Вы тут

Чаму ў крымінальным працэсе важныя педагог і пратакол


Часам здараецца, што дзеці парушаюць закон ненаўмысна. Аднак разабраць віну непаўналетняга і абараніць яго правы — справа абавязковая як для абвінаваўцы, так і для абаронцы. У папярэднім нумары «СГ» з дапамогай эксперта Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў падчас вебінара, які арганізаваў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, мы разбіралі, што трэба рабіць і ведаць, калі непаўналетні становіцца падазроным ці абвінавачваным. Сёння паспрабуем разабрацца, чаму ў крымінальным працэсе гэтак важныя педагог і пратакол, а таксама даведаемся, як трэба сябе паводзіць падлеткам.


Роля педагога

Непаўналетні ніколі не застаецца безабаронны — так устроены Крымінальны кодэкс краіны, дзе для дзяцей, якія парушылі закон, прадугледжаны асаблівыя ўмовы падчас разгляду справы, сцвярджаюць спецыялісты. Аднак на практыцы можа спрацаваць так званы чалавечы фактар: нехта пра нешта забыўся, пра нешта не дагаварыў, нешта не так зразумеў. Нават даросламу бывае цяжка валодаць сабой у нестандартных сітуацыях, што казаць пра падлеткаў. Менавіта таму важна, каб побач з абвінавачваным непаўналетнім быў дарослы, якога ён ведае.

— Мяркуецца, што педагог са школы ці іншай установы, дзе вучыцца дзіця, можа даць яму псіхалагічную апору, якая стане гарантыяй для падлетка, што нічога з ім не здарыцца падчас следчых дзеянняў, — падкрэсліла Вольга БАРАНЧЫК, адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 1. — Педагог можа наладзіць з ім кантакт, якога ў непаўналетняга не ўзнікае нават з адвакатам, а тым больш са следчым. Не заўжды можна знайсці агульную мову з «яршыстымі» падлеткамі, таму і запрашаюць столькі людзей (законных прадстаўнікоў, педагога, абаронцу), каб непаўналетні не закрыўся ў сабе і з ім можна было працаваць. Педагогі маюць адпаведную ступень псіхалагічнай падрыхтоўкі для кантактавання з дзецьмі, якой няма ў адвакатаў і бацькоў дзяцей, таму іх удзел у справе вельмі важны.

З 16 гадоў і з 14

Увогуле, да крымінальнай адказнасці можна прыцягнуць асобу, якая дасягнула на момант здзяйснення злачынства 16 гадоў. Да 14-годдзя падлетак не падлягае крымінальнай адказнасці. Аднак у частцы 2 артыкула 27 Крымінальнага кодэкса (КК) Беларусі ў 22 пунктах указаны састаў злачынстваў, за якія прадугледжана крымінальная адказнасць і з 14 гадоў. Найперш гэта забойства, прычыненне смерці па неасцярожнасці, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, сексуальнае гвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, выкраданне чалавека, крадзяжы, грабяжы, разбой, вымаганне, крадзеж з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі.

Крымінальная адказнасць з 14 гадоў наступае і за ўгон транспартнага сродку (маламернага судна), наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, захоп заложнікаў, крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. За наўмыснае прывядзенне да непрыгоднасці транспартнага сродку або шляхоў зносін (найчасцей сустракаецца ў рэгіёнах) адказнасць прадугледжана артыкулам 309 КК Беларусі. За крадзеж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў (артыкул 327 КК Беларусі), незаконны абарот наркотыкаў (часткі 2-5 атрыкула 328 КК Беларусі), хуліганства (артыкул 339 КК Беларусі) таксама можа наступіць крымінальная адказнасць з 14 гадоў.

Вельмі распаўсюджаным стаў артыкул 340 КК Беларусі за заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы. За такі жарт 14-гадовага таксама прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Як і за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Крымінальная адказнасць прадугледжана з 14 і за ўцёкі з папраўчай установы, дзе адбываюць пакараннне ў выглядзе пазбаўлення волі, з арыштнага дома ці з-пад варты, за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

— Пры гэтым не падлягаюць крымінальнай адказнасці некаторыя непаўналетнія, якія ўжо дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці. Напрыклад, калі будзе ўстаноўлена, што асоба ў выніку адставання ў псіхічным развіцці, не звязанага з псіхічным расстройствам (захворваннем), у час здзяйснення грамадска небяспечнага ўчынку была няздольная ўсведамляць яго фактычны характар і небяспеку, — дадала Вольга Баранчык. — Да такіх падлеткаў прымяняюцца іншыя меры. Яны лічацца асобамі, якія здзейснілі грамадска небяспечнае дзеянне.

«З маіх слоў запісана недакладна»

Падчас правядзення следчых дзеянняў, у прыватнасці, пры допыце падазронага, абаронца і педагог маюць права з дазволу следчага ці пракурора задаваць пытанні падлетку, знаёміцца з пратаколам, рабіць пісьмовыя заўвагі аб правільнасці і паўнаце запісаў паказанняў непаўналетняга.

— Пратаколы допытаў могуць быць абвешчаны на судовых пасяджэннях, і на падставе паказанняў, змешчаных у іх, можа будавацца абвінавачванне непаўналетняга. Таму да гэтых дакументаў трэба ставіцца вельмі адказна. Нават калі следчы неахвотна ідзе на гэта, трэба ўважліва іх чытаць, прасочваць паўнату фразы, сказанай падлеткам, ці звяртаць увагу на тое, што яна недакладна запісана, што зменены сэнс сказанага, настойваць на праўках, — раіць адвакат. — Часта гэта пасля вырашае лёс непаўналетняга, бо ў такім узросце падлеткі яшчэ не ў поўнай меры могуць разумець, пра што яны гавораць. Яны схільныя да фантазій і перабольшванняў праз яшчэ несфарміраваную псіхіку. А ёсць дзеці, якія міжволі падманваюць, выкручваюцца.

Абавязкова чытайце пратакол! Калі інфармацыя ў ім выкладзена не так, як вы казалі, прасіце ўнесці праўкі, нават калі следчы кажа, што «пратакол складзены, мяняць нічога не будзем».

Часам лепш прамаўчаць

Існуе шмат мер стрымання непаўналетняга: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства законнага прадстаўніка, заклад, дамашні арышт, зняволенне пад варту.

— На жаль, апошняя мера ў дачыненні да непаўналетніх цяпер самая распаўсюджаная, хоць павінна быць выключнай. Ніколі не саромейцеся задаваць пытанні, «што зараз адбываецца», «што са мной будзе» і іншыя, — раіць падлеткам Вольга Баранчык. — Не бойцеся, што ваша маўчанне да прыходу маці будзе ацэньвацца супраць вас. Вы маеце права маўчаць. Часта гэта бывае нават карысна, бо не заўжды без удзелу абаронцы ці бацькоў вы можаце правільна сфармуляваць свае думкі.

Але калі падлетак свядома пайшоў на ўчынак, які супярэчыць закону, значыць, ён павінен разумець, што за гэта наступіць адказнасць у любым выпадку, — кажа кіруючы партнёр адваката бюро Максім Церашкоў.

— Калі вы ўжо ў кабінеце следчага, ніякіх скідак на тое, што «гэта ж дзіця», акрамя тых, што прадугледжаны законам, не будзе. І пазбегнуць пакарання, спасылаючыся на тое, што «я малы, я не ведаў, я пажартаваў», не атрымаецца.

— Крымінальная адказнасць не вартая таго, каб паказаць сябрам, які ты круты. І мы гаворым не пра тое, як пазбегнуць пакарання, а як не зрабіць выбар на карысць парушэння закона, — удакладніў Максім Церашкоў.

Адно з самых распаўсюджаных працэсуальных дзеянняў з удзелам непаўналетніх па крымінальных справах — непасрэдна допыт, і тут ёсць нюансы.

— Допыт павінен цягнуцца не больш за дзве гадзіны. Але калі вы бачыце, што дзіця «паплыло», стала неўважлівае, пагаджаецца з усім і адказвае, не разумеючы сутнасць пытання, прасіце перапынак, — раіць педагогам і абаронцам падлеткаў адвакат бюро. — Гэта робіцца, каб зафіксаваць у пратаколе допыту аб'ектыўныя паказанні і выкласці толькі тое, што сказаў непаўналетні. Ніякіх дадумванняў следчага, ніякіх «пад гэтым маецца на ўвазе» тут быць не павінна.

Пры разглядзе справы не павінна быць ніякіх сімпатый ці прадузятасцяў. Калі педагог, абаронца ці сам непаўналетні бачаць, што следчы ставіцца прадузята, пачынае выказваць фразы накшталт «ты ўсё роўна сядзеш» або «я запішу так, як мне хочацца», то можна ўзяць адвод следчага.

— Адвод — выражэнне акту недаверу да следчага, які, напрыклад, праводзіць стадыю папярэдняга расследавання. Тое ж самае датычыцца і адводу суддзі, калі ён дазваляе сабе ацэнку таго, што адбываецца. Хоць на практыцы задавальненне адводаў сустракаецца не так часта, таму што ён павінен быць дакладна матываваны. Калі следчы проста строгі, то адвод ніхто не задаволіць, але пра яго магчымасць трэба ведаць, — упэўнены Максім Церашкоў.

Важна ведаць

Калі непаўналетняму, які здзейсніў злачынства, падчас вядзення справы спаўняецца 18 гадоў, то паўнамоцтвы яго законнага прадстаўніка (бацькоў, усынавіцеляў, папячыцеляў ці іншых асоб, якія прадстаўляюць інтарэсы непаўналетняга) спыняюцца на любой стадыі разгляду крымінальнай справы, ці гэта даследаванне, ці судовы разгляд. Аднак спыніць удзел абаронцы ці педагога ў справе немагчыма, нават калі абвінавачваны падлетак стаў паўналетнім.

Універсальныя парады

• Калі пасля затрымання з нейкіх прычын адсутнічае адвакат, і яго не даюць, — гэта парушэнне працэсуальных правоў і артыкула 62 Канстытуцыі Беларусі, дзе сказана, што кожны мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі без абмежаванняў у часе і ў любым месцы канфідэнцыйна (незалежна ад таго падазраваны ён ці абвінавачваны). Ніводзін дакумент не будзе мець юрыдычнай сілы, пакуль у непаўналетняга не з'явіцца абаронца.

• Калі падлетка затрымалі, не далі адваката і настойваюць на падпісанні якіх-небудзь дакументаў, трэба ўважліва чытаць іх і правяраць, ці адпавядае іх змест сказанаму. Калі не адпавядае, то, перш чым падпісаць дакумент, неабходна ўказаць, што ў ім пазначана дакладна, а што недакладна.

• Заявы накшталт таго, што «мы цябе затрымалі, адваката табе не дадзім, але калі ты падпішаш гэты дакумент, дзе сказана, што ты прызнаеш сваю віну і каешся ва ўчыненым, то мы цябе адпусцім», — парушэнне закона. Затрыманне з'яўляецца мерай стрымання, але яно абавязкова скончыцца, асабліва калі для яго няма падстаў, нават калі ваш «сябра» вас абгаварыў.

• Памятайце, што падпісанне дакумента, у якім указана не тое, што вы казалі (без якіхсьці вашых заўваг ці пярэчанняў), прыраўноўваецца да прызнання фактаў, выкладзеных у дакуменце, які вы падпісалі. Падпісанне прызнання ў здзяйсненні злачынства, якога вы ў сапраўднасці не рабілі (без вашых заўваг ці пярэчанняў), прыраўноўваецца да прызнання ў гэтым злачынстве.

• Калі вашы правы парушаны, вы можаце звярнуцца да пракурора, паколькі пракуратура здзяйсняе нагляд за выкананнем заканадаўства Беларусі, нават калі з вас смяюцца і кажуць «ды хто ты такі?».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.