Вы тут

Дай дарогу


Дай дарогу

Звяртаюся да вас, паважаныя дарослыя, не як настаўніца і выхавацелька, нават не як мама з досведам. А як дзіця. Урэшце рэшт, усе мы чыесьці дзеці, колькі б гадоў нам ні было. Звяртаюся з мэтай раскрыць (а можа, некаму нагадаць) адну страшную таямніцу, якую ведаюць толькі дзеці. А мамы, таты, бабулі, дзядулі, на жаль, забылі.

Большасць з вас лічыць так: калі на свет з’яўляецца дзіця, то надыходзіць час вучыць. Не, мае даражэнькія. Не спадзявайцеся. Надыходзіць час вучыцца.
Магчыма, вы лепш ведаеце, як зарабляць грошы, варыць кашу і прышываць гузік. Затое маленькі чалавек, які нядаўна з’явіўся на свет, ведае, як кожную сітуацыю ператварыць у вясёлую гульню.
Скажыце мне, хто з вас шчаслівейшы — вы ці ваша дзіця?
У такім выпадку хто лепш разбіраецца ў жыцці? Хто ў каго павінен вучыцца? Нават калі ў вас шасцёра дзяцей, вы ўсё яшчэ вучыцеся.
Калі ў доме з’яўляецца дзіця, там пачынаюць больш смяяцца і радавацца. Танцаваць, спяваць, чытаць вершыкі, лазіць пад ложак... Гледзячы на маленькі камячок весялосці, людзі робяцца шчаслівейшымі. Яны самі становяцца дзецьмі.
Толькі не трэба заражаць дзіця занудлівай даросласцю. Зарабляць грошы, варыць кашу і прышываць гузікі яно навучыцца ў любым выпадку — дастаткова падаваць прыклад і мякка скіроўваць. Лепш пакінуць ролю настаўніка і навучыцца жыць як дзіця: ператвараючы любую сітуацыю ў гульню.
Успомніце сябе ў дзяцінстве: калі ўзнікалі праблемы — з кім вы імі дзяліліся? Сябры, хоць самі мала што разумелі ў жыцці (на думку дарослых), давалі парады ўпэўнена, і гэтыя парады спрацоўвалі. Дык чаму ж бацькі не могуць быць сябрамі сваім дзецям? Маленькаму чалавеку патрэбна добрая кампанія, а не начальнік, які глядзіць зверху ўніз.
Для гэтага, дарагія таты і мамы, трэба спусціцца з п’едэстала. Калі вы пасябруеце са сваімі дзецьмі, то станеце першымі, да каго яны звернуцца за парадай.
Камунікаваць на роўных — значыць ствараць атмасферу свабоды, у якой здольнасці і магчымасці не губляюцца. Шчырасць і давер — найперш.

Лепшае, што вы зможаце зрабіць для сваіх дзяцей, — гэта пачаць працу над сабой. Паназірайце, як вы паводзіце сябе ў розных сітуацыях, чым займаецеся ў вольны час, якая ў вас сістэма каштоўнасцей, якія маеце кепскія звычкі… Зрабіце сябе такімі, якімі хочаце бачыць сваіх дзяцей. Калі вы не падабаецеся самі сабе, то яшчэ аднаму чалавеку, відавочна, не трэба ісці гэтай дарогай. Напэўна, вам хочацца, каб вашы дзеці хоць на кроплю былі лепей за вас. Бо інакш які сэнс?
Усё ж нечаму карыснаму навучыць вы можаце і нават павінны.
Па-першае, задаваць пытанні. Пра ўсё на свеце і нават пра вас саміх. Дзіцячае пытанне — гэта інструмент, з дапамогай якога вы можаце капануць глыбей і ўбачыць, што турбуе дзіця, чым яно цікавіцца, у які бок глядзіць, чым жыве. Малыя выбачаць, калі вы не ведаеце чагосьці. Будзьце шчырымі: «Я з’явіўся на свет на некалькі дзясяткаў гадоў раней за цябе, але я не магу ведаць усё. Давай падумаем, дзе пашукаць адказ». Прызнайцеся. Дзеці адразу адчуваюць няшчырасць.
Абавязкова навучыцеся самі і навучыце дзіця ні з кім сябе не параўноўваць. Ні з выдатнікамі, ні з паспяховымі музыкамі/каратыстамі/шахматыстамі. Ні з кім. Ідэальным быць немагчыма; рабіць памылкі і атрымліваць урокі — магчыма цалкам. Не прымушайце дзяцей пражываць чужое жыццё і быць ад гэтага нешчаслівымі.
І да фізічных нагрузак вы можаце і павінны іх прывучыць. На сваім прыкладзе, а не лежачы на канапе. Здаровае цела яшчэ нікому не шкодзіла.
Вы ўпэўнены, што дзіця трапіць пад кепскі ўплыў і абавязкова саб’ецца з дарогі? Мабыць, мяркуеце па сабе. Калі так хочацца абараніць ад чужога ўплыву — навучыцеся абараняць і ад свайго. Адкуль вы ведаеце, што ён прынясе дабро? Самастойна прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць — таксама важна для жыцця.
Зразумейце: дзеці — не ваша ўласнасць. Так, яны прыходзяць у гэты свет праз вас, але гэта не вы іх стварылі. Не трэба сабе ліслівіць — вы не Усявышні. Як ні круці, але ўсяго толькі генетычны матэрыял. А калі дзеці — не ваша ўласнасць, то вы не маеце права рабіць з імі што захочацца. Ваша дзіця з’явілася на свет дзякуючы вам — і гэта адзіны ваш прывілей. Шануйце яго, а не злоўжывайце.
Ведаю, вы баіцеся, што можа не атрымацца. А што, калі вы дасце волю — а дзіця задасць вам дыхту? Усё правільна. Трэба хоць крышку, ды быць складаным для сваіх бацькоў. Бо раптам вы расслабіцеся — і ператворыцеся ў манную кашу? Маленькі чараўнік гэтага не дапусціць.
Быць сябрамі, а не гаспадарамі, проста даць дарогу. Шкада, што мы забываем гэты сакрэт, калі становімся дарослымі.

Юльяна ПЯТРЭНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».