Вы тут

Георгій Маліноўскі: Кадрамі павінны займацца спецыялісты


Георгій Маліноўскі, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага:


— Мяне хвалюе пытанне падрыхтоўкі кадраў: сёння рабочыя кадры і кадры на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — найважнейшыя ў эканоміцы. І ўстановы накшталт нашай рыхтуюць такіх спецыялістаў. У Савецкім Саюзе сістэма прафтэхадукацыі існавала асобна, яна прагназавала, разглядала падрыхтоўку кадраў на шмат гадоў наперад, займалася ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і цесна ўзаемадзейнічала з эканомікай. Цяпер такога няма. Але рана ці позна абавязкова вернемся да таго, як было раней. Бо без гэтага няма парадку. У асобных заходніх краінах розныя ведамствы і міністэрствы паспяхова займаюцца падрыхтоўкай кадраў для сябе. У іх ёсць свае адукацыйныя цэнтры, фінансаванне. На іх ляжыць адказнасць за якасць адукацыі і працаўладкаванне. Калі ўсё гэта гарманічна ўзаемазвязана, тады і вынік цудоўны. Без гэтага — праблемы. Вось невялікі прыклад. У краіне ёсць аўтаматызаваная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны ўносіць туды свае заяўкі, а мы, адпаведна, заключаць з імі дагаворы. Але ў гэтай сістэме выстаўляюцца не ўсе прадпрыемствы. У адных праблемы з выхадам у гэтую аўтаматызаваную сістэму, у другіх інтэрнэту няма. А з нас патрабуюць, каб быў выразны баланс паміж тым, што выстаўлена ў гэтай сетцы, і дагаворамі. Мы павінны займацца якасцю будучых кадраў і выхаваннем, а на самай справе выконваем яшчэ шмат іншых абавязкаў, што адбіваецца на выніках. Мы шмат намаганняў прыкладаем да пошукаў мэтавікоў, як толькі пачынаецца новы навучальны год, працуем у гэтым кірунку. І ў нас, у адрозненне ад іншых, заўсёды на 20 жніўня план камплектавання ўжо закрыты. Пастаянна заклікаем моладзь ісці да нас, расказваем пра сябе. Гэта трэба рабіць, але не ў той вялікай ступені, у якой мы вымушаны гэтым займацца. Як і працаўладкаваннем. Мы пачынаем пра гэта клапаціцца, калі малады чалавек яшчэ на першым курсе. Трэба ж знайсці яму цікавую работу. Сёння існуе вялікі дысбаланс паміж тым, што павінна быць для маладых спецыялістаў, і тым, што ёсць. Не заўсёды ім аказваецца матэрыяльная і сацыяльная падтрымка, таму юнакі і дзяўчаты не спяшаюцца затрымлівацца на сваім рабочым месцы.

У краіне абавязкова павінен з'явіцца цэнтр, які будзе спецыялізавацца на прафтэхадукацыі, а ў абласцях — упраўленні па прафесійнай падрыхтоўцы кадраў. І там павінны працаваць спецыялісты з адпаведнай адукацыяй. Тады і куратарства будзе рацыянальнае. Наладзіцца прагназаванне падрыхтоўкі кадраў праз адпаведныя галіны эканомікі на шмат гадоў наперад. І матэрыяльна-тэхнічная база стане больш магутная і сучасная. Я не кансерватар, але лепш за тую сістэму падрыхтоўкі кадраў, што была ў Савецкім Саюзе, не прыдумаеш. Не трэба павялічваць колькасць чыноўнікаў, неабходна правільна арганізаваць працэс.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.