Вы тут

Дзмітрый Баскаў: Шкада, што ІІХФ стала ахвярай палітычных гульняў вакол Беларусі


Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў пракаментаваў рашэнне IIHF аб адмене мінскай часткі чэмпіянату свету па хакеі 2021 года, паведамілі ў прэс-службе грамадскага аб’яднання.


«Хачу персанальна звярнуцца да прадстаўнікоў так званага фонду салідарнасці спартсменаў. Асабліва да былых прафесійных спартсменаў. Сёння вы святкуеце перамогу, адабраўшы ў беларускага народа сапраўднае свята. Пасля гэтага вы не можаце звацца беларусамі. Вы здраднікі!» — адзначыў Дзмітрый Баскаў. — «Вы забралі чэмпіянат свету ў першую чаргу ў тысячы дзяцей, якія займаюцца хакеем. Гэтыя 17 дзён, на працягу якіх доўжыцца чэмпіянат, маглі б прыцягнуць у нашу краіну не толькі сусветных хакейных зорак, сапраўдных куміраў мільёнаў хлапчукоў па ўсім свеце, на якіх раўнялася б новае пакаленне хакеістаў, але і дзясяткі тысяч замежных балельшчыкаў і сотні прадстаўнікоў СМІ, якія маглі б на ўласным вопыце пераканацца ў неверагоднай прыгажосці Беларусі, гасціннасці нашага народа і ўзроўні бяспекі ў нашай краіне. Нам шкада, што Міжнародная федэрацыя хакея і найбуйнейшыя сусветныя брэнды, якія падтрымліваюць развіццё сусветнага хакея, сталі ахвярамі палітычных гульняў вакол Беларусі».

Па словах Дзмітрыя Баскава, у краіне была праведзена вялікая праца: спачатку па падрыхтоўцы заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, а пасля — непасрэдна па арганізацыі турніру. «Мы па-ранейшаму лічым, што і чэмпіянат свету ў 2021 годзе не стаў бы выключэннем, а як мінімум паўтарыў поспех турніру, які мы ўжо прымалі ў 2014-м», — канстатаваў ён.

Акрамя таго, правядзенне чэмпіянату ў Мінску магло б даць штуршок не толькі развіццю дзіцячага спорту, але і турыстычнай індустрыі, гарадской інфраструктуры. «Безумоўна, мы знойдзем гэтыя кропкі росту самастойна, але «палітычная гнуткасць» міжнародных інстытутаў ўжо ўвойдзе ў гісторыю, тым самым стварыўшы прэцэдэнт для наступных маніпуляцый», — сказаў кіраўнік ФХБ.

Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе (IIHF) абвясціла, што анулявала сумесную заяўку Беларусі і Латвіі на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў гэтым годзе.

ЧС-2021 вырашылі перанесці з-за немагчымасці забяспечыць бяспеку пры правядзенні турніру ў Мінску, сказана ў заяве IIHF. У федэрацыі адзначылі, што савет IIHF разгледзіць статус Латвіі як аднаго з арганізатараў чэмпіянату і вывучыць магчымасць правесці першынство толькі ў гэтай краіне.

Чэмпіянат свету па хакеі павінен быў прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня ў Мінску і Рызе.

Арганізатары чэмпіянату з Беларусі атрымаюць кампенсацыі з-за пазбаўлення права правесці першынство. Гэта прадугледжана кантрактам з IIHF. Дакладная сума кампенсацый пакуль не вызначана.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».