Вы тут

Ірына Даўгала: Варта ісці не насустрач адно аднаму, а разам у адным кірунку


Ірына Даўгала, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, дэлегат Усебеларускага народнага сходу.

Працуючы ў органах дзяржаўнай улады, яна была пэўным чынам датычная да падрыхтоўкі Усебеларускіх народных сходаў, а сёлета ўжо ў другі раз займела і статус дэлегата. Ірына Віктараўна падзялілася сваімі чаканнямі ад мерапрыемства і растлумачыла, чаму мяркуе, што беларусам лепш ісці не насустрач адно аднаму....

— Формы народаўладдзя ў выглядзе з'ездаў, сходаў уяўляюць сабой удзел у абмеркаванні пытанняў прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны, працаўнікоў разнастайных галін, членаў шырокага кола партый і грамадскіх аб'яднанняў. І ў бягучым годзе на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўлены інтарэсы і праблемы ўсіх слаёў насельніцтва. Сход, як бы яго ні крытыкавалі, — форма, якая сябе ўжо зарэкамендавала. На Усебеларускім народным сходзе збіраюцца людзі, каб вырашаць сацыяльныя, эканамічныя і іншыя праблемы, якія важныя сёння для ўсёй дзяржавы і для кожнага асобна ўзятага чалавека.

Я доўгі час працавала ў дзяржаўных органах і нават ускосна мела дачыненне да падрыхтоўкі самага першага Усебеларускага сходу ў 1996 годзе. Адзначу, што кожны сход меў свае асаблівасці. Так, у 2010 годзе ў ім бралі ўдзел 13 Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай працы. У маёй Гомельскай вобласці, якую я прадстаўляю ў парламенце, на жаль, больш Герояў Савецкага Саюза не засталося. Тэматыку форумаў падкрэсліваюць і яго лозунгі, якія кожны раз новыя. Але на ўсіх сходах у абавязковым парадку прымалася Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяць гадоў.

Цікава, што на самым першым Усебеларускім народным сходзе была ініцыятыва па змяненнях у Канстытуцыю. І сёння чаканні дэлегатаў ад гэтага форуму звязаныя з абмеркаваннем новаўвядзенняў у Асноўны Закон краіны. Канстытуцыя — гэта платформа, ад якой будуць ісці астатнія заканадаўчыя акты, кодэксы, нарматыўна-прававыя акты. На гэтым зводзе нормаў наогул будзе будавацца жыццё беларускага народа.

Дарэчы, дадам вось яшчэ што. Ідуць звароты і прапануюцца думкі, каб у краіне пакінулі адну дзяржаўную мову. Дык вось, двухмоўе было прапанавана замацаваць менавіта на сходзе ў 1996 годзе. Сёння праблем з гэтым у нас няма, і дзве мовы нармальна суіснуюць. І беларускай, і рускай мовам месца ў нашай краіне ёсць.

Вельмі цікавая і неабходная форма гутаркі, на якую я хачу звярнуць увагу іншых дэлегатаў, — дыялогавыя пляцоўкі. Іх неабходна пакінуць у нашым асяроддзі, яны патрэбны як паветра. Нам важна знайсці кампраміс, які дазволіць пачуць кожнага і працаваць на стварэнне, а не на разбурэнне.

Яшчэ адзін вельмі значны момант — тое, што сёлета аб'яўлены Год народнага адзінства. На маю думку, з гэтага вынікае некалькі важных складнікаў. Па-першае, год пачынаецца з найважнейшай падзеі — Усебеларускага народнага сходу. Па-другое, у 2021-м будзем успамінаць 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны — вялікага гора, якое напаткала наш народ і якое аб'яднала ў цяжкі час. Таму тэма народнага адзінства вельмі трапная. Трэба спыніцца, як той казаў, выдыхнуць і пайсці не насустрач адно аднаму, а ў адным кірунку. Калі мы будзем ісці насустрач адно аднаму, мы сустрэнемся, але потым кожны зноў пойдзе ў свой бок. Таму я кажу: варта ісці не насустрач адно аднаму, а разам у адным кірунку.

Марыя Дадалка.

Фота house.gov.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.