Вы тут

Падарункаў шмат не бывае


Першы свой падарунак у гэтыя калядна-навагоднія дні мой двухгадовы сынок заўважыў пад ёлкай на каталіцкую куццю — паклапаціліся бабуля з дзядулем, мае бацькі (толькі дзеля аднаго гэтага моманту, калі малое знаходзіць прэзент, варта ўпрыгожваць ёлачку: несхаваная дзіцячая радасць дарагога варта!). Дык вось, трымае Цёмік у сваіх маленькіх ручках такі жаданы трактар з прычэпам, спрабуе ў яго пагрузіць каштаны, яшчэ восенню сабраныя, як раптам выдае: «А чаму Дзед Мароз кран не прынёс?»


Мы да такога пытання падрыхтаваныя не былі. Сапраўды, калі я напярэдадні свят пыталася ў Арцёмкі, што ён хоча ўбачыць пад ёлачкай, малы, доўга не думаючы, агучыў свае мары-жаданні: трактар (хоць іх у яго поўна!), пад'ёмны кран, «чух-чух» (цягнік) і смеццявоз. Святы толькі пачаліся, пад'ёмны кран, як і іншыя падарункі, чакалі свайго часу ў надзейным месцы, але як мне растлумачыць дзіцяці, чаму Дзед Мароз не прынёс усё адразу?!

Праз некалькі дзён інтрыга раскрылася. Якраз перад Новым годам мы з Цёмікам пайшлі пагуляць да яго браціка і сястрычкі, дзяцей мужавай стрыечнай сястры. Света нас запрасіла наўмысна, папярэдзіўшы, каб я ўзяла з сабой які-небудзь з падарункаў, падрыхтаваных малому на свята: увечары яны (дзеці пра гэта нават не здагадваліся) чакалі Дзеда Мароза і Снягурку, якія за грошы сёння да каго заўгодна прыйдуць. Таму пакуль Арцём у абед спаў, я загадзя завезла сваячцы пад'ёмны кран, а то малы абавязкова спытае, што я нясу з сабой, альбо ўвогуле загляне ў маю торбачку — і плакаў тады Дзед Мароз, вера ў якога ў майго сына яшчэ вельмі моцная. Адным словам, канспірацыя захавалася, дзеці і нават мы, іх бацькі, былі вельмі задаволеныя. Цёмік і сёння расказвае ўсім, што бачыў жывога Дзеда Мароза.

Праўда, апошні малому з'яўляўся і пасля: яшчэ на працягу некалькіх дзён (свят жа шмат!) мы знаходзілі пад ёлачкай падарункі. Пройдзе час, і Цёма даведаецца, што дзякаваць за спраўджаныя жаданні трэба не казачнаму персанажу (хоць і яму «дзякуй», бо цяпер мой сынок не адварочваецца ад кашы і спрабуе быць паслухмяным, што звычайна не заўсёды атрымліваецца), а бацькам, бабулям, дзеду, хросным, шматлікім сваякам і нават мамчынай рабоце, якая хоць і не шакаладная фабрыка, але перад святамі выдае цукеркі. Пашанцавала Цёміку яшчэ і перад Старым Новым годам — з далёкага Віцебска ў нашу вёску прыйшла пасылка (пра свайго любімчыка не забылася хросная мама). Трэба было бачыць, з якім гонарам мой маленькі сынок вёз з пошты на санках гэты вялікі пакунак, з якой радасцю потым распакоўваў і еў.

Ці было столькі падарункаў у вашым дзяцінстве? Не, не было ў такой колькасці іх нават у маім. Адных толькі цукерак Цёмік атрымаў пяць пакункаў. У мяне ж у свой час было ўсяго два, ЦЭЛЫХ два: адзін давалі маме-настаўніцы, другі з калгаса прыносіў бацька. Малому, які запар можа з'есці пяць цукерак (каб я дала дазвол, то і больш) не зразумець, як яго маці калісьці выдзяляла сабе па дзве на дзень, спрабуючы надаўжэй расцягнуць гэтую смакату. Не буду прыбядняцца: у сваім дзяцінстве пад ёлкай знаходзіла падарунак і я (нягледзячы на складаныя 90-я, бацькі не забываліся пацешыць нас з братам). Нам так карцела даведацца, што ж прынясе Дзед Мароз, у якога мы ўжо, канешне, не верылі, што за некалькі дзён да запаветнага дня мы абавязкова наладжвалі цэлую пошукавую аперацыю па кватэры. І часам знаходзілі, але ў самы важны момант рабілі выгляд, што нават не чакалі такіх падарункаў. Падарунка. У нас іх было па адным, але гэта не перашкаджала нам быць самымі шчаслівымі дзецьмі ў свеце.

Але гэта было зусім іншае стагоддзе, нават тысячагоддзе. Вернемся да дня сённяшняга. Скончылася святочная мітусня. Жывём у ранейшым рэжыме. Арцём зрэдку забаўляецца з пад'ёмным кранам, ужо забыўся на трактар з прычэпам і, калі нагадаеш, пускае свой цягнік па пластмасавай чыгунцы. Усё часцей глядзіць мульцікі, «дапамагае» мне на кухні (то шклянкі з крупой павыварочвае, то ў сланечнікавым алеі «памые» рукі, то панаціскае на клавішы мікрахвалёўкі), «займаецца» акрабатыкай на стале, на парэнчах канапы, «адточвае» батутныя трукі на вялікім ложку бабулі і дзядулі.

На дзіва, малы быў не супраць таго, каб мы разабралі ёлку (летась я рабіла гэта, калі ён спаў). Цёмка асцярожна здымаў шарыкі з лапак (памятае, відаць, што было за пабітую цацку, калі ўпрыгожвалі ёлку), як раптам у маленькага чалавека ўзнікла прапанова: «Можа, не будзем спяшацца? Дзед Мароз яшчэ кран пад ёлку не паклаў!» Паўза. Усяго некалькі дзён прайшло, а Цёмік ужо забыўся, што гэтую самую машыну казачны дзед уручыў яму асабіста ў рукі. Праз хвіліну высветлілася, што з памяццю ў маёй малечы ўсё ў парадку: ён проста «два пад'ёмныя краны хацеў».

З трывогай чакаю наступнага Новага года...

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».