму становіцца боязь няўдачы, празмерная адчувальнасць да ўсякай крытыкі. Пры гэтым юнацкія мары аб лёгкім, цікавым і актыўным жыцці, калі разбіваюцца аб суровыя рэаліі, часам фарміруюць адчуванне ўласнай неплацежаздольнасці і нерэалізаванасці.

У першую чаргу маладому пакаленню патрэбна самарэалізацыя, а для гэтага важна стварыць неабходныя ўмовы, сучасныя, прывабныя стандарты жыцця і вучобы, шырокія магчымасці для дасягнення поспеху.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ: Неабходна з ранняга дзяцінства выхоўваць моладзь у духу любові і павагі да продкаў і Радзімы, фарміраваць імкненне да стваральнай працы, да ведаў і разумення гісторыі, уменне самастойна думаць і развіваць творчыя здольнасці на карысць грамадства.

Вельмі важна, што ў нашай краіне адбылася трылогія «Малой радзімы». Сапраўдны патрыятызм пачынаецца з любові да родных мясцін, дзе ты нарадзіўся, і дзе ты жывеш. Прыемна адзначыць, што сустрэчы вучоных-гісторыкаў з грамадскасцю, правядзенне навуковых форумаў, прысвечаных даследаванню мінулага асобных населеных пунктаў і рэгіёнаў Беларусі, распачатыя па ініцыятыве Інстытута гісторыі НАН Беларусі, сталі добрай і карыснай традыцыяй. Акрамя таго, рэгулярна арганізуюцца археалагічныя летнікі.

Усё гэта з'яўляецца непасрэднай, практычнай ідэалагічнай работай, накіраванай на кансалідацыю беларускай нацыі, гарманізацыю грамадскіх адносін, фарміраванне патрыятызму, грамадзянскай актыўнасці і адказнасці, захаванне культурна-гістарычнай пераемнасці і гістарычнай свядомасці. Такая практыка павінна пашырацца з дапамогай сталічных і рэгіянальных ВНУ на ўсе раёны нашай краіны.

Вадзім ЛОСЕЎ: Лічу, што любыя рэформы трэба пачынаць з сістэмы адукацыі. Размова не пра колькасць вучэбных гадзін, бальнасць ацэнкі ведаў, а пра літасферныя, мацерыковыя зрухі. Бо мэта беларускай адукацыі — стварэнне ўсебакова і гарманічна развітой асобы. У іншых краінах мэты больш канкрэтныя: выхаванне годнага грамадзяніна, гатовага да жыцця (у Паўночнай Еўропе), да працы і абароны (у Кітаі), чалавека, здольнага выжыць (у афрыканскіх краінах). Куды ў беларускай адукацыі рухаемся мы? Ці не топчамся на месцы?

Калі Усебеларускі народны сход вызначыць адну мэту беларускай адукацыі (няхай гэта будзе патрыятызм або выхаванне матэматычнай нацыі), педагагічная супольнасць будзе яе дасягаць. Дайце нам адну найважнейшую мэту, і мы яе рэалізуем.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?