Вы тут

Вітанні выдавецтву-юбіляру ад кіраўніцтва краіны і творчай інтэлігенцыі Беларусі


На кніжным рынку краіны працуе больш як 400 суб’ектаў гаспадарання, а дзяржаўных кніжных выдавецтваў не так і шмат. Але дзяржаўны складнік у кнігавыдавецкай справе досыць істотны. Гэта відавочна і па тыражах, і па падручніках, якімі дзяржава забяспечвае сотні тысяч школьнікаў краіны, і па вырашэнні іншых задач у гэтай надзвычай важнай галіне.


Кніжнае выдавецтва «Беларусь», чый 100-гадовы юбілей зараз адзначаюць у краіне, — падмурак айчыннага кнігадрукавання. Пра гэта ішла размова і на ўрачыстым сходзе, які прайшоў 18 студзеня з удзелам Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя КУНЦЭВІЧА.

Перадаючы віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра ЛУКАШЭНКІ, Андрэй Міхайлавіч выказаў шмат цёплых слоў у адрас калектыва-юбіляра. Выдавецтва з юбілеем павіншавала і Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля КАЧАНАВА. З вітальным словам ад імя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выступіла намеснік старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія АНАНІЧ. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар ЛУЦКІ, адзначыўшы прыярытэты выдавецтва ў дзяржаўным кнігавыданні, асаблівую ўвагу звярнуў на новыя задачы, якія стаяць і перад калектывам «Беларусі» і ўвогуле перад айчыннымі кніжнікамі ў сённяшнім часе. Кніга павінна быць адлюстраваннем памкненняў да народнага адзінства, выказнікам дзяржаўнай пазіцыі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, выказаў свае спадзяванні міністр.

Павіншаваць юбіляра прыйшлі калегі па кніжным цэху, ветэраны выдавецтва «Беларусь», шматгадовы дырэктар Аляксандр СТАЛЯРОЎ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ, паэты, празаікі, публіцысты, мастакі, музейныя работнікі, архівісты, арганізатары айчыннага кніжнага гандлю.

Мы звярнуліся да ўдзельнікаў святочнай імпрэзы з просьбай падзяліцца сваімі развагамі пра «Беларусь», пра здабыткі выдавецтва на кніжнай дзялянцы. І вось што пачулі ў адказ:

Алесь БАДАК, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

Наша выдавецтва нараджэннем з 1972 года. Фактычна тую нішу, якую мы зараз займаем, асвойвалі ў выдавецтве «Беларусь» многія дзесяцігоддзі перад гэтым. І прыемна бачыць выданні твораў мастацкай літаратуры, якія прадстаўлены на выстаўцы ў знак юбілейных урачыстасцяў. Гэтыя паэтычныя, празаічныя кнігі спрыялі фарміраванню грунту беларускай нацыянальнай літаратуры. У «Беларусі» і ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, правапераемнікам якога стала «Беларусь», друкаваліся народныя паэты, народныя пісьменнікі Беларусі. Шмат дзеля прапаганды беларускай мастацкай літаратуры выдавецтва зрабіла і ў 1970–1980-я гады, выдаючы, напрыклад, фотаальбомы пра беларускіх пісьменнікаў, іх жыццё і творчасць. Як «жывыя выданні» стаяць перад вачыма кнігі пра Янку Брыля, Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Аркадзя Куляшова, пра аўтара «Карнікаў» і «Хатынскай аповесці» Алеся Адамовіча…

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:

Мне падаецца, што ад года ў  год разам з выдавецтвам «Беларусь» мы ствараем сапраўдную энцыклапедыю мастацкага жыцця краіны, мастацкай біяграфіі нашай Айчыны. Менавіта «Беларусь» падтрымала ідэю нашага музея па выданню серыі «Мастакі з Беларусі». Гэта такія міні-альбомы, дзе і нарысы пра мастакоў, і якасныя рэпрадукцыі іх твораў. Каго толькі не адкрывае айчынны чытач, ды і не толькі айчынны, бо кнігі выдаюцца і з тэкстамі ў перакладзе на англійскую мову, — Фердынанда Рушчыца, Паўла Масленікава, Аркадзя Астаповіча, Гаўрыіла Вашчанку… Часам наўмысна рыхтуем для гэтай серыі выданні пра мастакоў, пра якіх пачалі забывацца, тым самым узнаўляем розныя таямніцы і памяткі.

Мікалай СУПРАНОВІЧ, дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»:

Мяне ўражвае шматаблічнасць тэматычнага плана выдавецтва «Беларусь». Калегі займаюцца і грамадска-палітычнай літаратурай, фактычна з’яўляюцца лідарамі ў выданні фотаальбомаў, якія расказваюць пра турыстычныя прывабнасці нашай краіны. І разам з тым выдаюць мастацкую літаратуру. З кніг, якія на слыху, — выданні твораў Уладзіміра Караткевіча на беларускай і рускай мовах.

Аляксандр ЛОЙКА, дырэктар Музея «Замкавы комплекс „Мір“»:

Хаця мы і самі з’яўляемся кнігавыдаўцамі, стараемся самі ствараць практыкі кніжнага разгляду гісторыі Міра і ваколіц, гісторыі сучаснасці замка, але вельмі цесна звязаны і з выдавецтвам «Беларусь». Нам прыемна, што тэматыка Мірскага замка, яго гісторыі і месца ў лёсе Беларусі, многіх ураджэнцаў Беларусі знаходзіцца і ў полі зроку выдавецтва «Беларусь». З вялікай цікавасцю часта пераглядаю альбомы-манаграфіі доктара біялагічных навук Анатоля Тарасавіча Федарука, якія прысвечаны старадаўнім сядзібам Беларусі, альбомы, прысвечаныя дэкаратыўна-прыкладному мастацтву нашай Айчыны.

Галоўным лейтматывам урачыстасцяў у гонар 100-годдзя з дня нараджэння кніжнага выдавецтва «Беларусь» сталі пажаданні працаваць для развіцця кніжнай культуры Беларусі гэтак жа плённа і ў наступныя сто гадоў.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.