Вы тут

​Рэгіянальнае развіццё, рост даходаў і спрыяльнае асяроддзе для бізнесу


Асноўныя палажэнні праекта Праграмы развіцця на пяцігоддзе прэзентавалі ў Міністэрстве эканомікі. Па сутнасці, гэта абрысы будучай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021–2025 гады, якія будуць разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе.


У фармаце фарсайтаў

Як патлумачыў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ на прэс-прэзентацыі, у патрыхтоўцы дакумента былі задзейнічаны эксперты па кожным з накірункаў сацыяльнай і эканамічнай частак будучай праграмы, якія рабілі акцэнт на вопыце практыкаў і прапановах бізнесу. Дарэчы, у распрацоўцы былі задзейнічаны таксама навукоўцы профільнага інстытута Мінэканомікі, Акадэміі навук, адукацыйныя ўніверсітэты, эксперты даследчых цэнтраў ІПМ і БЕРОК, прадстаўнікі саюза прадпрымальнікаў, прыватных устаноў адукацыі, медыцынскіх цэнтраў і іншыя. Работа, сапраўды, была карпатлівай: пачынаючы з 2019 года, у фармаце фарсайтаў выпрацоўваліся стратэгічныя накірункі развіцця краіны. Галіновыя накірункі далей адпрацоўваліся непасрэдна з бізнесам і профільнымі міністэрствамі: эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва і архітэктуры.

Таму праект Праграмы — гэта вынік сумеснай працы, у першую чаргу навукоўцаў, бізнесу, грамадскіх арганізацый і экспертаў органаў дзяржкіравання, — падкрэсліў міністр.

Ён адзначыў, што пры яе распрацоўцы ўлічваліся і праблемы, якія засталіся нявырашанымі ў папярэдняй пяцігодцы, і таксама сітуацыя ў свеце, якая рэзка змяняе канфігурацыю ўмоў развіцця. Гаворка, у прыватнасці, аб больш жорсткай канкурэнцыі, пратэкцыянізме, рэгіяналізацыі і абмежаванні ў допуску да новых тэхналогій і выхадзе на фінансавыя рынкі. Сярод унутраных абмежаванняў Аляксандр Чарвякоў назваў зніжэнне дэмаграфічнага патэнцыялу, адставанне па вытворчасці працы ад еўрапейскіх дзяржаў і высокую залежнасць эканомікі ад вуглевадароднай сыравіны.

Таму праграма развіцця павінна не толькі рэагаваць і нівеліраваць выклікі і абмежаванні, але і ствараць аснову для будучага росту, — перакананы ён.

Сацыяльная накіраванасць захаваецца

Кажучы пра абрысы развіцця эканомікі, міністр агучыў тры яе асноўныя рысы. Перш-наперш, дзяржава працягне захоўваць сацыяльную накіраванасць, дзе галоўная мэта — рост дабрабыту людзей.

Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, цэнам, занятасці, даступнасці жылля, а таксама высокатэхналагічным паслугам у сферах аховы здароўя і адукацыі, — падкрэсліў міністр.

Другая рыса эканомікі датычыцца далейшага развіцця індустрыяльнага патэнцыялу ў традыцыйных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, але толькі на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове.

І, нарэшце, трэцяя асаблівасць — неабходнасць фарміравання новых высокатэхналагічных галін і прадпрыемстваў.

У якасці прыярытэтаў распрацоўшчыкі праекта Праграмы вылучаюць чатыры асноўныя накірункі. Першы, відавочна, адзін з найважнейшых — шчаслівая сям’я. Па задуме аўтараў праграмы, яго рэалізацыя прадугледжвае ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх здаровая сям’я, падтрымка маладых і клопат пра старэйшае пакаленне.

Другі прыярытэт — моцныя рэгіёны. І тут акцэнт робіцца на камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы ў любым кутку краіны.

Трэці — інтэлектуальная краіна. У аснову гэтага прыярытэту пакладзены адукацыя і навучанне, развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу.

Чацвёрты прыярытэт — дзяржава-партнёр. Маецца на ўвазе ўмацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам, дзяржавай і грамадствам.

І калі першыя тры прыярытэты адказваюць за развіццё чалавечага патэнцыялу (якасць працоўнай сілы, яе высокага інтэлекту і стварэнне камфортных і бяспечных умоў у рэгіёнах), то чацвёрты прыярытэт дазваляе атрымаць сінергетычны эфект ад шчыльнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавай, грамадствам, чалавекам і бізнесам. А сукупнасць прыярытэтаў дазваляе забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і дабрабыт нашых грамадзян, - перакананы Аляксандр Чарвякоў.

Адсюль лагічна вынікае канструкцыя Праграмы, якая складаецца таксама з чатырох ключавых блокаў: паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу і лічбавая трансфармацыя, рэгіянальнае развіццё і стварэнне спрыяльнага рэгуляторнага асяроддзя.

Ад рэгіянальных медцэнтраў да змены фармату ўступных кампаній

Пачнём з першага — паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, якое вызначаецца ўзроўнем медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны і даходамі насельніцтва.

Безумоўна, у ахове здароўя даступная і якасная медыцына — аснова высокага ўзроўню, якога дасягнула грамадства. У развіцці медыцыны на пяцігодку распрацоўшчыкі бачаць тры асноўныя накірункі.

Па-першае, зніжэнне ўзроўню захваральнасці насельніцтва і эпідэміялагічная бяспека. Асноўнымі мерамі ў гэтым будуць прафілактычныя скрынінгі і дыспансерызацыя. Будуць узмоцнены меры па прадухіленню распаўсюджання хвароб і інфекцый, мінімізацыі наступстваў каранавіруса.

Другі накірунак тычыцца фарміравання высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах. Плануецца стварыць сетку з 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Цэнтры будуць аснашчаны неабходным сучасным дыягнастычным абсталяваннем.

Трэці накірунак — лічбавізацыя медыцыны, якая будзе пабудавана на ўкараненні адзінай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры аховы здароўя на базе 5G. Што гэта дасць? Інтэлектуальныя сістэмы дадуць магчымасць дыстанцыйнага маніторынгу здароўя, а тэлемедыцына і рабатызацыя — правядзення высокатэхналагічных аперацый.

Між іншым, акрамя медыцыны ў сацыяльным блоку акцэнт робіцца і на развіцці адукацыі. Задача, якую абазначылі распрацоўшчыкі, — забяспечыць такі ўзровень адукацыі, пры якім чалавек змог бы лёгка і свабодна ставіць перад сабой мэты і задачы і дасягаць іх з актуальным наборам ведаў і ўменняў, заставацца запатрабаваным цягам усяго жыццёвага цыклу.

Так, у сістэме сярэдняй адукацыі акцэнт будзе рабіцца на ранняй прафесійнай адукацыі і самавызначэнні, фарміраванні ў школьнікаў інавацыйных і прадпрымальніцкіх навыкаў. Для гэтага прапануецца павялічыць вучэбныя гадзіны па дакладных навуках: фізіцы, хіміі, матэматыцы. У сістэме вышэйшай адукацыі прадугледжваюцца змены фармату ўступных кампаній, а таксама павышэнне практыка-арыентаванасці адукацыйнага працэсу. Для старэйшага пакалення (55+) будуць укараняцца праграмы дадатковай адукацыі, у тым ліку навучанне інфармацыйным тэхналогіям.

З’явіцца новая структура — дзяржкарпарацыя

Другі блок праграмы тычыцца ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і лічбавай трансфармацыі. У вырашэнні гэтага пытання росту эканомікі асноўнымі вектарамі развіцця павінны стаць павелічэнне ўнутранага спажывання, разгортванне новага інвестыцыйнага цыкла і рэалізацыя экспартнай стратэгіі. Што тычыцца першага, гаворка аб стымуляванні куплі айчынных тавараў, другога — росту вытворчасці працы, павелічэнні канкурэнтаздольнасці і экспартных магчымасцей, стварэнні развітой інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Больш жорсткая канкурэнцыя на рынках свету патрабуе новых арганізацыйных бізнес-мадэлей прадпрыемстваў, — перакананы міністр эканомікі. — Прадугледжваецца стварэнне новай арганізацыйнай структуры — дзяржаўнай карпарацыі — на аснове аб’яднання па прынцыпе вытворчых ланцужкоў: ад вытворцы сыравіны да канчатковага прадукту.

Як патлумачыў Аляксандр Чарвякоў, на першапачатковым этапе прапрацоваецца стварэнне сямі дзяржкарпарацый у прамысловай галіне. Што гэта дасць?

Па-першае, аб’яднае рэсурсы і скароціць выдаткі. Па-новаму вырашыць пытанні з фінансавым аздараўленнем некаторых арганізацый.

Па-другое, павысіць аддачу ад дзяржактываў, перш за ўсё за кошт удасканалення сістэмы кіравання імі. Канчатковая мэта — выбудаваць рацыянальную схему ўзаемадзеяння паміж прадпрыемствамі, каб ствараць і прадаваць не проста тавар, а прадуктовы комплекс тавараў і паслуг, у тым ліку сэрвіснае і гарантыйнае абслугоўванне.

Паводле слоў міністра, ужо адпрацаваны перспектывы па першай пілотнай дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання з агульным аб’ёмам выручкі больш за тры мільярды рублёў. Плануецца, што яна стане значным гульцом на сусветным рынку сельгастэхнікі.

Яшчэ адна навацыя ў сістэме ўзаемадзеяння — кластарызацыя, якая аб’яднае навуку, прыватны бізнес і буйныя дзяржкарпарацы агульнай мэтай — стварэннем інавацыйнага прадукту.

У рэгіёнах кластары з’явяцца ў найбольш перспектыўных сферах: біятэхналогій і «зялёнай» эканоміцы, хіміі і нафтахіміі, аўтамабілебудаванні і гэтак далей. Такім чынам павінна з’явіцца 13 кластараў. Як, напрыклад, ужо адбылося ў нафтахімічнай галіне на базе «Нафтана» і Полацкага ўніверсітэта, дзе створаны кластар, які пачынае актыўна развівацца.

Кааперацыйныя ланцужкі і 5G у вёсцы

Асноўная мэта — скараціць розніцу ва ўзроўні і якасці жыцця людзей у рэгіёнах. Лакаматывамі павінны стаць абласныя цэнтры і гарады з насельніцтвам 80 тысяч чалавек. Іх развіццё павінна ўцягнуць прылеглыя раёны і сфарміраваць агульны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс.

Калі казаць аб прыярытэтах развіцця, то Мінск і абласныя цэнтры сканцэнтруюцца на прыцягненні інвестыцый у высокатэхналагічныя вытворчасці. Для гэтага ў іх ёсць вытворчы і навукова-даследчы патэнцыял, — перакананы міністр.

Да гэтага працэсу плануецца падключыць прыватны бізнес. Яму прапануюць невыкарыстоўваемыя пляцоўкі дзяржпрадпрыемстваў, удзел у праграмах імпартазамяшчэння і кааперацыйных ланцужкоў з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі (МАЗам, БелАЗам, Гомсельмашам і іншымі).

У гарадах з насельніцтвам звыш 80 тысяч чалавек з’явяцца індустрыяльныя пляцоўкі, падрыхтаваныя па прынцыпе «апошняй мілі» з інжынернай інфраструктурай.

У малых і сярэдніх гарадах, сельскіх раёнах акцэнт прапануецца зрабіць на паглыбленні перапрацоўкі мясцовых рэсурсаў і сельгаспрадукцыі, стварэнні прадпрыемстваў на гэтай аснове.

Але для прывабнага жыцця па-за горадам неабходна наблізіць інфраструктуру да гарадской: бяспечныя дарогі, садкі, школы, здраўніцы, гадзінная дасягальнасць да месца працы, сувязь 5G.

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, усё гэта прадугледжана ў пяцігадовай праграме.

Грунтоўны дакумент абмяркуюць на месцах

І, нарэшце, чацвёрты блок — фарміраванне спрыяльнага інстытуцыянальнага асяродку. Галоўным пунктам тут выступае, па словах міністра, стварэнне прывабнасці беларускай юрысдыкцыі для бізнесу і інвестараў.

— Таму на разгляд Усебеларускага народнага сходу выносяцца меры па дадатковых гарантыях абароны правоў добрасумленнага бізнесу і інвестараў, — патлумачыў ён.

Па-першае, прапануецца перагледзець падставы для прыцягнення эканамічных агентаў да крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай галіне. За эканамічныя правіны — толькі эканамічнае пакаранне.

Па-другое, для інвестараў прапануецца ўвесці стабілізацыйную агаворку, сутнасць якой у тым, каб не павялічваць падаткі на тэрмін да 5 год у межах інвестыцыйнай дамовы.

Далей — увесці прававы рэжым спецыяльнай інвестдамовы, калі дзяржава гарантуе інвестару выкуп часткі прадукцыі, створанай на новых вытворчасцях.

Для інавацыйных праектаў і праектаў на асобных тэрыторыях плануецца пашырыць памер інвестыцыйных вылікаў, якія можна аднесці на затраты.

Акрамя таго, неабходна пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў кіравання па пытаннях рэгулявання зямельных і маёмасных адносін.

Увесь пералічаны вышэй пласт тэм — гэта толькі абрысы плануемых змен, якія яшчэ будуць насычацца прапановамі з месцаў падчас абмерванняў у рэгіёнах на круглых сталах і дыялогавых пляцоўках з удзелам дэлегатаў УНС. Безумоўна, карэкціроўкі будуць дарэчы, бо грунтоўны дакумент, якім будзе кіравацца краіна ў сваім развіцці на сярэднетэрміновую перспектыву, патрабуе рэгіянальнай актуалізацыі.

Застаецца толькі адно пытанне: на які вынік мы разлічваем?

Як паведаміў Аляксандр Чарвякоў прысутным на прэс-прэзентацыі журналістам, рэалізацыя ўсяго комплексу мер дазволіць за пяцігоддзе забяспечыць ВУП у памеры 121,5% (больш за 81 мільярд долараў у 2025 годзе), рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 120,2%, інвестыцый у асноўны капітал — 122,4% (а гэта амаль 210 мільярдаў рублёў за пяць год), экспарту тавараў і паслуг — у 1,4 разы і павялічыць яго да больш чым 50 мільярдаў долараў у 2025 годзе.

— У сваю чаргу, дасягненне зададзеных параметраў дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для паляпшэння дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва, — рэзюмаваў міністр эканомікі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.